Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як быў зьнішчаны апошні шанец


Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў за рэфэрэндум, 16 красавіка 1992. Фота Ўладзімера Сапагова

Драматычная гісторыя барацьбы за рэфэрэндум аб новых выбарах, калі камуністычная намэнклятура перакрэсьліла 446 тысячаў подпісаў грамадзянаў.

ПУНКТ НЕЗВАРОТУ

Калі пытаюцца, на якім этапе найноўшай гісторыі Беларусі дэмакратыя страціла апошні шанец, а ўмацаваньне аўтарытарызму зрабілася непазьбежным, перад адказам заўсёды падкрэсьліваю ягоную ўмоўнасьць. Бо шанец — хай і самы невялікі — заўсёды застаецца, але чым далей, тым большага ён вымагае. Іншая справа, што ў грамадзтва можа не хапіць сілы, а ў эліты — палітычнай волі.

Пры Лукашэнку такой падзеяй можна лічыць начное падпісаньне ў лістападзе 1996 году пагадненьня пры ўдзеле «крамлёўскага дэсанту», калі была страчаная магчымасьць імпічмэнту. Але наіўна было б чакаць іншых паводзінаў ад былога сакратара ЦК КПБ Ціхіні і сьпікера парлямэнту Шарэцкага, які быў вядомы заявай, што падпісаньне «саюзнай дамовы» — самы шчасьлівы дзень у ягоным жыцьці. Потым яны апраўдваліся, што Лукашэнка іх падмануў — але ці ў навіну ўжо тады быў падман ад Лукашэнкі?

А ці можна было не дапусьціць Лукашэнку да ўлады? І калі быў выпушчаны джын з бутэлькі? На выбарах летам 1994-га? Альбо вясной 1994-га, калі ў Канстытуцыю было ўведзена прэзыдэнцтва? Ці раней, у сьнежні 1993-га, калі Лукашэнка прачытаў па прамой тэлерадыётрансьляцыі сумнавядомы «антыкарупцыйны» даклад? Ці яшчэ раней, у чэрвені 1993-га, калі Лукашэнку прызначылі старшынём антыкарупцыйнай камісіі?

Але і прызначэньне Лукашэнкі, і ўвядзеньне прэзыдэнцтва «пад дыктатара» былі б немагчымыя, калі б Вярхоўны Савет быў дэмакратычны паводле свайго складу. Абраць такі Вярхоўны Савет шанец быў. Але ён быў страчаны 29 кастрычніка 1992 году, калі большасьць дэпутатаў ВС праігнаравала волю 442 тысяч грамадзян, якія выказаліся за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах паводле новага выбарчага закону.

Лідэр Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня Зянон Пазьняк, да якога я зьвярнуўся з просьбай падзяліцца развагамі ў часе працы над гэтай кнігай, называе яшчэ ранейшую дату: «Па маёй ацэнцы, будучыня дэмакратычнай Беларусі пайшла пад адхон у красавіку 1992-га, калі Шушкевіч выступіў разам з камуністамі і адмовіўся прызначыць дату рэфэрэндуму. Потым Шушкевіч паўгода не склікаў сэсію Вярхоўнага Савету, каб даць магчымасьць падрыхтавацца і скансалідавацца антыбеларускай рэакцыі… Вялікі шанец Беларусі быў кінуты пад ногі… Гісторыя Беларусі пераламалася якраз тады, у красавіку 1992-га, калі была страчаная рэальная магчымасьць краіны прыдбаць нацыянальную будучыню і зьмяніць свой лёс. У кастрычніку таго году адбыўся фінал здрады і самагубства».

Як бы там ні было, але менавіта праз 1992-гі прайшла тая рыса, пасьля якой, як цяпер разумею, уратаваць Беларусь ад аўтарытарызму мог толькі цуд.

Але ў палітыцы, зрэшты, як увогуле ў жыцьці, цуды здараюцца рэдка.

Гэтая кніга распавядае пра асноўныя падзеі 1992-га і ня толькі зьвязаныя з рэфэрэндумам. Большай часткай пра тыя падзеі, удзельнікам або сьведкам якіх давялося быць аўтару.

НОВАЯ КРАІНА — НОВАЯ ЎЛАДА

Для лепшага разуменьня падзеяў 1992 году варта зрабіць невялікую гістарычную рэтраспэкцыю і вярнуцца ў год папярэдні, у апошнія месяцы 1991-га, бо менавіта тады завязаліся калізіі, вырашыць якія спрабаваў Народны Фронт, апэлюючы да падтрымкі народу.

25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет прыняў патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ і надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Беларусь зрабілася незалежнай краінай.

Гэта быў максымум, які мы маглі выціснуць з камуністычных дэпутатаў. Яны былі згодныя пайсьці на тое, што яшчэ ўчора адмаўляліся зрабіць — прагаласаваць за Незалежнасьць — абы толькі захаваць уладу. Аддаваць жа ўладу не зьбіраліся — а ў нас не было магчымасьцяў, каб гэтую ўладу ў іх забраць.

Той, хто пазьней будзе казаць пра нібыта рэальнасьць узяцьця ўлады ў тыя жнівеньскія дні, павінен улічыць, што парлямэнцкім шляхам зрабіць гэта было нерэальна, а «штурм», пра які кажуць некаторыя гарачыя галовы, меў бы толькі адзін вынік. Той, хто вырашыў бы ісьці на штурм (Чаго? Будынку ЦК? Дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая. Дому ўраду? Будынку КДБ?), мог разьлічваць на некалькі тысяч грамадзянаў на плошчы і некалькі сотняў тых, хто запісаўся ў нацыянальную гвардыю. Вось толькі ніводнай стрэльбы, ніводнага пісталета, ніводнага патрона ня мелі гэтыя гвардзейцы. А войска, КДБ і міліцыя былі цалкам узброеныя, і камандуючы вайсковай акругай Кастэнка, старшыня КДБ Шыркоўскі і міністар унутраных справаў Ягораў ясна заявілі дэпутатам, што «не дапусьцяць беспарадкаў». Той, хто сумняваецца ў тым, што спэцвойскі (значную частку якіх — калі ня 100 працэнтаў — у той час складалі выхадцы не зь Беларусі) пачалі б страляць — хай прыгадае Сумгаіт, Баку і Вільню. І ўжо абсалютна бясспрэчна, што ні пра які сувэрэнітэт Беларусі пасьля гэтага казаць бы не давялося — Крэмль атрымаў бы выдатны козыр для ўвядзеньня надзвычайнага становішча цяпер ужо пад патранажам Гарбачова (альбо Ельцына — ня бачу розьніцы).

Мы, дэпутаты БНФ, адразу запатрабавалі новых выбараў у Вярхоўны Савет, што было лягічна: новая краіна — новы парлямэнт і новы ўрад. Але выбары — справа не аднаго дня, а былі крокі, якія нельга было адкладаць і на дзень.

Мы падрыхтавалі блёк законапраектаў, накіраваных на ўмацаваньне дзяржаўнасьці — якія, як выказваўся Пазьняк, «трэба было прымаць учора» — аб уласнай валюце, аб войску, аб уласнасьці ды іншыя, аднак намэнклятура не жадала прымаць іх і «заўтра».

19 верасьня 1991 году на нечарговай сэсіі ВС надаў статус дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-беламу сьцягу і «Пагоні» — і, падобна, на гэтым «адраджэнскі» патэнцыял парлямэнту (у значнай ступені каталізаваны Апазыцыяй БНФ) быў вычарпаны. У кастрычніку быў прыняты Закон аб грамадзянстве, але былі адкінутыя іншыя прапанаваныя намі законапраекты — «Аб прыватнай уласнасьці на зямлю», «Аб падаткаабкладаньні», «Аб абароне і нацыянальнай бясьпецы» ды некаторыя іншыя.

Успамін ад тых дзён — адчуваньне страчанага часу. Гэта быў пераломны пэрыяд, калі адзін дзень вырашаў часам болей, чым у іншыя часы вызначае год або нават дзесяцігодзьдзе, калі трэба было «каваць жалеза» — тым болей што суседнія краіны выкарыстоўвалі магчымасьці, у тым ліку і коштам нацыянальных інтарэсаў Беларусі.
Былі тры вызначальныя фактары — адносіны з Расеяй, адносіны з Крамлём і ўнутрыпалітычны, якія выявілі няздольнасьць і Вярхоўнага Савету, і ўраду адаптавацца да новых умоваў.

ВАЛТУЗЬНЯ ВАКОЛ «АБНОЎЛЕНАГА САЮЗУ»

25 жніўня 1991 году Беларусь юрыдычна абвясьціла сябе незалежнай краінай.

Гэтага рашэньня зь юрыдычнага пункту гледжаньня было цалкам дастаткова для стварэньня ўласнай валюты, уласнага войска, для самастойнай міжнароднай палітыкі.

Заставаўся Крэмль, а ў ім — Гарбачоў? Добрага Вам здароўя, Міхаіл Сяргеевіч, дзякуй і за перабудову, і за галоснасьць. Вы і самі не жадалі і не чакалі такога выніку (пэўна, жадалі нават супрацьлеглага), але мы цяпер — сувэрэнная дзяржава.

Так паставіліся да сытуацыі Літва, Латвія, Эстонія, кіраўніцтва якіх абрала шлях самастойнага разьвіцьця.

Інакш паводзіла сябе кіраўніцтва Беларусі.

У верасьні 1991 году сабраўся Зьезд народных дэпутатаў СССР — апошні раз. «Кепскую паслугу рэспубліцы зрабіў старшыня Вярхоўнага Савету С. Шушкевіч у часы Зьезду народных дэпутатаў Саюзу. Калі народныя дэпутаты СССР А. Дабравольскі і С. Габрусеў настойвалі, каб у пастанове было запісана, што Зьезд прызнае аб’яўлены сувэрэнітэт і незалежнасьць рэспублік, Шушкевіч згадзіўся са зьмененай за ноч фармулёўкай «с уважением относится» да сувэрэнітэту. Цяпер задача нашых дэпутатаў-прадстаўнікоў у Вярхоўным Савеце Саюзу — дабівацца, каб ён прызнаў наш сувэрэнітэт», — пісаў Анатоль Сідарэвіч у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» 23 кастрычніка.

Зрэшты, Вярхоўны Савет СССР ужо нічога не вырашаў, але заставаўся прэзыдэнт СССР Гарбачоў, якому пакуль яшчэ падпарадкоўваліся Ўзброеныя сілы і КДБ.

Мы запатрабавалі (выносілі гэта на сэсію ВС у верасьні, кастрычніку і ў лістападзе) стварыць уласнае Міністэрства абароны, але большасьць дэпутатаў адкінула гэтую прапанову (пазьней стварылі Міністэрства па справах абароны зь няпэўнымі функцыямі).

Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч увязаўся ў ініцыяваны Гарбачовым «новаагароўскі» (паводле назвы падмаскоўнай рэзыдэнцыі) працэс, езьдзіў у Маскву на выпрацоўку аднаго, другога, трэцяга варыянту «абноўленага Саюзу».

Мы казалі: трэба заняцца нашымі справамі, а Станіслаў Станіслававіч езьдзіў у Маскву.

І пры гэтым самі абставіны вымушалі падпісаць двухбаковыя эканамічныя і палітычныя пагадненьні — і ў тыя дні яны былі заключаныя з Украінай, Малдовай, Азэрбайджанам, Кіргізстанам, Латвіяй, была падпісаная Дэклярацыя аб супрацоўніцтве і ўзаемаразуменьні з Польшчай... Вось у гэтым накірунку, настойвалі мы, і трэба ісьці.
Але кіраўніцтва Беларусі глядзела на Крэмль.

Праявай гэтай бяздумнай адданасьці было тое, што яшчэ ў лістападзе 1991 году Беларусь пералічвала значную частку выдаткаваных зь бюджэту на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС сродкаў… не, ня ў Брагін, Чэрыкаў і ня ў Хойнікі.

А адсылаліся гэтыя сродкі ў Маскву, у інстытут акадэміка Ільіна, які праславіўся канцэпцыяй «няшкоднага пражываньня ў радыеактыўных зонах».

Мне цяжка назваць больш красамоўны прыклад палітычнага халуйства.

МАСКВА: ПАЛІТЫКА НЕПРЫХАВАНАГА ШАНТАЖУ

Словы Пазьняка пра фармаваньне ў Расеі «маладой агрэсіўнай імпэрыі ў форме дэмакратыі», якія 25 жніўня адыгралі вызначальную ролю пры галасаваньні за Незалежнасьць, спраўдзіліся значна раней, чым можна было чакаць.

Ужо празь некалькі дзён пасьля абвяшчэньня і Беларусьсю і Ўкраінай незалежнасьці Крэмль вуснамі прэсавага сакратара прэзыдэнта Ельцына заявіў, што «РСФСР оставляет за собой право поставить вопрос о пересмотре границ».

Палітычныя заявы падмацоўваліся рэальнымі дзеяньнямі.
Тое, што рабілі Ельцын і Гайдар у дачыненьні да Беларусі ў галіне эканамічных сувязяў, асабіста я магу вызначыць выключна і толькі як эканамічны шантаж.

З аднаго боку, расейцы — калі сыходзіць зь меркаваньняў свабоднага рынку — нібыта мелі поўнае права ўсталёўваць якія заўгодна кошты на нафту і сыравіну. Але з другога — у распрацоўцы тых самых нафтавых радовішчаў бралі ўдзел і беларусы, і тут трэба было ясна і недвухсэнсава заявіць свае правы. У нас быў вельмі моцны козыр у такіх перамовах — транзыт нафты і газу ў Эўропу пралягаў празь Беларусь.

Мы штодня (гэта не перабольшаньне) казалі аб гэтым і на сэсіі ВС, і ў прэсе, і на мітынгах — але безвынікова.

Пасіўнасьць кіраўніцтва абурала ня толькі нас, актывістаў БНФ, але і прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў.

У тыя дні член цэнтральнай Рады БСДГ Анатоль Сідарэвіч пісаў у тыднёвіку «Літаратура і Мастацтва»:

«С. Шушкевіч клянецца ў вернасьці Саюзу. Ён быццам ня бачыць, што Саюзу практычна няма, а ёсьць Расея, што М. Гарбачоў стаў закладнікам у Б. Ельцына. Ён быццам ня бачыў і ня ведаў, што Б. Ельцын падбірае пад сябе структуру Міністэрства замежных справаў СССР. Ён быццам ня бачыць і ня ведае, што прыкрываючыся размовай пра адзінае войска і флёт, Ельцын, па сутнасьці, кантралюе Савецкую Армію і ВМФ, што праз год-другі ня будзе Ўзброеных Сіл СССР (яны зьніклі праз тры тыдні — С.Н.)... Правапераемніцай СССР Ельцын аб’явіў Расею. Ён жа заявіў аб прэтэнзіі на алмазны і залаты фонд СССР... Мы можам стаць расейскай калёніяй дзеля нерашучасьці спадара С. Шушкевіча» («Літаратура і мастацтва», 15 лістапада 1991).

Сытуацыя пачала мяняцца ў сьнежні, калі ў Віскулях быў канстатаваны распад СССР як “геапалітычнай рэальнасьці”. За Беларусь подпісы паставілі Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч. Аднак і Вярхоўны Савет, Савет міністраў былі не гатовыя для цяпер ужо непазьбежнай неабходнасьці ўзяць адказнасьць за незалежную краіну ў свае рукі.

На здымку: Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў за рэфэрэндум, 16 красавіка 1992. Фота Ўладзімера Сапагова, архіў "Вытокі"

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG