Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук: Мая кніга не пра тое, хто і як забіў Кенэдзі


У сталічнай Галерэі Ў адбылася прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Освальд в Минске».

У 2011 годзе ў «Бібліятэцы Свабоды» выйшла кніга «Сьлед матылька. Освальд у Менску» па-беларуску, а вось цяпер аўтар яе пераклаў на расейскую мову і дапрацаваў. Новая кніга выйшла ў недзяржаўным выдавецтве «Галіяфы».

Адкрыў прэзэнтацыю Зьміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва «Галіяфы»:

Belarus - Presentation of Aliaksandar Lukashuk's book "Oswald in Minsk". Minsk, 2Jun2017
Belarus - Presentation of Aliaksandar Lukashuk's book "Oswald in Minsk". Minsk, 2Jun2017

«Гэта трэцяя кніга Аляксандра Лукашука, выдадзеная „Галіяфамі“. Кніга выглядае вельмі прыгожа, дзякуючы Генадзю Мацуру, нашаму выдатнаму мастаку і дызайнэру. Мне радасна сказаць, што гэта паэма. На мой погляд, Аляксандар Лукашук напісаў вельмі добрую паэтычную кнігу»

Дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук пачаў свой выступ, як ён выказаўся, «з канца»: з падзякаваў выдаўцу, мастакам, рэдактару, карэктарам, усім, хто спрычыніўся да зьяўленьня кнігі.

«А другі дзякуй — іншы. 29 траўня, у панядзелак азначалася 100-годзьдзе прэзыдэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі. Мы ўдзячныя яму за дзьве рэчы. Першая — што не адбыўся ядзерны апакаліпсіс у 1962 годзе ў часе Карыбскага крызысу. А другая — што ён дамогся падпісаньня, ратыфікацыі і выкананьня Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў пад вадой, на зямлі і ў атмасфэры. Калі б гэтага не было, усё, што тут ёсьць, называлася б сёньня Чарнобылем. Гэта яго дзьве вялікія заслугі».

Любая кніга важная ня толькі якая яна, але і ў які час яна напісана, і гэта кніга важная па часе. Так лічыць нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч:

«Гэта кніга цікавая сёньня тым, што яна трапіла ў новы кантэкст. Сёньня аказалася, што тэрарызм прыняў зусім новыя формы: мы ў руках шалёных адзіночак. Яны робяць нам выклік. І татальнага кантролю нельга зрабіць. У гэтым пляне ваша кніга сёньня вельмі сучасная. Мы бачым, што кожныя дзень — два нешта страшнае адбываецца: у Манчэстэры, іншых месцах... Таму вельмі важна зразумець, як працавала гэтая спружына нянавісьці ў чалавека, як яна стрэліла? Чаму такая асоба ўзятая? Здавалася б, Кенэдзі — прыгожы, усьмешлівы чалавек! Як жа трэба яго ненавідзець, каб менавіта гэтую цэль выбраць? Так што гэта вельмі сучасная кніга», — сказала ў сваім відэазвароце Сьвятлана Алексіевіч.

Аляксандар Лукашук днямі запрасіў у кватэру, дзе некалі жыў Лі Харві Освальд, некалькі чалавек, якія прачыталі фрагмэнты зь кнігі: драматурга, прафэсарку Юлію Чарняўскую, журналістку Сашу Раманаву і настаўніцу літаратуры Ганну Севярынец.

«Я напісаў няправільную кнігу. Першую кнігу пра Освальда напісаў Норман Мэйлер, амэрыканскі „Талстой“, як яго часта называюць. Ён прыяжджаў у Менск у 1993-м, трапіў у архіў КДБ (пры Шушкевічу). І мне шкада, што Мэйлер напісаў гэтую кнігу — пісаць трэба было пра зусім іншага чалавека, равесьніка Освальда — дысыдэнта Сяргея Ханжанкова», — заўважыў Аляксандар Лукашук.

Падчас прэзэнтацыі кнігі дачка Сяргея Ханжанкова Вера перадала Радыё Свабода прымач, на якім бацька слухаў Радыё Свабода:

«Дзякуй, што вы памятаеце тату. Пасьля ягонай сьмерці засталася вельмі дарагая для мяне рэч — прымач, на якім ён слухаў Свабоду, якую глушылі. Я хачу гэты прымач перадаць Свабодзе — як удзячнасьць за памяць пра бацьку».

Лямпавы прымач «Менск-55» зроблены на тым самым радыёзаводзе, дзе працаваў некалі Освальд. «Свабода» была самая актуальная — кожныя паўгадзіны навіны. «Свабоду» глушылі больш за ўсё. І студэнт Сяргей Ханжанкоў вырашыў гэтую глушылку ўзарваць. І ён мог быць героем Мэйлера ў большай ступені, чым Освальд, — кажа Аляксандар Лукашук.

Мэйлер ня змог бы напісаць кнігу, калі б не было тагачаснага сьпікера Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, які некалі вучыў Освальда расейскай мове. Павал Якубовіч некалі напісаў, што кандыдатуру Шушкевіча як настаўніка Освальда ў той час узгаднялі ў Маскве. Станіслаў Шушкевіч не без пачуцьця гумару адказаў Якубовічу:

«Якубовіч — абсалютны прадстаўнік абскурантыстаў. У яго эмоцыі бяруць верх над розумам. Гэта чалавек, які ўвесь час працуе пад дахам. Яму спакойна можна гаварыць усё, таму што дахам у яго зьяўляецца Лукашэнка. Калі ўзгаднялі маю кандыдатуру ў Маскве — я ганаруся. Але я думаю, што не ўзгаднялі. Са мной гаварыў сакратар парткаму, я быў тады беспартыйны. Я думаю, ён тут узгадніў. Каб такую дробязь узгадняць на Лубянцы... Ня думаю», — кажа Станіслаў Шушкевіч.

Аляксандар Лукашук патлумачыў, чаму ён назваў кнігу паэмай. Ён прыгадаў, як падчас прэзэнтацыі ў 2011 годзе выступаў Генадзь Бураўкін і зрабіў нечаканы камплімэнт: «Асабліва хачу пахваліць аўтара за тое, што ён не пазначыў жанр. А то як напішуць! А Лукашук устрымаўся і не пазначыў».

Аўтар кнігі распавёў яшчэ адну гісторыю:

Некалі ў Празе мы сядзелі ў бары з маім расейскім калегам Анатолем Стрэляным, які вельмі добры літаратар. Ён тады быў закаханы ў адну беларускую дзяўчыну. Сядзім мы зь ім у бары, размаўляем пра літаратуру. Я кажу: чаму ў расейскай літаратуры такі бардак з жанрамі: «Яўген Анегін» — раман, а «Масква-Петушкі» — паэма? А я вось ніяк не магу вызначыцца з жанрам. «На якой мове вы напісалі, па-расейску ці па-беларуску?» — пытаецца ён. «Па-беларуску», — адказваю я. «Калі па-беларуску — то паэма. Па-беларуску ўсё —паэма», — сказаў Анатоль Стрэляны».

Аляксандар Лукашук паскардзіўся, што адным зь людзей, якія вельмі сурова падышлі да жанру паэмы быў Уладзімер Арлоў, як яго вельмі жорстка правіў. Такую колькасьць правак на рукапісу Лукашук кажа, што бачыў толькі ў рукапісе Быкава «Кар’ер», які сам сябе перакладаў на расейскую і вельмі жорстка правіў.

Уладзімер Арлоў у сваю чаргу папярэдзіў, што ягоны выступ будзе не зусім звычайны, а для кагосьці нават абуральны:

«Аляксандар Лукашук, захапіўшыся аўтаперакладам на расейскую мову, ступіў на небясьпечную сьцежку, якая ўрэшце прывяла яго на напісаньне расейскіх вершаў. Але кропкі невяртаньня ён не прайшоў. Я вырашыў дапамагчы Аляксандру Лукашуку вярнуцца да сваёй спрадвечнай матчынай мовы. Таму я вырашыў перакласьці яго рускамоўныя вершы на мову, напэўна, арыгіналу... Я вырашыў пачаць зь верша, які называецца ў арыгінале „Перевод“, а ў перакладзе — „Пераклад перакладу“. У вершы адлюстраваліся пакуты Аляксандра Лукашука над сваім уласным беларускамоўным тэкстам».

"Без беларускай кнігі пра Освальда не было і новай кнігі на расейскай мове, — кажа аўтар. — І гэтай кнігі не было б без рэдактара, які аказаўся абсалютна бязьлітасным, жорсткім, які ня ведаў прыметнікаў, а гаварыў толькі дзеясловамі і назоўнікамі. Гэта Сяргей Дубавец, аўтар бліскучага рамана «Сіні карабель у блакітным моры плыве». Аляксандар Лукашук запытаўся Дубаўца, што такое, на яго думку, літаратура «нон-фікшн».

«Зараз адбываецца даволі выразны падзел. Я думаю, яшчэ гадоў праз дзесяць і Дастаеўскі будзе лічыцца "нон фікшн".

Калі прывязвацца да кнігі Аляксандра Лукашука — ён робіць неверагодную рэч. Ён робіць Освальда менскім культурным героем. І шмат хто ўспрымае гэтага забойцу Кенэдзі як свайго, як заўсёдніка менскай опэры, які слухае "Пікавую даму". Першая кніга Лукашука выйшла як "нон фікшн", другая— як паэма, трэцяя павінна быць опэра... Хтосьці прапаноўвае павесіць шыльду на доме, дзе жыў Освальд. Я кажу: а чаму помнік не паставіць каля опэрнага тэатру? У вобразе Германа. "Уж полночь близится, а Германа всё нет"...

Усё гэта, вядома, адбываецца таму, што Лукашук мае вялікі плюс у адносінах да свайго героя: ён любіць яго. Пісьменьнік павінен любіць сваіх герояў — і адмоўных, і станоўчых. І тады атрымліваецца добрая літаратура. І гэтая любоў перадаецца і чытачам Лукашука, і іншым аўтарам, якія спрабуюць пісаць на гэтую тэму. Тады і ўзьнікае "культурны герой". Зараз у публікі вялікая ўвага да Менску. І вось гэтая любоў да Менску, любоў да Освальда як да культурнага героя напаўняе нас творчай энэргетыкай, і мы выходзім на вуліцу шчасьлівымі».

Аляксандар Лукашук пагадзіўся: «Так, Лукашук любіць свайго героя, але ня Освальда».

На прэзэнтацыі паказалі фрагмэнты дакумэнтальнага фільму Радыё Свабода пра Освальда.

«Мая кніга не пра тое, хто і як забіў Кенэдзі. Мая кніга пра жыцьцё ў Менску амэрыканца, пра савецкае жыцьцё вачыма гэтага амэрыканца, і пра амэрыканца вачыма савецкай улады. Мая кніга выйшла спачатку на сайце Радыё Свабода, потым гучала ў эфіры, потым у сэрыі „Бібліятэка Свабоды“. Сёлета ў гэтай сэрыі мы чакаем яшчэ некалькі кніг — Сяргея Навумчыка, Вінцука Вячоркі. А нядаўна выйшла кніга Зьмітра Бартосіка „Быў у пана верабейка гаварушчы“, якую паставіў нядаўна „Свабодны тэатар“, — распавёў Аляксандар Лукашук.

Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін кажа, што Радыё Свабода сваімі выдавецкімі праектамі намацала новую танальнасьць, калі нон-фікш літаратура можа станавіцца своеасаблівым хітом:

„Гэта літаратура вельмі сцэнічная і кінематаграфічная, якая просіцца на сцэну. Першай кнігай стала кніга Зьмітра Бартосіка „Быў у пана верабейка гаварушчы“. Другая кніга — Лукашука пра Освальда. Гэта, на мой погляд, дзьве вельмі цікавыя знаходкі і для аматараў сур’ёзнага чытаньня, і для тых, хто хоча паспрабаваць рэалізаваць гэтыя працы ў кіно і ў тэатры. Яшчэ адзін вельмі выгадны момант, як мне падаецца, гэта тое, як Алесь прадставіў сваю працу — ён яе прэзэнтаваў як паэму. Гэта набор вялікай колькасьці маленькіх глаў, якія гучаць вельмі паэтычна, якія гучаць не як жорсткі графічны малюнак і не як фатаграфія, а як фрэска. Фрэска героя, пра якога мы нічога ня ведаем. Мы ня ведаем, ці наагул ён герой. Мы ведаем яго жыцьцё зь першай хвіліны да апошняй хвіліны. Яна была прэпарыраваная многімі літаратарамі, але ніколі яна не была прадстаўлена так паэтычна“ Мы ня ведаем, ці зьдзяйсьняў ён той кашмарны ўчынак, які яму прыпісваюць».

Трагедыя, якая адбылася ў Даласе, абарвала жыцьці адных людзей, павялічыла колькасьць сьлёз у сьвеце, зьмяніла кар’еры іншых, але яна не зьмяніла хаду гісторыі, — падсумаваў аўтар.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG