Лінкі ўнівэрсальнага доступу

AP: ад расейскага авіяўдару па тэатры ў Марыюпалі загінулі каля 600 чалавек — удвая больш, чым лічылася


Драматычны тэатар у Марыюпалі
Драматычны тэатар у Марыюпалі

Каля 600 чалавек загінулі ў выніку авіяўдару расейскай арміі па драматычным тэатры ў Марыюпалі 16 сакавіка. Гэта прыкладна ў два разы больш, чым ацэньвалі гарадзкія ўлады. У будынку хаваліся каля тысячы чалавек, піша агенцтва Associated Press са спасылкай на ўласнае расьсьледаваньне.

Журналісты апыталі 23 чалавек, якія выжылі — ратавальнікаў і людзей, блізка знаёмых з сховішчам у будынку тэатру, а таксама прааналізавалі пляны, фатаграфіі і відэа, зробленыя да і пасьля атакі. Гэтая інфармацыя была скарыстана для стварэньня 3D-мадэлі тэатру. На ёй відавочцы паказалі журналістам месцы, дзе хаваліся людзі.

16 сьведак расказалі агенцтву, што будынак быў перапоўнены — на кожныя тры квадратныя мэтры, па словах тых, хто выжыў, быў адзін чалавек. Людзі хаваліся ў пакоях і калідорах. Усе апытаныя расказалі, што каля палявой кухні побач з будынкам было каля 100 чалавек. Усе яны загінулі.

Двое тых, хто выжыў, палічылі, што загінулі каля 300 чалавек, як першапачаткова меркавалі гарадзкія ўлады. Марыюпальскі паліцыянт і прадстаўнікі Чырвонага Крыжа выказалі здагадку, што загінулі ня менш як 500 чалавек. Associated Press мяркуе, што некаторыя целы вывезла расейскае войска.

Расьсьледавальнікі агенцтва адзначаюць, што ва ўмовах вайны дакладную колькасьць загінулых вызначыць немагчыма.

  • На спадарожнікавых здымках, зробленых за некалькі дзён да абстрэлу, перад будынкам тэатру відаць надпіс «ДЕТИ», прыкметны з вышыні.
  • АБСЭ называе ўдар па тэатры парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права і ваенным злачынствам.
  • Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджала, што драмтэатар у Марыюпалі ўзарвалі ўкраінскія вайскоўцы, якія хаваліся ў будынку. Доказаў гэтага не было пададзена.
  • Марыюпаль — партовы горад на Азоўскім моры — амаль цалкам разбураны. Паводле зьвестак мясцовых уладаў, загінулі ня менш як 20 тысяч чалавек. Зьнішчана да 90 працэнтаў гарадзкой забудовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG