Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моцны выбух адбыўся ў акупаваным Расеяй Мелітопалі. Мэр гораду агучыў вэрсіі здарэньня

Расейскія акупацыйныя войскі ў Мелітопалі
Расейскія акупацыйныя войскі ў Мелітопалі

Законны мэр Мелітопалю Запароскай вобласьці Іван Фёдараў, які пасьля палону выехаў з акупаванага гораду, паведаміў, што паблізу дома калябаранта Яўгена Баліцкага, прызначанага кіраўніком акупацыйнай улады Запароскай вобласьці, адбыўся моцны выбух.

«Дакладна ёсьць пацярпелыя. Колькасьць удакладняем», — паведаміў Іван Фёдараў празь відэасувязь 30 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

Мэр Мелітопаля назваў дзьве магчымыя вэрсіі. Паводле адной зь іх, расейцы праводзяць «зачыстку» сярод калябарантаў, якія не выконваюць сваіх абяцанак.

«Гэта мы ўжо бачылі ў Энэргадары, таму такое можа быць і ў Мелітопалі. І другая вэрсія — мясцовы супраціў, які ёсьць у Мелітопалі. Але дакладную вэрсію мы пачуем ад праваахоўных структур пазьней. Цяпер рашысты праводзяць пільную праверку ўсіх аб’ектаў, якія знаходзяцца побач зь месцам выбуху. Яны ўжо абвясьцілі, што гэта „тэрарыстычны акт украінскіх нацыстаў“», — удакладніў мэр Мелітопаля.

За час акупацыі зь Мелітопаля выехалі 50% жыхароў

Іван Фёдараў таксама паведаміў, што расейцы абвясьцілі пра выдачу расейскіх пашпартоў і SIM-картак для мабільных тэлефонаў, але мясцовыя жыхары не пагаджаюцца іх атрымліваць.

Мэр Мелітопаля дадаў, што ў нядзелю, 29 траўня, у горадзе пад украінскімі дзяржаўнымі сьцягамі адбылася чарговая акцыя пратэсту супраць расейскай акупацыі.

«Я ўпэўнены, што жыхары Мелітопаля падтрымліваюць Украіну і дэмакратычныя каштоўнасьці і чакаюць, калі Ўзброеныя сілы Ўкраіны вызваляць усю краіну», — адзначыў ён.

Паводле яго, у горадзе склалася вельмі складаная гуманітарная сытуацыя — у грамадзян Украіны заканчваюцца наяўныя грошы, а прадукты харчаваньня, якія завозяцца з часова акупаванага Крыму, у 3-4 разы даражэйшыя, чым на кантраляванай тэрыторыі Ўкраіны.

Акцыя пратэсту супраць расейскай акупацыі. Мелітопаль, сакавік 2022
Акцыя пратэсту супраць расейскай акупацыі. Мелітопаль, сакавік 2022

За час акупацыі расейцы выкралі каля 500 актывістаў і заблякавалі магчымасьці выезду зь Мелітопаля ў Запарожжа.

«Апошнія два тыдні эвакуацыя не праводзіцца, таму што расейцы блякуюць гэта на лініі разьмежаваньня, і там на сёньня сабралася ўжо больш за 400 машын, у якіх находзяцца і трохмесячныя дзеці. Сёньня чарга зусім ня рухаецца, бо расейцы выкарыстоўваюць нашых людзей, нашых мірных жыхароў як шчыт, каб гарантаваць сабе бясьпеку ад магчымых абстрэлаў з украінскага боку», — расказаў мэр Мелітопаля.

«Цяпер горад цалкам заблякаваны, зь яго немагчыма выехаць, а за час акупацыі з гораду выехалі 50% жыхароў, амаль 70 тысяч грамадзян пакінулі часова акупаваны Мелітопаль», — паведаміў мэр гораду Іван Фёдараў.

Расейскія войскі ўвайшлі ў Мелітопаль 24 лютага, а 1 сакавіка цалкам яго акупавалі.
Яўген Баліцкі, колішні дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад Партыі рэгіёнаў, у 2020 годзе абраны дэпутатам Запароскай абласной рады ад «Апазыцыйнага блёку», пасьля акупацыі часткі Запароскай вобласьці, Энэргадара і Мелітопаля ачоліў акупацыйную вайсковую адміністрацыю Запароскай вобласьці. Праваахоўныя органы Ўкраіны завялі крымінальную справу супраць Баліцкага за калябарацыянізм.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG