Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія прадставіла праект шостага пакету санкцый супраць Расеі за ўварваньне ва Ўкраіну. Можа пацярпець і Беларусь

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пакет прадугледжвае паступовую забарону на імпарт расейскай нафты на 6-8 месяцаў. Выключэньне варта зрабіць для Вугоршчыны і Славаччыны, якія моцна залежаць ад расейскай нафты. Ім могуць дазволіць працягваць імпарт да канца 2023 году.

Вярхоўны кіраўнік Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Жузэп Бурэль 3 траўня стаў першым чыноўнікам ЭЗ, які выклаў ключавыя часткі новага шостага пакету санкцый супраць Расеі, распрацаванага выканаўчым органам ЭЗ, Эўрапейскай камісіяй. Прапановы разаслалі краінам-сябрам позна ўвечары, піша The Wall Street Journal.

Нафтавае эмбарга зьяўляецца ключавым кампанэнтам шостага пакету санкцый супраць Расеі. Для прыняцьця неабходна аднагалоснае рашэньне 27 краін ЭЗ. На думку дыпляматаў, прапанова Эўракамісіі можа справакаваць новую спрэчку: Чэхія і Баўгарыя таксама настойваюць на выключэньнях, спасылаючыся на ўразьлівасьць сваіх эканомік, якія моцна залежаць ад расейскай нафты.

Вугоршчына і Славаччына атрымліваюць расейскую нафту па паўднёвым адгалінаваньні нафтаправоду «Дружба», які таксама забясьпечвае Чэхію. Паводле ўрадавых зьвестак, Вугоршчына імпартуе каля 65% нафты з Расеі — больш як удвая больш, чым у сярэднім па Эўразьвязе (26%). Раней афіцыйны Будапэшт прыгразіў накласьці вэта на нафтавае эмбарга, калі яно абмяжуе бясьпеку паставак. Міністар эканомікі Славаччыны Рычард Сулік падкрэсьліў, што на разьвітаньне яго краіны з расейскай нафтай спатрэбіцца «некалькі гадоў».

Міністар эканомікі Нямеччыны Робэрт Габэк заявіў у Брусэлі, што Нямеччына падтрымае нафтавае эмбарга. На мінулым тыдні Нямеччына заявіла, што хутка зьніжае залежнасьць ад расейскай нафты, арганізоўваючы новыя кантакты па яе пастаўках. Бэрлін заявіў, што толькі 12% імпарту нафты ў краіну ў цяперашні час паступае з Расеі, у параўнаньні з 35% да таго, як Масква пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага.

Таксама ў Бэрліне заяўляюць, што скарацілі спажываньне расейскага газу да 35% свайго імпарту з 55% за той самы час. Краіна хутка замяняе расейскія энэрганосьбіты імпартам з ЗША, Нарвэгіі і краін Пэрсыдзкай затокі.

Прапанова Эўракамісіі прадугледжвае таксама новыя санкцыі супраць кампаній. Сярод апошніх — найбуйнейшы банк Расеі «Сбербанк», а таксама два іншыя банкі і тэлеканалы, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю пра вайну ва Ўкраіне. Банкі больш не павінны мець магчымасьцяў выкарыстоўваць міжнародную сыстэму фінансавых камунікацый Swift.

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен напісала ў сваім Твітэры:

«Сёньня мы прадстаўляем шосты пакет санкцый. Па-першае, мы пералічваем высокапастаўленых вайсковых і іншых асоб, якія ўчынілі ваенныя злачынствы ў Бучы. Мы ведаем, хто вы.
І вы будзеце прыцягнутыя да адказнасьці.

Па-другое, мы адключаем Сбербанк — найбуйнейшы банк Расеі — і яшчэ два буйныя банкі. Па-трэцяе, мы забараняем тры буйныя расейскія дзяржаўныя вяшчальнікі ў нашым эфіры, якія агрэсіўна ўзмацняюць хлусьню і прапаганду Пуціна».

Актары, адказныя за расейскія зьверствы ва ўкраінскіх гарадах, такіх як Буча і Марыюпаль, будуць дададзены ў сьпіс Эўразьвязу для асоб і арганізацый, чые актывы плянуецца замарозіць.

Як піша выданьне Bloomberg, у пакет могуць уключыць і беларускія прадпрыемствы. Крыніца журналістаў паведаміла, што шосты пакет санкцый Эўразьвязу можа ўключаць «Беларуськалій», «БКК» і «Нафтан», якія раней ужо зазналі шматлікіх абмежаваньняў праз санкцыі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG