Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты»: Як Лукашэнка рыхтаваўся штурмаваць Крэмль


Лукашэнка і Ельцын ў Маскве 2 красавіка 1996 году
Лукашэнка і Ельцын ў Маскве 2 красавіка 1996 году

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае зьбіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку, нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты», якая неўзабаве зьявіцца на нашым сайце ў электронным варыянце. Пакуль прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.

«Ня бойцеся, у гэтым годзе Лукашэнка на расейскія выбары ня пойдзе, — супакоіў у пачатку 96-га кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын аглядальніка маскоўскіх „Известий“ Ота Лацыса. — А вось потым..».

Гэтае «потым», улічваючы кволае здроў’е Ельцына (і 5% рэйтынгу), магло надысьці ў любы момант.

У 96-м Беларусь ужо другі год была ўнікальнай краінай, кіраўнік якой меў мэтай яе ліквідацыю як незалежнай дзяржавы.

Парадаксальна, але гэтую асаблівасьць Лукашэнкі доўгі час ня будуць заўважаць многія палітычныя аналітыкі, якія будуць выбудоўваць розныя мудрагелістыя тэорыі, якія б тлумачылі незразумелыя і алягічныя паводзіны беларускага прэзыдэнта.

У самае простае тлумачэньне ім паверыць было цяжка.

Барыс Ельцын, 1996
Барыс Ельцын, 1996

Між тым імкненьне Лукашэнкі зрабіцца кіраўніком аб’яднанай дзяржавы было тым, што на гады вызначыла як зьнешнюю, гэтак і ўнутраную палітыку Беларусі.

«Ён вельмі хацеў патрапіць у Крэмль — гэта ні для каго не сакрэт», — скажа Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» летам 2019-га.

Але ў 1996-м у гэта мала хто верыў. Годам раней у газэце «Свабода» я надрукаваў артыкул «Мэта», у якім паспрабаваў аргумэнтаваць шанцы Лукашэнкі зрабіцца гаспадаром Крамля — у выпадку ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі. Шанцы гэтыя выглядалі зусім неблагімі, бо ён успрымаўся б расейскім насельніцтвам як чалавек, які «вярнуў» ім Беларусь. Артыкул быў напісаны па-расейску — каб прачыталі ў тым жа Крамлі. І, як потым казаў мне міністар замежных спраў Пётра Краўчанка, у Маскве яго сапраўды прачыталі.

Камэнтавалі публікацыю і ў расейскай, і ў беларускай прэсе. Для большасьці крамлёўскія амбіцыі Лукашэнкі ўяўляліся фантазіяй аўтара публікацыі.

Сур’ёзна паставіліся да гэтага толькі ў БНФ, а Васіль Быкаў неўзабаве пасьля публікацыі сказаў, што цалкам пагаджаецца з маімі высновамі, і што іранічнае стаўленьне да артыкулу лічыць памылковым. Нешта кшталту таго, што людзі ня хочуць заўважаць тое, што не ўкладаецца ў звыклыя схемы.

Сьведчаньні пра крамлёўскія амбіцыі Лукашэнкі, як правіла, ускосныя. Ніхто не прызнаўся, што асабіста яму Лукашэнка казаў пра імкненьня зрабіцца прэзыдэнтам Расеі (альбо — аб’яднанай дзяржавы). Але спасылаюцца на словы тых, каму ён абавязаны прыходам да ўлады і хто ў першыя гады прэзыдэнцтва ўваходзіў у кола ягоных канфідантаў.

«Я хочу жить в сильном государстве. Не в маленьком и слабом, а в большом и сильном»

Найперш — ужо прыгаданага Леніда Сініцына, кіраўніка перадвыбарчага штабу у 1994 годзе і першага кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Словы, якія працытую ніжэй, Сініцын ніколі не абверг.

У кнізе «Дзевяноста чацьвёрты» у разьдзеле, цалкам прысьвечаным асобе Сініцына, я паспрабаваў прааналізаваць некаторыя моманты ягонай біяграфіі, якія сьведчаць на карысьць ягоных (сфармулюю мякка) асаблівых адносінаў са службай, якую з савецкіх часоў прынята называць «кампэтэнтнай».

Адразу пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў у 94-м Пазьняк заявіў, што Лукашэнка — стаўленік маскоўскіх спэцслужбаў, і гэта абсалютнай большасьці падалося нерэальным. Праз 26 гадоў кіеўскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў выказаў перакананьне, што выбары 1994 году былі спаборніцтвам дзьвюх «крамлёўскіх вежаў» — партыйна-дзяржаўнага апарату, які ставіў на Кебіча, і ФСБ, якая падтрымлівала Лукашэнку.

Леанід Сініцын
Леанід Сініцын

Нялішнім будзе дадаць, што значна пазьней, праз шмат гадоў пасьля сваёй адстаўкі, у верасьні 2012 года. у інтэрвію Віктару Марціновічу у «Белорусской газете» Сініцын пацьвердзіў, што «с самого начала моей работы с Лукашенко нас объединяла именно тема интеграции». «Я хочу жить в сильном государстве. Не в маленьком и слабом, а в большом и сильном», — патлумачыў Сініцын сваю ініцыятыву правесьці рэфэрэндум аб аб’яднаньні Беларусі і Расеі.

У 1994 годзе Сініцын быў «маторам» выбарчай кампаніі Лукашэнкі, у 1995 архітэктарам рэфэрэндуму пра мову, сымбалі і эканамічнае аб’яднаньне з Расеяй (і нават намаляваў эскіз гербу), а ў пачатку 1996-га спрыяў Лукашэнку ў тым, што Народны Фронт ацэньваў як ліквідацыю сувэрэнітэту.

Для чалавека, які цягам двух гадоў (1994-1996) рэальна быў другой асобай у краіне, незалежнасьць краіны не азначала нічога. Беларусь была для яго замалая, хацелася краіны вялікай.

«Не патрэбны нам сувэрэнітэт, давай будзем працаваць на заваёву Крамля»

Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьняў Генадзь Карпенка лічыў, што распараджэньне на палітычны «штурм Крамля» каманда Лукашэнкі атрымала ў канцы 1995 года, пасьля ягонай паездкі ў Цюмень, дзе ён сустрэў цёплы прыём.

Гэта пацьвярджае і Васіль Лявонаў, які ў 80-х на пасадзе 1-га сакратара Магілёўскага абкаму фактычна выпісаў Лукашэнку пуцёўку ў палітыку, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў атрымаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі, а потым, пад тэлекамэры, быў арыштаваны ў сваім міністэрскім кабінэце і адседзеў некалькі гадоў.

У 2009 Лявонаў даў інтэрвію журналісту Радыё Свабода Віталю Цыганкову.

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў

«Цыганкоў: ...Шмат якім членам каманды першага прэзыдэнта я задаваў пытаньне: калі Лукашэнка перастаў слухаць іншых, калі ён вырашыў, што будзе сам усім камандаваць?

Лявонаў: Пасьля рэфэрэндуму 1995 года за двухмоўе і інтэграцыю з Расеяй. Тады мяне паклікаў пагаварыць кіраўнік Адміністрацыі Леанід Сініцын. І сэнс гутаркі быў такі: у нас малады Аляксандр Рыгоравіч, у Маскве — стары і лядашчы Ельцын. Уступай у каманду, не патрэбны нам сувэрэнітэт, давай будзем працаваць на заваёву Крамля. Я адказаў, што ў гэтай авантуры не ўдзельнічаю.

Цыганкоў: Ці было заваёва Крамля галоўнай мэтай усёй гэтай „інтэграцыі“ ці галоўнай мэтай было „даіць“ Расею? А Крэмль — другаснае, калі атрымаецца?

Лявонаў: Не, менавіта Крэмль быў галоўнай мэтай. Ельцын гуляў сваю гульню, яму трэба было апраўдацца перад народам за Белавескія пагадненьні, забраць інтэграцыйную карту ў камуністаў.

Цыганкоў: І калі адбыўся паваротны момант? У 1998-м, калі Чубайс убачыў праект дамовы, які даваў Лукашэнку велізарныя саюзныя паўнамоцтвы, і разгарнуў яго?

Лявонаў: Не, Лукашэнка зразумеў, што ўсё скончылася, толькі тады, калі прэзыдэнтам Расеі стаў Пуцін.

Цыганкоў: Значыць у Лукашэнкі ёсьць усе прычыны, мякка кажучы, не любіць Пуціна?

Лявонаў: Так, і гэта пацьвярджае маю думку пра тое, што для Лукашэнкі галоўнай мэтай быў Крэмль, і менавіта Пуцін яе перакрыў».

Місія — аднавіць імпэрыю

Красамоўную падборку цытатаў зрабіў у сваёй кнізе «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт» палітоляг Валер Карбалевіч.
«Кому нужен суверенитет при нищей нации?» (сьнежань 1998). «Не надо бояться, пугать федерацией или конфедерацией. Может, мы придём вновь к Советскому Союзу и, может быть, более жёсткому, чем в Советском Союзе» (сакавік 1996). «Может быть, это будет единое государство, может быть — федерация, может быть — конфедерация. Мы к этому должны прийти» (чэрвень 1997).

Карыкатура ў газэце "Свабода", 1996
Карыкатура ў газэце "Свабода", 1996

Я мог бы дапоўніць гэтыя цытаты іншымі, але гэта зойме некалькі старонак. Апагеем зрабілася падпісаньне зь Ельцыным у сьнежні 1999 году пагадненьня аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі (Васіль Быкаў назваў гэта «злачынствам стагодзьдзя»). Але паціраць рукі і рыхтавацца да апошняга бліцкрыгу на Крэмль Лукашэнку давялося нядоўга: праз некалькі тыдняў Ельцын сышоў у адстаўку, пакінуўшы пераемнікам Пуціна.

З таго часу інтэграцыйная рыторыка ў Лукашэнкі хаця і захавалася, але зрабілася менш наступальнай і больш настальгічнай; Ельцына ўжо не было ў Крамлі, і Лукашенка дазваляў сабе заяўляць, што тыя, хто падпісаў Белавескія пагадненьні, атрымаюць праклён сваіх народаў.

Лукашэнка ніколі не прыгадваў рашэньне Вярхоўнага Савета аб абвяшчэньні незалежнасьці, прынятае 25 жніўня 1991 года. Ён увогуле не дапускаў думкі, што ўжо да Віскулёў практычна ўсе былыя савецкія рэспублікі (за выключэньнем Казахстану) дэ-юрэ былі незалежнымі краінамі. Ён не жадаў дапусьціць, што незалежнасьць — ня вынік «злой волі» падпісантаў Белавескіх пагадненьняў, «народных франтоў», Захаду, а спрадвечнай волі пакаленьняў.

Беларускай нацыянальнай гісторыі для яго не існавала, і ён быў перакананы ў сваёй уласнай гістарычнай місіі — аднавіць імпэрыю, хай бы нават і ў выглядзе аб’ядненьня двух дзяржаў. На чале якой будзе, канешне, ён — хто ж яшчэ? Ня Ельцын жа, які «разваліў Саюз».

Аднак для аб’яднаньня з Расеяй Лукашэнку ў самой Беларусі трэба было зьнішчыць нацыянальна-дэмакратычныя сілы і ўсталяваць рэжым абсалютнай улады. Гэта і зрабілася лейтматывам ягоных дзеяньняў у 1996 годзе.

А значыць — і нашага, актывістаў Беларускага Народнага Фронту, супраціву такім намерам.

Працяг будзе.

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG