Украінскія войскі ў контранаступе на Херсоншчыне вызвалілі некалькі вёсак. Расейцы перайшлі ў абарону
Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка заявіў, што ў выніку контранаступу ўкраінскія войскі вызвалілі некалькі вёсак у Херсонскай вобласьці і адкінулі на 8 кілямэтраў расейцаў.
«Цягам апошніх 2-3 сутак (украінскія войскі) прасунуліся прыкладна на 8 кілямэтраў, гэта калі паглядзець на назвы вызваленых вёсак», — паведаміў Вадзім Дзенісенка ў эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Прямий».
У той жа час у Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны пакуль не паведамляюць аб правядзеньні контранаступу ў Херсонскай вобласьці.
Сьпікер Генштабу Ўкраіны Аляксандар Штупун паведаміў, што ў Мікалаеўскай вобласьці расейцы перакідваюць свае войскі для правядзеньня наступленьня.
«Для папаўненьня страт акупанты перамяшчаюць з тэрыторыі Расеі і часова акупаванага Крыму зьнятую з захаваньня вайсковую тэхніку», — дадаў ён.
Экспэрт: украінскія войскі выйдуць на адміністрацыйную мяжу Крыму
Украінскі вайсковы экспэрт Міхайла Самусь пацьвердзіў, што ўкраінскія войскі пачалі контранаступ адразу на двух кірунках — у Херсонскай і Харкаўскай абласьцях.
«Гэта ўсё абумоўлена якраз спрыяльнай сытуацыяй, якая склалася ў выніку таго, што Расея сканцэнтравалася на Данбасе, а Ўкраіна тым часам праводзіць свае апэрацыі для вызваленьня ўкраінскай тэрыторыі. Контранаступальныя і наступальныя апэрацыі не абавязкова павінны праходзіць там, дзе адбываюцца найбольш інтэнсіўныя баі», — патлумачыў экспэрт.
Міхайла Самусь ня мае сумневаў, што ў выніку контранаступу ўкраінскія войскі выйдуць на адміністрацыйную мяжу з Крымам.
Экспэрт паведаміў, што Ўкраіна ўжо атрымала дальнабойную артылерыю.
«Наколькі я разумею, няма пакуль яшчэ ў нашых шэрагах рэактыўных сыстэм залпавага агню, пра якія ўжо даўно гавораць, — гэта M270 MLRS і M142 HIMARS. Мы вельмі моцна іх чакаем, каб пачаць уплываць ужо на глыбіню праціўніка, то бок на абарончыя парадкі ў глыбіні, зьнішчаць сыстэмы кіраваньня, сыстэмы лягістыкі менавіта на глыбіні, напрыклад, 100 кілямэтраў высокадакладнымі ўдарамі», — патлумачыў Міхайла Самусь.
Інстытут вывучэньня вайны: на поўдні расейцы вымушаныя абараняцца
Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны паведаміў, што ўкраінскія войскі 28 траўня правялі пасьпяховую абмежаваную контратаку ня мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей і прымусілі расейскія сілы перайсьці ў абарону.
«Гэтая ўкраінская контратака, імаверна, мае на мэце сарваць намаганьні Расеі ўмацавацца на абарончых пазыцыях уздоўж паўднёвага кірунку. Нягледзячы на тое, што ўкраінская контратака ня можа вярнуць значную тэрыторыю ў блізкай пэрспэктыве, яна, хутчэй за ўсё, сарве расейскія апэрацыі і патэнцыйна прымусіць Расею разьмясьціць падмацаваньне ў Херсонскай вобласьці. Украінскія контратакі могуць дадаткова запаволіць намаганьні Расеі па кансалідацыі адміністрацыйнага кантролю над акупаваным поўднем Украіны», — адзначаецца ў справаздачы інстытута.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.