Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты». «Арганізатары шабашу — тыя, хто ў 1991 годзе галасавалі за незалежнасьць Беларусі і развал СССР»


Удзельнікі мітынгу на Дзень волі ля тэлецэнтру, 24 сакавіка 1996
Удзельнікі мітынгу на Дзень волі ля тэлецэнтру, 24 сакавіка 1996

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.


Не здагадваюся, што гэта апошняя ноч на Радзіме

Ноч з 24 па 25 сакавіка я ўжо быў ня дома — знаёмыя папярэдзілі, што гэта небясьпечна. Сябры запрапанавалі нам пажыць у іхняй кватэры ў Серабранцы.

Але з раніцы, як і штодня, паехаў у офіс нашага інфармагэнцтва «Павет» на дзявятым, апошнім паверсе дому на на Юбілейнай плошчы, потым — на прэсавую канфэрэнцыю, якую мы наладзілі ў штаб-кватэры БНФ на Варвашэні, 8. Пра падзеі напярэдадні ля тэлецэнтру і ў сквэры Дзяржынскага на прэсавай канфэрэнцыі расказвалі самі ахвяры, я іх цытаваў раней.

На прэсавай канфэрэнцыі, паміж іншым, Пазьняк расказаў пра тое, што апошнія два дні за ягонай машынай пастаянна езьдзяць два аўтамабілі.

Зянон Пазьняк: Вечарам 24 сакавіка, каля 20-й гадзіны, мы паехалі з жонкай у госьці з нагоды сьвята. Неўзабаве заўважылі, што за намі неадступна цягнуцца два легкавікі. Адарвацца не ўдалося. Тады мы паехалі ў пракуратуру Менска. Легкавікі зьніклі. Я пакінуў заяву ў дзяжурнага пракурора аб перасьледзе нашай машыны і пазначыў нумары легкавікоў.

Аднойчы Пазьняк папрасіў свайго кіроўцу спыніцца — спыніліся і тыя аўтамабілі зь людзьмі ў скураных куртках. Падышоў да першай машыны і з усёй сілай ударыў нагой па бампэры.

Любы нармальны чалавек не сьцярпеў бы, а гэтыя нават з машыны ня выйшлі. Праглынулі моўчкі. Відаць, вонкавы выгляд машыны, да якога нераўнадушны кожны аўтамабіліст, ня меў значэньня ў параўнаньні з пастаўленымі кіраўніцтвам апэратыўнымі мэтамі.

Сёньня я разумею, што той апошні вечар у Менску быў падарункам у сэнсе сустрэчаў, але ж я тады ня думаў, што ён будзе апошнім.

Пасьля інтэрвію ў прамым эфіры расейскай службы Радыё Свабода пайшоў на вечарыну, якую ладзіў Беларускі ПЭН-цэнтр у Доме дружбы на вуліцы Захарава.

Перад вечарынай мне пазваніла Вольга, жончына сястра, і паведаміла, што прынесьлі позву. Васіль Быкаў сказаў, што трэба пайсьці ў міліцыю («і прыняць пакуты»), а Рыгор Барадулін раіў гэтага ні ў якім разе не рабіць («ня трэба гуляць па іхніх правілах»).

Пра «пакуты», зрэшты, Быкаў сказаў, як мне падалося, з адценьнем іроніі, бо тады яшчэ нікога з апазыцыянэраў не пасадзілі нават на 15 сутак. Празь некалькі месяцаў, калі мы з Пазьняком апынуліся ў сытуацыі, якую ў сакавіку ніхто ня мог і ўявіць, Быкаў падтрымае нашае рашэньне пра палітычны прытулак.

Потым Уладзімер і Валя Арловы запрасілі нас працягнуць сьвяткаваньне Дня волі ў майстэрні мастака Алеся Марачкіна, аднаго з удзельнікаў нацыянальнага руху яшчэ з 70-х гадоў, члена Сойму БНФ.

Маё знаёмства з Уладзем адбылося завочна, калі я быў надрукаваў у віцебскай абласной газэце водгук на ягоную першую кніжку «Добры дзень, мая шыпшына!». Я тады служыў у войску, Уладзя працаваў у наваполацкай газэце, мы ліставаліся, і ўрэшце пасьля таго, як я зьняў афіцэрскія пагоны, Уладзя і Валя запрасілі мяне на вячэру ў іх наваполацкай кватэры.

Потым было шмат сустрэчаў — і ў Наваполацку, і ў Віцебску, і ў родным Уладзевым Полацку, дзе мы разам з латыскім журналістам Дайнісам Івансам удзельнічалі ў акцыі супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГРЭС, якое б мела цяжкія экалягічныя наступствы і ў Латвіі, і ў Беларусі. Праз год Дайніс узначаліў новаўтвораны Народны Фронт Латвіі і мы з Уладзем у ягонай кватэры з добрай зайздрасьцю казалі, што прыбалты нас апярэдзілі гадоў на пяць, калі ня болей; што ў нас, у Беларусі, такі рух паўстане няхутка. А праз колькі месяцаў сядзелі побач у Чырвоным касьцёле на ўстаноўчым сходзе «Мартыралёгу», галасавалі за ўтварэньне Аргкамітэту БНФ, потым ішлі па начным Менску ў майстэрню да Алега Бембеля, дзе склалі паведамленьне для прэсы пра гістарычны сход.

Уладзімер Арлоў выступае падчас Дзядоў у Курапатах каля Менску, 1988. Фота - Уладзімер Кармілкін
Уладзімер Арлоў выступае падчас Дзядоў у Курапатах каля Менску, 1988. Фота - Уладзімер Кармілкін


У студзені 90-га неафіцыйная «выдавецкая група» БНФ сабралася ў пакоі цокальнага паверху старога дома па Камсамольскай, у раёне Нямігі, дзе я жыў пасьля пераезду ў Менск, каб рыхтаваць нумар газэты да гадавіны БНР і адначасна да выбараў у Вярхоўны Савет, разьмеркавалі, хто што будзе рабіць, і Ўладзя ўзяўся напісаць «што-небудзь» пра каштоўнасьць сваёй дзяржавы. Эсэ «Незалежнасьць — гэта...» потым было перакладзенае на дзясяткі моваў. Мы ня так часта сустракаліся, калі я працаваў у Вярхоўным Савеце, а ён у выдавецтве «Мастацкая літаратура», але дыхалі аднымі ідэямі. У 96-м Уладзімер Арлоў быў ужо прызнаным пісьменьнікам, якому лічыцца клясыкам перашкаджаў хіба толькі зусім яшчэ не салідны ўзрост.

Майстэрня Марачкіна месьцілася ў даўгім доме над Сьвіслаччу. Там сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, адзначалі 25 сакавіка. Дзіўна, але вылецела з галавы размова з ПАЭТАМ Алесем Разанавым, творамі якога захапляўся яшчэ ў студэнцкія гады, а асабіста пазнаёміўся толькі ў той вечар. Нейкая загадкавая асаблівасьць памяці — хіба з тае прычыны, што ўвага сканцэнтравалася на тэлевізійнай перадачы, якую паказалі адразу пасьля вечаровага выпуску навінаў.

Перадача не была папярэдне заяўлена ў праграме і зьявілася як рэакцыя на экстраардынарную падзею, якой быў успрыняты ўладамі шматтысячны мітынг.

Гэтую тэлеперадачу мы глядзелі разам з Арловымі ў пакойчыку побач з майстэрняй Марачкіна.

Рэпартаж быў зроблены ў традыцыях наступальнай прапаганды і мог бы стаць працягам вядомай гнюснай азаронкаўскай стужкі, запушчанай на тэлебачаньне перад рэфэрэндумам ў 95-м. Твары ўдзельнікаў мітынгу паказвалі ў скажоным ракурсе — ёсьць такі прыём у апэратараў, калі доўгафокусны аб’ектыў падсоўваюць максымальна блізка.

На экране мільгалі невялікія купкі людзей — а шматтысячную плошчу не паказалі ніводнага разу. Потым на экране з явіўся пракурор Менску, нехта Купрыянаў, як ні дзіўна, не ў гарнітуры, а ў бруднага колеру швэдры, і, запінаючыся, нібыта з пахмельля, пачаў абвінавачваць арганізатараў мітынгу — сказаў, што па факце парушэньня грамадзкага парадку ў час несанкцыянаванага шэсьця і за непадпарадкаваньне міліцыі будуць заведзеныя крымінальныя справы. Паскардзіўся, што ў пракуратуры не хапае сьледчых, але дзеля такога выключнага выпадку, які паставіў пад пагрозу грамадзкі спакой, ён здыме пракурорскіх работнікаў з расьсьледаваньня іншых справаў (трэба думаць — аб забойствах ды крадзяжах) і загадае ім заняцца палітычнымі экстрэмістамі.

Выглядала, што пракурора схапілі для запісу дома ці на дачы, не далі нават магчымасьці прыстойна апрануцца.

Ну а потым, як і трэба было чакаць, у студыі зьявіліся камэнтатары. На гэты раз — аглядальнік тэлебачаньня Ігар Грышан, прэзыдэнцкі ідэоляг Уладзімер Замяталін і прафэсар Валянцін Акулаў.

Цяжка назваць партыю, у якую б, пасьля шматгадовага знаходжаньня ў КПСС, не ўступаў Акулаў — і паўсюль ягонае членства скончвалася скандалам. У 1996 годзе атабарыўся толькі ў панславісцкім, шавіністычным «Славянскім саборы», дзе выступаў за «аднаўленьне вялікай краіны ад Бярэсьця да Курылаў». На гэты раз прафэсар дэманстраваў высакароднае абурэньне паводзінамі актывістаў БНФ і нават заявіў, што адмаўляе нам у праве звацца нацыяналістамі. «Гэта хуліганьнё», — дыягназаваў Акулаў. Палкоўнік Замяталін гэтаксама ня быў стрыманы ў характарыстыках.

Абвінавачаньні ў бок БНФ павялічваліся, ужо і стандартная фармулёўка пра «нацыянал-экстрэмістаў» выплюхнулася, і «правакатарамі» абазваў, і вось-вось з вуснаў Замяталіна павінна было прагучаць нешта зьнішчальнае...

І яно прагучала.

Як найбольш прыхаваную таямніцу апазыцыі, якую выявілі слаўныя спэцслужбы прэзыдэнта, выгаворваючы кожнае слова, нібыта на курок націскаў, Замяталін выдаў: «А сапраўднымі — не фармальнымі, а сапраўднымі арганізатарамі гэтага шабашу — зьяўляюцца былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету, якія ў 91-м годзе галасавалі за незалежнасьць Беларусі і развал СССР».

Ва ўспрыманьні ідэоляга гэта было самае вялікае злачынства — куды больш страшнае і небясьпечнае, чымсьці забойства ці абрабаваньне банку.

А злачынцы, вядома, павінны быць пакараныя — і Замяталін паведаміў, што арганізатары хутка, вельмі хутка панясуць суровую адказнасьць. Апошнія словы прэзыдэнцкага памагатага гучалі чамусьці на фоне відэазапісу Пазьняка і майго выступу на мітынгу.

Той вечар застаўся ў памяці і Ўладзімера Арлова:

«У той вечар так званае „наша“ тэлебачаньне было верным сабе. Мы атрымалі чарговую порцыю хлусьні з вуснаў „палітычных аглядальнікаў“ беларускага тэлебачаньня, якія заслугоўваюць такой назвы толькі з аднае прычыны — а менавіта з той, што ня скажуць а ні слова, не аглядаючыся на сваіх гаспадароў. У старанна адцэнзураваным рэпартажы пра сьвяткаваньне Дня Волі тысячы прыхільнікаў беларускай Незалежнасьці, якія выйшлі на вуліцы, пераўтварыліся ў сотні „нацыянал-радыкалаў“. Камэра ўпарта не заўважала прыгожых жанчын і юнакоў з абліччамі вікінгаў, а старанна шукала нетэлегенічныя, змрочныя твары. Затым з экрана пачуліся пагрозы арганізатарам...

Як, запэцкаўшыся ў брудзе, хочацца хутчэй памыцца, так ад усяго гэтага смуроду нам захацелася на вольнае паветра.

Мы выйшлі на вуліцу. Памятаю, спачатку гэта была вуліца Камуністычная, але неяк падсьвядома мы зьвярнулі зь яе на вуліцу імя Алаізы Пашкевіч. Ішлі, гаварылі пра блізкі Чарнобыльскі шлях. Я думаў, што на ім мы абавязкова сустрэнемся, будзем ісьці разам па праспэкце Скарыны, не па ходніках, а менавіта па самым праспэкце, як гаспадары».


Прайшлі мы і ўздоўж пляцоўкі перад тэлецэнтрам — на сьнезе пры сьвятле ліхтароў усё яшчэ заставалася бачнай кроў, былі відаць абламаныя дрэўкі сьцягоў, валяліся нечыя пальчаткі.

— Мяркую, Сяргей, табе варта ў гэтыя дні залегчы на дно, — параіў Уладзя перад тым, як селі ў таксоўку (у машыне пра палітыку ўжо не размаўлялі).

У той вечар ён падараваў нам сваю кніжку «Фаўна сноў» з надпісам «Дарагім Галіне і Сяргею з пажаданьнем шчасьлівых сноў пра Беларусь і іхняга зьдзяйсьненьня». Як у ваду глядзеў — і шмат, шмат гадоў на эміграцыі мне ня сьнілася нічога з амэрыканскага, брытанскага, чэскага ці польскага жыцьця. Пра што Рыгор Барадулін нават верш напісаў. Гэтая Ўладзева кніга потым вандравала ў маім «дыплямаце» па краінах і гарадах, а цяпер займае пачэснае месца ў хатняй бібліятэцы ў Празе, побач зь дзясяткамі кніг, якія здабылі майму дарагому сябру заслужаную славу.

Але ў той момант я ня ведаў, што гэта мая апошняя ноч на Радзіме — на дваццаць доўгіх гадоў.

Мне дасылаюць позву № 74 853 195


А 7-ай раніцы ў аўторак 26 сакавіка ў дзьверы нашай кватэры ва Ўруччы пазванілі. А потым пагрукалі. Адчыніла дзьверы жончына сястра Вольга, якая вучылася ў пэдінстытуце і жыла ў нас.

З трох чалавек толькі адзін быў у міліцэйскай форме. Але яшчэ мінулым днём прынесьлі позву з патрабаваньнем зьявіцца ў Цэнтральны РАУС Менску. Пра мэту выкліку было пазначана — «допыт». У графе, дзе паведамляецца, у якасьці каго выклікаюць, абвінавачванага альбо сьведкі, стаяў прочырк.

Ля пад’езду стаяў аўтамабіль з характэрнымі антэнамі.

Пра падзеі тых дзён газэта «Свабода» паведамляла:

«... Позву для Сяргея Навумчыка ўручылі яго 18-гадовай сваячцы, якая замест гаспадароў аказалася на кватэры. Пачынаючы з 26 сакавіка, каля пад’езду дзяжурыць машына. А міліцыянты рэгулярна звоняць у кватэру і пытаюцца, дзе знаходзіцца Навумчык. За сваячкай, як толькі яна выходзіць з кватэры, пачынаюць сачыць. 27-га сакавіка а 17-й гадзіне міліцыянт, які ўручаў ёй позву, пагражаў дзяўчыне рознымі мерамі пакараньня, калі «ня скажаш, дзе цяпер знаходзіцца Навумчык».

Неўзабаве ў міліцыі (а магчыма, і ў іншых органах) прыдумалі найбольш эфэктыўную, на іх погляд, пагрозу Вользе — было абяцана перанесьці гутарку зь лесьвічнай пляцоўкі ў кабінэт рэктара пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, дзе яна вучылася. Вышэй за рэктара для студэнта, зразумела, нікога няма.

Але не спрацавала — на ўсе патрабаваньні міліцыянтаў і людзей у цывільным Вольга адказвала, што ня ведае пра маё месцазнаходжаньне нічога, і гэта было праўдай.

Дарэчы, позву тую мне прывезьлі толькі праз год у Прагу, — і зьдзівіў яе нумар: 74 853 195. У сем разоў болей, чым насельніцтва Беларусі. Неймаверная колькасьць правапарушальнікаў для хай сабе нават і сталічнага раёну.

Не дастаўляць падонкам асалоду зьдзекамі зь сябе

Тады ж, у панядзелак, рэальна ўзьнік выбар: турма альбо свабода. Спачатку быў схільны да таго, што трэба выбіраць арышт, прычым як форму працягу палітычнай барацьбы. Мы з жонкай доўга абмяркоўвалі гэты варыянт, і маім галоўным аргумэнтам было — хай нас пасадзяць, хай зьдзекуюцца ў турме, так, могуць нават і забіць, але гэта выведзе на вуліцу яшчэ большую колькасьць людзей, а гэта, у сваю чаргу, паскорыць канец рэжыму. Сто пяцьдзесят тысяч на плошчы перад прэзыдэнцкім палацам — і міліцыя, войскі будуць паводзіць сябе зусім інакш, чым перад дзесяцьцю тысячамі; гэта якраз той выпадак, калі колькасьць пераходзіць у якасьць. Ніводзін генэрал не возьме на сябе сьмеласьць разганяць такі натоўп з прымяненьнем сілы, бо ахвяры могуць быць велізарныя. Палітычная сытуацыя ж можа разгортвацца проста: патрабаваньне да вярхоўнага Савету аб імпічмэнту, імпічмэнт, пераход улады да сьпікера парлямэнту.

Мне спатрэбілася зусім ня шмат часу для разуменьня, што гэтыя прагнозы былі сьледзтвам эйфарыі, значнай пераацэнкі ўласных магчымасьцяў і, што больш важна, магчымасьцяў грамадзтва.

І справа нават ня ў тым, што, як значна пазьней пакажа 2020 год, нават 300 тысяч на праспэктах не вядуць да імгненнай перамогі (тэорыя «100 тысяч на Плошчы — і рэжым падзе» дзесяцігодзьдзямі панавала ў грамадзтве, я і сам быў яе гарачым адэптам).

Пераломным момантам для пачатку перасэнсаваньня ступені салідарнасьці ў грамадзтве для мяне было ўсё ж пабіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ 12 красавіка 1995 году. Адразу пасьля гэтага здавалася, што народ нарэшце пабачыў, хто насамрэч ёсьць Лукашэнка і што цяпер апазыцыянэрам як мучанікам гарантаваная перамога... Аднак на плошчу Незалежнасьці выйшла дзьвесьці чалавек (пераважна жанчынаў), якіх разагнала міліцыя, а ў крамах, у тралейбусах ды ў сябе на кухнях некаторыя казалі: «Мала ім, дэпутатам, далі!».

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ, 11 красавіка 1995
Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ, 11 красавіка 1995

Вядома, людзі, хай сабе і ў невялікай колькасьці, маглі выйсьці на вуліцу, але гэта не зьмяніла б нічога. Зь імі расправіліся б яшчэ больш жорстка, чым 24 сакавіка, бо рэжым умацаваўся і пераканаўся ў тым, што атрымае маўклівую падтрымку большасьці. Крывавыя расправы над удзельнікамі пікету ў абарону Сіўчыка і Хадыкі 30 траўня 1996 году пад сьценамі Нацыянальнага банку, калі былі пабітыя ў кроў сотні людзей, пацьвердзіла гэта.

Але ўвесь час на эміграцыі мне давядзецца чуць пра тое, што трэба было б Пазьняку і Навумчыку сесьці ў турму, зрабіцца пакутнікамі.

25 сакавіка 96-га, калі трэба было прымаць рашэньне, у дэмакратычных сілаў Беларусі не было досьведу турмаў і, адпаведна, досьведу вызваленьня зь іх. Пазьней, праз тры месяцы, я даведаюся, што турма — гэта хіба самае лепшае з таго, што чакала Пазьняка і мяне на радзіме.

Ніводнага разу за ўсе гады на чужыне я не сумняваўся, што рана ці позна вярнуся на Беларусь — але ніколі і не пашкадаваў аб тым рашэньні, якое было прынята на кватэры сяброў у Серабранцы, 26 сакавіка.

Безумоўна, у той момант я ня думаў пра эміграцыю, ды і наўрад ці кіраваўся нейкай дакладнай тэорыяй. У тыя трывожныя хвіліны такая тэорыя проста не магла нарадзіцца. І галоўным, бадай што, стаў не рацыянальны палітычны разьлік, а пачуцьце, з палітыкай ніяк не зьвязанае...

Гэта адчуваньне агіды і нежаданьне апынуцца ў ролі ахвяры. У той ролі, у якой давялося пабыць падчас парлямэнцкай галадоўкі, калі двое невядомых у масках кідаюць цябе салдатам-спэцназаўцам, а тыя, выкруціўшы табе рукі да болю ў сьпіне, валакуць цябе скрозь залю, па сходах, на двор і, нібы мех з бульбай, кідаюць у міліцэйскі «варанок». Магчыма, гэта было самае мярзотнае адчуваньне ў жыцьці — уласная бездапаможнасьць перада грубай фізычнай сілай. Пасьля таго я даў сабе слова ніколі не дастаўляць падонкам асалоду зьдзекавацца зь сябе.

Рашэньне было прынята — у міліцэйскі пастарунак не ісьці.

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG