Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты»: Нам дапамагае дачка паўстанцаў у Кенгіры і паплечніца Чарнавола


Вячаслаў Чарнавол і Алена Банадарэнка, 1997 год.
Вячаслаў Чарнавол і Алена Банадарэнка, 1997 год.

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.


Дамовіцца пра паездку ў Кіеў са знаёмымі, якія мелі машыну, Гале ўдалося хутка. Па мяне ў Серабранку прыехалі, калі яшчэ было сьветла. Узьнікла патрэба вярнуцца ва Ўручча — узяць некаторыя дакумэнты. Праехалі недалёка ад майго дома — і мне паказалі аўтамабіль з антэнкаю на даху каля майго пад’езду.

Потым выскачылі на Маскоўскую трасу і, не перавышаючы межаў хуткасьці, каб не спыніла ДАІ, рушылі ў бок мяжы.

Каля Воршы падумалася, што зусім блізка — кілямэтраў якіх восемдзесят — Віцебск, бацькі, і што трэба будзе заехаць на зваротным шляху. Але гэта хіба не раней як праз пару тыдняў, а то і праз месяц. Затое ўжо сыдзе сьнег і пачнецца вясна, а з высокіх віцебскіх мастоў цікава назіраць крыгаход на Дзьвіне...

На расейскай тэрыторыі надалі газу, на сьпідомэтры было недзе пад сто сорак. Праскочылі Смаленск, Браншчыну, без прыгодаў перасеклі ўкраінскую мяжу, і а дзявятай раніцы 27 сакавіка былі ў Кіеве.

У штаб-кватэры РУХу да тэлефону ніхто не падыходзіў — відаць, было зарана. Таму падаліся да нашага добрага знаёмага — гішпанскага дыплямата Хасэ Пая. Гішпанец адразу павёз нас да хаты на сьняданак. Натуральна, за сталом зайшла гутарка пра Беларусь; сапраўдныя эўрапейцы дзівіліся тым парадкам, якія панавалі ў Менску. А гаспадыня дома правяла клясычныя гістарычныя паралелі. Расчуліла і зацікаўленьне нашым асабістым лёсам, але мы далікатна павярнулі гаворку ў грамадзкае рэчышча, паведаміўшы, што не зьбіраемся прасіць палітычнага прытулку.

У такой дабра зычлівай атмасфэры яшчэ болей хацелася верыць у тое, што яшчэ крыху — і дыктатура падзе. Потым Хасэ адвез нас у штаб-кватэру Руху. Там пра менскія падзеі ведалі, але падрабязнасьці пра расправу над маніфэстантамі ўразілі кіеўлянаў. І нагэтулькі моцна, што намесьніца старшыні Руху Алена Бандарэнка адразу запрасіла журналістаў.

Але тут я хачу распавесьці пра пані Алену — «Олену» по-украінску.

Людзі, зь якімі давялося пазнаёміцца ці блізка сысьціся ў 96-м, мелі вялікае значэньне для майго лёсу. Але лёс шмат каго зь іх перасякаўся з асобамі, да якіх, здавалася б, бясконца далёка ў часе і ў прасторы, і стваралі гэтым мудрагелістую тканіну жыцьця, у якім, па вялікім рахунку, усё непрадказальна і нечакана. Выпадковасьць можа мець большае значэньне, чым заканамернасьць. Людзі гэтыя былі зьвязаныя з падзеямі значнымі, рэдка прыемнымі, часьцей — трагічнымі. Ня кажучы ўжо пра тое, што часам яны самі ўплывалі на хаду гісторыі — калі не сусьветнай, дык сваіх краінаў.

Абылганая клясыкам савецкай літаратуры ў культавым савецкім рамане

Калі б гісторыю бацькоў Алены Бандарэнкі экранізавалі ў поўнай адпаведнасьці з рэальнымі падзеямі, гэта ўспрымалася б як празьмерная фантазія сцэнарыста.

Адразу пасьля вайны генэральны сакратар Саюзу пісьменьнікаў СССР Аляксандар Фадзееў напісаў раман «Маладая гвардыя» пра падпольную арганізацыю ў Краснадоне. Аўтар карыстаўся матэрыяламі камісіі, якая не абцяжарвала сябе праверкай фактаў. Сярод сотняў асобаў фігуравала і школьніца Вольга Лядская, якая аднойчы патрапіла ў паліцыю, але праз тыдзень яе адпусьцілі — маці выкупіла за пляшку самагону. Фадзееў скарыстаў яе імя і прозьвішча для вобразу здрадніцы, і ў рамане яна выдае немцам удзельнікаў арганізацыі. Насамрэч, сапраўдная Вольга нават ня ведала пра існаваньне «Маладой гвардыі».

Першы варыянт не спадабаўся Сталіну — была недастаткова паказаная роля партыйнай арганізацыі. Дакладней, зусім не паказаная, і тут Фадзееў быў верны праўдзе: партыйныя работнікі пакінулі горад неўзабаве перад прыходам гітлераўцаў. Генсек пісьменьнікаў улічыў пажаданьні самага галоўнага генсека, увёў новыя пэрсанажы камуністаў, надаў ім ролю арганізатараў падпольля, але прозьвішчы ў «здраднікаў» не зьмяніў. На папрокі блізкіх тых, каго Фадзееў абылгаў (Вольга такая была не адзіная), ён адказаў, што пісаў не дакумэнтальны твор, а мастацкі, які прадугледжвае аўтарскую выдумку, і ўносіць праўкі адмовіўся.

Ня Сталін жа прасіў.

Жанчын у Кенгіры давілі танкамі

Вольгу Лядскую асудзілі на 15 гадоў —яе цкавалі і крымінальнікі, і канваіры, а ў лягеры ў казахскім Кенгіры дэманстравалі інспэктарам-начальнікам як «тую самую, якая здала «маладагвардзейцаў».

Пасьля сьмерці Сталіна палітычныя вязьні спадзяваліся, што іх вызваляць ці хаця б зробяць рэжым больш мяккім, але гэтага не адбылося. Наадварот: у зоны да палітычных запускалі крымінальнікаў, ад якіх адміністрацыя лягераў чакала расправы над «антысаветчыкамі». 16 траўня 1954 зьняволеныя Кенгіру паўсталі, запатрабавалі прыезду члена прэзыдыюму ЦК, каб перадаць яму свае ўмовы. Паўстанцы зрынулі агароджы паміж «мужчынскімі» і «жаночымі зонамі, стварылі сыстэму самакіраваньня. Існавала нават кузьня, дзе выраблялі зброю — лягер адразу ўзялі ў аблогу чэкісты і вайскоўцы. Да паўстанцаў прыехаў намесьнік генэральнага пракурора СССР, але паразуменьня, натуральна, не атрымалася.

У паўстаньні ўдзельнічалі ўкраінцы, літоўцы, латышы, расейцы, беларусы, эстонцы, габрэі, татары, дасьледчыкі налічваюць прадстаўнікоў да паўсотні нацыянальнасьцяў. Сярод іх быў і ўгорац па бацьку і немец па маці Фэрэнц Варкані-Лебер (зьняволеныя называлі яго Фёдар), лекар па адукацыі, ён працаваў у мэдпункце.

«Сорак дзён Кенгіру» (так Салжаніцын назваў прысьвечаную паўстаньню главу ў «Архіпелагу ГУЛагу») былі адначасна і днямі шчасьця для Вольгі і Фэрэнца, якія пакахалі адзін аднаго. Яны сталі першымі зь некалькіх дзясяткаў маладых людзей, якіх падчас паўстаньня вянчаў сьвятар-вязень Антон Куява.

З фрагмэнтаў мэдычнага абсталяваньня ўдалося сабраць радыёперадатчык, зрабіў гэта сябар Ферэнца, які скончыў тэхнічны інстытут. Ён атрымаў 20 гадоў за тое, што ў коле сяброў выказаў падозраньне пра магчымую сувязь члена Палітбюро Берыя з замежнымі ўстановамі, у тым ліку і ангельскай выведкай. Праз тры гады Берыю арыштавалі і расстралялі — як ангельскага шпіёна. Аднак асуджанага ня вызвалілі. Бо справа ж, урэшце, ня ў Берыі як пэрсоне — чалавек асьмеліўся ўсумніцца ў чысьціні партыйнага кіраўніцтва. Ферэнц абучыў таварыша ангельскай азбуцы Морзэ, і паўстанцы дасылалі ў эфір заклікі па дапамогу.

Графічнае сьведчаньне ўдзельніка Кенгірскага паўстаньня Юрыя Феранчука «Кроў Кенгіра», 1993 год
Графічнае сьведчаньне ўдзельніка Кенгірскага паўстаньня Юрыя Феранчука «Кроў Кенгіра», 1993 год

Урэшце, да лягеру былі сьцягнутыя танкі. Вось як апісвае Ферэнц Варкані апошнія хвіліны паўстаньня, калі ягоны напарнік-радыст, пачуўшы грукат танкаў, ускрыў сабе артэрыю:

«Ратуйце, нас забіваюць», — радзіраваў ён да апошняй хвіліны ў эфір. Але хто мог злавіць гэты покліч адчаю, акрамя хіба прымачоў МУС у Казахстане? І хто б наогул рэагаваў на яго, нават калі б ён і на самай справе дасягаў замежжа, на дапамогу якой мы так спадзяваліся ў Кенгіры? Каго ў Бэрліне, Парыжы, Лёндане або Нью-Ёрку турбуе сьмертазабойства ў Кенгіру або на Варкуце? Жанчыны выносяць літоўца-радыста з кабіны і стараюцца яшчэ выратаваць яго, але позна. Позна думаць нават аб паратунку аднаго; бутэлькі, якія жанчыны і дзяўчаты напаўнялі выбухоўкай, скончыліся. Скончыліся і камяні, якімі да канца спрабавалі адганяць чэкістаў.

Каля сямі гадзін раніцы жанчыны і дзяўчаты другога бараку жаночага лягеру бяруцца за рукі і са сьпевамі выходзяць у двор, насустрач танкам. Не стануць жа яны так проста ўрэзацца ў жаночыя шэрагі, спадзяюцца яны. Але танкі ўразаюцца. Сталёвыя вусеня праходзяць па жаночых целах, не спыняючыся«.

Наступная цытата — фрагмэнт эсэ Ўладзімера Арлова з кнігі «Імёны Свабоды», прысьвечанага ўдзельніцы кінгірскага паўстаньня беларусцы Надзеі Дземідовіч, якая была асуджаная на 25 гадоў за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі:

«Падчас разгрому паўстаньня загінула болей за сямсот расьціснутых танкамі і расстраляных вязьняў. Калі каты пашыхтавалі ацалелых на пераклічку, Надзея ў адказ на сваё прозьвішча крыкнула: «Далоў берыеўскае беззаконьне!».

Надзея Дземідовіч, 2014 год
Надзея Дземідовіч, 2014 год

Вольгу і Ферэнца раскідалі па іншых лягерах. Яны ўжо ніколі не пабачыліся. Іх дачка Олена нарадзілася ў сыбірскім Тайшэце, яе ўдалося забраць да сябе Вольжынвм бацькам.

Праз два тыдні пасьля таго, як Фадзееў застрэліўся, Вольгу вызвалілі. Яна зьвярталася ў розныя інстанцыі, аж да Вярхоўнага Савета, пісала, што невінаватая, але бессэнсоўна. Але з прыходам Гарбачова і пачаткам перабудовы нешта зрушылася. За справу ўзяўся народны дэпутат СССР, журналіст Юры Шчакачыхін, у пракуратуры нарэшце вывучылі справу дэталёва — і ў сакавіку 1990 году Вольгу Лядскую цалкам рэабілітавалі «за адсутнасьцю складу злачынства».

У 2000-м годзе на Радыё Свабода я зраблю са Шчакачыхіным перадачу пра ягоную кнігу «Рабы ГБ». А яшчэ праз тры гады Шчакачыхін загадкава памрэ — экспэртыза знойдзе ў целе хімічныя рэчывы, якія не павінны былі патрапіць туды натуральным шляхам, пракуратура Расеі будзе то ўзбуджаць, то спыняць крымінальную справу па артыкуле «забойства». Замежныя экспэрты пацьвердзяць, што Шчакачыхін быў атручаны.

Што да фадзееўскага раману, наклад якога ў адным толькі СССР дасягнуў некалькі дзясяткаў мільёнаў асобнікаў (фактычна, быў у кожнай трэцяй савецкай сям’і), дык дасьледчыкі сталінскіх рэпрэсій падлічыць: у выніку «мастацкіх фантазій» аўтара былі зламаныя лёсы ня менш як трох сотняў чалавек. Але кніга перавыдаецца, без усялякіх выпраўленьняў і камэнтароў. «Маладая гвардыя», калі я пішу ў гэтыя радкі, у Беларусі ўваходзіць у якасьці дадатковага чытаньня ў школьную праграму. «У капцюрах ГПУ» Францішака Аляхновіча і «Споведзь» Ларысы Геніюш, у якіх зь першых вуснаў сказана пра пакуты ахвяраў бальшавізму, у праграму не ўключылі.

Алена Бандарэнка, 2009 год
Алена Бандарэнка, 2009 год

Хто быў яе бацька, Алена даведалася ў 16-гадовым узросьце, але сустрэцца ім не прыйшлося: маці, баючыся за лёс дачкі, хавала ад яе лісты зь Нямеччыны, куды Ферэнц пераехаў пасьля вызваленьня. Ён жыў у Мюнхэне, супрацоўнічаў з вугорскай рэдакцыяй Радыё Свабода. Менавіта Ферэнц Варкані быў першым, хто паведаміў Захаду падрабязнасьці паўстаньня ў Кенгіры. Памёр ён у 1987 годзе. Алена пайшла ў журналістыку, далучылася да стварэньня Народнага Руху Ўкраіны, стала намесьніцай кіраўніка Руху Вячаслава Чарнавола. Потым яна будзе абірацца народным дэпутатам Украіны чатырох скліканьняў, увойдзе ў Пастаянную дэлегацыю Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

А ў той сакавіцкі дзень 96-га, слухаючы наш расповед, пані Алена была ўпэўненая, што да пакутаў беларусаў не павінны застацца абыякавымі жыхары Бэрліну, Парыжы, Лёндану або Нью-Ёрку, якія калісьці не пачулі голасу яе бацькоў.

А пачынаць трэба было з Кіеву, каб часу не губляць. Калі ў штаб-кватэру Руху прыехалі запрошаныя пані Оленай журналісты, мне з Галяй давялося да самага вечара расказваць пра падзеі ў Беларусі.

Па недаверлівых позірках я адчуваў, што яны лічаць — мы перабольшваем.

Выскокваю з 1930-х гадоў

Кіеў прачынаецца ад зімы раней, чым Менск, і ў апошнія дні сакавіка сьнегу амаль не было. Добрая ўмова, каб пагуляць па вуліцах бясьпечнага гораду, які мне вельмі падабаўся, але пакуль што гэта давялося адкласьці — не было калі.

Увечары мы паехалі ў Боярку, кілямэтрах у дваццаці ад Кіеву — нас запрасіла пажыць да сябе журналістка газэты «Час/Time» Ніна Харчук — яе дачка Гэля працавала ў агенцтве РУХ-прэс.

Увесь гэты дзень павялічвалася пачуцьцё нерэальнасьці таго, пра што распавядаў кіяўлянам, як быццам гэта было не са мной. Як быццам гэтага наогул не адбылося, а калі і здарылася, то вельмі даўно. «Вы ўсё роўна як выскачылі з трыццатых гадоў», — сказаў мне нехта з журналістаў. І калі мы прыехалі ў Боярку, зайшлі ва ўтульную хату, дзе ўжо ў калідоры пахла вячэрай, селі за стол, — падумалася: а вось гэта і ёсьць нармальнае жыцьцё, астатняе — зь нейкага іншага сьвету.

Але вечаровая праграма Радыё Свабода, якое няблага лавілася ў Боярцы, вярнула ў рэчаіснасьць.

Мадэратар назваў нашы імёны: «Сёньня на сэсіі Вярхоўнага Савету прэзыдэнт Лукашэнка заявіў аб пачатку крымінальнага перасьледу арганізатараў акцыі пратэсту супраць беларуска-расейскага саюзу. Апошнія два дні менская міліцыя шукае лідэраў Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка. На момант выхаду праграмы ў эфір месца знаходжаньня палітыкаў невядомае».

Далей з прымача загучаў голас а Валянцін Жданко:

«Падзеі, якія адбыліся ў Менску ў мінулую нядзелю пад час масавых урачыстасьцяў з нагоды чарговых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія перарасьлі ў шырокамаштабную акцыю пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі па скасаваньню незалежнасьці дзяржавы, па-ранейшаму застаюцца ў цэнтры грамадзкай цікавасьці ў Беларусі.

Тым больш, што гэтыя падзеі мелі працяг. Па гарачых сьлядах акцыі, у панядзелак, лідэрам Беларускага Народнага Фронта Зянону Пазьняку і Сяргею Навумчыку былі накіраваныя позвы з Цэнтральнага райаддзелу ўнутраных справаў Менску з прадпісаньнем у як мага болей кароткія тэрміны з явіцца ў гэты райадзьдзел. Пад позвамі значыўся подпіс начальніка аддзелу па ахове грамадзкага парадку Цэнтральнага РАЎС Уладзімера Сьвістуна.

Тыя, хто спрабаваў у мінулыя аўторак і сераду зьвязацца з Сяргеем Навумчыкам і Зянонам Пазьняком, ня здолелі гэта зрабіць».

Тут я ізноў нагадаю, што мабільных тэлефонаў як звыклага спосабу камунікацыі не было. Можна было толькі пазваніць па стацыянарнай тэлефоннай сувязі.

«Ва Ўправе Народнага Фронту паведамляюць, што пра месца знаходжаньня іх нічога не вядома. Сябра Сойму БНФ Валеры Буйвал, які дзяжурыць у офісе партыі, у тэлефоннай размове са мной паведаміў, што прадстаўнікі праваахоўных ворганаў неаднаразова цікавіліся, дзе знаходзяцца Пазьняк і Навумчык. У аўторак ля ўваходу ў штаб-кватэру БНФ увесь час можна было бачыць дзвюх асобаў у цывільным, якія адмаўляліся прад’ яўляць свае дакумэнты.

Валеры Буйвал таксама сказаў, што назіраньне за Управай БНФ не спыняецца ні днём, ні ўначы, яно вядзецца зь некалькіх аўтамабіляў, прыпаркаваных побач з офісам Народнага Фронту».

27 сакавіка Валянцін Жданко зьвязаўся з начальнікам аддзелу аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага РАЎС Уладзімерам Сьвістуном, які падпісваў позвы. Той заявіў, што выклікаў Пазьняка, Навумчыка і іншых толькі дзеля таго, каб удакладніць шэраг дэталяў таго, што адбылося 24 сакавіка. Ён паведаміў, што размова ідзе толькі пра адміністрацыйнае правапарушэньне, зьвязанае з тым, што дазволены мітынг перарос у недазволенае шэсьце. Ніякіх арыштаў, паводле ягоных словаў, міліцыя на мэце ня мела.

Але Жданко высьветліў крытычную дэталь:

«Уладзімер Сьвістун пацьвердзіў, што адразу пасьля накіраваньня позваў іх аддзел прадпрыняў актыўныя, але бясплённыя пошукі Пазьняка і Навумчыка. Ні на кватэрах, ні на працы міліцыянтам лідэраў БНФ знайсьці не ўдалося. Так што пратаколы аб парушэньні 167 артыкулу Адміністрацыйнага Кодэксу засталіся непадпісанымі».

Але гэта, як адзначыў журналіст, гэта — вэрсія праваахоўчых ворганаў.

«Недвусэнсоўныя заявы кіраўнікоў выканаўчае ўлады пра намер прыцягнуць арганізатараў акцыі да крымінальнай адказнасьці маглі выліцца ў арышты ўжо ў бліжэйшыя дні, — падсумрўваў свой камэнтар Жданко. — Напярэдадні 2 красавіка — дня, на які прызначанае падпісаньне саюзнай дамовы з Расеяй, Лукашэнка яўна не жадае чуць голасу тых, хто ня згодны зь ягонай палітыкай, накіраванай на ліквідацыю незалежнасьці Беларусі» («Свабода», 27 сакавіка 1996).

Канечне, маёр Сьвістун, мякка гаворачы, быў не зусім дакладны — па падзеях 24 красавіка была ўзбуджаная не адміністрацыйная, а крымінальная справа. Пра гэта па тэлебачаньні, голасна і на ўсю краіну заявіў намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Уладзімер Замяталін, а потым на сэсіі парлямэнту сказаў і Лукашэнка. Сумнеўна, каб дзеля адных толькі нашых подпісаў у пратаколе трэба было высылаць кругласутачныя пасты і каля кватэраў, і каля штаб-кватэры БНФ. У красавіку, пасьля «Чарнобыльскага шляху» прафэсара Юрыя Хадыку кінулі за краты, пачаўшы зь ім гутарку менавіта як са сьведкам, а не як з абвінавачваемым, ну а ў наступныя гады перакваліфікацыя адміністратыўных справаў у крымінальную ў момант гутаркі са сьведкам ці з падазраваным зробіцца рутынай.

Каб ужо не вяртацца да гэтай тэмы, скажу, што потым мы даведаліся, што ў той дзень, як з Вашынгтона прыйшла інфармацыя пра нашую заяву пра палітычны прытулак, сьледчым загадалі выкінуць з крымінальнай справы ўсе дакумэнты, так ці інакш зьвязаныя з Пазьняком і Навумчыкам. У такім выглядзе справу нават хацелі паказаць прадстаўнікам амэрыканскай амбасады — маўляў, Пазьняк і Навумчык тут не фігуруюць, ім нічога не пагражае, хай вяртаюцца. Магчыма, і паказалі. Нават найхутчэй паказалі. Дыпляматы пра такое звычайна не паведамляюць.

У момант, калі на хвалях «Свабоды» гучаў рэпартаж Валянціна Жданко, Пазьняк усё яшчэ быў на кансьпіратыўнай кватэры, пра якую, акрамя гаспадароў, ведалі толькі адзін з актывістаў Фронта і мая жонка Галя.

На экстранай нарадзе кіраўнікоў РУХу вырашылі як найхутчэй перавезьці ў Кіеў Пазьняка. Вырашылі, што зрабіць гэта павінна Галя, і ўвечары я праводзіў жонку ў Менск.

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG