Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты». У Менск прыбывае «крамлёўскі дэсант», Шарэцкі і Ціхіня падпісваюць пагадненьне з Лукашэнкам


Віктар Чарнамырдзін, Аляксандар Лукашэнка, Сямён Шарэцкі, Ягор Строеў. Менск, 22 лістапада 1996.
Віктар Чарнамырдзін, Аляксандар Лукашэнка, Сямён Шарэцкі, Ягор Строеў. Менск, 22 лістапада 1996.

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты.

Кіраўнікі Вярхоўнага Савету глядзяць на Маскву з надзеяй

«Скорее в Москву!»
Антон Чэхаў, «Тры сястры».


Эпіграфы для асобных разьдзелаў у кнігах звычайна не ўжываюцца, але зраблю выключэньне.

І, перш чым перайсьці да разьвязкі сюжэту, хачу больш падрабязна спыніцца на «расейскім» фактары, які адыграў далёка не апошнюю ролю ў тым, што пазьней будзе названа «антыканстытуцыйным пераваротам».

Асаблівую трывогу выклікалі частыя ваяжы сьпікера і ягоных намесьнікаў у Маскву, дзе раз за разам выказвалі імкненьне «інтэгравацца з Расеяй». Так, нас вельмі зьдзівіла, што ў часе паездкі ў Маскву Карпенка выпіў чарку з Жырыноўскім — мы, дэпутаты БНФ, у 91-м спусьцілі Жырыноўскага зь лесьвіцы.

Ня думаю, што настроі дэмакратычных дэпутатаў, таго ж Карпенкі, можна было б назваць цалкам прарасейскімі — хутчэй яны ўспрымалі Маскву як цэнтар прыняцьця палітычных рашэньняў, ад якога ў Беларусі ўсё залежала.

Падставы для такога погляду, варта прызнаць, існавалі: усе яшчэ знаходзіліся пад уражаньнем вызваленьня Сіўчыка і Хадыкі пасьля званка Лукашэнку Ельцына. Намаганьні беларускага грамадзтва, лідэраў апазыцыі, сусьветна вядомых асобаў уключна з нобэлеўскімі ляўрэатамі эфэкту не давалі, а адно тэлефанаваньне з Крамля прыводзіла да імгненнага эфэкту.

Ад Крамля ў Беларусі ўсё яшчэ сапраўды залежала шмат — але ў немалой ступені яшчэ і таму, што палітыкі не ўсьведамлялі Беларусь незалежнай дзяржавай.

Калі чытаеш стэнаграмы Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, практычна не сустракаеш слова «краіна», толькі «рэспубліка». Не ў значэньні дзяржаўнага ўладкаваньня (манархія-рэспубліка), а ў тым, у якім яна была ў абрэвіятуры БССР — як частка СССР, дзе сталіца — Масква. Тое ж самае, зрэшты, можна сказаць і пра парлямэнт папярэдняга скліканьня. Ну а што тычыцца чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта, ураду, абласных адміністрацый, дык многія ўвогуле ўспрымалі незалежнасьць як недарэчную часовую зьяву.

Канешне, наяўнасьць у якасьці суседкі вялізнай дзяржавы з імпэрскім мэнталітэтам і невычарпальнымі рэсурсамі ня можа ня ўплываць на паводзіны палітыкаў, але вызначальнае ўсё ж іншае: у якой ступені гэтыя канкрэтныя палітыкі імкнуцца зьменшыць залежнасьць.

Літоўскія палітыкі да гэтага імкнуліся. У Беларусі ж такое жаданьне ў 1996-м выказвалі толькі нацыянальна арыентаваныя сілы, найперш БНФ, якія не былі прадстаўленыя ні ў парлямэнце, ні ў выканаўчых органах.

У чым прычыны такой веры ў Маскву?

Акрамя відавочных гістарычных (больш як два стагодзьдзі беларусы жылі пад Расеяй, гэта выпрацавала асаблівае стаўленьне да яе сталіцы), былі і чыста псыхалягічныя прычыны.

Нашыя аргумэнты тыя, хто называў сябе дэмакратамі, ведалі — мы іх паўтаралі бясконца. Але, магчыма, гэта якраз той выпадак, калі фраза «Гаварылі на розных мовах» мае літаральны сэнс: тое, што мы пераважна размаўлялі па-беларуску, выклікала ў іх непрыманьне ўжо на падсьвядомым узроўні: спрацоўвала нешта падобнае на сыстэму распазнаваньня самалётаў праціўніка «свой-чужы». Ведаю, што некаторыя не чыталі публікацый на беларускай мове выключна толькі таму, што для гэтага трэба было зрабіць пэўныя намаганьні.

У 90-х, параўноўваючы лідэраў БНФ, таго ж Пазьняка, зь дзеячамі «новай», «лібэральнай» апазыцыі (азначэньні могуць быць розныя; яны не залежаць ад сьветапогляду ці стаўленьня, скажам, да прыватнай уласнасьці на зямлю; галоўнае — яна не была «нацыянальнай», не вылучала нацыянальных каштоўнасьцяў, беларускай мовы ў тым ліку, як несумненных) — Багданкевічам, Карпенкам, Шлындзікавым; урэшце, Шарэцкім, аналітыкі пісалі, што калі фронтаўцы ня маюць досьведу кіраваньня вытворчасьцю ці буйнымі ўстановамі, дык «новыя» — маюць.

Тое была праўда, хаця і ня цалкам (у Фронце і ў Ценевым кабінэце кіраўнікі прадпрыемстваў і інстытутаў былі, напрыклад акадэмік Радзім Гарэцкі, член-карэспандэнт НАН Іван Нікітчанка ці прафэсар Уладзімер Тарасаў).

Але «генэралы» вытворчасьці зрабілі кар’еру ў СССР, дзе ўсе галоўныя рашэньні прымаліся ў Маскве. І, як правіла, пераход на працу ў Маскву (у «саюзнае міністэрства») быў пажаданым этапам кар’еры. Нарэшце, некаторыя закончылі маскоўскія інстытуты ці падвышалі там прафэсійную кваліфікацыю; там былі сябры, частка іхняй уласнай біяграфіі — і па-чалавечы гэта зразумела. Ужо некалькі гадоў Беларусь была незалежная, а піетэт перад Масквой заставаўся.

Іншая справа — Пазьняк, якога ніколі і нішто ня зьвязвала з Масквой і з Расеяй (калі не лічыць абарону кандыдацкай дысэртацыі ў тагачасным Ленінградзе). Памятаю ягоны аповед пра наведваньне Масквы ў 1990 годзе — гатовы сцэнар для кінажанру, тэматыка і стылістыка якога займела ў дзевяностыя назоў «чарнуха». Пазьняк казаў, што ледзь там дыхаў, у той Маскве. Для Шарэцкага ці Калякіна расейскі прэм’ер Чарнамырдзін, акрамя іншага, быў і колішнім супрацоўнікам ЦК КПСС і саюзным міністрам. Для Пазьняка ЦК было — выпладнем пекла, а знаходжаньне ў савецкім урадзе ніякага піетэту не дадавала. Калі ў лютым 1991-га Гарбачоў прыйшоў у Авальную залю, Пазьняк, здаецца, быў адзіным дэпутатам, хто ня ўзьняўся з аплядысмэнтамі (я, як і іншыя, і падняўся і прывітаў Гарбачова, і потым яшчэ спрабаваў дамовіцца зь ім на сустрэчу зь сябрамі чарнобыльскай камісіі). Для Пазьняка кіраўнікі Расеі паводле азначэньня былі палітычнымі праціўнікамі, калі ня ворагамі, і ўжо напэўна не дарадцамі і не арбітрамі.

Словам, кіраўнікі Вярхоўнага Савету (і ня толькі яны) з надзеяй глядзелі на Маскву, на Ельцына, на Чарнамырдзіна.

Публікацыя ў газэце «Свабода» пра рэфэрэндум 1996 года
Публікацыя ў газэце «Свабода» пра рэфэрэндум 1996 года

Да таго ж дэпутатаў супакойвалі і некаторыя палітычныя аглядальнікі: маўляў, Крэмль не падтрымае Лукашэнку ў ягонай спробе перавароту. Аляксандар Фядута пісаў у тыя дні ў БДГ:

...Улічваючы значнасьць шматразова апісанага беларускімі палітолягамі расейскага фактару, можна ўявіць сабе, як менавіта будзе рэагаваць Віктар Сьцяпанавіч (Чарнамырдзін. — С.Н.) на ўвесь гэты беларускі пад’ём пераваротам. Тое, што падтрымкі ня будзе, прадэманстраваў адзінокі і бясплённы пералёт Лебедзя ў Віскулі і назад. Візыт выкінутага на абочыну рэальнай палітыкі Канстанціна Затуліна, прадстаўленага як зорка першай велічыні, паказаў, які будзе фармат узаемаадносінаў «Барвіхі» з «Драздамі». Нарэшце, візыт прэмьер-міністра Міхаіла Чыгіра і віцэ-прэмьера Валерыя Кокарава паказаў, што ні з адным, ні з другім (ягоным магчымым пераемнікам) Чарнамырдзін ні пра што, акрамя як аплаты за газ, размаўляць ня будзе! А значыць, ня будзе ён размаўляць і з прэзыдэнтам Беларусі.

Але Чарнамырдзіну давядзецца размаўляць з Лукашэнкам. І нават угаворваць яго.

Пішу так, што хоць да раны прыкладай

У лістападзе я пераслаў рэдактару «Свабоды» Ігару Герменчуку свой артыкул. Ён быў напісаны з максымальнай ляяльнасьцю да пазафронтаўскіх дзеячоў апазыцыі; як часам кажуць у такіх выпадках, «хоць да раны прыкладай». Я нават выбачыўся перад Ганчаром і Булахавым за тое, што нагадаў ім эпізоды іх палітычнай біяграфіі. Тэкст быў надрукаваны.

Зьмяшчаю тэкст зь невялікімі скарачэньнямі.

Чарговы ўрок. Але ці на карысьць?

Калі ў студзені 1994 году Лукашэнка, Ганчар і Булахаў (даруйце, Віктар і Дзьмітры, але — было!) разам з Кебічам здымалі Шушкевіча, некаторыя дарадцы сьпікера супакойвалі самі сябе: «Нічога, як падыдзе час ставіць пытаньне на галасаваньне, Ельцын пазвоніць Кебічу і скажа: «Слава, не трогай Стася! А то, понимаешь, долги за газ к оплате предъявим». Калі б такі званок сапраўды адбыўся — заставацца б Шушкевічу сьпікерам, гэта безумоўна. Ды толькі крамлёўскі сябра маўчаў. Той выпадак павінен быў навучыць усіх нас, што сяброў у Крамлі быць ня можа.

Але не навучыў. У амэрыканскай газэце чытаю словы Багданкевіча: ніхто з дэпутатаў цяперашняга парлямэнту не выступае супраць беларуска-расейскага мытнага пагадненьня. Падумаў быў, што недакладна перадалі. Але купляю «Московские новости» — тая ж цытата, у інтэрвію Ларысе Саенка. Ларыса — журналіст прафэсійны і дакладны, прыйшлося паверыць. Якія выгады ад мытнага саюзу вы, Станіслаў Антонавіч, бачыце, калі толькі за няпоўныя два гады страты беларускай дзяржаве на адных толькі «іншамарках» на мільёны даляраў ідуць? У рэпартажы пра вынікі візыту Карпенкі ў Маскву — словы віцэ-сьпікера пра неабходнасьць інтэграцыі з Расеяй. Пра якую інтэграцыю вы кажаце, Генадзь Дзьмітрыевіч? Пры маўклівай згодзе парлямэнту аддалі Наваполацкі нафтаперапрацоўчы камбінат, мазырскі, на чарзе чыгунка, — куды ўжо больш шчыльна інтэгравацца? (ніжэй даю тлумачэньне гэтай фразы. — С.Н., удакладненьне 2020 г.)

Чым прадыктаваныя гэтыя словы — імкненьнем зьвярнуць на сябе ўвагу, спадабацца Маскве, займець саюзьнікаў? Саюзьнікаў — сярод каго? Прыгадаем, якія аптымістычныя прагнозы рабіліся некаторымі палітолягамі пасьля візыту ў Менск Зюганава і ягоных канфідэнцыйных гутарак зь беларускімі камуністамі. Самі сябе пераконвалі, што ў супрацьстаяньні прэзыдэнт — парлямэнт уплывовая палітычная сіла Расеі падтрымае буйнейшую фракцыю беларускага парлямэнту хоць бы з прычыны бальшавіцкай салідарнасьці. А вось вам, таварыш Новікаў і таварыш Калякін, падарунак ад «Красной пресни» — галасаваньне за выступ Лукашэнкі перад Дзяржаўнай Думай. Што там ваш менскі парлямэнтарызм, канстытуцыйная законнасьць перад расейскімі дзяржаўнымі інтарэсамі.

Тры гады таму, пасьля публікацыі ў «Народнай газеце» артыкула Пазьняка «О русском империализме и его опасности», шмат хто абураўся некамплімэнтарнымі выказваньнямі ў адрас некаторых маскоўскіх дэмакратаў. Цяпер, здаецца, ілюзіі адпалі. Ніводны з палітыкаў, якія завуць сябе «дэмакратамі», ніколі, ніводнага разу, не падтрымаў нават «скрозь зубы» незалежнасьць Беларусі. Зрэшты, як і Ўкраіны, Малдовы ці Літвы. Выключэньне — Сяргей Кавалёў і Валерыя Навадворская. Але яны маюць толькі маральны ўплыў, а мараль, вядома, у нашых суседзяў палітыку не вызначае. Я думаю, гэты артыкул варта было б перадрукаваць сёньня — дыскусія пасьля публікацыі абяцае быць куды цікавейшай, чым тады.

І вось зноў некаторыя чакаюць, што калі ня Ельцын, то Чубайс, узброены інфармацыяй ад менскіх дэмакратаў, у час «Ікс» адправіць Лукашэнку ў палітычны нябыт. І зробіць стаўку на «здаровыя», «неантырасейскія» сілы. Але зь якой прычыны адмаўляцца Маскве ад Лукашэнкі? Дэмакратыю ён заціскае, правы чалавека? Гэты аргумэнт нічога ня варты, калі гаворка йдзе пра стратэгічныя інтарэсы Расеі...

Але ў дачыненьні да Беларусі гаворка йдзе пра больш важнае — інтарэсы ўласныя, якім падпарадкаваныя ўсе астатнія інтарэсы...

Незалежна ад нюансаў успрыняцьця расейскімі палітыкамі выступу Лукашэнкі ў Думе, нягледзячы на зьедлівыя камэнтары журналістаў, урэшце істэблішмэнт падтрымае яго пры любых абставінах. Зьмяніць Лукашэнку Масква пажадае толькі на таго, хто будзе згодны праводзіць тую ж палітыку здрады, але больш элегантна. Таму ня варта спадзявацца на Расею. У такіх варунках палітычная пэрспэктыва застаецца за тымі сіламі, якія будуць адстойваць нацыянальныя інтарэсы, не баючыся выглядаць непрывабнымі ў вачах тых, хто якраз, дарэчы, і паважае цьвёрдасьць.


Мушу ўдакладніць, што ў канцы 96-га пра перадачу Расеі Мазырскага і Наваполацкага нафтаперапрацоўчых заводаў, а таксама Беларускай чыгункі гаварылася як пра канчатковае рашэньне, і гэта абмяркоўвалася грамадзтвам. Аднак ні чыгунка, ні наваполацкі «Нафтан» перададзеныя не былі. А вось «Белтрансгаз» (стратэгічна важная для краіны сыстэма транспартаваньня газу), пра якую я ў артыкуле не згадаў, з 2011 году цалкам належыць расейскаму «Газпрому».

Ня ведаю, ці чыталі мой артыкул тыя, да каго я зьвяртаўся. Магчыма, і прачыталі.

Прэм’ер Чыгір падае ў адстаўку

Раніцай 18 лістапада прайшло пасяджэньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Меркавалася, што гэта будзе сумеснае пасяджэньне разам з членамі калегіі Кабінэту міністраў (куды ўваходзілі прэм’ер і ягоныя намесьнікі). Аднак, акрамя самога прэм’ера, ніхто з членаў калегіі не прыйшоў.

Міхаіл Чыгір, 2016
Міхаіл Чыгір, 2016

Міхаіл Чыгір паведаміў, што накіраваў Лукашэнку прашэньне аб адстаўцы. Больш правільна было б гэта назваць ультыматумам, паколькі Чыгір назваў умовы, пры якіх быў гатовы адклікаць сваё прашэньне, і галоўнай была — адмова ад правядзеньня рэфэрэндуму. Нязгоду з рэфэрэндумам Чыгір патлумачыў парушэньнем прававых нормаў падчас яго арганізацыі.

Разам з Чыгіром у адстаўку пайшоў яшчэ адзін член ураду — міністар працы Аляксандар Сасноў. Заявіў пра пакіданьне пасады і намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў.

Тое, што сышоў Сасноў, нас не зьдзівіла. Быўшы дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, Аляксандар, хаця фармальна і не ўваходзіў у склад Апазыцыі БНФ, часта падпісваў нашыя заявы. Ён быў адным зь пяці членаў Прэзыдыюму ВС (Шушкевіч, Садоўскі, Булахаў, Сасноў, Сьлямнёў), якія 19 жніўня 1991-га выступілі супраць праімпэрскага путчу. На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году Сасноў уваходзіў у каманду Пазьняка. Калі пасьля выбараў Сасноў атрымаў ад Лукашэнкі прапанову ўзначаліць Міністэрства працы, ён раіўся з Пазьняком. Старшыня БНФ лічыў, што ісьці да Лукашэнкі ня варта. Аднак Аляксандар усё ж прыняў прапанову.

Аляксандар Сасноў, пачатак 90-х
Аляксандар Сасноў, пачатак 90-х

У адстаўцы Саснова мы бачылі пацьверджаньне няслушнасьці ягонага рашэньня пайсьці на пасаду міністра; Аляксандар на ўласным досьведзе пераканаўся, чаго вартае высакароднае памкненьне быць карысным свайму народу ва ўмовах, калі краінай кіруе чалавек, для якога мае каштоўнасьць толькі асабістая ўлада.

А вось дэмарш Чыгіра мы ўспрынялі бязь нейкіх сымпатый да экс-прэм’ера, тое ж тычыцца і адстаўкі Саньнікава. Занадта сьвежы яшчэ ў памяці быў арганізаваны з дапамогай Саньнікава візыт Лукашэнкі ў Парыж, ну а Чыгір быў фігурантам дакладу Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі (у якасьці кіраўніка банку, які, як сьцьвярджаў дакладчык, фінансаваў выбарчую кампанію дырэктара саўгасу «Гарадзец»). Акрамя таго, на Чыгіру як кіраўніку ўраду безумоўна ляжала палітычная адказнасьць за дзеяньні МУС пры разгоне мірных акцый пратэсту, пачынаючы з пабіцьця дэпутатаў БНФ.

Гэта натуральная рэакцыя палітыкаў падчас палітычнага працэсу, калі ён бурліць і ўспрымаецца ў тым ліку і эмацыйна (можа быць, найперш эмацыйна). Але цяпер, праз гады, мне той крок бачыцца больш важным, асабліва з боку Міхаіла Чыгіра. Кіраўнік ураду выказаў публічна недавер прэзыдэнту, прычым у знак пратэсту супраць стратэгічнага курсу, які (і тое было ўжо ясна) вызначаў кірунак краіны на дзесяцігодзьдзі.

Андрэй Саньнікаў, 2009
Андрэй Саньнікаў, 2009

Адстаўка Чыгіра, Саснова і Саньнікава была моцным сыгналам чынавенству — што ёсьць людзі, гатовыя адмовіцца ад пасадаў дзеля прынцыпу. Сыгнал, вядома, быў пачуты, быў асэнсаваны, ды вось характару зрабіць тое самае не хапіла. З розных прычынаў. У тым ліку і «Нехта ж мусіў служыць Беларусі». Беларусі — ці рэжыму?

Пазьней Андрэй Саньнікаў паведаміць, што разам з Чыгіром мусілі пайсьці ў адстаўку 12 членаў ураду. Але не адважыліся.

У 1999-м Міхаіл Чыгір, які возьме ўдзел у «альтэрнатыўных» выбарах прэзыдэнта (пяцігадовы тэрмін Лукашэнкі, вызначаны Канстытуцыяй 1994 г., завяршаўся), будзе арыштаваны і больш як паўгода правядзе за кратамі. Прэзыдэнцкая ж кампанія 2010 году для Андрэя Саньнікава абернецца двума з паловай гадамі турмы.

Яшчэ перад тым, што ўвойдзе ў найноўшую гісторыю як «канстытуцыйны крызіс», Аляксандар Старыкевіч напісаў пра магчымыя наступствы рэфэрэндуму:

Палітычная шпана, якая дарвалася да ўлады, імкнецца чыста крымінальнымі мэтадамі паставіць краіну пад поўны свой кантроль, усталяваўшы іх парадкі, больш характэрныя для зоны... І так будзе цягнуцца доўга ў выпадку перамогі прэзыдэнта на рэфэрэндуме... Сёньня яшчэ застаецца шанец спыніць агульнымі намаганьнямі катастрофу... У цяперашняй сытуацыі кожнаму давядзецца рабіць асабісты выбар. Альбо паспрабаваць прыдбаць сабе больш ці менш цёплае месца, прадаўшыся нікчэмнасьцям, якія разбураюць Беларусь, і жыць у сталай залежнасьці ад самадураў-кіраўнікоў і страху быць «кінутымі» імі... Альбо адрынуць эвангельле ад лукавага (якое прапаведуе эгаізм, гвалт і беспрынцыповасьць) і абраць ня менш рызыкоўны шлях супрацьстаяньня сілам цемры, якая згушчаецца над нашай краінай" («Свабода», 17 верасьня 1996).

Чыгір, Сасноў і Саньнікаў свой выбар увосень 96-га зрабілі.

Зрабілі яго і адзінаццаць дэпутатаў, якія адклікалі свае подпісы за імпічмэнт. Як гэта адбывалася, на маю просьбу ў верасьні 2018-га прыгадаў Павал Знавец:

На мяне ня ціснулі, бо бессэнсоўна было. А вось на іншых дэпутатаў — так. Найбольш сьмелыя зь іх выходзілі да мікрафона ў Авальнай залі і скардзіліся на «выкручваньне рук».

Дэпутаты з правінцыі прыводзілі сьведчаньні, калі спэцыяльныя машыны з уключанымі фарамі (і з танаваным шклом, каб не было відаць твараў). пад’яжджалі да іх дамоў ноччу. І доўга сьвяцілі быццам пражэктарам у вокны хаты. Пасьля такой «падсьветкі» ў галаве правінцыйнага старшыні калгасу і адначасова дэпутата ВС узьнікалі асацыяцыі з варанкамі 1937-га.

Павал Знавец, 2019
Павал Знавец, 2019

Некаторых выклікалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта на «гутарку», ну і гэтак далей. Гэта быў псыхалягічны ціск. А дэпутаты Цярэшчанка, Лазавік, Навасяд і яшчэ сёй-той мітусіліся: то забіралі паперку з подпісам за імпічмэнт, то потым зноў яе аддавалі.

Напрыклад, Навасяд урэшце расплакаўся перад Васілём Шлындзікавым ад страху, што застанецца бяз працы і ні з чым з малым дзіцем на руках...

Цікава яшчэ тое, што мае сябры па фракцыі Жушма і Дубовік так і не падпісаліся за імпічмэнт, чым і заслужылі месца ў першай «палаце».


Выбар, пра які пісаў Аляксандар Старыкевіч, як бачым, быў нялёгкім. Але ў крытычнай сытуацыі ён толькі такім і бывае.

У Менску высаджваецца крамлёўскі дэсант

19 лістапада ў Канстытуцыйны суд былі перададзеныя 73 дэпутацкія подпісы за імпічмэнт Лукашэнку. А на наступны дзень адбылася яшчэ адна важная падзея. Але ня ў Беларусі.

20 лістапада ў Смаленску (Расейская Фэдэрацыя) Сямён Шарэцкі і Сяргей Калякін сустрэліся з прадстаўнікамі кіраўніцтва Расеі — старшынём Савету Фэдэрацыі Строевым, старшынём Дзяржаўнай Думы Селязьнёвым і віцэ-прэм’ерам Сяровым. Як сьведчыць Грыб, Вярхоўны Савет не ўпаўнаважваў Шарэцкага і Калякіна весьці перамовы: «гэта была ініцыятыва кіраўніцтва Вярхоўнага Савету».

Па вяртаньні з Расеі Шарэцкі заявіў дэпутатам, што мае намер разам з Калякіным сустрэцца з Лукашэнкам і праінфармаваць яго пра вынікі сустрэчы. Тады ж Шарэцкі паведаміў, што ў Менск накіроўваецца дэлегацыя — да Селязьнёва і Строева далучаецца кіраўнік расейскага ўраду Віктар Чарнамырдзін. Гэта былі другая, трэцяя і чацьвёртая асобы ў РФ — не хапала толькі Ельцына, але той ачуньваў пасьля апэрацыі на сэрцы).

«Шмат хто ўскладаў надзеі на дэлегацыю кіраўнікоў Расейскай Фэдэрацыі: дэпутаты былі перакананыя, што расейцы дапамогуць знайсьці выйсьце з палітычнага крызісу», — прыгадвае Мечыслаў Грыб (с. 132).

«Са зьдзіўленьнем даведваюся, што нехта надзяліў Шарэцкага, Карпенку, Калякіна нейкімі паўнамоцтвамі — заявіў дэпутат Анатоль Лябедзька. — Прачніцеся, шаноўныя! Не было такога паседжаньня, ніхто не надзяляў іх такімі паўнамоцтвамі!»

Цягам сутак адбыліся некалькі раўндаў перамоваў. Кіраўніцтва Вярхоўнага Савету (Шарэцкі, ягоны намесьнік Карпенка, старшыня міжнароднай камісіі Краўчанка і лідэр фракцыі камуністаў Калякін) сустракаліся са Строевым і Селязьнёвым, а Лукашэнка — з Чарнамырдзіным.

Віктар Чарнамырдзін і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 22 лістапада 1996
Віктар Чарнамырдзін і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 22 лістапада 1996

На першай сустрэчы былі выпрацаваныя прапановы ад Вярхоўнага Савету. «Кампрамісны» варыянт выглядаў наступным чынам: Лукашэнка скасоўвае ўказы, прызнаныя Канстытуцыйным судом неканстытуцыйнымі, усьлед за гэтым скасоўваецца працэдура імпічмэнту, на рэфэрэндуме праект Канстытуцыі, унесены прэзыдэнтам, мае не абавязковы, а кансультацыйны характар, а пасьля рэфэрэндуму ствараецца пагаджальная камісія для ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю.

Удзельнікі перамоваў ці то забыліся, ці то праігнаравалі, што скасоўваць хадайніцтва групы дэпутатаў у Канстытуцыйны суд ня меў права нават Вярхоўны Савет.

Падрабязнасьці сустрэчы Лукашэнкі і Чарнамырдзіна невядомыя і цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, хоць прайшла ўжо чвэрць стагодзьдзя.

Позна ўвечары адбыліся ўжо калектыўныя перамовы з удзелам «крамлёўскага дэсанту». Вярхоўны Савет, як лічылася, прадстаўлялі Шарэцкі і Калякін. Карпенка і Краўчанка ня ўдзельнічалі ў перамовах і чакалі іх выніку разам з журналістамі.

Для журналістаў, а потым і для ўсяго грамадзтва поўнай нечаканасьцю быў удзел у перамовах старшыні Канстытуцыйнага суду Валерыя Ціхіні, і ня толькі таму, што ягоная прысутнасьць ставіла крыж на ягонай аб’ектыўнасьці як кіраўніка судовага органу.

Пасьля шасьцігадзінных перамоваў адбылося падпісаньне «Пагадненьня аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь». Яно прадугледжвала, што прэзыдэнт скасоўвае два ўказы, а старшыня Вярхоўнага Савету і Канстытуцыйны суд спыняюць працэдуру імпічмэнту (у пагадненьні гэта далікатна названа «адкліканьнем прапаноў дэпутатаў» і «спыненьнем вядзеньня справы аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі»).

Усе бакі пагадзіліся правесьці рэфэрэндум 24 лістапада, пасьля чаго прэзыдэнт цягам 20 дзён павінен быў сфармаваць Канстытуцыйны сход. Апошні пункт пагадненьня прадугледжваў, што да прыняцьця новай Канстытуцыі прэзыдэнт не распускае Вярхоўнага Савету, а Вярхоўны Савет не адхіляе ад улады прэзыдэнта.

Падпісаньне адбылося раніцай 22 лістапада 1996 году, пад тэлекамэры, — тут ужо за сьпіны асноўных фігурантаў быў дапушчаны і Карпенка.

Вось як ацэньваў падпісанае пагадненьне ў той дзень тагачасны сакратар управы Сойму БНФ Вячаслаў Сіўчык:

Рашэньні, прынятыя сёньня ўначы, не былі вялікай нечаканасьцю. На вялікі жаль, ужо дзьвесьце гадоў намі кіруюць з Масквы. І натуральна, зараз маскоўскія гаспадары былі зацікаўленыя ў тым, каб захаваць тут рэжым Лукашэнкі. Захаваць яго любой цаной. Чаму? Таму што, калі б быў пачатак працэдуры імпічмэнту, ужо неістотна, што рабіў бы дыктатар. Улада была б незаконная, і рана ці позна яму трэба было б сесьці на лаву падсудных.

Лявон Баршчэўскі ў звароце да людзей, якія сабраліся на плошчы Незалежнасьці, заявіў, што Сямён Шарэцкі перавысіў свае паўнамоцтвы:

Дакумэнт, падпісаны Лукашэнкам і Шарэцкім, зьяўляецца неканстытуцыйным, адкрыта супярэчыць артыкулу 83 і некаторым іншым артыкулам Канстытуцыі.

Бясспрэчна, падпісанты (у тым ліку Шарэцкі і Ціхіня), ня мелі права вырашаць за дэпутатаў, якія паставілі подпісы за імпічмэнт, што яны бяруць на сябе абавязак адклікаць гэтыя подпісы. У той жа дзень на сэсіі Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар заявіў, што пагадненьне парушае дзейную Канстытуцыю:

Заяўляю яшчэ раз, што кампраміс на парэштках Канстытуцыі ня можа прывесьці да стабілізацыі. Мэта міратворчай місіі палягала ў тым, каб у цяперашні момант захаваць для Расеі патрэбнага палітыка — прэзыдэнта Лукашэнку, які, натуральна, у цяперашні час, з пункту гледжаньня прагматычных інтарэсаў расейскага кіраўніцтва, цалкам іх задавальняе.

Анатоль Лябедзька заявіў пра здрадніцтва; пасьля таго, як ён нагадаў пра імпічмэнт, Шарэцкі распарадзіўся адключыць дэпутату мікрафон.

Шарэцкі ў гэты момант усё яшчэ верыў у падпісанае пагадненьне і верыў Крамлю.

А далей здарылася тое, што здараецца, калі гуляюць ў напарстак з прафэсійнымі жулікамі. Частка пралукашэнкаўскіх дэпутатаў адмовілася галасаваць за пастанову аб пагадненьні, і яна не набрала належнай колькасьці галасоў. Проста і элегантна.

Як потым расказвалі незалежныя дэпутаты, Канаплёў, паплечнік Лукашэнкі, трымаў ля вуха мабільны тэлефон і дырыгаваў галасаваньнем. Тое ж рабіў і дэпутат Пашкевіч. Падпарадкаваныя прэзыдэнту дэпутаты не падтрымалі палажэньні пагадненьня, якія накладалі на Лукашэнку пэўныя абавязкі.

У выніку пагадненьне не зацьвердзілі.

Што было потым, добра вядома. 24 лістапада прайшоў рэфэрэндум. 26-га лістапада Лукашэнка падпісаў указ аб спыненьні дзейнасьці Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Цяпер дэпутатаў у Беларусі будуць не выбіраць, а адбіраць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG