Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка


Станіслаў Шушкевіч. Фотакаляж
Станіслаў Шушкевіч. Фотакаляж

3 траўня ў 23.35 у Менску памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Гэта пацьвердзіла @euroradio яго жонка Ірына.

Палітыку было 87 гадоў. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасьля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.

Свабода прыгадвае жыцьцёвы шлях асобы і палітыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 сьнежня 1934 году ў Менску ў сям’і настаўнікаў. Ягоная маці — пісьменьніца Гэлена Раманоўская. Бацька — паэт Станіслаў Шушкевіч, які ў 1937-м быў арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў лягераў. У 1949 годзе быў асуджаны паўторна. Рэабілітаваны ў 1954-м, цалкам рэабілітаваны толькі ў 1975-м.

У часе Другой усясьветнай вайны Станіслаў Шушкевіч разам з маці і бабкай жылі ў акупаваным нацыстамі Менску, у іхным доме хаваўся габрэйскі хлопчык (за неданясеньне пагражала сьмерць).

Станіслаў Шушкевіч (на самым версе зьлева) зь Сямёнам Будзённым. Артэк. 1946
Станіслаў Шушкевіч (на самым версе зьлева) зь Сямёнам Будзённым. Артэк. 1946

Пасьля заканчэньня школы са срэбным мэдалём у 1951 годзе паступіў вучыцца на фізыка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, скончыў яго ў 1956 годзе. Вучыўся ў асьпірантуры Інстытуту фізыкі АН БССР, меў распрацоўкі ў галіне радыёэлектронікі.

У 1960–1961 працаваў у канструктарскім бюро менскага радыёзаводу. Вучыў расейскай мове амэрыканскага грамадзяніна Лі Гарві Освальда, які пасьля вяртаньня ў ЗША забіў прэзыдэнта Джона Кенэдзі.

Станіслаў Шушкевіч у нататніку Освальда (запіс уверсе зьлева)
Станіслаў Шушкевіч у нататніку Освальда (запіс уверсе зьлева)

У 1963–1990 гадах працаваў у Менскім радыётэхнічным інстытуце і Белдзяржунівэрсытэце, быў прарэктарам гэтых вышэйшых навучальных устаноў. За навуковыя дасьледаваньні атрымаў прэмію Савету Міністраў СССР, а за падрыхтоўку падручніка — Дзяржаўную прэмію БССР. Меў званьне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, ступень доктара фізыка-матэматычных навук. Быў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Вясной 1989 году пры падтрымцы Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» быў абраны народным дэпутатам СССР. На Першым зьезьдзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990-га, разам зь некаторымі іншымі беларускімі дэпутатамі — Алесем Адамовічам, Васілём Быкавым, Аляксандрам Дабравольскім, Віктарам Карняенкам, Юрыем Варонежцавым — увайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы (МДГ), якую ўзначальвалі Барыс Ельцын і Андрэй Сахараў. Па сутнасьці, МДГ была першай адкрытай палітычнай апазыцыяй у СССР за дзесяцігодзьдзі пасьля ўсталяваньня сталінскай дыктатуры.

У сакавіку 1990-га ў першым туры быў абраны народным дэпутатам БССР. У траўні 1990-га, на першай сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, балятаваўся на пасаду старшыні ВС, аднак па колькасьці галасоў саступіў Мікалаю Дземянцею. Быў абраны першым намесьнікам старшыні ВС.

Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991
Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991

19 жніўня 1991 году быў адным зь пяці членаў Прэзыдыюму ВС БССР, якія выступілі супраць арганізаванага КДБ і падтрыманага шэрагам кіраўнікоў СССР праімпэрскага путчу ў Маскве. Далучыў свой подпіс да патрабаваньня дэпутатаў Апазыцыі БНФ аб скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету.

На сэсіі, якая распачалася 24 жніўня 1991, спачатку не падтрымаў ідэі надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону, бо, як тлумачыў пазьней, лічыў гэта нерэальным. Аднак 25 жніўня, пасьля адстаўкі з пасады старшыні Дземянцея, калі сам мусіў весьці паседжаньне, паспрыяў прыняцьцю станоўчага рашэньня. У 20 гадзінаў 14 хвілін у прамой трансьляцыі павіншаваў дэпутатаў і жыхароў Беларусі з абвяшчэньнем незалежнасьці.

18 верасьня 1991 году быў абраны старшынём Вярхоўнага Савету БССР, на наступны дзень парлямэнт пад ягоным старшынствам надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сымбаляў і прыняў новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь.

8 сьнежня 1991-га ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі ў Белавескай пушчы, разам з прэзыдэнтам РСФСР Барысам Ельцыным, прэзыдэнтам Украіны Леанідам Краўчуком, старшынём Савету Міністраў Беларусі Вячаславам Кебічам, дзяржсакратаром Расеі Генадзем Бурбулісам і старшынём ураду Ўкраіны Вітольдам Фокіным паставіў подпіс пад пагадненьнямі, якія фіксавалі спыненьне існаваньня СССР і ўтварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаў.

Падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, 8 сьнежня 1991
Падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, 8 сьнежня 1991

Станіслаў Шушкевіч ня меў статусу кіраўніка дзяржавы, паводле Канстытуцыі ён лічыўся вышэйшай службовай асобай, правы якой, аднак, не былі вызначаныя. У паўнаце рэальнай улады ён саступаў старшыні Савету Міністраў Вячаславу Кебічу, які зь цягам часу акумуляваў вакол сабе людзей з пракамуністычным, а часта і праімпэрскім мысьленьнем.

Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, фота Ўладзімера Сапагова.
Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, фота Ўладзімера Сапагова.

На пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу даводзілася займаць кампрамісную пазыцыю паміж дэпутатамі Апазыцыі БНФ, якія настойвалі на ажыцьцяўленьні эканамічных рэформаў і максымальна самастойнай ды незалежнай ад Масквы дзяржаўнай палітыцы, і пракамуністычнай большасьцю Вярхоўнага Савету, якая не ўспрыняла дэмакратычныя зьмены і спадзявалася на падтрымку Расеі. Такая пазыцыя часта выклікала крытыку з абодвух бакоў.

Пры гэтым, паводле ацэнак сацыёлягаў, Шушкевіч пэўны час меў найбольшы рэйтынг з усіх беларускіх палітыкаў, на піку папулярнасьці ў студзені 1992-га — 52%.

У 1992 годзе Шушкевіч не падтрымаў ініцыятыву БНФ, які сабраў больш як 440 тысяч подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Гэта выклікала рэзка адмоўную рэакцыю прыхільнікаў Народнага Фронту, якія лічылі, што Беларусь страчвае шанцы на дэмакратычнае рэфармаваньне.

Тым ня менш Шушкевіч і дэпутаты БНФ знаходзілі паразуменьне ў справе стварэньня заканадаўчых падмуркаў беларускай дзяржаўнасьці, а галоўнае — ім удалося пераканаць у неабходнасьці гэтага парлямэнцкую большасьць. Менавіта ў 1992–93 былі створаны беларускае войска, памежная і мытная служба, закладзеныя асновы ўласнай фінансавай сыстэмы.

Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч на адзначэньні 75-х угодкаў БНР, сакавік 1993 г.
Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч на адзначэньні 75-х угодкаў БНР, сакавік 1993 г.

У тыя гады Беларусь умацоўвала свой імідж у сьвеце як дзяржава, якая, нягледзячы на складанасьці і супярэчнасьці ва ўнутранай палітыцы, выбрала эўрапейскі кірунак разьвіцьця. Станіслаў Шушкевіч успрымаўся ў сьвеце дэмакратычным лідэрам — у шэрагу з такімі лідэрамі, як Вітаўтас Ландсбергіс у Літве, Лех Валэнса ў Польшчы, Вацлаў Гавэл у Чэхіі, Жэлю Жэлеў у Баўгарыі. Немалое значэньне мела тое, што ён быў прыхільнікам нэўтралітэту Беларусі і вываду з тэрыторыі краіны ядзернай зброі, і ў гэтым меў падтрымку Вярхоўнага Савету. Беларусь была першай краінай, якая добраахвотна і без усялякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі. «У беларускага нэўтралітэту — твар Шушкевіча», — быў загаловак у адной з газэтаў.

Станіслаў Шушкевіч і Вацлаў Гавэл
Станіслаў Шушкевіч і Вацлаў Гавэл

У 1993 годзе Шушкевіч выступіў супраць ініцыяванага атачэньнем Кебіча далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД (АДКБ), якая фактычна кантралявалася Масквой. Калі з ініцыятывы дэпутата Лукашэнкі пытаньне аб АДКБ было ўнесенае ў парадак дня сэсіі, Шушкевіч заявіў, што не падпіша пагадненьня. Пасьля гэтага ў канцы ліпеня 1993 году лідэры дэпутацкай групы «Беларусь», якія падтрымлівалі Кебіча, ініцыявалі адстаўку Шушкевіча. Было праведзена галасаваньне, аднак Апазыцыя БНФ і дэпутаты Дэмклюбу яго блякавалі і патрэбнай для адстаўкі колькасьці галасоў не набралася. Тым ня менш у апошні дзень 1993 году пад націскам парлямэнцкай большасьці Шушкевіч падпісаў пагадненьне аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да АДКБ.

У кастрычніку 1993 году, падчас драматычнага, са стралянінай на вуліцах Масквы і чалавечымі ахвярамі, супрацьстаяньня прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына з пракамуністычным Вярхоўным Саветам, Шушкевіч падтрымаў Ельцына.

Аднак расейскі лідэр, насуперак чаканьням палітычных аглядальнікаў, не адказаў Шушкевічу ўзаемнасьцю ў крытычны для апошняга момант, хоць, як меркавала ягонае тагачаснае атачэньне, мог гэта зрабіць адным тэлефонным званком Кебічу.

Увосень 1993 году Вячаслаў Кебіч пачаў фарсаваць увядзеньне пасады прэзыдэнта, якую меўся сам і заняць. Станіслаў Шушкевіч быў перашкодай на гэтым шляху. Адразу пасьля візыту ў Беларусь прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, што было ўспрынята як міжнародны трыюмф Шушкевіча, падкантрольная Кебічу парлямэнцкая большасьць прыступіла да адкліканьня Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савету.

Станіслаў Шушкевіч з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. 1994
Станіслаў Шушкевіч з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. 1994

Фармальным ініцыятарам адстаўкі выступіў дэпутат Лукашэнка. Насуперак распаўсюджанай і па сёньня думцы, аргумэнтам у прамове Лукашэнкі на закрытым паседжаньні парлямэнту была зусім ня «скрыня цьвікоў», за якія Шушкевіч нібыта не заплаціў пры рамонце ўласнай дачы (адмысловая камісія не знайшла ніякіх фінансавых парушэньняў, Шушкевіч аплаціў будматэрыялы да апошняга рубля).

Лукашэнка абурыўся тым, што Шушкевіч «не ўратаваў» двух афіцэраў расейскай выведкі, якія ў якасьці беларускіх дыпляматаў працавалі ў прадстаўніцтве Беларусі пры ААН, былі выкрытыя ЦРУ і высланыя з ЗША. Лукашэнка быў перакананы, што Шушкевіч мусіў паставіць пытаньне абароны афіцэраў расейскай выведкі перад прэзыдэнтам Клінтанам, і запатрабаваў ягонай адстаўкі.

У адрозьненьне ад мінулага разу, калі Апазыцыі БНФ і Дэмклюбу ўдалося заблякаваць галасаваньне, гэтым разам за адстаўку Шушкевіча выступілі некаторыя дэмакратычныя дэпутаты, і галасоў дэпутатаў БНФ для блякаваньня не хапіла. 26 студзеня 1994 году Станіслаў Шушкевіч быў адкліканы з пасады старшыні Вярхоўнага Савету.

Тым ня менш, застаючыся дэпутатам парлямэнту, Шушкевіч не пакінуў палітыкі. Пасьля прыняцьця ў сакавіку 1994 году Канстытуцыі, якая прадугледжвала пасаду прэзыдэнта, ён заявіў пра намер удзельнічаць у першых прэзыдэнцкіх выбарах. На прэзыдэнта яго вылучыла сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», падтрымала яго і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Ініцыятыўную групу па зборы подпісаў узначаліў Алег Трусаў; было сабрана больш як 123 тысячы подпісаў (для рэгістрацыі патрабавалася 100 тысяч).

У камандзе Шушкевіча ў часе перадвыбарчай кампаніі былі, сярод іншых, старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч і былы міністар МУС генэрал Уладзімер Ягораў. У першым туры выбараў, які адбыўся 23 чэрвеня, Шушкевіч, паводле ЦВК, набраў 9,91% галасоў і заняў чацьвёртае месца пасьля Аляксандра Лукашэнкі, Вячаслава Кебіча і Зянона Пазьняка. У другім туры выбараў перамогу атрымаў Лукашэнка.

Станіслаў Шушкевіч зь Міхаілам Гарбачовым
Станіслаў Шушкевіч зь Міхаілам Гарбачовым

Шушкевіч заняў выразна крытычную пазыцыю да Лукашэнкі зь першых дзён ягонага прэзыдэнцтва, рэгулярна крытыкаваў яго за непрафэсіяналізм і адсутнасьць дзяржаўнага мысьленьня.

Выбраны ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, Станіслаў Шушкевіч быў сярод тых дэпутатаў, якія ўвосень 1996 году паставілі свой подпіс за імпічмэнт Лукашэнку на падставе сыстэматычнага парушэньня ім Канстытуцыі і законаў. Як вядома, у выніку падпісаньня — пры ўдзеле кіраўнікоў Расеі — пагадненьня паміж старшынём ВС Сямёнам Шарэцкім, старшынём Канстытуцыйнага Суду Валерам Ціхінем і Аляксандрам Лукашэнкам разгляд пытаньня аб імпічмэнце ў Канстытуцыйным Судзе не адбыўся, а пасьля прызначанага Лукашэнкам рэфэрэндуму Вярхоўны Савет быў распушчаны.

Аляксандар Лукашук, Валянціна Аксак і Станіслаў Шушкевіч у студыі Радыё Свабода, 2013
Аляксандар Лукашук, Валянціна Аксак і Станіслаў Шушкевіч у студыі Радыё Свабода, 2013

З 1998 году Станіслаў Шушкевіч узначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, удзельнічаў у Кангрэсах дэмакратычных сілаў Беларусі. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году падтрымаў Андрэя Саньнікава. У 2012 годзе на ініцыяванай Радай БНР сустрэчы ў Вільні палітычных і грамадзкіх лідэраў падпісаў «Мэмарандум аб забесьпячэньні незалежнасьці Беларусі».

Станіслаў Шушкевіч, Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Чэхіі Мірэкам Топаланкам. Травень 2009, Прага.
Станіслаў Шушкевіч, Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Чэхіі Мірэкам Топаланкам. Травень 2009, Прага.

Саступіўшы ў 2018 годзе месца старшыні партыі Сяргею Чэрачню, падтрымаў яго ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Шушкевіч быў ганаровым старшынём партыі.

Станіслаў Шушкевіч у сваім хатнім кабінэце, 2018
Станіслаў Шушкевіч у сваім хатнім кабінэце, 2018

Апошняе зьяўленьне Станіслава Шушкевіча на шырокай публіцы адбылося ў лістападзе 2019 году на цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага. У часе пандэміі каранавірусу ён знаходзіўся на самаізаляцыі ў сваёй менскай кватэры і да мінімуму зьвёў кантакты з кімсьці, акрамя членаў сям’і, аднак у лютым 2022 захварэў на «омікрон» і трапіў у рэанімацыю.

Станіслаў Шушкевіч на цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–1964 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019
Станіслаў Шушкевіч на цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–1964 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019

Станіслаў Шушкевіч ня меў ніводнай дзяржаўнай узнагароды Рэспублікі Беларусь, але быў узнагароджаны мэдалём Рады БНР у гонар 100-годзьдзя незалежнасьці БНР. За актыўную падтрымку незалежнасьці Літвы ў 1991 годзе атрымаў літоўскі ордэн Вітаўта Вялікага, меў мэдаль Свабоды Трумэна — Рэйгана Фонду памяці ахвяраў камунізму (ЗША). Неаднаразова намінаваўся на Нобэлеўскую прэмію міру.

Уладзімер Арлоў, Сяргей Антончык, Радзім Гарэцкі і Станіслаў Шушкевіч у дзень атрыманьня мэдаля Рады БНР, 18 чэрвеня 2019 г.
Уладзімер Арлоў, Сяргей Антончык, Радзім Гарэцкі і Станіслаў Шушкевіч у дзень атрыманьня мэдаля Рады БНР, 18 чэрвеня 2019 г.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG