Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Шушкевіч выступае за рэформы


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна ТУТ

Анатоль Лябедзька (Ашмянская выбарчая акруга N 265, Горадзенская вобласьць: Я, паважаныя дэпутаты, дальбог ня ведаю, чым так праславіў нашу Беларусь Карл Маркс, каб яго прозьвішча насіла вуліца, на якой знаходзіцца Вярхоўны Савет. Гэта не такое простае пытаньне, і я асабліва лічу, добра, што ў нас у рэспубліцы застаўся такі памяркоўны падыход да помнікаў, да перайменаваньня вуліц, але гэта асаблівы момант. Бо Вярхоўны Савет — гэта палітычны орган, і ўлічваючы, што для нас (мы прызвычаіліся да гэтай назвы)... усё ж такі нават ужо ў блізкім замежжы многія палітыкі вельмі нядобра ўспрымаюць вось гэтую зьяву... Відаць, гэта штрышок, які адмоўна ўплывае на той агульны палітычны партрэт, які складваецца аб нашай рэспубліцы ў замежжы. Таму я зьвяртаюся з дэпутацкім зваротам да старшыні Менскага гарадзкога Савету, каб усё ж такі тэрмінова было разгледжана гэтае пытаньне. І я думаю, што асоба гэтага чалавека, відаць, дастойна таго, каб вывучалі яе гісторыкі, а таксама рэвалюцыянэры ў нейкіх марксісцкіх гуртках. Але калі мы думаем пра нейкі аўтарытэт нашай дзяржавы ў блізкім і далёкім замежжы, мы павінны прыняць пэўныя захады.

З выступу ў "Розным"

Пры словах «Апазыцыя БНФ» я адразу ўяўляю наш пакой нумар 363 на трэцім паверсе правага крыла (калі стаць тварам да фасаду) Дому ўраду. Апазыцыя БНФ атрымала яго ў 1990 годзе ў выніку звароту Зянона Пазьняка да тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея. Ён быў адносна вялікі, мэтраў 50–60, ля сьцяны стаяў пісьмовы стол у форме літары Т, уздоўж вокнаў — два шэрагі крэслаў. Паўсотні чалавек там маглі свабодна ўсесьціся, але такая вялікая колькасьць дэпутатаў зьбіралася рэдка (у 1993 годзе — перад пачаткам лістападаўскай сэсіі, калі на пасяджэньне Апазыцыі БНФ прыйшоў міністар унутраных спраў Уладзімер Ягораў).

Прыходзілі і актывісты-фронтаўцы, і экспэрты Ценявога кабінэту, і журналісты (хаця ўнізе, на першым паверсе, стаяў міліцыянт, але дэпутату было лёгка правесьці хоць дзесяць чалавек без усялякіх дакумэнтаў, дастаткова было сказаць «Гэта са мной»). Якраз у 1993-м намаганьнямі дэпутаткі Менскага гарсавету Галіны Вашчанкі Народны Фронт атрымае памяшканьне на Варвашэні, 8, якое надоўга ператворыцца ў штаб дэмакратычных сілаў, і колькасьць наведнікаў у 363-м пакоі зьменшыцца, але ён застанецца цэнтрам апазыцыйнага жыцьця і месцам выпрацоўкі стратэгічных рашэньняў.

Чырвоным пазначаны пакой 363, які быў замацаваны за Апазыцый БНФ (на фота Сяргея Грыца - красавіцкі срайк 1991).
Чырвоным пазначаны пакой 363, які быў замацаваны за Апазыцый БНФ (на фота Сяргея Грыца - красавіцкі срайк 1991).

Сэсія пачыналася ў 9.30 з «Рознага», але перад гэтым дэпутаты Апазыцыі звычайна заходзілі ў наш пакой — абмеркаваць нейкія дэталі тактыкі дый проста перакінуцца словам. Звычайна там ужо была Галя Сямдзянава, яна прыходзіла першай. Зьбіраліся ў пакоі ў часе вялікага (14.00–16.00) перапынку (малы, ад 12.00 да 12.30, звычайна выкарыстоўвалі на перакус у буфэце). І, канешне, некалькі гадзінаў праводзілі пасьля пасяджэньня, якое звычайна завяршалася ў 18.00. У першыя хвіліны звычайна былі ўзбуджаныя, бо не пасьпявалі астыць ад дэбатаў у Авальнай залі, але потым супакойваліся і пачыналася спакойнае абмеркаваньне.

У пачатку 1993-га ў мяне зьявіўся фотаапарат для каляровай стужкі, так званая «мыльніца», і ўвечары пасьля пасяджэньня я зрабіў пару здымкаў у нашым 363-м пакоі, якія потым часта публікаваліся; зьмяшчаю іх і ў гэтай кнізе. Здаецца, яны ці не адзіныя фатаздымкі ў пакоі парлямэнцкай апазыцыі за тыя гады.

Пасяджэньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ у 363-м пакоі Дома ўраду, пачатак 1993. Прамаўляе Зянон Пазьняк, засталом - Галіна Сямдзянава, Сяргей Папкоў, Лявонцій Зданевіч, Валянцін Голубеў, на заднім пляне - Мікалай Крыжаноўскі і Уладзімер Заблоцкі. Фота Сяргея Навумчыка
Пасяджэньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ у 363-м пакоі Дома ўраду, пачатак 1993. Прамаўляе Зянон Пазьняк, засталом - Галіна Сямдзянава, Сяргей Папкоў, Лявонцій Зданевіч, Валянцін Голубеў, на заднім пляне - Мікалай Крыжаноўскі і Уладзімер Заблоцкі. Фота Сяргея Навумчыка

Цяпер мне падаецца, што гэтая паўцемра, у якой сядзяць дэпутаты, добра перадае нашыя тагачасныя настроі — аднаўленьне дзейнасьці КПБ-КПСС аптымізму не дадавала.

10-ю сэсію, якая пачалася яшчэ ў кастрычніку 1992-га, тую самую, на якой быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах, а ў лютым 1993-га адноўленая дзейнасьць кампартыі, мы ў паведамленьні Апазыцыі БНФ вызначылі яе як «сэсію глухога і глыбокага тупіка… Чарговы раз ня здолела дэпутацкая большасьць прыняць найважнейшы закон аб уласнасьці на зямлю. Зноў прадэманстравана нежаданьне вырашыць пытаньне на карысьць народа. Закон адкладзены… Пытаньне аб зямлі дэпутаты большасьці выключылі з усіх прапанаваных законапраектаў аб прыватызацыі маёмасьці».

Увядзеньне права прыватнай уласнасьці на зямлю было адной з нашых галоўных мэтаў і на наступнай, нечарговай 11-й сэсіі, якая распачалася 23 сакавіка. А галоўнай задачай парлямэнцкай большасьці было далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД.

У пачатку сэсіі я вынес прапанову аб стварэньні адмысловай камісіі, якая б вывучыла выкарыстаньне ўрадам валютных сродкаў. На папярэднія запыты дэпутатаў апарат Саўміну даў раздрукоўку выдаткаў на замежныя камандзіроўкі — сумы, з улікам тагачаснага сярэдняга заробку 15–25 даляраў, уражвалі, за тры паездкі чыноўнік мог набыць кватэру ў сталіцы. Але гэта хаця б фармальна адпавядала закону. Куды больш пытаньняў выклікала разьмеркаваньне валютных крэдытаў і валютнай выручкі дзяржаўных прадпрыемстваў — і вось гэта было таямніцай, інфармацыю не ўдалося атрымаць нават парлямэнцкай камісіі па зьнешнеэканамічных сувязях. Аднак мая прапанова не прайшла — большасьць дэпутатаў прагаласавала за тое, каб не ўключаць пытаньне ў парадак дня.

Вяртацца пад Маскву або жыць самастойна? На сэсіі ўпершыню выявілася розьніца ў поглядах на вэктар разьвіцьця Беларусі паміж Станіславам Шушкевічам і Вячаславам Кебічам, якія зрабілі даклады аб сытуацыі ў краіне. Уласна, ім давялося выступаць некалькі разоў (у выпадку са сьпікерам парлямэнту гэта яшчэ была і прадугледжаная Канстытуцыяй справаздача). Натуральна, я ня буду стамляць чытача падрабязным пераказам палажэньняў выступаў двух найвышэйшых кіраўнікоў, але тут і пазьней дам тыя фрагмэнты, якія, па-першае, добра характарызуюць сытуацыю, якая склалася ўвесну 1993-га, а па-другое, адлюстроўваюць розьніцу палітычных пазыцый Шушкевіча і Кебіча.

Не зьмяняць курс, не віхляць, не спыняцца

Эквілібрыстыка ў палітыцы і эканоміцы — не сынонімы балянсаваньня і меры.

У сваім дакладзе «Аб эканамічнай сытуацыі, стане і разьвіцьці эканамічных адносін з краінамі Садружнасьці Незалежных Дзяржаў» Шушкевіч назваў ключавыя праблемы ўмацаваньня дзяржаўнасьці — такімі, якімі яны былі на другім годзе беларускай незалежнасьці. Я б сказаў, што гэта была цэнтрысцкая, умераная праграма. І калі адкінуць зразумелую стылістычную і лексычную розьніцу, дык, мяркую, пад большасьцю палажэньняў мог бы падпісацца і Пазьняк. Пад большасьцю — за выключэньнем некаторых, пра што крыху ніжэй.

Шушкевіч дакладна ахарактарызаваў агульную танальнасьць большасьці падкантрольных Саўміну СМІ — пра што мы, дэпутаты БНФ, казалі і раней, але гэта нарэшце прагучала з вуснаў найвышэйшай службовай асобы:

«У галовы людзей настойліва ўбіваецца думка, што дзеяньні некалькіх палітыкаў прывялі да развалу эканамічнай народнагаспадарчай сыстэмы былых рэспублік, а цяпер — краінаў СНД. Давайце паглядзім на нашу эканамічную палітыку ў рэтраспэктыўным пляне, і тады стане зразумелым яе сёньняшні выток, якасны стан, узровень рэалізацыі і пэрспэктывы. Эканоміка БССР фарміравалася як неадʼемная частка эканомікі ўнітарнай дзяржавы. Яна была арыентаваная на забесьпячэньне мэтаў былога СССР, у першую чаргу — на падтрымку ваеннага патэнцыялу ў супрацьстаяньні дзьвюх звышдзяржаў. Эканоміка Беларусі, уманціраваная такім чынам у гаспадарчы мэханізм былога СССР, згубіла, калі хочаце, не набыла самастойнасьці і трапіла ў вельмі моцную эканамічную залежнасьць». ФОТА 16

Тое самае казалі і дэпутаты Апазыцыі БНФ, калі настойліва прапаноўвалі парлямэнцкай большасьці падвесьці рысу пад старымі падыходамі і пачаць ствараць умовы для самастойнага гаспадараньня. Некаторыя заканадаўчыя прапановы эканамічнага характару нам удалося правесьці, але большасьць была адкінутая.

У пачатку 1993-га камуністы на чале з Кебічам загаварылі пра стварэньне «эканамічнага саюзу».

«Але што прадугледжвае гэты новы тып эканамічнага саюзу? — пытаўся Шушкевіч. — Давайце перастанем лавіраваць, адкінем усе слоўныя шырмы і скажам нашаму народу прама: гэты новы тып можа быць толькі адным — эканамічным саюзам у межах канфэдэрацыі дзяржаў або яшчэ дакладней — канфэдэратыўнай дзяржавай. Калі гэта так, тады ня трэба гуляць у эканамічную і палітычную эквілібрыстыку. Няхай новую эканамічную праграму прадыктуе новы цэнтар у Маскве».

Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, фота Ул. Сапагова.
Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, фота Ул. Сапагова.

Пры гэтым небясьпеку вайсковага саюзу Шушкевіч усьведамляў цалкам рэалістычна:

«Найбольш магутная падтрымка ініцыятыў у гэтым кірунку ідзе зноў жа ад прадпрыемстваў рэспублікі, якія раней уваходзілі ў склад ваенна-прамысловага комплексу (ВПК). Кіраўніцтва многіх, але, на шчасьце, ня ўсіх падобных прадпрыемстваў мяркуе, што ўключэньне Рэспублікі Беларусь у сыстэму калектыўнай бясьпекі дасьць ім шанец калі не на будучыню, дык на эканамічнае выжываньне. Наіўна разважаць, што абарончы саюз будзе гарантаваць нашай абароннай прамысловасьці стабільныя заказы... Эканоміка былога Саюзу абвалілася, ня вытрымаўшы велізарнага цяжару ВПК, гонкі ўзбраеньняў. Няўжо можна спадзявацца, што гэты цяжар, захаваны ў некранутым выглядзе, змогуць вытрымаць эканоміка і бюджэт, народ Беларусі?»

Далей Шушкевіч вызначыў стратэгічны накірунак эканамічнай рэформы, які супадаў з тым, што цягам больш як двух гадоў прапаноўвала Апазыцыя БНФ, прагрэсіўныя дэпутаты, і што ўдалося (хай і не ў ідэальным варыянце) закласьці ў заканадаўчыя акты:

«На маю думку, трэба ісьці ў тым накірунку, які мы вызначылі, не зьмяняць курс, не віхляць, не спыняцца... Меры, ажыцьцёўленыя Вярхоўным Саветам і ўрадам на першым этапе рэформаў, садзейнічалі фармаваньню рынкавай інфраструктуры, станаўленьню недзяржаўнага сэктару эканомікі. Прыняцьце такіх заканадаўчых актаў, як аб уласнасьці, прадпрымальніцтве, банках, арэндзе, аб каштоўных паперах, аб акцыянэрных таварыствах, блёку зьнешнеэканамічных законаў, дазволіла стварыць неабходныя прававыя і эканамічныя перадумовы альбо, я б сказаў, нават умовы разьвіцьця рынкавых адносінаў».

І тут варта сказаць, як з цягам часу — праз дваццаць пяць гадоў — зьмянілася ўспрыманьне некаторых фактаў. Калі ў Авальнай залі я слухаў гэтыя словы Шушкевіча, успрымаў іх скептычна. Так, нешта прынята, але ж гэта толькі ў лепшым выпадку дзясятая частка ад тых заканадаўчых праектаў, якія распрацавала Апазыцыя і прапаноўвала на кожнай сэсіі. Усё гэта вельмі і вельмі мала, можна сказаць — нішто. Такім было маё ўспрыманьне ў дзевяноста трэцім.

Праз дваццаць пяць гадоў я па-іншаму гляджу на сытуацыю.

Так, канешне, калі б парлямэнцкая большасьць прыняла ўсе нашыя законапраекты, Беларусь сёньня была б іншай. Але, аналізуючы тое, што было прынята (некаторыя з законаў Шушкевіч пералічыў у сваім выступе) — прыходзіш да высновы, што гэтыя законы адпавядалі патрэбам часу, а ў нечым нават і апярэдзілі час. У наступныя дзесяцігодзьдзі ў іх толькі ўносілі папраўкі, аснова ж заставалася тая, якая была закладзеная ў пачатку 1990-х Вярхоўным Саветам XII скліканьня. Я маю на ўвазе найперш законы ў эканамічнай, адукацыйнай і сацыяльнай сфэры. Добра ведаючы склад дэпутацкага корпусу, дзіўлюся гэтаму факту — безумоўна, дэпутаты, як гаворыцца, «скокнулі вышэй галавы».

Ніякая наступная кадэнцыя беларускага парлямэнту (ці таго, што называлася парлямэнтам) і блізка не падышла паводле ўзроўню прафэсіяналізму да першага парлямэнту незалежнай Беларусі. Але бяда была ў тым, што, прымаючы сапраўды неблагія законы, большасьць дэпутатаў не былі палітыкамі, не адчувалі палітычных патрэбаў часу, і што яшчэ горай — ставілі пад сумнеў незалежнасьць, якую яны пад ціскам БНФ абвясьцілі ў жніўні 1991-га.

Але ўжо тады, у 1993-м, мне было прыемна пачуць пра адзін закон, які Шушкевіч адзначыў у іншым сваім выступе: «Закон Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях” закладае падмурак для вырашэньня ўсіх канфліктаў і спрэчак, для захаваньня надалей плюралізму і талерантнасьці, уласьцівых нашаму грамадзтву, нашаму народу». Гэта быў «мой» закон: як сакратар Камісіі па пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, я ўзначальваў групу па ягоным стварэньні. Слова «стварэньне» тут абсалютна да месца — бо тое сапраўды была творчая праца, з удзелам ня толькі дэпутатаў ды экспэртаў, але і герархаў канфэсій — мітрапаліта Філарэта і тагачаснага кіраўніка каталіцкай царквы ў Беларусі Кандрусевіча (ён яшчэ ня быў мітрапалітам). З таго часу ў мяне склаліся добрыя адносіны з уладыкам Філарэтам. Наш законапраект у выніку зь невялікімі папраўкамі быў прыняты Вярхоўным Саветам — але ўжо ў часы Лукашэнкі быў скасаваны, замест яго зрабілі іншы, які праваабаронцы крытыкавалі за дыскрымінацыйныя палажэньні.

Кебіч: "Саюз патрэбны!"

З дакладу Кебіча прывяду толькі адзін урывак:

Вячаслаў Кебіч
Вячаслаў Кебіч

«Дзякуючы намаганьням усіх узроўняў улады, гаспадарчых структураў, нам удалося захаваць адносна прымальны сацыяльны фонд па найважнейшых складніках. Я маю пры гэтым на ўвазе тое, пра што ўжо не аднойчы казаў: у нас ніхто не галадае, ніхто ня мерзьне, ніхто дзяржавай не пакінуты на волю лёсу. Іншая справа — цяжка дзяржаве, цяжка і народу.

Тым ня менш шматлікія абаронныя прадпрыемствы апынуліся на мяжы банкруцтва. І адна з галоўных прычынаў — складанасьць загрузкі іх вузкаспэцыялізаваных магутнасьцяў.

Ужо на 1 студзеня гэтага году наша запазычанасьць Расеі складала 112 мільярдаў рублёў. Такая, на жаль, горкая праўда. Адзінае выйсьце: на погляд ураду, гэта эканамічны саюз, пабудаваны на шматбаковай аснове. Што такі саюз патрэбны, у мяне асабіста не выклікае сумненьняў…

Тым больш што стварэньне добраахвотных саюзаў зь іншымі дзяржавамі цалкам адпавядае артыкулам 10 і 11 Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце нашай рэспублікі».

Гучала гэта як — самі, без Масквы, ня можам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG