Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ракеты атакавалі 8 абласьцей Украіны, эвакуацыя з Марыюпалю. 70-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Наступствы расейскага ракетнага ўдару па аб'ектах Украінскай чыгункі, 3 траўня 2022
Наступствы расейскага ракетнага ўдару па аб'ектах Украінскай чыгункі, 3 траўня 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Эвакуацыю з Марыюпалю Данецкай вобласьці заплянавалі на 4 траўня, паведаміла віцэ-прэм'ерка Ўкраіны, міністарка рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук. Паводле яе, калі дазволіць сытуацыя зь бясьпекай, эвакуацыя будзе ў Запарожжа.
  • Расейскія войскі прарваліся на тэрыторыю «Азовстали», там трываюць цяжкія баі.
  • Ноччу 3 траўня расейскія крылатыя ракеты пашкодзілі інфраструктуру Днепрапятроўскай, Кіраваградзкай, Львоўскай, Віньніцкай, Кіеўскай і Закарпацкай абласьцей.
  • Ракетныя ўдары па Адэскай і Данецкай абласьцях таксама былі нанесены іншымі сродкамі.
  • Пад расейскімі абстрэламі загінулі 220 украінскіх дзяцей.
  • Вялікая Брытанія паабяцала шматмільённую вайсковую дапамогу Ўкраіне.
  • Да Запарожжа даехалі эвакуацыйныя аўтобусы з Марыюпалю. Прыбылі больш за 150 чалавек.
  • У Марыюпалі на заводзе «Азоўсталь» трэці дзень праводзяць эвакуацыю. У сутарэньнях камбінату застаюцца яшчэ сотні цывільных людзей і параненыя ўкраінскія вайскоўцы.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 4 траўня

У Дняпры абстралялі чыгунку, вечаровыя выбухі таксама ў Мікалаеве

Увечары ў Дняпры расейскія войскі абстралялі чыгуначную інфраструктуру. Пацярпелых сярод чыгуначнікаў няма, паведамляе Ўкраінская чыгунка. Мэр гораду Барыс Філатаў таксама паведаміў пра ўдары па цэнтры Дняпра.

Мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч таксама заявіў пра выбухі ў Мікалаеве.

У акупаваным Херсоне ўдалося аднавіць мабільную сувязь

Усе мабільныя апэратары аднавілі мабільную сувязь у акупаваным Херсоне і вобласьці, паведамляе Міністэрства лічбавай трансфармацыі Ўкраіны.

Паведамленьні пра перабоі з мабільнай сувязьзю і інтэрнэтам пачалі зьяўляцца яшчэ ў пятніцу 30 красавіка. Расея заявіла, што Кіеў сам адключыў Херсоншчыну ад сувязі. Ва Ўкраіне гэтую інфармацыю абверглі, адзначыўшы, што расейскія войскі перабілі оптавалаконны кабэль.

Расейцы ўдарылі «Градамі» па двух сёлах на Днепрапятроўшчыне

Пашкоджаныя дзясяткі дамоў, паведамляе кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

«Вораг абстраляў з „Градаў“ Вялікаміхайлаўскую грамаду ў Сінельнікаўскім раёне. Трапілі па двух сёлах. Там пашкоджаныя некалькі дзясяткаў жылых дамоў, выбітае шкло ў краме, школе і дзіцячым садку», — паведамляе Разьнічэнка. Паводле яго, абышлося без чалавечых ахвяраў: большасьць мясцовых жыхароў зьехалі зь небясьпечнай тэрыторыі.

У Кіеўскай вобласьці гарыць лес у Іванкаўскім раёне і Чарнобыльскай зоне

У Кіеўскай вобласьці — лясныя пажары, паведаміў увечары 4 траўня мэр Кіева Віталь Клічко. У Іванкаўскім раёне гарыць прыкладна 1 га лесу. Таксама гарыць лес каля вёскі Дзіцяткі ў Чарнобыльскай зоне. На тушэньні пажараў працуюць ратавальнікі і піратэхнікі, спэцтэхніка.

Кіяўлян заклікаюць не панікаваць, зачыняць вокны на выпадак задымленьня і не знаходзіцца на вуліцы без патрэбы.

Расейскія войскі прарваліся на тэрыторыю «Азовстали», там трываюць цяжкія баі

«Сёньня ідуць цяжкія баі на тэрыторыі нашай крэпасьці, „Азовсталь“, — заявіў Вадзім Бойчанка. — Нашы хлопцы ахоўваюць гэтую крэпасьць, але вельмі цяжка, бо па крэпасьці працуюць зь цяжкай артылерыі, працуюць танкамі, працуе авіяцыя, падышлі караблі і таксама гасяць па гэтай крэпасьці». Пазьней інфармацыю пацьвердзіў і кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах з Расеяй Давід Арахамія.

На тэрыторыі завода дасюль застаюцца мірныя жыхары.

Украінскія СМІ паведамляюць, што другі дзень за кантроль над заводам «Азовсталь» у Марыюпалі ідуць жорсткія баі. У аўторак у раёне прадпрыемства пачаўся моцны пажар, які быў бачны ў многіх раёнах горада.

У баях загінуў яшчэ адзін украінскі журналіст

Падчас абстрэлу расейскімі войскамі загінуў журналіст тэлеканала «Дом» Аляксандар Махаў, які служыў у шэрагах Узброеных сіл Украіны. Аляксандар шмат гадоў працаваў на каналах «Украіна» і «Украіна24» і асьвятляў падзеі на перадавой. Махаў нарадзіўся ў Луганску, доўгі час жыў у Кіеве. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны журналіст вырашыў пайсьці на фронт. Аляксандру было 36 год.

Раней в Ўкраіне за час вайны загінулі ўжо 23 украінскія і замежныя журналісты.

AP: ад расейскага авіяўдару па тэатры ў Марыюпалі загінулі каля 600 чалавек — удвая больш, чым лічылася

На падставе 23 інтэрвію, у т.л. з 16 людзьмі, якія былі ў драмтэатры, а таксама аналізу відэа, АР склала трохмерную мадэль тэатру. На ёй відавочцы паказвалі журналістам, дзе былі людзі і колькі; таксама задзейнічалі фота- і відэазапісы. Было падлічана, што ў тэатры на момант атакі знаходзілася больш за тысячу чалавек. Пры гэтым ніхто са сьведак ня бачыў, каб пасьля ўдару з тэатру выйшлі жывымі больш за 200 чалавек.

На падставе гэтых зьвестак журналісты прыйшлі да высновы, што загінулі каля 600 чалавек. Украінскія ўлады ў канцы сакавіка называлі ў 2 разы меншую лічбу загінулых — 300 чалавек.

«Беларускі Гаюн»: Мінімум 631 ракету запусьцілі зь Беларусі па Ўкраіне

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» сабрала і абагульніла ўсе вядомыя ёй ракетныя запускі зь Беларусі па тэрыторыі Ўкраіны з пачатку вайны 6.20 24 лютага.

У візуалізаванай храналёгіі відаць, што да пачатку сакавіка запускаў было няшмат. Пазьней іх рабілі з надыходам цемры ці ва ўмовах моцнай воблачнасьці. Першы пік запускаў зафіксаваны 9 сакавіка (мінімум 35 ракетных пускаў). Да пачатку красавіка колькасьць запускаў узрастала дзень за днём, а найбольшай бамбардзіроўцы зь Беларусі Ўкраіна падвергнулася 1 красавіка, у той дзень ракеты запускалі ня менш за 56 разоў.

Расея абяцае адкрыць гуманітарны калідор для мірных жыхароў, якія знаходзяцца на «Азовстали», 5-7 траўня

Мінабароны Расеі публікуе заяву Міжведамаснага каардынацыйнага штаба РФ па гуманітарным рэагаваньні аб рашэньні адкрыць гуманітарны калідор з 08:00 да 18:00 (па маскоўскім часе) 5, 6 і 7 траўня для эвакуацыі «з тэрыторыі металюргічнага камбіната «Азовсталь» цывільных жанчын і дзяцей. У заяве гаворыцца, што ў названы час у аднабаковым парадку будуць спыненыя баявыя дзеяньні, а «падразьдзяленьні адводзяцца на бясьпечную адлегласьць і забясьпечваюць вывад мірных грамадзян у любых выбраных імі напрамках». Рэакцыі ўкраінскага боку пакуль няма.

У Запароскай вобласьці расейскія вайскоўцы выкралі 103 цывільных асоб

Пра гэта піша Запароская адміністрацыя.

«Усяго ў вобласьці зафіксавана 238 выпадкаў выкраданьня мірных жыхароў. Сёньня акупанты ўтрымліваюць 103», — паведаміла адміністрацыя.

Па іх словах, 135 чалавек ужо вызваленыя.

У ноч на 4 сакавіка расейцы захапілі Запароскую АЭС. Яна дагэтуль пад кантролем расейскіх войскаў. Цяпер супрацоўнікаў прымушаюць павесіць там партрэт расейскага прэзыдэнта Пуціна і ўдзельнічаць у арганізацыі сьвяткаваньняў у Энэргадары на 9 траўня.

Пад расейскім абстрэлам загінуў настаяцель храма Маскоўскага патрыярхату

3 траўня ў выніку абстрэлу вёскі Міхайлаўка пад Рубежным Луганскай вобласьці загінуў настаяцель храма сьвяціцеля Феадосія Чарнігаўскага Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату іераманах Парфеній. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«Расейская армія працягвае змаганьне з Богам», — напісаў Гайдай у заяве з нагоды гібелі сьвятара.

Усяго з канца лютага ў Луганскай вобласьці пад абстрэламі пацярпелі ня менш за 15 будынкаў, зьвязаных з рэлігіяй.

Расейскія войскі выпусьцілі па гарадах Украіны 18 ракет з Касьпійскага рэгіёну

Гэтыя ракеты пашкодзілі інфраструктуру Днепрапятроўскай, Кіраваградзкай, Львоўскай, Віньніцкай, Кіеўскай і Закарпацкай абласьцей. Ракетныя ўдары па Адэскай і Данецкай абласьцях таксама былі нанесены іншымі сродкамі.

Паводле зьвестак камандаваньня ВПС Украіны, наносілі ўдары расейскія бамбавікі Ту-95 або Ту-160 з Касьпійскага рэгіёну.

Мэр Львова: расейскі ракетны ўдар пашкодзіў дзьве электрападстанцыі

У выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па Львове ўвечары 3 траўня былі пашкоджаныя дзьве электрападстанцыі, у частцы гораду няма сьвятла, паведаміў мэр Андрэй Садавы. У выніку ракетнага ўдару, паводле папярэдняй інфармацыі, паранены адзін чалавек, удакладніў Садавы. Ратавальнікі ліквідуюць пажар на адной з электрападстанцый.

Ракетны ўдар па Кіраваградзкай вобласьці

Аб прылёце ракеты паведамляе кіраўнік Далінскай гарадзкой тэрытарыяльнай грамады Кіраваградзкай вобласьці.

Кіраўнік Закарпацкай абласной адміністрацыі Віктар Мікіта паведамляе пра выбухі ў горнай частцы рэгіёну: «Прылёт ракеты ў аб’ект у горным раёне Закарпацьця. На месцы працуюць службы, удакладняем інфармацыю аб пашкоджаньнях і магчымых ахвярах».

Украінскія СМІ пішуць, што над Віньніцай зьбілі 2 ракеты, гэта пацьвердзіў і кіраўнік Віньніцкай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Барзоў.

Атака на Адэшчыну

Ракетныя ўдары па Адэскай вобласьці: тры ракеты былі зьбітыя сіламі СПА, паведаміла ўкраінскае апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень». Таксама вядома, што дзьве выпушчаныя з Касьпійскага кірунку ракеты ўдарылі па чыгуначнай інфраструктуры Кіраваградзкай вобласьці, ёсьць загінулыя і параненыя.

Кіраўнік адміністрацыі Днепрапятроўскай вобласьці Валянцін Разьнічэнка паведамляе пра ўдары па чыгуначнай інфраструктуры ў Каменскім раёне (на захад ад Днепрапятроўску. — РС) і піша пра аднаго параненага. Рух цягнікоў, паводле яго, спынены.

Расейскія войскі наносяць удары па чыгуначных станцыях

Увечары 3 траўня кіраўнік Украінскай чыгункі Аляксандар Камышын паведаміў пра шэсьць удараў па чыгуначных станцыях у цэнтры і на захадзе Ўкраіны. Паводле яго, у сувязі з гэтым затрымліваюцца 14 цягнікоў. Пашкоджаньні інфраструктуры цяжкія, паведамляе Камышын.

Ва Ўкраіне з 24 лютага пацярпелі 627 дзяцей, у тым ліку 220 загінулі

У офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з пачатку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны з 24 лютага загінулі 220 дзяцей і яшчэ 40 атрымалі раненьні.Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай вобласьці (139), Кіеўскай (115), Харкаўскай (95), Чарнігаўскай (68), Херсонскай (46), Мікалаеўскай (43), Луганскай (37), Запароскай (27), Сумскай (17), у Кіеве (16) і ў Жытомірскай вобласьці (15).

Расейцы абстралялі коксахімічны завод у Аўдзееўцы Данецкай вобласьці

У выніку абстрэлу, паводле апэратыўных лічбаў, сама меней 10 чалавек загінулі і 15 параненыя. Інфармацыя ўдакладняецца, і колькасьць пацярпелых можа быць большай, паведамляе кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка. Паводле яго, рабочыя толькі скончылі зьмену і чакалі на прыпынку аўтобуса, які меўся адвезьці іх з заводу дадому.

У Данецкай вобласьці за дзень загінуў 21 мірны жыхар, — кіраўнік адміністрацыі

Кіраўнік украінскай адміністрацыі Данецкай вобласьці Павал Кірыленка паведамляе, што за 3 траўня ў вобласьці пад расейскімі абстрэламі загінуў 21 мірны жыхар, і гэта найбольшая колькасьць ахвяраў за дзень пасьля ракетнага ўдару па вакзале Краматорску 8 красавіка — тады загінулі 52 чалавекі.

Паводле Кірыленкі, 10 чалавек загінулі ў аўторак пад абстрэлам на Аўдзееўскім коксахімічным заводзе, пяць — у Лімане, чацьвёра — у Вуглядары і яшчэ па адным у двух іншых населеных пунктах. Параненыя за дзень 27 мірных жыхароў украінскай часткі Данецкай вобласьці.

У Запарожжа прыбылі эвакуацыйныя аўтобусы з Марыюпалю

Як паведамілі ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, гэта першыя аўтобусы з цывільнымі, што былі ў бомбасховішчы заводу «Азоўсталь». Прыбылі 156 чалавек.

Новы штурм «Азоўсталі»

Па абедзе 3 траўня пачаўся новы штурм на заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі, дзе застаюцца яшчэ каля 200 мірных жыхароў і 500 параненых вайскоўцаў.

Раней расейскі кіраўнік Пуцін абяцаў не штурмаваць завод. Аднак пасьля ягоных словаў абстрэлы і спробы штурму працягваюцца. За апошнія дні з Марыюпалю ўдалося вывезьці некалькі соцень цывільных асоб, уратаваўшы іх з рэгіёну, ахопленага вайной.

Кіеў: прыкмет новага наступу зь Беларусі няма

«На Валынскім, Палескім і Северскім кірунках расейскі праціўнік актыўных дзеяньняў не рабіў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня знойдзена», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага вайсковага камандаваньня на 6 гадзіну раніцы 3 траўня.

30 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што не выключаюць зьдзяйсьненьня Расеяй правакацый на беларуска-ўкраінскім памежжы. Таксама было адзначана, што «захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня праціўнікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны».

Вялікая Брытанія абяцае Ўкраіне вайсковую дапамогу яшчэ на 375 мільёнаў даляраў

Злучанае Каралеўства заявіла, што выдзеліць Украіне вайсковую дапамогу ў памеры 300 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (375 мільёнаў даляраў), уключаючы абсталяваньне для радыёэлектроннай барацьбы і радарную сыстэму контрабатарэй, на дадатак да прыкладна 200 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, паведамляе Reuters.

Вялікая Брытанія адправіла ва Ўкраіну звыш 5000 супрацьтанкавых ракет і пяць сыстэм супрацьпаветранай абароны, а таксама іншыя боепрыпасы і выбуховыя рэчывы пасьля расейскага ўварваньня 24 лютага.

ААН: ва Ўкраіне з пачатку вайны загінулі сама меней 3193 мірныя жыхары

Паводле апошніх зьвестак Упраўленьня камісара па правах чалавека ААН, па стане на поўнач 2 траўня ва Ўкраіне загінулі сама меней 3193 чалавекі, зь іх 227 дзяцей; параненыя 3353 чалавекі, зь іх 321 дзіця. Па падліках ААН, у Данецкай і Луганскай абласьцях на тэрыторыі, падкантрольнай Украіне, загінулі 1562 мірныя жыхары, а на тэрыторыі непрызнаных «рэспублік» — 101 мірны жыхар.

У ААН неаднойчы падкрэсьлівалі, што рэальныя лічбы могуць быць нашмат большыя, бо інфармацыя з раёнаў, дзе ідуць актыўныя баявыя дзеяньні, а таксама з акупаваных раёнаў, прыходзіць зь вялікім спазьненьнем, а інфармацыя пра загінулых патрабуе праверкі.

Ва Ўкраіне расказалі пра лягер пад Уладзівастокам для 300 прымусова вывезеных марыюпальцаў

Дарадца марыюпальскага мэра Пятро Андрушчанка заявіў пра стварэньне непадалёк ад расейскага гораду Ўладзівастоку лягера для 300 прымусова вывезеных з Марыюпалю грамадзян Украіны.

«Людзей пасялілі ў сяле Ўрангеля ў нечым сярэднім між гатэлем і інтэрнатам. Грошай не выдаюць, таму магчымасьці выйсьці на сувязь банальна няма. Рэчамі не забясьпечваюць. Кормяць тры разы, пра якасьць гаворкі няма», — напісаў Пятро Андрушчанка ў сваім тэлеграм-канале.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

У Белгародзкай вобласьці Расеі зноў выбухі

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў, што ў вобласьці былі чуваць два моцныя «хлапкі». Пра гэта ён паведаміў у Telegram.

«Прачнуўся ад двух моцных разрываў. Па дадзеных апэратыўнага штабу, пашкоджаньняў і руйнаваньняў няма. Пацярпелых няма. У сацыяльных сетках ужо зьявіліся кадры ўспышкі ў небе. Самае галоўнае, што без ахвяр і разбурэньняў. Астатнюю інфармацыю ўдакладнім ранкам».

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Як рэагуе сьвет

Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас 4 траўня аб’явіла аб санкцыях супраць 63 фізычных асоб і кампаній, многія зь якіх закранаюць работнікаў асноўных расейскіх мэдыякампаній, замарожваюць актывы і забараняюць ім паездкі ў краіну.

У санкцыйны сьпіс трапілі шэраг супрацоўнікаў расейскага «Первого канала», сярод іх — ваенныя карэспандэнты Яўген Паддубны (ВГТРК), Аляксандар Коц («Камсамольская праўда»), Дзьмітры Сьцешын («Камсамольская праўда»). Сярод іншых «стратэгічных прапагандысцкіх арганізацый», якія трапілі пад санкцыі, названыя Ўсерасейскае дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне, найбуйнейшая дзяржаўная вяшчальная кампанія (ВГТРК), агенцтва «ІнфоРос», SouthFront, Фонд стратэгічнай культуры.

Таксама санкцыі закранулі вядучага праграмы «Однако» на «Первым канале», віцэ-прэзыдэнта «Раснафты» Міхаіла Лявонцьева, вядучай і аўтара праграм на ВГТРК Наілі Аскер-задэ, былога міністра фінансаў, старшыню праўленьня банка «Адкрыцьцё» Міхаіла Задорнава, дырэктара Цэнтральнага музэя ВАВ Аляксандра Школьніка. Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць вытворцы грузавых аўтамабіляў КАМАЗ.

Вялікая Брытанія накіруе ва Ўкраіну 13 адзінак бранятэхнікі для эвакуацыі людзей з усходу

Таксама машыны будуць выкарыстоўвацца для перавозкі чыноўнікаў з украінскіх міністэрстваў на часовыя камандныя пункты. Яны вытрымліваюць хуткасныя кулі, супрацьпяхотныя міны і самаробныя выбуховыя прыстасаваньні. Гэтая апошняя перадача бранятэхнікі дапаможа абараніць мірных жыхароў, якія спрабуюць уцячы ад расейскіх абстрэлаў, і падтрымае ўкраінскіх чыноўнікаў у іх жыцьцёва важнай працы, заявіла 3 траўня міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас.

NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.

Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.

Амэрыканскія вайскоўцы навучаюць украінскіх у Нямеччыне

Навучаньне праводзіць Нацыянальная гвардыя Флорыды, што ўваходзіла ў склад Аб'яднанай шматнацыянальнай навучальнай групы на захадзе Ўкраіны і была вымушана пакінуць краіну з прычыны росту пагрозы расейскага ўварваньня ў лютым.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG