Справаздача канадзкай калійнай кампаніі: пастаўкі калію зь Беларусі і Расеі ўпалі на 20%

«Беларуськалій»
«Беларуськалій»

Кампанія Nutrien, якая зьяўляецца канкурэнткай «Беларуськалію» на рынку, прадставіла некалькі лічбаў у сваёй квартальнай справаздачы.

Пастаўкі калію зь Беларусі і Расеі на замежныя рынкі ў першым квартале гэтага году ўпалі на 20% у параўнаньні з тым жа пэрыядам мінулага году. Такія ацэнкі прыводзіць канадзкая кампанія па вытворчасьці ўгнаеньняў Nutrien у квартальнай справаздачы.

Фінансавыя санкцыі і іншыя абмежаваньні, уведзеныя ў дачыненьні Беларусі і Расеі, прывялі да зьніжэньня экспарту калійных угнаеньняў з гэтага рэгіёну на 20% у параўнаньні з тым жа пэрыядам летась. У звычайны час вытворчасьць і пастаўкі ўгнаеньняў гэтых дзьвюх краін складаюць 40% ад сусьветнага рынку, гаворыцца ў справаздачы.

Зьніжэньне прысутнасьці долі калійных кампаній зь Беларусі і Расеі на сусьветным рынку дало магчымасьць Nutrien у разы павялічыць выручку і прыбытак.

У Беларусі статыстыку аб экспарце калію закрылі летась пасьля таго, як галіна падпала пад заходнія санкцыі. Эўразьвяз увёў забарону на пастаўкі і транзыт часткі прадукцыі «Беларуськалію», ЗША ўвялі санкцыі супраць самой кампаніі і «Беларускай калійнай кампаніі» — афіцыйнага экспартэра прадукцыі. Да абмежавальных захадаў далучыліся Канада, Вялікая Брытанія.

У пачатку 2022 году «Літоўскія чыгункі» спынілі транспартаваньне калійных угнаеньняў зь Беларусі для паставак у трэція краіны. Пазьней спынілася іх транспартаваньне да ўкраінскіх марскіх портаў.

У Мінфіне пацьвердзілі зьніжэньне паступленьняў у бюджэт ад галін, якія трапілі пад санкцыі, у сакавіку гэтага году. Акрамя таго, «Беларуськалій» і БКК могуць трапіць у шосты пакет санкцый Эўразьвязу.

​
XS
SM
MD
LG