Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты»: The New York Times называе Лукашэнку тыранам


"Наша Ніва", 1996
"Наша Ніва", 1996

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра драматычныя падзеі, якія папярэднічалі рашэньню Зянона Пазьняка і аўтара кнігі зьвярнуцца па палітычны прытулак, вы можаце прачытаць у электроннай вэрсіі кнігі, якая зьявіцца на нашым сайце.

Сёньня – чарговы фрагмэнт кнігі.

Амбасадар абяцае амэрыканцам «зусім іншага Лукашэнку»

... Мы ня ведалі, як рухаецца наша справа ў кабінэтах амэрыканскай улады, але ўскосная інфармацыя ішла зь Менску.

Адміністрацыя Лукашэнкі значна лепей, чым некаторыя беларускія незалежныя журналісты, прагназавала магчымыя вынікі станоўчага рашэньня на наш зварот і дзейнічала энэргічна.

З крыніц, блізкіх да Дзярждэпартамэнту ЗША, стала вядома, што Міністэрства замежных справаў Беларусі прадпрымае захады, каб З. Пазьняку і С. Навумчыку не далі палітычнага прытулку ў Злучаных Штатах.

У прыватнасьці, ёсьць зьвесткі, што беларускае зьнешнепалітычнае ведамства спрабуе пераканаць амэрыканцаў, нібыта літаральна празь некалькі дзён мы ўбачым зусім іншага Лукашэнку — які пойдзе на дыялёг з апазыцыяй, спыніць усялякія перасьледаваньні іншадумцаў і вызваліць палітычных вязьняў. Аднак, на жаль, няма ніякіх падставаў верыць гэтаму: Лукашэнка ня можа быць іншым (газэта «Свабода», 13 жніўня 1996).

Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла афіцыйную заяву наконт просьбы Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка аб палітычным прытулку ў ЗША. МЗС, у прыватнасьці, заяўляе, што «няма ніякіх падставаў сьцьвярджаць, што ў дачыненьні да Пазьняка і Навумчыка існуе пагроза палітычнага ці фізычнага перасьледу. Рэспубліка Беларусь прыняла на сябе абавязацельствы па абароне і заахвочваньні асноўных грамадзянскіх правоў і свабодаў і робіць усе намаганьні па іх дакладным выкананьні. МЗС лічыць, што зварот Пазьняка і Навумчыка з просьбай аб палітычным прытулку перш за ўсё накіраваны супраць добрых адносінаў, якія ўсталяваліся паміж Беларусьсю і ЗША, і ня мае пад сабой ніякіх грунтоўных юрыдычных альбо палітычных падставаў (газэта «Свабода», 2 жніўня 1996).


Заявы МЗС здалося недастаткова, і на беларускай тэлевізіі выступіў міністар замежных справаў Уладзімер Сянько:

Уладзімер Сенько, 2017
Уладзімер Сенько, 2017

...Мы павінны стрымана рэагаваць на гэтае паведамленьне. Сёньня для ўсіх відавочна, што крок кіраўнікоў БНФ яўна прадыктаваны меркаваньнямі ўнутрыпалітычнай каньюнктуры. Хацеў бы падкрэсьліць пры гэтым: даволі ясна, што такімі дзеяньнямі наносіцца адчувальны ўрон зьнешнепалітычным інтарэсам усёй нашай дзяржавы, усяго нашага насельніцтва. Я ўпэўнены ў тым, што рэакцыя амэрыканскага боку на зварот прадстаўнікоў БНФ таксама будзе стрыманай, бо няма ніякіх падстаў разглядаць яго пазытыўна... Усе спробы асобных грамадзянаў ці палітычных груповак стварыць прэцэдэнт беларускай палітычнай эміграцыі зьяўляюцца беспадстаўнымі і надуманымі.

Заявы беларускіх дыпляматаў, якія я цытую, гэта толькі тое, што прагучала ў публічнай прасторы; зразумела, што яны не адлюстроўваюць і малой часткі тых намаганьняў, якія прыкладаў у тыя дні афіцыйны Менск (пры спрыяньні Масквы), і дэталі якіх стануць вядомыя толькі тады, калі адкрыюцца архівы. Спадзяюся, маладыя чытачы кнігі засьпеюць такі час.

Выкарыстоўваючы дыпляматыю для ўплыву на Вашынгтон, у першыя ж дні пасьля нашай заявы і прэсавай канфэрэнцыі ў Кангрэсе ЗША да нас дайшла рэакцыя афіцыйнага Менску. Першай даляцела заява «галоўнага ідэоляга» прэзыдэнцкай адміністрацыі палкоўніка Ўладзімера Замяталіна:

У асэнсаваньні трагічнай гісторыі беларускага народу, які страціў у гады Вялікай Айчынай вайны кожнага чацьвёртага жыхара, тэма паліцаяў, калябарацыяністаў і здраднікаў — тэма нумар адзін. Іх рукамі ажыцьцяўляўся генацыд, а па сутнасьці сваёй, зьнішчэньне беларускай нацыі. Беларускія нацыяналісты, безумоўна, за адпаведнае ўзнагароджаньне, вядуць вайну з уласным народам. Але вайна пакуль вядзецца не на тэрыторыі рэспублікі, а за яе межамі, там, дзе гэтых двух адшчапенцаў разумеюць, песьцяць, кормяць і апранаюць.

Палкоўнік Замяталін быў ідэолягам антызаконнага рэфэрэндуму 1995 году, вынікам якога быў зьдзек зь бел-чырвона-белвгв сьцяга, Пагоні і беларускай мовы. У момант, калі Замяталін рабіў гэтую сваю заяву, распачатая ім кампанія ліквідацыі беларускіх школаў і беларускіх падручнікаў набыла рысы сапраўднага этнацыду. Пройдзе некалькі месяцаў — і Замяталіна зробяць міністрам друку, і будзе выкінуты з выдавецтва зборнік апавяданьняў Васіля Быкава, а самога Васіля Ўладзімеравіча будуць абражаць на тэлевізіі і ў афіцыйнай прэсе. А звольнены з выдавецтва празаік Уладзімер Арлоў будзе вымушаны думаць не пра асэнсаваньне беларускай гісторыі, а пра тое, як пракарміць сям’ю.

Уладзімер Замяталін, 2008
Уладзімер Замяталін, 2008

Пазьней Замяталін зойме месца віцэ-прэм’ера, і наступ на нацыянальную культуру набудзе такі маштаб, якога Беларусь ня ведала з 30-х гадоў. У гутарцы зь беларускім паэтам ён скажа, што лічыць за лепшае ліквідаваць Беларусь як незалежную дзяржаву. Яго адправяць кіраваць «Беларусьфільмам», і ён заявіць, што беларуская мова ні пры якіх умовах не павінна займаць больш як дзясятую частку (ня толькі ў кіно — нідзе). Апошні раз, перад сваёй сьмерцю ў 2019 годзе, ён прылюдна аскандаліцца, заявіўшы ў менскай краме прадавачцы, якая гаварыла па-беларуску: «Задолбали своей мовай».

Амэрыканскія газэты са спасылкай на агенцтва Assosiated press працытавалі словы супрацоўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі Міхаіла Падгайнага, што, маўляў, Пазьняк проста хоча жыць на Захадзе.

А вось кіраўнікі прэзыдэнцкай юстыцыі імкнуліся даказаць прававую няслушнасьць нашага кроку.

Праўда, пачалі вельмі няўдала: намесьнік генпракурора Іван Сашчэка ў сваім выступе на беларускай тэлевізіі абрынуў усю інфармацыйную канструкцыю, якую энэргічна выпрацаваў і настойліва падтрымліваў ідэалягічна-прапагандысцкі апарат і якая фармулявалася ў чатырох словах: «Ім нічога не пагражае»:

Шмат размоваў пра тое, што Пазьняк і Навумчык як быццам прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці. Што тычыцца Навумчыка, то ён нават не выклікаецца для допыту да сьледчага. Пазьняк выклікаецца да сьледчага на допыт. Яго проста трэба дапытаць, а потым вырашыць, ці будзе ён прыцягвацца да крымінальнай адказнасьці. Пытаньне гэтае будзе вырашацца ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы.

Ужо толькі заявы аднаго з кіраўнікоў пракуратуры пра магчымасьць крымінальнага перасьледу за палітычную маніфэстацыю было дастаткова, каб іміграцыйная служба ЗША дала палітычнае прыстанішча.

Можна меркаваць, што Сашчэка ня меў кансультантаў, абазнаных у элемэнтарных прававых аспэктах. Не чыталі ягоныя памочнікі і газэтаў: вясной 96-га «Свабода» пісала і пра позвы да мяне, і пра спэцаўтамабілі каля пад’езду, і пра перасьлед жончынай сястры Вольгі, якая адмаўлялася паведаміць спэцслужбам, «дзе хаваецца Навумчык».

Спадара Сашчэку я добра ведаў па сваёй дэпутацкай дзейнасьці: ніводзін мой запыт да яго ці то ў абарону нейкіх несправядліва пакараных людзей, ці то супраць ціску на незалежную прэсу ніколі ня меў станоўчага выніку, былі толькі адпіскі. Намесьнік генэральнага пракурора знаходзіў любыя падставы, каб апраўдаць дзеяньні чыноўнікаў ці пры Дземянцею, ці пры Кебічу і Шушкевічу, ці пры Лукашэнку. Пройдзе некалькі месяцаў, і Лукашэнка адправіць Сашчэку ў адстаўку, нягледзячы на адданасьць таго рэжыму.

А вось аўтар наступнай заявы, наадварот, у пачатку 1997-га пойдзе на павышэньне.

Міністар юстыцыі Валянцін Сукала гэтак у тэлевізійным інтэрвію разважаў пра юрыдычныя аспэкты нашай з Пазьняком заявы:

Валянцін Сукала, 2017
Валянцін Сукала, 2017

Даваньне палітычнага прытулку — гэта заўсёды вельмі сур’ёзны прававы міжнародны акт. Для яго прыняцьця мала нейкіх беспадстаўных заяваў, меркаваньняў, здагадак. Для гэтага неабходна абавязковае выяўленьне, бясспрэчнае выяўленьне факту палітычнага перасьледу ў краіне знаходжаньня.

У той час дзяржаўныя СМІ ўжо не паведамлялі таго, пра што, як лічылі ўлады, людзям ведаць было ня трэба. Не паведамілі яны і пра стварэньне «Вясны-96», якая пазьней ператварылася ў аўтарытэтную праваабарончую арганізацыю на чале з Алесем Бяляцкім. Але ўлетку 96-га арганізацыя склала вялікі сьпіс пабітых, затрыманых ды асуджаных. Поўніліся аповедамі рэпрэсаваных і нешматлікія незалежныя выданьні.

Але міністар юстыцыі, як выглядае, ці то чытаў толькі «правільную» прэсу, ці то, як раіў Лукашэнка, ня верыў незалежнай. Праз паўгода ён стане старшынём Вярхоўнага суду, які будзе ўзначальваць больш як два дзесяцігодзьдзі.

Рашэньне ў нашай справе адкладаецца

Нечакана нам паведамілі, што абвяшчэньне выніку нашага разгляду пераносіцца на тыдзень зь нечым, на 23 жніўня.

... Строга гаворачы, у нашым з Пазьняком выпадку для любога эміграцыйнага судзьдзі аднаго толькі факту пабіцьця нас падчас галадоўкі ў залі парлямэнту 12 красавіка 1995 году хапіла б, каб даць нам палітычны прытулак — незалежна ад наяўнасьці ці адсутнасьці крымінальных, адміністрацыйных справаў ці іншых формаў перасьледу.

Але да эміграцыйнага судзьдзі справа трапляе ў тым выпадку, калі служба іміграцыі прыняла адмоўнае рашэньне. Паводле ўсіх правілаў, іміграцыйны афіцэр у нашым выпадку мусіў бы прыняць рашэньне на нашу карысьць — але, акрамя палітычнага разьліку, пра які казаў нам Джэк Сыгал, была яшчэ адна праблема. Да нас грамадзянам Беларусі палітычнага прыстанішча не давалі, мы з Пазьняком маглі стаць першымі. Даўшы яго нам, аўтаматычна стварылі б прэцэдэнт; і з гэтага моманту па ўсёй тэрыторыі Амэрыкі іміграцыйныя чыноўнікі мусілі б улічваць яго (так потым і атрымалася).

Пра тое, як рухаецца наша справа, служба іміграцыі нас, натуральна, не інфармавала. Сёе-тое даходзіла з камэнтароў прадстаўнікоў Дзяржаўнага дэпартамэнту, пра якія нам імгненна паведамлялі Вітаўт Кіпель ды Алекс Сільвановіч (апошні сказаў, што маладыя амэрыканскія беларусы абмяркоўваюць нашу праблему на нейкім форуме ў нейкім інтэрнэце, што гэта такое, інтэрнэт, я ня меў уяўленьня, і Алекс мне прадэманстраваў тады яшчэ зусім кволы і няхуткі новы спосаб камунікацыі).

Зянон Пазьняк, Вітаўт Кіпель, Антон Шукелойць. лета 1996, Нью-Ёрк. Фота Сяргея Навумчыка
Зянон Пазьняк, Вітаўт Кіпель, Антон Шукелойць. лета 1996, Нью-Ёрк. Фота Сяргея Навумчыка

Вітаўт Кіпель, які найлепей з амэрыканскіх беларусаў ведаў вашынгтонскую «кухню», лічыў, што рашэньне ў нашай справе будзе менавіта палітычным і будзе прымацца на самым высокім узроўні (ускоснае пацьверджаньне гэтага мы атрымалі ў дзень, калі нам афіцыйна абвясьцілі адказ на наш зварот, але пра гэта пазьней). Даць нам прыстанішча значыла ўскладніць адносіны ня толькі з афіцыйным Менскам, але і з Масквой. А галоўнае — перагледзець сыстэму адносінаў да Беларусі. Вось як успамінае той час Зянон Пазьняк:

Пачалася шалёная контрадзейнасьць рускай дыпляматыі і беларускай амбасады. Справа з азылем стала зацягвацца на даўжэйшы час. Рускія, пасьля шэрагу няўдалых супрацьдзеяньняў, занялі вельмі небясьпечную пазыцыю. Яны як быццам бы не аспрэчвалі магчымасьць нашага азылю, але тактоўна прасілі амэрыканскія ўлады не сьпяшацца і зрабіць гэта не адразу, а празь нейкі час, каб захаваць прэстыж Лукашэнкі і г.д. Гэта было якраз тое, на што мог пагадзіцца прэзыдэнт Клінтан. Над намі пачалі згушчацца хмары«.

Спачатку нам сказалі, што рашэньне будзе прынятае недзе ў сярэдзіне жніўня, але потым празь Вітаўта Кіпеля перадалі, што яно адкладаецца на тыдзень, а магчыма, і болей.

І гэта была непрыемная навіна. Хоць бы нават таму, што ты ўжо настроены на нейкі канкрэтны дзень і, якім бы ня быў вынік, ён хаця б пазбавіць ад пакуты няпэўнасьці і чаканьня. А цяпер пакуты гэтыя нам працягнулі.

Вітаўт Кіпель, звычайна аптымістычны і бадзёры, цяпер пры сустрэчах больш маўчаў. Потым, адрываючыся ад думак, пляскаў мяне па плячы і казаў: «Нічога. Усё будзе добра».

Хацелася верыць.

Мы адчулі, што шалі схіляюцца не на нашую карысьць. Выглядала, што намаганьні расейскай і лукашэнкаўскай дыпляматыі (і, несумненна, іншых установаў) даюць плён.

Неяк пасьля доўгага маўчаньня Пазьняк сказаў: «Трэба пісаць Клінтану. Гэта апошняя магчымасьць».

Я выказаў скептычнае стаўленьне да гэтай ідэі, разумеючы, што ў такога ліста зусім мала шанцаў дайсьці да адрасата. Амэрыка — прававая дзяржава, тут прымаюць рашэньні на падставе законаў тыя ўстановы, якія павіны гэтым займацца, і прэзыдэнт ня мае права ўмешвацца ў іх дзейнасьць.

Пазьняк быў перакананы, што ліст дойдзе, што трэба толькі прывесьці важкія аргумэнты. Ён напісаў ліст ад свайго імя, прыгадаў сустрэчу ў Курапатах у 1994-м, патлумачыў, што рашэньне аб палітычным прыстанішчы будзе ўплываць ня толькі на наш лёс, але і на лёс беларускай дэмакратыі і незалежнасьці.

Ліста ад Клінтана мы не атрымалі. Але атрымалі адказ.

Краіна мяняе статус

З паведамленьня агенцтва Associated Press:

У пятніцу 23 жніўня Злучаныя Штаты Амэрыкі далі палітычны прытулак двум апазыцыйным лідэрам зь Беларусі, лідэру БНФ Зянону Пазьняку і прэсаваму сакратару Фронту Сяргею Навумчыку. Прэсавы сакратар службы эміграцыі і натуралізацыі адмовіўся ад камэнтароў, заявіўшы, што ў такіх выпадках падрабязнасьці разгляду пытаньня не паведамляюцца. Пазьняк працяглы час зьяўляецца найбольш прыкметнай апазыцыйнай фігурай у Беларусі. Дзеячы апазыцыі былі вымушаныя пакінуць радзіму ў выніку перасьледу з боку рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі, які праводзіць антыбеларускую палітыку, закрывае нацыянальныя школы і заціскае свабоду прэсы. Лукашэнка таксама жорстка душыць антыўрадавыя дэманстрацыі і арыштоўвае іх удзельнікаў.

Адзначу, што пра антыбеларускую палітыку і закрыцьцё нацыянальных школаў у заходніх СМІ такога ўзроўню было сказана як пра факт упершыню.

Пра рашэньне мы даведаліся ў Вашынгтоне, у офісе эміграцыйнай службы, куды прыехалі разам зь Вітаўтам Кіпелем, а таксама Янкам Ханенкам і Полам Васілеўскім — прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Кліўлэндзе.

У той момант нашыя сем’і знаходзіліся па-за межамі Беларусі.

У вялікай залі для наведнікаў мы былі адны.

Перад тым, як нам уручылі афіцыйныя паперы, Вітаўт Кіпель пагаварыў з супрацоўнікам службы эміграцыі, які паведаміў яму нешта для нас зусім нечаканае.

Зянон Пазьняк: Стала вядома, што павіншаваць нас з азылем быццам бы зьбіраецца віцэ-прэзыдэнт Ал Гор (дэмакрат). Але, каб гэтага не адбылося, антаганісты з Рэспубліканскай партыі, якія не сымпатызавалі Гору, зрабілі так, што дакумэнты нам уручылі 23 жніўня, калі ў Службе эміграцыі быў выходны, і для гэтага адчынілі вашынгтонскі офіс іміграцыйнай службы ў неналежны дзень. Дзіўная краіна Амэрыка.

Нумар газэты "Свабода", жнівень 1996
Нумар газэты "Свабода", жнівень 1996

Пасьля наведаньня цэнтральнага офісу службы эміграцыі мы паехалі ў будынак Кангрэсу, на прэсавую канфэрэнцыю. Я адразу патэлефанаваў жонцы ў Прагу і бацькам у Віцебск, паведаміўшы навіну. Зваліўся цяжар нявызначанасьці і чаканьня. Пазьняк успрыняў паведамленьне, як мне здалося, безь якіх-небудзь эмоцыяў, зазначыўшы, што гэта толькі працяг палітычнай дзейнасьці і пачатак працы ў новых умовах:

Гэта была рэальная палітычная перамога. Беларускае пытаньне ўдалося стабільна вывесьці на міжнародны ўзровень, прыцягнуць увагу да падзеяў. Дачыненьні да рэжыму ў Беларусі выразна акрэсьліліся, за ім назіралі, заўважалі яго аўтарытарнасьць і недэмакратычнасьць, несправядлівасьць у дачыненьні да людзей. Інфармацыя пра наш азыль зноў стала ў першым шэрагу міжнародных паведамленьняў.

Пазьней мне перадалі, што Лукашэнка, даведаўшыся пра азыль, узбудзіўся і страціў раўнавагу. Ён скочыў за руль аўтамабіля і, кінуўшы ахову, пагнаў у накірунку Шклова. Ахова быццам бы потым шукала і даганяла яго.


З інтэрвію Васіля Быкава рэдактару расейскай службы Радыё Свабода Пятру Вайлю, 23 жніўня 1996 году:

Вайль: Мы папрасілі пракамэнтаваць наданьне палітычнага прытулку Зянону Пазьняку і Сяргею Навумчыку вядомага беларускага пісьменьніка Васіля Быкава. Зь якім пачуцьцём вы ўспрынялі навіну з Вашынгтону?

Быкаў: Найперш з пачуцьцём вялізнай удзячнасьці ўраду Злучаных Штатаў за тое, што яно, вернае традыцыям дэмакратыі, дае магчымасьць для фізычнага існаваньня тым дэмакратам, якія ня могуць знайсьці сабе гарантыяў такога існаваньня ў іншым сьвеце.

Вайль: Ёсьць распаўсюджаны пункт гледжаньня, што змагацца трэба ўнутры рэжыму, а не па-за межамі. Якая ваша думка?

Быкаў: Яны апынуліся ў стане патэнцыйнай ахвяры, таму няўжо ж можна меркаваць, каб яны ахвяравалі ўласнымі жыцьцямі ў імя нейкіх палітычных раскладак? У нас ствараецца такі рэжым, калі гаворка ідзе ня толькі пра свабоду чалавека, а пра асабістае існаваньне. Менавіта Пазьняк і Навумчык страцілі такую гарантыю, апынуліся ў сытуацыі перасьледу.

Вайль: Палітычны прытулак лідэрам беларускай апазыцыі — ускосны, але несумненны знак таго, што ў вачах міжнароднай супольнасьці ў Беларусі несвабодны, аўтарытарны рэжым...

Быкаў: Па-мойму, гэта ўжо бачна ўсяму сьвету.

Празь некалькі месяцаў, 3 сьнежня 1996-га, адразу пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму, Лукашэнка заявіць карэспандэнту The Wall Srteet Journal Europe Джону Лафлэнду, што Пазьняк і Навумчык могуць свабодна вярнуцца ў Беларусь. «Але ён дадаў непатрэбнае (і крыху злавеснае) папярэджаньне, што ім давядзецца падпарадкавацца законам краіны», — зазначыў карэспандэнт WSJE.

Магчыма, Лукашэнка меў на ўвазе Крымінальны кодэкс?

Рашэньне амэрыканскіх уладаў ускалыхнула і беларускую дыяспару ў ЗША. Вось як ацэньвалі яны гэта праз год на хвалях Радыё Свабода:

Прафэсар Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Ала Орса-Рамана: Раптам амэрыканскія палітыкі, газэты зьвярнулі вельмі вялікую ўвагу на тое, што робіцца ў Беларусі. Цяпер усе амэрыканскія ўстановы вельмі выразна разумеюць, што ідзе працэс страты вольнасьцяў ня толькі індывідуальных, але і нацыянальных вольнасьцяў.

Дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель: Які палітычны вынік быў з факту прызнаньня, як гэта паўплывала на адносіны ЗША да Беларусі? Умацоўваецца дыктатура, Беларусь прадаецца, ці мо на эміграцыі ўжываецца тэрмін — аддаецца Расеі. За нішто. Пазьняк і Навумчык засяродзілі грамадзка-палітычную думку ЗША, гэтаксама як і ўсясьветнага грамадзтва, заходняга грамадзтва, бо яны мелі дзясяткі інтэрвію, на іх просьбу і жаданьне была скліканая адмысловая сэсія слуханьняў у Вашынгтоне, спэцыяльная канфэрэнцыя ў фундацыі Карнэгі, — і яны праінфармавалі аб сапраўдным стане, і выказалі пэўныя нават прагнозы, што будзе адбывацца, якімі мэтадамі пачне ўваходзіць у сілу старая расейская адміністрацыя.

Палітоляг Янка Запруднік: Па-першае, выезд на Захад і просьба палітычнага прытулку ў ЗША драматызавалі перад вонкавым сьветам тое змаганьне за нацыянальныя правы і за правы чалавека, якое адбываецца на Беларусі. Прыезд у Амэрыку быў свайго роду пацьверджаньнем таго, пра што палітычна дзейнае беларуска-амэрыканскае грамадзтва ўвесь час цьвердзіла: на Беларусі ўрад душыць свабоду, нішчыць нацыянальную культуру, цягне Беларусь назад, у пятлю залежнасьці ад імпэрскае Масквы. Па-другое, прызнаньне амэрыканскім урадам палітычнага азылю Зянону Пазьняку і Сяргею Навумчыку стварыла прэцэдэнт для прызнаньня палітычнага прытулку іншым асобам зь Беларусі, якія таксама сталі перад пагрозай перасьледу за іхнія перакананьні. Ну і па-трэцяе, заходні друк у выніку вось гэтай палітычнай драмы, людзкой драмы, пачаў больш увагі зьвяртаць на падзеі ў Беларусі, асэнсоўваць іх і паказваць на тую небясьпеку з усходу, якая пагражае ня толькі Беларусі, але Цэнтральнай, ды й Заходняй Эўропе.

І яшчэ адна цытата — зь ліста ў Віцебск да родных:

Самыя моцныя страхі ўжо ззаду. Вядома, мы ішлі на вялікую рызыку — калі б рашэньне амэрыканскіх уладаў было адмоўным, дык гэта азначала б палітычную сьмерць, ды і маральны ўдар, а так — афіцыйны Менск з гэтага моманту вымушаны апраўдвацца. Дыяспара ацэньвае (і ня толькі яна) атрыманы вынік як вялікую перамогу (28 жніўня 1996).

Мы, аднак, сваю місію лічылі незавершанай.

Расказваем амэрыканскім беларусам пра Беларусь

Так атрымалася, што адразу пасьля станоўчага рашэньня адміністрацыі ЗША пра палітычны прытулак нам ізноў давялося ехаць у Кліўлэнд, дзе праходзіў чарговы зьезд беларусаў Паўночнай Амэрыкі. На зьезд амэрыканскія беларусы запрасілі і Ўладзю Арлова — у Нью-Ёрку ён пасяліўся з намі ў кватэры Андрусішыных.

І ў Кліўлэндзе — сюрпрыз: сустрэча з Дэйвідам Сўорцам, першым амбасадарам ЗША ў Беларусі.

У свой час, адразу пасьля візыту Клінтана ў Менск, мы былі зьдзіўленыя ад’ездам Сўорца зь Беларусі, бо візыт прэзыдэнта ў краіну знаходжаньня (тым больш калі гэта новаўтвораная краіна) лічыцца ў дыпляматычнай кар’еры вялікім плюсам.

Цяпер Сўорц патлумачыў нам прычыну сваёй адстаўкі.

Аказалася, адстаўка была добраахвотная — у знак пратэсту супраць палітыкі адміністрацыі ЗША, якая заняла недастаткова цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да пракамуністычнага ўраду Кебіча і вельмі слаба падтрымлівала дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Сўорц справядліва лічыў, што рашэньне аб вывадзе ядзернай зброі, якое прыняў Вярхоўны Савет пад кіраўніцтвам Шушкевіча, мусіла быць аддзячанае куды большай падтрымкай таму ж Шушкевічу, дэмакратычным сілам і ўвогуле Беларусі, чым гэта зрабіў Вашынгтон.

Апошнія гады спадар Сўорц выкладаў у дыпляматычнай акадэміі ў Вашынгтоне (дзе пазьней на ягонае запрашэньне мы з Пазьняком мелі лекцыю), і сачыў за падзеямі ў Беларусі. Спадар Сўорц падтрымліваў сувязі і зь беларускай дыяспарай у ЗША, пазьней стварыў сумесна з прафэсарам Паўлінай Сурвілай Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў ва ўнівэрсытэце ва Ўічыце (штат Канзас). Ён абгрунтаваў неабходнасьць падтрымкі ўрадам ЗША Рады БНР і яе старшыні Івонкі Сурвілы як легітымнай прадстаўніцы беларускага народу і зьвярнуўся ў Дзярждэпартамэнт — але амэрыканская адміністрацыя ўстрымалася.

Сяргей Навумчык, старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, Зянон Пазьняк. Кліўлянд, 1996
Сяргей Навумчык, старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, Зянон Пазьняк. Кліўлянд, 1996

Было прыемна спаткацца ў Кліўлэндзе з былым старшынём Рады БНР Язэпам Сажычам і ягоным намесьнікам Барысам Рагулем, зь мітрапалітам Беларускай аўтакефальнай царквы Мікалаем. На жаль, гэтым разам не прыехала ў Кліўлэнд Натальля Арсеньнева — выдатная паэтка, аўтарка гімну «Магутны Божа». Захварэла.

Сам зьезд праходзіў у культурніцкім цэнтры «Полацак», у даволі вялікім будынку, на які ў свой час сабралі грошы мясцовыя беларусы. Празь некалькі гадоў там будзе ўзьведзеная і царква, якую ў выніку розных міжканфэсійных спрэчак беларусы страцяць. Але тое будзе пазьней.

А цяпер я пазнаёміўся зь дзясяткамі людзей з розных куткоў Паўночнай Амэрыкі. Ізноў — выступы і расповеды пра тое, што дзеецца ў Беларусі. Штосьці ўжо даводзілася паўтараць соты раз. Але ж людзі хацелі пачуць зь першых вуснаў і выказаць уласную думку. Хаця і меркаваньні не былі арыгінальнымі (а якая яшчэ магла быць ацэнка падзеяў у Беларусі?).

Гэта нагадала мне нашыя бясконцыя дэпутацкія паездкі па раёнах ды вёсках, сустрэчы ў клюбах, тлумачэньне фронтаўскай палітыкі і сутнасьці лукашэнкаўскага рэжыму. Хаця тут была Амэрыка, пытаньні часам былі гэткія ж наіўныя, як у той бабулі ў вёсцы Вязынь на Вілейшчыне, якая ў нас, дэпутатаў БНФ, запыталася, за што мы адправілі ў адстаўку Хрушчова. Разумею, што наіўнасьць гэтая тлумачылася шчырасьцю амэрыканцаў (за пяць дзесяцігодзьдзяў беларусы, зразумела, зрабіліся амэрыканцамі), неразуменьнем таго, як гэта можа прэзыдэнт імкнуцца зьнішчыць краіну. Абгрунтаваная наіўнасьць. Што праўда, у беларускіх вёсках клопату пра незалежнасьць дзяржавы мы амаль не адчувалі, пыталіся там пераважна пра цэны і пэнсіі.

Некалькі гадзінаў я праседзеў за падшыўкамі газэтаў зь Беларусі, праглядаючы нумары за апошнія месяцы, бо да нас з Пазьняком даходзіла ня ўсё.

Сяргей Навумчык і Ўладзімер Арлоў. Кліўлянд, 1996
Сяргей Навумчык і Ўладзімер Арлоў. Кліўлянд, 1996

Вярнуліся мы ў Нью-Ёрк ужо ў першыя дні верасьня. Разам з Уладзем Арловым прайшлі дзясяткі кілямэтраў па Мангэтане, размаўляючы пераважна пра Беларусь.

Антось Шукелойць завёў нас у бар McSorley’s Old Ale House, у Іст-Вілідж, непадалёку ад нашага дому. Уладзя ў гэтым бары ўжо быў у мінулы свой прыезд і нават напісаў пра яго ў эсэ «Божая кароўка на Пятай авэню». Гэта ня самы стары нью-ёрскі бар, але з моманту адкрыцьця ў 1854 годзе ён ніколі не закрываўся і нават у гады «сухога закону» цішком варыў эль.

Ужо значна пазьней я даведаўся, што адна са сцэнаў кінастужкі «Аднойчы ў Амэрыцы» (першага фільму, на які я павёў будучую жонку адразу пасьля знаёмства, паказвалі яго ў менскім кінатэатры «Кастрычнік»), здымалася тут. Старыя фотапартрэты і газэтныя выразкі на сьценах, круглыя невялікія сталы з грубых дошак, пілавіньне на драўлянай падлозе. Бар модны, людзі сядзяць шчыльна, сьпіна да сьпіны.

Пахаваньне Джона Кэнэдзі, 1963
Пахаваньне Джона Кэнэдзі, 1963

Нехта за мной, за суседнім столікам, устаючы, сваім крэслам пасунуў маё — «Экск’юз мі!» Калі гэты высокі хлопец майго ўзросту з кампаніяй пайшоў з бару, наведнікі глядзелі яму ўсьлед. То быў Джон Кенэдзі-малодшы — сын забітага прэзыдэнта, які на пахаваньні бацькі прыклаў, як вайсковец, далонь да скроні — фатаздымак трохгадовага сіраты прымусіў сьвет скалануцца ня менш, чым вестка пра стрэл у Даласе. Праз тры гады Кенэдзі-малодшы загіне за штурвалам лёгкага самалёта на ўзьбярэжжы пад Нью-Ёркам.

Аднойчы ў кітайскім квартале на Канал-стрыт мы з Уладзем купілі двух лобстэраў і вустрыцы, спадзеючыся зьесьці іх зь півам, як беларускіх ракаў. Піва адкаркавалі, а вось панцыр прабіць нам удалося, толькі адшукаўшы малаток. А вустрыцы раскрывалі адвёрткай. Гэтая вячэра, якая зацягнулася надоўга, потым дасьць інтрыгуючы назоў ягоным эсэ «Вустрыцы а пятай раніцы» (тое, што час пазначаны менскі, аўтар прадбачліва схавае ў тэксьце).

Ня трапіў у эсэ эпізод, як Пазьняк іранічна сачыў за гэтымі нашымі маніпуляцыямі. Але калі мы пайшлі на пятую ці шостую пляшку піва, Пазьняк нагадаў мне, што заўтра рана ўставаць, бо ў Менску будзе ўжо дзень. Чакаюць палітычныя справы.

Некалькі дзён, праведзеных Уладзем у гарах на лецішчы Андрусішыных, дазволілі яму адпачыць ад тлумнага Нью-Ёрку:

«Хвоі, дробны, але непалахлівы амэрыканскі зайчык у траве за дзесяць крокаў ад дому, вялікая клюмба і падобныя на нашых хрушчоў калібры над белымі, крэмавымі і ружовымі кветкамі духмянае табакі. Памяць дапоўніць гэтую вартую пэндзьля Анры Русо ідылію ўсяго адной адсутнай дэтальлю — сьвежым нумарам The New York Times з рэдакцыйным артыкулам „The Tyrant of Belarus“».

The New York Times называе кіраўніка Беларусі тыранам

Рэдакцыйныя артыкулы маюць асаблівую вагу. Загаловак «Тыран Беларусі» на газэтнай паласе ўражваў антычнай вагой.

Беларусь — краіна, праклятая геаграфіяй і гісторыяй. Цягам стагодзьдзяў на яе нападалі Расея, Літва, Польшча, яна ледзь зьберагла ўласную мову і пачуцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці. Цяпер, пасьля таго, як менш чым пяць гадоў таму яна вызвалілася ад Савецкага Саюзу, Беларусь хутка адступае назад да тыраніі пад сваім аўтарытарным лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам.

Агоніі Беларусі рэдка калі прыцягваюць увагу сусьветных палітыкаў. Гэта памылка. Беларусь знаходзіцца паміж Расеяй і Польшчай і мае супольныя межы зь Літвой, Латвіяй і Ўкраінай. Яна ляжыць геаграфічна дакладна там, дзе напружанасьці паміж Усходам і Захадам могуць узьнікнуць ізноў, калі Расея ня здолее завяршыць пераход да стабільнай дэмакратыі. Гэта хвалюе — глядзець, як магчымасьць палітычных і эканамічных рэформаў хутка марнее ў адной з новых незалежных краінаў, народжаных дэзінтэграцыяй Савецкага Саюзу ў 1991-м.

Лукашэнка, які ў савецкую эру быў кіраўніком саўгасу, быў абраны прэзыдэнтам Беларусі ў 1994-м. У славянскай краіне з 10-мільённым насельніцтвам, якая мае з Расеяй шмат агульнага ў гісторыі і культуры, ён далёка не адзіны, хто жадае ўзнавіць як мага блізкія сувязі з Масквой і зноў далучыць беларускую індустрыю, якая распадаецца, да расейскай эканомікі. Савецкі Саюз доўга падтрымліваў беларускія заводы субсыдыямі і таннымі рэсурсамі. Раней сёлета дзьве краіны пагадзіліся на шчыльнае супрацоўніцтва.

Але недэмакратычны стыль кіраўніцтва Лукашэнкі агідны. Летась войскі Міністэрства ўнутраных спраў разагналі парлямэнцкі пратэст супраць ягонага аўтарытарнага кіраваньня, пры гэтым пабілі 18 парлямэнтароў (насамрэч 19. — С.Н.). Лукашэнка садзіць у турму палітычных апанэнтаў, закрыў незалежныя газэты, узнавіў розныя забароны савецкага часу на выезд за мяжу.

Баючыся зьняволеньня альбо горшага ў гэтай новай паліцэйскай дзяржаве, два апазыцыйныя палітычныя лідэры нядаўна папрасілі палітычнага прыстанішча ў Злучаных Штатах. Вашынгтон адразу задаволіў просьбу аб бясьпецы гэтых двух чалавек, Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка, зафіксаваўшы непрыманьне Злучанымі Штатамі рэпрэсіўнай палітыкі Лукашэнкі.

Лукашэнка таксама зварочвае эканамічныя рэформы, распачатыя ў першыя месяцы беларускай незалежнасьці. Ён замарозіў урадавую прыватызацыйную праграму і наклаў на банкі строгі ўрадавы кантроль, увесь час пагражае іх нацыяналізаваць.

Такія крокі могуць толькі яшчэ больш дэстабілізаваць эканоміку, якая летась ужо зьменшылася на 10 працэнтаў і пакінула шмат якіх беларусаў у жабрацтве. Тыя льготы па пазыках і эканамічная дапамога, якія Лукашэнка марыць дастаць ад Расеі, напэўна, ніколі не матэрыялізуюцца. Міжнародны валютны фонд, заклапочаны такім разьвіцьцём падзеяў, слушна вырашыў адкласьці крэдыт у 300 мільёнаў даляраў.

Відаць, занадта будзе спадзявацца, што Ельцын і ягоныя калегі будуць ціснуць на Лукашэнку, каб ён зьмяніў свае паводзіны, але Злучаныя Штаты і дэмакратычныя краіны Эўропы мусяць вельмі ясна выказаць яму сваю занепакоенасьць. Уздым новай дыктатуры ў цэнтры Эўропы нельга ігнараваць«.


Такі рэдакцыйны артыкул, ды яшчэ ў самай уплывовай газэце сьвету, пацьвердзіў стаўленьне да рэжыму ў Менску.

І стаўленьне гэтае стварала надзвычай спрыяльны міжнародны кантэкст для апанэнтаў Лукашэнкі ў Беларусі, чым, мы спадзяваліся, яны, найперш дэпутаты Вярхоўнага Савету, скарыстаюцца.

Праводзім брыфінг у Кангрэсе ЗША

У газэтах, якія прывёз з сабой Уладзя Арлоў, а таксама ў тых выразках, якія рэгулярна дасылаў мне бацька ў Нью-Ёрк, усё больш інфармацыі зьяўлялася пра скасаваньне беларускіх клясаў. Пра выкіданьне з выдавецкіх плянаў гістарычнай літаратуры расказаў нам сам Уладзя.

Працэс гэты, аднак, для дэмакратычных партыяў (акрамя БНФ) нібыта і не існаваў. Як ні дзіўна, але і большасьць эўрапейскіх палітыкаў, зь якімі даводзілася спатыкацца ў першыя месяцы эміграцыі, не зважалі на нашую ўстрывожанасьць тым, што мы называлі мэтанакіраваным зьнішчэньнем беларускай нацыі. Ці то не маглі паверыць у рэальнасьць існаваньня нацыянальнага перасьледу, ці — і гэта хутчэй за ўсё — лічылі акцэнтаваньне ўвагі на гэтай тэме «праявай нацыяналізму».

Слуханьні ў Вашынгтоне, верасень 1996. Прамаўляе Зянон Пазьняк. Фота Сяргея Навумчыка
Слуханьні ў Вашынгтоне, верасень 1996. Прамаўляе Зянон Пазьняк. Фота Сяргея Навумчыка

У тыя дні я заўважыў, што такі падыход — ігнараваньне нацыянальных правоў — характэрны і для некаторых амэрыканскіх палітыкаў, і ў большай ступені — для праваабарончых арганізацыяў.

Вядома, афіцыйна ўрад ЗША падтрымлівае захаваньне нацыянальных традыцыяў у амэрыканскіх нацыянальных асяродках. Гэтыя традыцыі нават культывуюцца — праводзяцца розныя фэстывалі, выдаюцца часопісы. Але ў дачыненьні да іншых краінаў урад практычна не акцэнтаваў увагі на нацыянальным аспэкце, гаворачы звычайна пра «агульначалавечыя» правы. Гэтак жа рабілі, па нашых назіраньнях, і праваабарончыя арганізацыі, якія фінансаваліся ў тым ліку і зь бюджэту ЗША. Арганізацыі гэтыя, у сваю чаргу, дапамагалі фінансава праваабарончым структурам у замежжы (і ў Беларусі), і таму ня дзіўна, што тэма нацыянальнай дыскрымінацыі калі і гучала ў выступах беларускіх праваабаронцаў, дык вельмі прыглушана.

Мы з Пазьняком разумелі, наколькі важна прыцягнуць увагу ЗША да беларускай нацыянальнай праблемы, хоць адначасна ўсьведамлялі ўсю складанасьць гэтай працы, якая мусіла заняць гады.

А пачаткам стаў брыфінг у Кангрэсе ЗША. Успамінае Зянон Пазьняк:

Мы сталі дамагацца слуханьняў у Кангрэсе ЗША аб палітычных праблемах Беларусі. Слуханьні прадугледжваюць доўгі парлямэнцкі працэс, з мноствам дакладаў, працай камісіяў і гэтак далей. Нам прапанавалі правесьці аднадзённае слуханьне па акрэсьленай тэме (так званы «гірынг»).

Для амэрыканскай прэсы мы зрабілі адмысловую заяву «Пра нацыянальную дыскрымінацыю беларусаў»:

«З прыходам да ўлады Лукашэнкі пачалася халодная вайна супраць усяго беларускага. Ідзе ўнутраная акупацыя Беларусі Расеяй. Пачаўся перасьлед беларусаў за этнічныя нацыянальныя перакананьні, за размову на беларускай мове, за дэманстрацыю нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга і нацыянальнага герба „Пагоня“, за імкненьне вучыць дзяцей па-беларуску. Паводле распараджэньня Лукашэнкі зьнішчаныя школьныя падручнікі на беларускай мове, ліквідавана большасьць беларускіх школаў (і ліквідацыя працягваецца), зьнішчаюцца беларускія энцыкляпэдычныя выданьні, закрываецца беларуская пэрыёдыка, прымаюцца захады па ліквідацыі беларускіх гуманітарных навукова-дасьледчых інстытутаў. Лукашэнка сьвядома расколвае беларускае грамадзтва па канфэсійнай прыкмеце».


Што для нас было абсалютна нечаканым — дык гэта тое, што заля ў будынку Кангрэсу ЗША, дзе адбываўся брыфінг, была перапоўненая людзьмі. Крэслаў не хапала, і некаторыя былі вымушаныя стаяць. Потым мы даведаліся, што былі ў залі і два супрацоўнікі беларускай амбасады, але ніяк сваёй прысутнасьці ня праявілі.

Зянон Пазьняк:

Пытаньні, якія задавалі прысутныя, іх выступы былі канкрэтныя, з добрым веданьнем сутнасьці справы і сытуацыі ў Беларусі. «Нарэшце лёд крануўся» — падумалі мы, убачыўшы гэтулькі людзей, якія прафэсійна цікавіліся беларускай палітыкай. На добрым узроўні валоданьня тэмай выступілі таксама Джэк Сыгал зь Дзярждэпартамэнту ЗША, прадстаўнікі камісіяў і камітэтаў абедзьвюх палатаў Кангрэсу, аналітыкі і палітолягі. Ад беларусаў выступалі яшчэ Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель. Першае слуханьне з удзелам новай эміграцыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху паказала, што паварот Амэрыкі на падтрымку сувэрэнітэту і дэмакратыі ў Беларусі і крытычная ацэнка рэжыму Лукашэнкі выразна вызначыліся ў беларускай палітыцы.

Адразу пасьля брыфінгу ў Кангрэсе ЗША мы адчулі, што беларуская праблематыка зацікавіла амэрыканскіх палітолягаў ды праваабаронцаў. У канцы кастрычніка мы былі запрошаныя ў нью-ёрскі філіял праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

Да гэтага часу мы ўжо прааналізавалі праект зьменаў у Канстытуцыю, якія Лукашэнка прапанаваў вынесьці на рэфэрэндум. Выглядала, што пасьля яе прыняцьця дыктатура на Беларусі магла замацавацца — трывала і вельмі надоўга. Пра гэта мы і расказалі на канфэрэнцыі ў Human Rights Watch, якая была цалкам прысьвечаная падзеям на Беларусі.

І зноў Зянон Пазьняк:

Калі мы прачыталі гэты праект, то адразу ўбачылі, што маем. Гэта быў праект дыктатуры. Празь нейкі час да нас зьвярнуўся Анці Коркэаківі — адзін з кіраўнікоў уплывовай арганізацыі «Камітэт амэрыканскіх адвакатаў па абароне правоў чалавека». Ён паведаміў, што арганізацыя рыхтуе экспэртнае заключэньне аб праекце лукашэнкаўска-абрамовіцкага твора — «новай канстытуцыі Беларусі» — і папрасіў нас таксама зрабіць свой экспэртны аналіз праекту, афіцыйна пацьвердзіўшы просьбу лістом. Неўзабаве мы зрабілі прававы аналіз тэксту і адаслалі сваё заключэньне ў Камітэт адвакатаў. Пазьней Анці нам прыслаў сумарную экспэртызу Камітэту на ангельскай і расейскай мовах, падзякаваў і паведаміў, што многія нашыя высновы і палажэньні ўключаныя ў тэкст гэтага дакумэнту, які яны падрыхтавалі для Рады Эўропы.

Мы паспрабавалі надрукаваць наш аналіз праекту ў Беларусі (у вялікіх газэтах), але з гэтага нічога не атрымалася. Не хацелі друкаваць. Нешта ім перашкаджала.

Хутчэй — хтосьці.

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG