Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты»: Ельцын просіць Лукашэнку не расстрэльваць Сіўчыка і Хадыку


Чарнобыльскі шлях, 26 красавіка 1996, фота www.vytoki.net

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.


... На «Чарнобыльскі шлях» выйшла каля 50 тысяч чалавек.

Міліцыя перакрыла праспэкт Скарыны і справакавала канфлікт — праўда, потым гучалі вэрсіі, што тое было адказам на дзеяньні прыбылых з Украіны актывістаў УНА-УНСО, якія перакульвалі міліцэйскія машыны. Але чаму аўтамабілі гэтыя былі пастаўленыя пасярод праспэкту, акурат на шляху калёны?

У дэманстрантаў былі адно толькі бел-чырвона-белыя сьцягі ды транспаранты, а ў амапаўцаў — дубінкі і сьлезацечны газ. Сотні людзей людзей былі пабітыя ў кроў.

Чарнобыльскі шлях у Менску, 24 красавіка 1996. З грамадзкага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фота Георгія Ліхтаровіча
Чарнобыльскі шлях у Менску, 24 красавіка 1996. З грамадзкага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фота Георгія Ліхтаровіча

На мітынгу каля Палацу спорту выступіў Пазьняк і прапанаваў ушанаваць хвілінаў маўчаньня лідэра Чачэніі Джахара Дудаева, які напярэдадні быў забіты расейскімі спэцслужбамі.

На мітынгу і адразу пасьля яго міліцыя хапала людзей, але вакол Пазьняка была ахова з некалькіх дзясяткаў дужых хлопцаў, і ўзяць яго прылюдна не асьмеліліся.

Я даведаўся пра абставіны «Чарнобыльскага шляху», калі паляваньне за ўдзельнікамі шэсьця яшчэ не скончылася — моладзь хапалі на вуліцах, у сквэрах, кідалі ў машыны і жорстка білі.

Недзе каля паловы дзясятай гадзіны вечара, калі Пазьняк ў сваім кабінэце скончыў нараду з кіраўніцтвам Фронту, да штаб-кватэры БНФ пад’ехала некалькі аўтамабіляў. Вось як пра абставіны таго вечара апавядае сам Пазьняк.

Зянон Пазьняк: «Ужо ў час выступу ля Палацу спорту стала вядома, што КДБ прыняло рашэньне ўзяць мяне адразу пасьля мітынгу. Я паехаў мікрааўтобусам у сядзібу Фронту. Са мной быў Юры Хадыка і сем чалавек аховы. Ззаду прыстроіліся аўтобусы з АМАПам. Каля перакрыжаваньня АМАП памкнуўся ісьці на абгон, каб заблякаваць наш «рафік». Але пад колы іхняга аўтобусу нечакана выбег сабачка, і шофэр інстынктыўна затармазіў. Мы праехалі на жоўтае сьвятло, а перасьледчыкі спыніліся перад чырвоным. У сядзібе было вырашана шмат справаў. Увесь час, пакуль мы праводзілі свае нарады, размовы ды перамовы, на вуліцы пад вокнамі стаялі два аўтобусы з АМАПам. Дзесьці паміж 22-й і 23-й гадзінамі пачаўся штурм. У кабінэт ускочыў дзяжурны фронтавец і сказаў, што ў пярэдні пакой ужо ўварваліся. Для таго, каб выйсьці незаўважаным, заставалася літаральна адна-паўтары сэкунды. Мы скарысталі гэтыя сэкунды і вышлі праз запасны выхад у цёмны закрыты двор, адкуль было толькі адно выйсьце — на вуліцу да аўтобусаў АМАПу. Але мы знайшлі іншы выхад з тупіка. Тут вельмі растаропна спрацавалі мае сябры. Акрамя Галіны Навумчык, не магу пакуль называць іхнія прозьвішчы і апісваць дэталі».

Галіна Навумчык: «Мы апынуліся ў цёмным двары, выхад зь якога вёў якраз туды, дзе стаялі аўтобусы. Амапаўцы з хвіліны на хвіліну маглі ўварвацца ў штаб кватэру, а потым тым жа шляхам, што і мы, у двор. Двор быў агароджаны бэтонным плотам, але ў адным месцы быў пралом. Вырашылі пералезьці. Калі ўжо пералезьлі, пачулі крыкі — гэта пачалі штурмаваць сядзібу БНФ. Усё адбывалася вельмі хутка. Трэба было хавацца і спадзявацца, што пашанцуе. Адзін з пад’ездаў аказаўся адчыненым, туды і забеглі. Вырашылі, што я выйду, знайду машыну, пад’еду і забяру Хадыку і Пазьняка. Я выйшла праз двары даволі далёка, і ўбачыла запасны аўтамабіль Пазьняка і Анатоля — яго кіроўцу, пра якога ведалі некалькі чалавек. Ён чакаў Пазьняка, не ад’язджаючы ад дамоўленага месца; у машыне была яшчэ адна асоба. Нам пашанцавала. Пад’ехалі, я зьбегала ў пад’езд, і Анатоль вывез Пазьняка на сакрэтную кватэру. Хадыка паехаў дадому».

Зянон Пазьняк: «Праз нейкі час мы былі ўжо на ўскрайку Менску і я кажу Юрасю Хадыку: «Цябе заўтра, верагодна што, забяруць. Раю паасьцярожнічаць і пару дзён перачакаць, пакуль у іх гарачка пройдзе і нешта праясьніцца!. „Ня думаю, што яны на такое пойдуць“ — сказаў упэўнена Хадыка і паехаў дахаты. Нараніцу яго забралі».

АМАП прымае Баршчэўскага за Пазьняка

Вось як апісвае падзеі 26 красавіка 1996 адзін з тагачасных лідэраў БНФ, праваабаронца Алесь Бяляцкі:

«Маладыя хлопцы, якія былі ў вітальні ўправы і ўбачылі пад’езд аўтобусаў, адразу паведамілі пра гэта. Заставалася адно выйсьце — запасны выхад, які выводзіў у двор дома, празь які выйшлі Пазьняк і Хадыка і яшчэ некалькі чалавек. (Насамрэч, толькі Галіна Навумчык. -- С.Н.). Але, як аказалася, дворык быў закрытым і адзіны выхад зь яго быў якраз ля пад’ехаўшых аўтобусаў.

... А ў гэтую хвіліну да ўправы ўжо ў поўнай цемры падышоў спадар Баршчэўскі. Доблесная група захопу, прыкінуўшы, што па па росьце і валасяным покрыве на галаве ён падобны на Зянона Пазьняка, кінулася з аўтобусаў і схапіла яго, вынікам чаго і былі трое сутак, праведзеныя спадаром Баршчэўскім за кратамі.

Ва ўправу камандас не палезьлі, задаволеныя схопленым „Пазьняком“. Калі ж урэшце ў пастарунку разабраліся, што гэта Баршчэўскі, а не Пазьняк, управу штурманулі другі раз, выцягнуўшы адтуль дэпутата Знаўца, але гэта ўсё ж быў не Пазьняк.

Тым, хто яшчэ сумняецца, ці схапілі б Зянона Станіслававіча, нагадваю, што назаўтра ўжо трое зь пяці намесьнікаў Пазьняка па Фронце сядзелі ў турме»
(ЛіМ, 27 сьнежня 1996 ).

Ужо празь некалькі гадоў такую нататку «Літаратура і мастацтва» (газэта Саюзу пісьменьнікаў і Міністэрства культуры) надрукаваць бы ня здолела — ва ўсіх рэдакцыях дзяржаўных выданьняў адбудзецца татальная чыстка.

У дні, калі грамадзтва абуралася надзвычайнай жорсткасьцю міліцыі і АМАПУ, быў адзін чалавек, які зьбіцьцё ў кроў ацаніў як «лібэральнічаньне».

Лукашэнка лае сілавікоў

Пра ацэнку Лукашэнкам дзеяньняў сілавікоў 26 красавіка газэта «Свабода» пісала:

«У панядзелак 26 красавіка прэзыдэнт А. Лукашэнка выклікаў да сябе „на ковёр“ усё вышэйшае кіраўніцтва сілавых структураў.

Разгляд падзеяў 26 красавіка выліўся ў вельмі жорсткую крытыку перш за ўсё дзеяньняў міліцыі і ўнутраных войскаў. Лукашэнка абураўся тым, што „здаравенныя бугаі“ ня здолелі намыліць шыю „кричащим юнцам“, і заявіў, што калі сілавыя структуры будуць далей „ліберальнічаць“, то выступленьні апазыцыі ня скончацца ніколі.

Шэфу КДБ Уладзімеру Мацкевічу і намесьніку міністра ўнутраных справаў Леаніду Ерыну дасталося за тое, што іхнія падначаленыя не змаглі затрымаць Зянона Пазьняка. Маўляў, Пазьняк яшчэ раніцай сышоў з варшаўскага цягніка ў Менску, а КДБ пра гэта нічога ня ведаў. А той факт, што Пазьняку ўдалося зьнікнуць праз „чорны“ выхад са штаб-кватэры БНФ падчас начной аблавы, прэзыдэнт назваў „непростительным“.

Але больш за ўсіх перапала генэральнаму пракурору Васілію Капітану, якога прэзыдэнт назваў „бэнээфаўскім стаўленікам“ за тое, што падначаленая яму пракуратура не праяўляе актыўнасьці па ўзбуджэньні справаў супраць „основных зачинщиков“. Сярод „зачинщиков“, акрамя кіраўніцтва БНФ, былі названы дэпутаты Генадзь Карпенка, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Дабравольскі і Павал Знавец. Загадана ўзбудзіць супраць іх справы і дамагацца ад парлямэнта, каб той даў дазвол на прыцягненьне іх да адказнасьці. Пазбаўленьне правоў чакае і БНФ. Па дадзеных з тых жа крыніцаў, міністар юстыцыі Сукала атрымаў на нарадзе загад рыхтаваць дакумэнты аб забароне Народнага фронту».
(«Свабода», 3 траўня 1996).

Выглядае, Лукашэнка быў нагэтулькі разьюшаны тым, што Пазьняк высклізнуў зь ягоных рук, што страціў здольнасьць хоць на крок пралічваць наступствы сваіх загадаў. Забарона ненавіснага яму БНФ і суды над дэпутатамі вельмі ўскладніла б міжнароднае становішча рэжыму (пра візыт у Францыю, які рыхтаваўся ў той час, можна было б забыць). А судовы працэс над Станіславам Шушкевічам, адным з падпісантаў Белавескіх пагадненьняў, імгненна прыцягнуў бы ўвагу ўсіх вядучых сусьветных СМІ і суправаджаўся б грандыёзным скандалам.

На шчасьце для БНФ, дэпутатаў і самога Лукашэнкі, нічога з пагрозаў выканана не было. Але на Сіўчыку і Хадыку адыграліся па поўнай.

Валэнса маўчыць

... Лідэры БНФ Юрась Хадыка і Вячаслаў Сіўчык знаходзіліся ў турме на Валадарскага. Пазьняк быў у Менску, на надзейнай сакрэтнай кватэры, але ніякага кантакту зь ім не было.

Натуральна, я ня мог запытацца па тэлефоне, дзе менавіта ў тых, хто гэта ведаў, ня кажучы ўжо пра нейкі кантакт. Пазьняку ўдасца прыехаць у Варшаву толькі ў сярэдзіне траўня, мне ж давялося сканцэнтраваць усе намаганьні на вызваленьні Сіўчыка і Хадыкі, якія абвясьцілі галадоўку.

З паведамленьня прэсавай службы БНФ:

«Сёньня сябра Беларускага Хельсінскага Камітэту Сяргей Навумчык спаткаўся ў Варшаве з групай польскіх сэнатараў і дэпутатаў Сэйму. Парлямэнтары выступілі з ініцыятывай прыняць ад імя Сэйму адмысловую заяву, у якой запатрабаваць неадкладнага вызваленьня з-пад арышту Юрася Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка. У заяве, падпісанай парлямэнтарыямі, адзначаецца, што арышты лідэраў беларускай апазыцыі нагадваюць часы панаваньня камуністычнага рэжыму. «Мы памятаем дапамогу, якую атрымлівала Польшча ад заходняй дэмакратыі ў нядаўнія часы, і абавязаныя выказаць заклапочанасьць у справе абароны правоў чалавека ды незалежнасьці на Беларусі», — заявілі дэпутаты.

З заявай выступіў старшыня партыі «Паразуменьне цэнтру» Яраслаў Качыньскі, які запатрабаваў найхутчэйшага вызваленьня Хадыкі і Сіўчыка, і пакараньня ініцыятараў перасьледу абаронцаў незалежнасьці Беларусі: «Яшчэ раз падкрэсьліваем нашую салідарнасьць з барацьбой беларускага народа за незалежнасьць ды дэмакратыю».

Галіна Навумчык, Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк зь Лехам Валэнсам, 24 красавіка 1996, Гданьск
Галіна Навумчык, Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк зь Лехам Валэнсам, 24 красавіка 1996, Гданьск

Памятаючы пра нашую нядаўнюю гутарку ў Гданьску і абяцаньне маральнай падтрымкі, у тыя ж дні з просьбай выказацца ў абарону Хадыкі і Сіўчыка я зьвярнуўся і да Леха Валэнсы.

Падчас нашай сустрэчы Валэнса сказаў, што ў выпадку арышту Пазьняка будзе перадаваць яму сала. У мяне хапіла пачуцьця гумару зразумець гэтыя словы менавіта як гумар, але ў выпадку з Хадыкам і Сіўчыкам я спадзяваўся, што ён зробіць заяву.

Словы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру прагучалі б моцна і — як мне тады падавалася — паўплывалі б на лёс палітвязьняў.

Я даслаў Леху Валэнсу некалькі факсаў, разоў пяць размаўляў зь ягонымі памочнікамі.

Аднак Валэнса маўчаў і ні на водны мой зварот не адказаў. Натуральна, не было і заявы, скласьці якую ў памочнікаў заняло б дзесяць хвілінаў. Чаму — засталося для мяне незразумелым. Хачу думаць, што адказу не было толькі таму, што ў тыя дні спадар Валэнса пачуваў сябе дрэнна. Альбо, наадварот, вельмі вясёла.

Шэран Стоўн ня вабіць Лукашэнку

У той працы шмат дапамагла мне супрацоўніца часопісу «Politico» Ягенка Вільчак — імпазантная жанчына гадоў сарака. Яна падключыла, здаецца, усіх сваіх знаёмых да справы вызваленьня беларускіх палітычных вязьняў.

— Ёсьць адзін эфэктыўны спосаб паўплываць на Лукашэнку, — сказала Ягенка. — Трэба, каб да яго зьвярнулася асоба, якой бы ён ня мог адмовіць. Нават даў бы і адмоўны адказ, але — адказ. І калі ў гэтым адказе будзе ігнараваньне просьбы выпусьціць Сіўчыка і Хадыку, — то Лукашэнка прадстане ў вельмі непрывабным выглядзе. Гэта павінна быць нейкая супэрвядомая асоба, прычым усё роўна, зь якой сфэры — літаратуры, кіно ці спорту. Накшталт Габрыэля Маркеса, Шэран Стоўн ці Пола Макартні. Вы ж разумееце, што адмовіць Шэран Стоўн — ну гэта будзе выглядаць верхам цынізму.

Так, кінаактрыса Шэран Стоўн тады была сусьветнай сэкс-зоркай нумар адзін, пасьля вядомага пікантнага эпізоду ў «Асноўным інстынкце».

Я сказаў Ягенцы, што разважаньні ў такіх катэгорыях — гэта не пра Лукашэнку, але, але натуральна, трэба паспрабаваць усе спосабы.

На шчасьце, у тыя дні варшаўскі кніжны фэст наведаў паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Чэслаў Мілаш. Ён з разуменьнем успрыняў кімсьці з польскіх сяброў прапанову і зьвярнуўся да Лукашэнкі з просьбай вызваліць Хадыку і Сіўчыка. Свой подпіс далучыў і пісьменьнік Станіслаў Лем, адзін з самых вядомых фантастаў дваццатага стагодзьдзя.

У канцы 1981 году, калі заходнія палітыки вычарпалі ўсе магчымасьці ўратаваць акадэміка Сахарава, які паміраў ад галадоўкі, нобэлеўскі ляўрэат фізык Пётар Капіца напісаў Брэжневу кароткі ліст у некалькі радкоў, і не з палітычнымі заклікамі, а простымі словамі («Глубокоуважаемый Леонид Ильич! Я уже очень старый человек, и жизнь научила меня, что великодушные поступки никогда не забываются. Сберегите Сахарова. Да, у него большие недостатки и трудный характер, но он великий ученый нашей страны. С уважением, П. Л. Капица» — гэтак цытуе ліст Сахараў у сваіх успамінах) — словы кранулі сэрца генсека, КДБ атрымаў адпаведную каманду, Сахараў быў уратаваны.

Сэрца ўладара Беларусі словы нобэлеўскага ляўрэата і выбітнага фантаста не кранулі — не было ні адказу, ні вызваленьня.

Юры Хадыка ў СІЗА па Валадарскага, травень 1996. Фота з газэты "Свабода"
Юры Хадыка ў СІЗА па Валадарскага, травень 1996. Фота з газэты "Свабода"

Адным з найбольш актыўных рупліўцаў за свабоду беларускіх вязьняў у тыя дні быў праваабаронца Марэк Навіцкі — старшыня Польскага Хэльсынскага камітэту, які з першых дзён нашага знаёмства выказаў жаданьне дапамагаць нам з Пазьняком. Да гэтага часу ў пана Марэка ўжо ўсталяваўся трывалы кантакт і з нашым беларускім Хэльсынскім камітэтам, і менавіта Навіцкі дапамагаў беларускім калегам зьвязацца зь міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Але ў тыя дні ўсе свае намаганьні ён паклаў на справу вызваленьня Хадыкі і Сіўчыка.

За кратамі быў і лідэр партыі аматараў піва Андрэй Рамашэўскі. Пасьля «рэфэрэндуму» 1995 году Рамашэўскі зрабіў пэрфоманс ля прэзыдэнцкай адміністрацыі (будынку былога ЦК), павесіўшы лукашэнкаўскі сьцяг на будынку прыбіральні ля тэатру. Цяпер жа яго абвінавацілі ў тым, што а ён у лютым 96-га спаліў чырвона-зялёны сьцяг.

Акрамя таго, у тыя ж травеньскія дні стала вядома і пра арышт паэта Славаміра Адамовіча — ён напісаў верш «Убей президента!».

Марэк Навіцкі і пазнаёміў мяне з баранэсай Одры Гловэр — надзвычайнай і паўнамоцнай амбасадаркай Вялікай Брытаніі, якая ўзначальвала адну з галоўных структураў АБСЭ: Бюро дэмакратычных інстытуцыў і правоў чалавека. Бюро месьцілася ў Варшаве.

Спадарыня Гловэр была дамай, як той казаў, у веку, гадоў за шэсьцьдзесят, але энэргічнай, іранічнай, бясспрэчна адоранай у маладосьці той прыгажосьцю, якую не сьціраюць дзесяцігодзьдзі.

Пра дзесяцігодзьдзі я не перабольшыў. Калі праз 25 гадоў я пайшоў у інтэрнэт, каб пачытаць пра баранэсу, думаў, што ўбачу тэксты пра яе ў мінулым часе, як пра дзяячку, якая даўно пакінула наш недасканалы сьвет.

А вось жа і не. Узначальваньне бюро ў Варшаве не было нават сярэдзінай кар’еры баранэсы Гловэр — потым яна ацэньвала выбары ў Грузіі, Азербайджане, Манголіі, ЗША. Ужо з другой нашай сустрэчы баранэса, упэўнены, запомніла беларускія прозьвішчы: Рамашэўскі, Адамовіч, Сіўчык, Хадыка.

Я хадзіў у офіс АБСЭ, які месьціўся ў квартале шэрых адміністрацыйных будынкаў канца 1940-пачатку 50-х гадоў у самым цэнтры Варшавы, як на працу. Падпільноўваў баранэсу перад абедам ці пасьля, большасьць нашых гутарак праходзілі якраз на лесьвіцы, па якой яна сьпяшалася ў кабінэт, і яна зразумела, што гэты дзіўны беларус у адной і той жа кашулі (папраўдзе, я мыў яе штовечар) ад яе не адчэпіцца.

Падазраю, ёй хацелася загадаць супрацоўнікам спыняць мяне яшчэ ў вэстыбюлі, і такое жаданьне, калі яно ўзьнікла, я б добра зразумеў. Але я, усё ж, быў былым членам парлямэнта. У лукашэнкаўскай Беларусі гэта не азначае нічога, але ў дэмакратычных краінах у той час нешта важыла.

Я імкнуўся пераканаць спадарыню Гловэр, што кіраўнікі эўрапейскіх краінаў не павінны спакойна назіраць за тым, як згасае жыцьцё Хадыкі і Сіўчыка.

На пачатку першай гутаркі мне падалося, што спадарыня Гловэр ня надта цікавіцца падзеямі ў малапрыкметнай Беларусі — праз пару гадзінаў яна мусіла адлятаць у Сараева, дзе павінна была кантраляваць ад імя АБСЭ падрыхтоўку да выбараў.

Наагул, нам, беларусам, не пашанцавала ў тым, што вясна-96 прыпала на час урэгуляваньня канфлікту ў былой Югаславіі — увага сусьветнай, і асабліва эўрапейскай супольнасьці была сканцэнтраваная на ёй. Беларусь знаходзілася ў цені падзеяў больш драматычных ды трагічных. У далейшым падобнае будзе паўтарацца — напрыклад, 9 верасьня 2001-га прайшлі прэзыдэнцкія выбары, 10 верасьня заходняя прэса пісала пра іх недэмакратычнасьць, але ўжо на наступны дзень усім было не да Беларусі: захопленыя ісламскімі тэрарыстамі самалёты атакавалі Нью-Ёрк і Вашынгтон, сьвет зьбянтэжана ўзіраўся ў экраны тэлевізараў, дзе няспынна паказвалі падаючыя вежы-блізьняты... Ну а ўвосень пандэмічнага 2020-га рэпартажы пра шматтысячныя маршы ў Беларусі саступілі першае месца атручваньню расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

Я ўсё ж паспрабаваў пераканаць баранэсу, што ў Беларусь варта даслаць сталага прадстаўніка АБСЭ, а лепш за ўсё — стварыць там сталы офіс. Галоўным аргумэнтам было тое, што, калі не зрабіць рашучыя крокі сёньня, то праз год, праз два эўрапейцам прыйдзецца прыкладваць вялікія намаганьні і ў дачыненьні да Беларусі.

Пасьля сваёй паездкі ў Югаславію Гловэр узьняла пытаньне пра беларускіх палітычных вязьняў на пасяджэньні кіраўнікоў урадаў краінаў – сяброў АБСЭ. Пазьней, як вядома, было ўтворана і прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску. Праўда, праіснавала яно ня доўга.

Між тым зь Менску даходзілі ўсё больш трывожныя зьвесткі пра стан здароўя зьняволеных лідэраў БНФ.

Я заўважыў, што заходняя прэса піша пераважна толькі пра Юрася Хадыку — і гэта было зразумела, прафэсар Хадыка быў больш вядомы. 9 траўня газэта Вашынгтон Пост надрукавала інтэрвію сына Хадыкі; імя Сіўчыка ня згадвалася. Зусім магчыма, гэта быў вынік рэдакцыйнай праўкі, але даволі паказальны.

Вячаслаў Сіўчык у Рэспубліканскім шпіталі для асуджаных. Фота з нумару газэты «Народная воля».
Вячаслаў Сіўчык у Рэспубліканскім шпіталі для асуджаных. Фота з нумару газэты «Народная воля».

А між тым якраз на стане Сіўчыка галадоўка адбілася найбольш моцна — ён трапіў у рэанімацыю.

Тлумачылася гэта проста — у адрозьненьне ад Юрася Хадыкі, які меў пэўны досьвед лячэбных галадаваньняў і добра ведаў мэханізм правільнага ўваходу ў галадоўку і выхаду зь яе, Сіўчык абвясьціў галодоўку адразу, даведаўшыся пра галадоўку Хадыкі, без усялякай падрыхтоўкі.

Шэран Стоўн на дапамогу паклікаць не ўдавалася.

Ельцын просіць не расстрэльваць Хадыку і Сіўчыка

Пазьняк прыехаў у Варшаву 14 траўня, увечары — перад гэтым мне нехта патэлефанаваў і сказаў, каб я чакаў яго ў гатэлі «Форум», унізе. Пра дарогу шмат тады не распавядаў, сказаў толькі, што было складана. Пазьней ён узгадаў акалічнасьці тых дзён.

Зянон Пазьняк: «Існавала некалькі варыянтаў выезду, які мне рыхтавалі розныя людзі. Я зноў скарыстаўся варыянтам Галіны Навумчык і выехаў на Украіну. На гэты раз падарожжа было дрэнна ўзгодненым і небясьпечным. Прыйшлося пайсьці на рызыку, але Бог дапамог. 9-га траўня я ўжо быў у Кіеве. Тут я даведаўся, што КГБ Беларусі зьвярнуўся ў Службу бясьпекі Украіны, каб тыя выдалі мяне беларускім уладам. Пра гэта старшыня СБУ наўпрост паведаміў Вячаславу Чарнаволу. Украінцы, вядома, не зьбіраліся мяне выдаваць. Яны далі мне нават машыну суправаджэньня да мяжы з Польшчай, каб прадухіліць нечаканасьці. Распарадзіўся Вячаслаў Чарнавіл.

Цяпер, успамінаючы гэты час, мне моцна баліць душа. Нішто мяне так не ўразіла, не падкасіла, ня выклікала такой скрухі за гады эміграцыі, як забойства Вячаслава Чарнавола ў 1999 годзе. Я нават не здагадваўся, які дарагі мне быў гэты прыхільны чалавек. Не магу зьмірыцца, што ён не жыве. Тады, у траўні 1996 года, мы неяк размаўлялі ўдваіх у сядзібе Руху і я сказаў, каб ён быў уважлівы і сьцярогся, бо Масква выкарыстоўвае адно клішэ для Беларусі і для Ўкраіны. Будзе наступ на Рух. Тое, што мералі на мяне, могуць прымераць і на яго. Памятаю, што ён успрыняў мае словы сур’ёзна і неяк, нібы лякнуўшыся, задумаўся.

Праз тры гады яго ня стала. Прымеркавалі стандартную схему з грузавіком. Аўтамабільная катастрофа. Забілі вялікага сына Ўкраіны. Як цяжка. Як шчымліва стаіць мне ўваччу яго вобраз... У Кіеве я затрымаўся на пяць дзён, пакуль аформіў усе справы на пераезд у Польшчу. Тым часам Сяргей Навумчык распачаў у Варшаве энэргічную дзейнасьць па вызваленьні з-пад арышту Хадыкі і Сіўчыка. 14-га траўня я прыехаў у Варшаву і мы заняліся іхным вызваленьнем разам».

Зянон Пазьняк на пікеце ў Варшаве, 1996. Фота Сяргея Навумчыка
Зянон Пазьняк на пікеце ў Варшаве, 1996. Фота Сяргея Навумчыка

Марэк Навіцкі запытаўся ў мяне, ці ёсьць усё-ж такі на плянэце чалавек, якога б Лукашэнка ня мог не паслухаць.

— Пэўна ж, ёсьць нейкая жанчына, якую ён кахае? — спытаў Марэк.

—Уладу, больш нікога, — адказаў я.

Аднак, падумаўшы, назваў імя чалавека, якому Лукашэнка сапраўды ня мог адмовіць. Ім быў Ельцын.

Дастаткова аднаго ягонага слова — і Сіўчык з Хадыкам будуць на волі.

Яшчэ раней, толькі прыехаўшы ў Варшаву, Пазьняк зьвярнуўся зь лістамі па дапамогу ў справе Сіўчыка і Хадыкі ня толькі да эўрапейскіх палітыкаў і прэзыдэнта ЗША Клінтана, але і да Ельцына. Ліст гэты быў перададзены ў расейскую амбасаду. Спадзяваньняў, што ліст трапіць да адрасата праз гэты дыпляматычны канал, было няшмат. Патрабаваўся іншы спосаб.

Трэба было знайсьці чалавека, якому б, у сваю чаргу, ня мог адмовіць ужо Ельцын. Ці які б, як мінімум, мог зьвязацца з расейскім прэзыдэнтам. З такіх асобаў дасягальны для нас быў толькі праваабаронца, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі, паплечнік акадэміка Сахарава Сяргей Кавалёў.

У тыя дні ягонае імя грымела. У Расеі пракамуністычныя выданьні пэцкалі яго брудам за змаганьне за правы жыхароў Чачні, якіх зьнішчала расейская артылерыя, якіх катавалі ў палявых пунктах ФСБ. Значная, калі ня большая частка насельніцтва Расеі мела такое ж меркаваньне (што менавіта Кавалёў, які прыехаў у Будзёнаўск, прадухіліў штурм шпіталя атрадам Басаева і фактычна ўратаваў дзясяткі закладнікаў ад сьмерці, у Расеі хутка забыліся).

Сяргей Кавалёщ, 1995
Сяргей Кавалёщ, 1995

На Захадзе пра Кавалёва казалі як пра сумленьне Расеі. За год да гэтага, у чэрвені 1995-га, мы з Пазьняком удзельнічалі ў міжнароднай канфэрэнцыі ў Кракаве, і дэлегатаў запрасілі ў мясцовы опэрны тэатар на «Набука» Вэрдзі. Калі Кавалёў з’явіўся на бальконе, усе ўсталі і некалькі хвілінаў цягнулася авацыя. Я і цяпер перакананы, што калі б у тыя гады Кавалёву далі Нобэлеўскую прэмію міру, гэта магло б уратаваць Расею ад прыходу ў Крэмль нашчадка тых, хто адпраўляў Сахарава ў ссылку ў Горкі, а Кавалёва — у турму і ў Магадан.

Адразу ж па тэлефоне зьвязаліся з Кавалёвым.

І зразумелі, што нам пашчасьціла.

Хаця і рэдка (значна радзей, чым хацелася б), але здараецца ў жыцьці зьбег акалічнасьцяў ці то ў часе, ці то ў прасторы, які шчасьліва ўплывае на лёс ці нават вызначае яго. Кожны чалавек можа прыгадаць падобнае — менавіта так звычайна завязваюцца шчасьлівыя каханьні. Зрэшты, і нешчасьлівыя — таксама.

Але ў той момант мы адчулі, як сказаў бы мой калега па дэпутацкай апазыцыі Пётра Садоўскі, «грамадзкае шчасьце».

Праз гадзіну ў Кавалёва была прызначаная сустрэча з Грыгорыем Яўлінскім, якога Кавалёў падтрымліваў на прэзыдэнцкіх выбарах. А сам Яўлінскі неўзабаве мусіў сустракацца зь Ельцыным — той быў зацікаўлены як мінімум перацягнуць яго на свой бок, а як максымум — угаварыць Яўлінскага зьняць сваю кандыдатуру з перадвыбарчай гонкі.

Кавалёў паабяцаў, што папросіць Яўлінскага паставіць перад Ельцыным пытаньне аб вызваленьні супрацоўнікаў Акадэміі навук Сіўчыка і Хадыкі.

Раніцай наступнага дня нам стала вядомыя падрабязнасьці гутаркі Яўлінскага з Ельцыным. Адразу, як лідэр «Яблыка» перадаў просьбу, Ельцын зьвязаўся па тэлефоне з Лукашэнкам.

Вытрымаўшы «паўзу самапавагі» у некалькі гадзінаў, Лукашэнка аддаў адпаведнае распараджэньне.

Грыгорый Яўлінскі
Грыгорый Яўлінскі

Пазьней, праз гады, ужо ў Празе, Яўлінскі распавёў мне падрабязнасьці той гутаркі, якая ў нейкі момант момант набыла трагікамічнае адценьне.

«Ельцин снимает трубку телефона и говорит Лукашенко:

«Александр Григорьевич, нужно что-то делать с этими вашими арестованными учёными. Проявите гуманизм! Как? Ну, я не знаю, как. Ну, если у вас там по Кодексу расстрел — дайте им, понимаешь, десять лет. Если десять — дайте только пять».

Услышав это, я вскочил с кресла: «Нет, нет, пусть на свободу выпустит! Прямо сейчас!».

Ельцин сразу понял свой промах.

«Нет. Не так. Не так! Сейчас же выпускайте их на свободу!».

Выпусьцілі спачатку Сіўчыка, які быў у рэанімацыі ў крытычным стане, а потым Хадыку.

Потым мне даводзілася чуць вэрсію, што жонка Юрыя Хадыкі пазваніла Ельцыну і гэта ейны званок спрацаваў. Жонка Хадыкі магла спрабаваць званіць у Крэмль, чаму не, але гутарка з самім прэзыдэнтам Расеі ў той час уяўляецца абсалютна нерэальнай: з кіраўніком дзяржавы ўвогуле злучаюць вельмі вузкае кола асобаў, а ў той час, як сьведчаць людзі з атачэньня Ельцына, прэзыдэнт Расеі быў у такой фізычнай форме, што дазваніцца да яго не маглі міністры ды губэрнатары, ня кажучы ўжо пра сваякоў беларускіх палітвязьняў.

«Я вымушаны быў даць Лукашэнку ўрок дэмакратыі» — заявіць потым Ельцын.

А Яўлінскі сваю кандыдатуру на карысьць Ельцына так і ня зьняў, набраўшы на выбарах пяць з паловай мільёны галасоў (7,34%) і заняўшы чацьвёртае месца пасьля самога Ельцына, камуніста Зюганава і генэрала Лебедзя.

...У хуткім часе пасьля вызваленьня Хадыкі і Сіўчыка Сяргей Kавалёў наведаў Польшчу. Ён прыехаў па запрашэньню гісторыка-архіўнага цэнтра «Карта», які ўзначальвае былы польскі дысыдэнт і зусім яшчэ не стары чалавек Зьбігнеў Глуза.

Нагодай жа для прыезду Кавалёва ў Варшаву была ягоная кніга пра вайну ў Чачні, якую выдала «Карта». Супрацоўнікі «Карты» наладзілі мне сустрэчу з Кавалёвым.

Я падзякаваў яму за дапамогу ў справе вызваленьня Хадыкі і Сіўчыка. Кавалёў з трывогай разважаў пра будучыню як Беларусі, гэтак і Расеі, сказаў, што ствараецца «беларуска-расейскі стандарт правоў чалавека», які падобны да таго, што існуе ў азіяцкіх краінах. Сказаў, што некаторыя маскоўскія палітыкі згодныя бачыць стратэгічным партнэрам нават Кітай. Тады, у 1996 годзе, такое жаданьне падавалася абсурдным — а неўзабаве яно зрабілася рэальнасьцю.

Даволі жорстка выказаўшыся пра намеры Гарбачова пасьля прыходу да ўлады (неяк хутка забылася, што аж да самога путчу ў жніўні 91-га генэральны сакратар кляўся ў вернасьці «ленінскім ідэям»), Кавалёў прааналізаваў актуальную сытуацыю, без асаблівых сымпатыяў да заходінх лідэраў. Сапраўды, тады заходнія лідэры так і не знайшлі спосабу паўплываць на адыход Ельцына ад дэмакратычных пазыцый, што скончылася прызначэньнем у якасьці пераемніка афіцэра КДБ.

У 2000 годзе я ізноў сустрэўся з Кавалёвым, ужо ў Празе ўжо ў якасьці журналіста Радыё Свабода і, адказваючы на пытаньне пра новага расейскага лідэра, Кавалёў сказаў: «Уявіце, што ў пасьляваеннай Нямеччыне канцлерам абраны былы падпалкоўнік СС».

Ацэньваючы тэлефанаваньне Ельцына Лукашэнку, можна расцэньваць яго як адказ на просьбу чалавека, якога Ельцын хацеў угаварыць зьняць сваю кандыдатуру на выбарах. Так яно, па праўдзе, і было. Але я не магу ўявіць, каб (ня важна, зь якой нагоды) такі званок зрабіў Пуцін. Ды і не рабіў ніколі — за ўсе два дзесяцігодзьдзі свайго прэзыдэнцтва і пры сотнях палітзьняволеных Лукашэнкам.

Начальнік памежнікаў загадвае нас затрымаць

21 траўня на першай паласе газэты «Свабода» была зьмешчаная інфармацыя, якая, як кажуць, асабіста зацікавіла.

«Пазьняка, Навумчыка — затрымаць...»

Улады заяўляюць, нібыта зусім ня маюць намеру арыштоўваць Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка, якія знаходзяцца цяпер у Варшаве. У сапраўднасьці ж усё выглядае якраз наадваврот: лідэраў Народнага Фронту вельмі чакаюць на мяжы.

Зь некалькіх крыніцаў рэдакцыя СВАБОДЫ атрымала інфармацыю, што на ўсіх памежных пастах Беларусі ў кнізе дзяжурнага КПП запісана наступнае ўказаньне: «Грамадзянаў РБ Пазьняка З.С. і Навумчыка С.І. пры ўезьдзе-выезьдзе — затрымаць».

Распараджэньне датавана 27 красавіка 1996 г.

Дарэчы, прыехаўшы ў Менск, Зянон Пазьняк выехаў нелегальна зь Беларусі ў польскую сталіцу толькі 8 траўня.

Мікола Грынявіцкі».

Публікацыя ў газэце "Свабода", травень 1996
Публікацыя ў газэце "Свабода", травень 1996

Грынявіцкі — гэта быў псэўданім рэдактара газэты Ігара Гермянчука, чыё імя часта сутракаецца ў гэтым расповедзе. Зь Ігарам я вучыўся на журфаку БДУ, дэпутацтваваў у Апазыцыі БНФ, разам удзельнічаў у парлямэнцкай галадоўцы.

Мы жылі зь Ігарам у інтэрнаце БДУ № 2 па Кастрычніцакай у адным блёку ў пачатку 80-х. Калі Ігар ажаніўся, я часта бываў у іх здымнай кватэрцы на Купалы, мы пачысьцілі тону бульбы на вайсковых зборах у Слоніме, а потым былі разам усе шэсьць гадоў напружанага змаганьня з апанэнтамі ў парлямэнце.

Ігар пайшоў з жыцьця ў 40 гадоў, але зробленага ім хапіла на біяграфічную кнігу «Спадар Свабода», якую напісаў Сяргей Астраўцоў, таксама наш аднакурсьнік. Назоў меў варыянты. Мой быў — «Той, хто зрываў маскі». Такое вызначэньне мела ня толькі пераносны сэнс (якраз у газэце Ігара ў Беларусі нарадзіліся журналісцкія расьсьледаваньні), але і самы прамы. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995-га, калі нас, дэпутатаў, зьбівалі людзі ў чорных масках — Ігар сарваў з двух ці трох маскі пазрываў, і тыя імгненна кідаліся на падлогу, тварам уніз, каб не патрапіць пад відэакамэры (з балькону Авальнай залі вялася здымка, стужку Лукашэнка абяцаў паказаць на тэлебачаньні, але не паказаў). Тое быў вельмі мужны ўчынак Ігара.

Ігар Гермянчук на сэсіі Вярхоўнага Савету. Здымак Уладзімера Сапагова
Ігар Гермянчук на сэсіі Вярхоўнага Савету. Здымак Уладзімера Сапагова

Я цалкам давяраў Ігару. І яшчэ ведаў ягоныя жорсткія рэдактарскія стандарты: друкаваць толькі тое, у чым упэўнены. І калі Гермянчук сказаў, што інфармацыя пра загад у яго ад некалькіх крыніцаў — значыць, адной Ігару было недастаткова, і ён па сваіх каналах інфармацыю пераправяраў.

Добрага настрою гэтая вестка нам не дадала.

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG