Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне ёсьць аптымізм: мы на парозе пераменаў». Станіслаў Шушкевіч пра добрае ў 2021 годзе


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Свабода зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Такім чынам мы паспрабавалі адшукаць крупінкі радаснага, добрага і сьветлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі.

На наша пытаньне адказвае Станіслаў Шушкевіч, якому сёньня спаўняецца 87 год.

— Я ў захапленьні ад нашых лекараў, мэдыкаў. У надзвычай цяжкіх умовах, ва ўмовах пандэміі яны самааддана працуюць. Самому давялося знаходзіцца ў шпіталях, і жонка часта бывала ў паліклініцы. Цэлы дзень мэдыкі ў масках, у «скафандрах». Такіх адданых сваёй справе людзей цяжка знайсьці.

Хоць ковід — бяда агульная. Можна было лепей зь ёй змагацца, але кіраўніцтва краіны наагул хацела змагацца трактарам і спортам. У тых умовах, што ёсьць, мэдыкі сьвята трымаюцца клятвы Гіпакрата. Беларусь можа ганарыцца сваімі лекарамі.

Другое, што радуе: у Беларусі зьявіліся лідэры — не бязглуздыя, як нашы галоўныя кіраўнікі, ня тыя, што працуюць паводле прынцыпу: «Я начальнік, ты дурань». Адкуль зьявілася жанчына, якая ведае замежныя мовы, якая прымаецца прэзыдэнтамі замежных краін? Гэта вельмі важна, што такія лідэры зьяўляюцца ў Беларусі — граматныя, разумныя, з абгрунтаванай пазыцыяй, паліталягічнай сьвядомасьцю. Я вельмі захапляюся гэтай жанчынай, яе абаяньнем, мужнасьцю, розумам.

Радуе тое, што ёсьць у нас пісьменьнікі, якія займаюцца гістарычнымі праблемамі. Я зь імі сябрую, яны дасылаюць мне ў электроннай форме свае новыя кніжкі, творы, дасьледаваньні. Шмат пішуць, добра пішуць, займальна пішуць — чытаць хочацца далей. І дасканала ведаюць гісторыю. Я проста дзіўлюся, што можна падаць гісторыю Беларусі як мастацкі твор! Але вось не магу назваць публічна іх прозьвішчы — бо ў іх могуць узьнікнуць праблемы.

На жаль, наша дзяржава пабудаваная паводле прынцыпу дзяржаўнага тэрарызму. І Дэклярацыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў аб дзяржаўным тэрарызьме 1987 году гэта ўсё тлумачыць. Зараз гэта ў нас у самым чыстым выглядзе. Але ж гэта было і ў Савецкім Саюзе — там таксама кіраваў страх. Але тут ён доўга панаваць ня будзе, таму што гэта ўжо немагчыма. Калі Amnesty International прызнала палітзьняволенымі амаль тысячу беларусаў — то што гэта за дзяржава? Гэта бандыцкая краіна і прымітыўнае кіраўніцтва! Гэта ваяўнічае невуцтва. І гэта пачынаецца ад нашага нелегітымнага кіраўніка.

Улада ў нас захварэла на наркаманію. Улада — гэта для іх наркотык. Заўважце: амэрыканскі кіраўнік можа быць прэзыдэнтам 2922 дні. І ні на адзін дзень ня больш. А ў нас Лукашэнка ўжо ў 3,5 раза больш! А што ён добрага зрабіў? Па асноўных паказьніках у Эўропе Беларусь на апошнім месцы. Гэта доўга працягвацца ня можа. Людзі бачаць, як жывуць палякі, як жывуць літоўцы — гэта зусім іншае жыцьцё. І так доўга ў Беларусі ўжо працягвацца ня будзе.

На жаль, я ўжо не магу ўдзельнічаць у тым, што хацеў бы рабіць. Я ўжо пераўзышоў сярэднестатыстычны ўзрост беларуса — мне 87.

У мяне ёсьць запрашэньні ў Гарвард, у Ейльскі ўнівэрсытэт, у Кембрыдж, у Оксфард — зь лекцыямі ў гібрыднай форме, з паездкамі. Я ня змог паляцець у Вену — дрэнна адчуваў сябе.

Але ў мяне ёсьць аптымізм. Я перакананы, што нам наканавана лёсам: наша моладзь павінна жыць у нармальнай, сьветлай, дастойнай, дэмакратычнай Беларусі. Яна, мне здаецца, гэтага заслугоўвае. І ідзе гэтым шляхам.

Станіслаў Шушкевіч — палітык.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG