Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Марыюпалі расейцы звозяць целы забітых жыхароў ва ўнівэрсам; у Севераданецку баі ўжо на вуліцах. 96-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Наступствы абстрэлу Бахмуту на Данбасе, 29 траўня 2022
Наступствы абстрэлу Бахмуту на Данбасе, 29 траўня 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У ноч на 30 траўня адбыліся артылерыйскія абстрэлы Днепрапятроўскай вобласьці, ахвяр сярод людзей няма.
  • У Севераданецку баі ўжо на вуліцах, паведамляе кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
  • Украіна правяла пасьпяховую контратаку на поўдзень ад Крывога Рога, сьцьвярджае начальнік ваеннай адміністрацыі гораду Аляксандар Вілкул.
  • Расейцы прымушаюць марыюпальскіх дзяцей вучыцца ў разбуранай школе. Адзін з унівэрсамаў у горадзе ператварылі ў сховішча трупаў.
  • Працягваюцца баі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, расейцы атакуюць Севераданецк.
  • У Херсонскай вобласьці закрылі мяжу з падкантрольнай Кіеву тэрыторыяй.
  • Херсонскія ўлады заявілі аб крытычнай гуманітарнай сытуацыі ў рэгіёне: няма сувязі, прадуктаў, мэдыкамэнтаў.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 30 траўня

У Севераданецку баі ўжо на вуліцах

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай у ранішняй зводцы 30 траўня паведамляе, што ў Севераданецку баі ідуць ужо на вуліцах. У Севераданецку крытычная інфраструктура разбураная амаль на 100%, пашкоджана 90% жылога фонду, з гэтага 60% крытычна.

Бязь вестак зьніклі тры лекары, знойдзеная толькі разьбітая машына «хуткай дапамогі».

Гайдай таксама заявіў, што «Лісічанск — пад кантролем Украіны. Траса „Лісічанск — Бахмут“ — наша, але вельмі абстрэльваецца, перамяшчэньне па ёй небясьпечнае».

Артылерыйскія абстрэлы Днепрапятроўскай вобласьці

У ноч на 30 траўня расейскія акупанты абстралялі Крывароскі раён Днепрапятроўскай вобласьці з артылерыі. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

«Ноч зацяжной трывогі... Яны білі па грамадах у Зеленадольску і Апосталаўцы. Людзі не пацярпелі», — напісаў ён.

Украіна правяла пасьпяховую контратаку на поўдзень ад Крывога Рога

Гэтак сьцьвярджае начальнік ваеннай адміністрацыі гораду Аляксандар Вілкул. Паводле ягоных дадзеных, было забіта 63 расейскіх вайскоўцаў і знішчаная вялікая колькасць вайсковай тэхнікі.

Выбух у цэнтры Мелітопаля

У цэнтры Мелітопаля раніцай у панядзелак прагрымеў магутны выбух – аб гэтым пішуць некалькі ўкраінскіх і расейскіх тэлеграм-каналаў і СМІ.

Выбух адбыўся ў раёне, дзе разьмешчаны дом прызначанага расейцамі «кіраўніка Запароскай вобласьці» Яўгена Баліцкага.

Баліцкі, былы дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны, 26 траўня быў прызначаны кіраўніком ваенна-цывільнай адміністрацыі часткова падкантрольнай Расеі Запароскай вобласьці. У гэты ж дзень СБУ завяла супраць Баліцкага крымінальную справу за «калябарацыянізм.

Паводле папярэдніх дадзеных, параненыя дзьве жанчыны і малады мужчына.

У Марыюпалі ўнівэрсам ператварылі ў масавае сховішча целаў забітых жыхароў

Расейцы звозяць ва ўнівэрсам целы мірных жыхароў, якія вымыла з магіл пры спробе аднавіць водазабесьпячэньне, і часткова — эксгумаваныя. Целы знойдзеныя ў памяшканьні ўнівэрсама «Щирий кум» у Левабярэжным раёне, на праспэкце Свабоды. Пра гэта паведаміў дарадца мэра Марыюпаля Пятро Андрушчанка.

Акрамя таго, акупанты ў Марыюпалі прымушаюць дзяцей вучыцца ў разбуранай школе. Як сказала ўпаўнаважаная ў правах чалавека ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Людміла Дзянісава, навучаньне праходзіць у разбураным будынку, непрыстасаваным для гэтых мэтаў, а менавіта ў Марыюпальскай сярэдняй школе № 65. Украінскі бок раней гаварыў пра мінімум 22 тысячы загінулых у Марыюпалі.

Ва Ўкраіне перадалі ў суд першую справу аб згвалтаваньні расейскім вайскоўцам.

Міхаіла Р. вінавацяць у забойстве цывільнага жыхара і згвалтаваньні ягонай жонкі, паведаміла генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава.

Паводле сьледзтва, гэта адбылося ў сакавіку ў вёсцы акупаванага Броварскага раёна Кіеўскай вобласьці. П'яны Р. уварваўся ў дом, застрэліў гаспадара і яны разам зь іншым расейскім жаўнерам некалькі разоў згвалцілі жонку нябожчыка. Усё адбывалася на вачах дзіцяці.

Міхаіла Р. яшчэ не затрымалі, яго шукаюць. Ён служыць у 239-м палку 90-й гвардзейскай танкавай Віцебска-Наўгародзкай дывізіі Ўзброеных сіл РФ.

Што адбываецца ў Расеі

Прыхаваная мабілізацыя ў Расеі

У Благавешчанску Амурскай вобласьці жыхарам горада ў паштовыя скрыні пачалі раскладваць улёткі з рэклямай кантрактнай службы, а таксама на вуліцах расклейваць аб’явы, паведамляе выданьнеСота.

Тым, хто запісаўся на кантрактную службу, прапануюць «грашовае забесьпячэньне ў памеры ад 40 тысяч рублёў» (каля $600 па афіцыйным курсе), «бясплатны праезд», «магчымасьць набыць уласнае жытло» і «атрымаць вышэйшую адукацыю».

Расавіяцыя працягнула забарону на палёты ў 11 аэрапортаў РФ

Расавіяцыя падоўжыла рэжым часовага абмежаваньня палётаў у 11 аэрапортаў Расеі да 6 чэрвеня 2022 году. Гэта тычыцца Анапы, Белгарада, Бранска, Варонежа, Геленджыка, Краснадара, Курска, Ліпецка, Растова-на-Доне, Сімферопаля і Элісты. Авіякампаніям рэкамэндавана арганізаваць перавозку пасажыраў па альтэрнатыўных маршрутах, выкарыстоўваючы аэрапорты Сочы, Валгаграда, Мінэральных Водаў, Стаўрапаля і Масквы.

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Прэзыдэнт ЗША: «Пуцін спрабуе зьнішчыць культуру ўкраінскага народу»

«Жорсткая вайна Пуціна ва Ўкраіне. Ён ня толькі спрабуе завалодаць Украінай, але літаральна спрабуе зьнішчыць культуру і самабытнасьць украінскага народу. Напады на школы, радзільні, шпіталі, музэі. Тут няма іншай мэты, акрамя зьнішчэньня культуры. Прамы напад на фундамэнтальныя прынцыпы міжнароднага права і парадку. Такі сьвет, у які вы сёньня выпускаецеся», – заявіў Джо Байдэн, выступаючы перад выпускнікамі Ваенна-марской акадэміі ЗША.

Прэзыдэнт таксама падкрэсьліў, што вайна Пуціна ва Ўкраіне падштурхоўвае ўсё больш дзяржаваў да членства ў NATO і апошнім такім прыкладам зьяўляюцца заявы Швэцыі і Фінляндыі. «Дзеяньні Пуціна былі спробай так званай «фінляндызацыі» Эўропы, каб гэтыя краіны прытрымліваліся нэўтралітэту. Замест гэтага ён пераводзіць усю Эўропу ў NATO», – падкрэсьліў Байдэн.

Канцлер Нямеччыны заявіў, што Пуціну не ўдалося дасягнуць усіх яго стратэгічных мэтаў

Оляф Шольц выказаў упэўненасьць, што прэзыдэнт Расеі не пераможа ў вайне ва Ўкраіне.

Ён заявіў, што «захоп усёй Украіны Расеяй сёньня здаецца больш аддаленым, чым на пачатку вайны». «Пры гэтым, як ніколі раней, Украіна падкрэсьлівае сваю эўрапейскую будучыню», — дадаў ён.

ЗША рыхтуюцца зацьвердзіць пастаўку ўдасканаленай ракетнай сыстэмы для Ўкраіны

Удасканаленая ракетная сыстэма вялікай далёкасьці можа быць пастаўлена Ўкраіне ўжо найбліжэйшым часам. Адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта Джо Байдэна рыхтуецца павялічыць віды ўзбраеньняў, якія яна прапануе Ўкраіне, адпраўляючы туды перадавыя ракетныя сыстэмы, якія цяпер зьяўляюцца галоўным запытам украінскіх чыноўнікаў, піша CNN.

Адміністрацыя схіляецца да адпраўкі сыстэм у рамках большага пакета вайсковай дапамогі і дапамогі ў бясьпецы Ўкраіны, пра што можа быць абвешчана ўжо на наступным тыдні.

Яшчэ адна сыстэма, якую запытала Ўкраіна, — ракетная сыстэма высокай мабільнасьці, вядомая як HIMARS, больш лёгкая колавая сыстэма, здольная страляць многімі з тых жа тыпаў боепрыпасаў, што і РСЗА.

Іншая сур’ёзная заклапочанасьць адміністрацыі Байдэна заключалася ў тым, ці могуць ЗША дазволіць сабе аддаць столькі зброі высокай клясы, атрыманай з вайсковых запасаў, сказалі крыніцы выданьня. Адміністрацыя таксама разважала наконт забесьпячэньня Ўкраіны дадатковымі зьнішчальнікамі МіГ-29, якія, на думку некаторых, могуць дазволіць украінцам перанесьці вайну на тэрыторыю Расеі. Урэшце ЗША вырашылі не засылаць у Польшчу новыя самалёты, што дазволіла б палякам перадаць Украіне МіГі савецкага часу.

ЭЗ павялічыць фінансаваньне абароны на 3 мільярды эўра

25 траўня Эўрапейская камісія абвясьціла аб выдзяленьні аднаго мільярда эўра на фінансаваньне Эўрапейскага абароннага фонду, і яшчэ двух мільярдаў — на фінансаваньне дасьледаваньняў у галіне абаронных інавацый. Па словах эўракамісара па ўнутраным рынку Т’еры Брэтона, дадатковае фінансаваньне з Эўрапейскага абароннага фонду пойдзе на разьвіцьцё сумесных абаронных праектаў у космасе, кібэрпрасторы і высокіх тэхналёгіях.

Італія, Вугоршчына і Кіпр выступаюць за «мірныя перамовы і неадкладнае спыненьне агню»

Вугоршчына і Кіпр падтрымалі ініцыятыву Італіі ўнесьці патрабаваньне аб спыненьні агню і мірных перамовах з Расеяй у праект заявы па выніках саміту ЭЗ 30–31 траўня.

Як піша Reuters, Вугоршчына выступае супраць увядзеньня забароны на імпарт нафты, а Кіпр занепакоены прапанаванай забаронай на продаж нерухомасьці грамадзянам Расеі. Італія ж настойвае, што мірныя перамовы з Расеяй — адна зь першачарговых мэтаў ЭЗ у цяперашнім становішчы.

На мінулым тыдні Італія прапанавала плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, які выклікаў крытыку як ва Ўкраіне, так і ў Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG