Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат гарадзкой рады Марыюпалю: У горадзе трупны пах на вуліцах, адсутнасьць лекаў, марадэры прадаюць нарабаванае

Масавыя пахаваньні ў Марыюпалі
Масавыя пахаваньні ў Марыюпалі

Марыюпаль працягвае знаходзіцца пад акупацыяй Расеі і сэпаратыстаў так званай «ДНР». Як сьцьвярджаюць украінскія ўлады, сытуацыя ў горадзе з кожным днём становіцца ўсё больш крытычнай.

Наступіла лета, якое ў гэтым рэгіёне звычайна бывае гарачым. Высокая тэмпэратура выклікае хуткае гніеньне целаў загінулых, якія ўсё яшчэ застаюцца пад заваламі будынкаў або былі пахаваныя ў неглыбокіх магілах проста на вуліцах або ў дварах дамоў. Такіх целаў пад заваламі ўсё яшчэ застаюцца сотні, піша «Настоящее время».

Па дадзеных дарадцы мэра Марыюпалю Пятра Андрушчанкі, цяпер акупацыйныя ўлады звозяць знойдзеныя трупы ў памяшканьне аднаго з супэрмаркетаў у Левабярэжным раёне, дзе зрабілі морг. Аднак у горадзе ўсё роўна стаіць трупны пах, расказаў у інтэрвію дэпутат гарадзкой рады Марыюпалю Аляксандар Лашын.

Таксама Лашын сказаў, што ў горадзе застаюцца яшчэ каля 150 тысяч марыюпальцаў.

«У горадзе сапраўды вельмі жудасная атмасфэра. Няма амаль нідзе сьвятла: толькі ў некаторых аддаленых раёнах ёсьць трошкі. Акупанты паспрабавалі даць ваду — затапілі ўсе вуліцы, паразмывала многія магілы, пахаваньні. І сапраўды, мы стаім на парозе эпідэміі. Таму што ў Марыюпалі цяпер пякучае сонца, гарачыня, трупы вельмі моцна гніюць. Стаіць смурод у горадзе — каналізацыі і дзе-нідзе нават трупны пах».

Аптэкі ў Марыюпалі не працуюць, а найбліжэйшая знаходзіцца за 20 км ад гораду. Некаторым людзям удаецца правезьці лекі, але гэта адбываецца рэдка. Прэпараты патрэбны людзям, якія моцна хварэюць на дыябэт ці сардэчныя захворваньні.

У горадзе пры пакупках выкарыстоўваюць грыўню, калі выкарыстаньне расейскага рубля недзе і ёсьць, то гэта не масавая зьява, кажа Лашын.

«80% стыхійных рынкаў — гэта тое, што прадаюць марадэры, якія ў нашых дамах вынесьлі ўсе рэчы, у нейкіх нашых крамах, кавярнях альбо яшчэ недзе падчас вайны разрабавалі, і там цяпер гэта ўсё прадаюць. Вядома ж, мы бачым, што і гуманітарная дапамога там прадаецца. Таму што паўнавартаснага завозу прадуктаў у Марыюпаль, для таго каб мог быць нармальны гандаль, няма».

Таксама Лашын сказаў, што расейцы адбіралі ва ўкраінцаў гуманітарную дапамогу, якую тыя падвозілі пад горад, а затым выдавалі забраныя тавары за свае, нават нягледзячы на надпісы на ўкраінскай мове на прадуктах.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG