Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніколі ў жыцьці я не назіраў такой канцэнтрацыі шчырасьці, дабрыні, любові». Палітвязень Андрэй Аляксандраў пра добрае ў 2021-м


Андрэй Аляксандраў

Свабода зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што Вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Такім чынам мы паспрабавалі адшукаць крупінкі радаснага, добрага і сьветлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі.

Сёньня на наша пытаньне з-за кратаў адказвае Андрэй Аляксандраў.

— Калі я думаю аб тым, што мяне парадавала ў 2021 годзе, я найперш думаю пра людзей, якія сёлета напісалі і адаслалі тысячы лістоў, паштовак і тэлеграмаў (ну і ня будзем забываць пра перадачы). Бадай, ніколі ў жыцьці я не назіраў такой канцэнтрацыі шчырасьці, дабрыні, любові, салідарнасьці, чалавечай цеплыні.

Мяне радавала, калі людзі праз расчараваньне, бездапаможнасьць і больш шукалі, і, спадзяюся, знаходзілі адказы і сэнсы; не здаваліся, не спыняліся.

Мяне радавала, калі людзі прызнавалі памылкі і пачыналі задумвацца над важнымі рэчамі, над якімі не задумваліся раней.

Андрэй Аляксандраў пераклаў за кратамі гімн ФК «Лівэрпуль» на беларускую мову
Андрэй Аляксандраў пераклаў за кратамі гімн ФК «Лівэрпуль» на беларускую мову

Мяне парадавала, што я не расчараваўся ў ніводным чалавеку, якога/якую лічыў сябрам, і завёў шмат новых сяброў.

Мяне вельмі радавалі, зусім як у клясыка, «простыя словы, простыя рэчы»: тое, што бацькі пішуць, быццам усё ў норме (ніколі ж не прызнаюцца, калі й не); кляновы лісток ці засохлая кветачка ў лісьце; калі сьледчы пасьля допыту перадае словы каханьня ад любай дзяўчыны; калі сябра піша, што ў бясьпецы; калі сяброўка дасылае тэлеграму, што «Лівэрпуль» забіў пяць разоў на «Олд Трафард» і цытуе гімн клюбу, які я пераклаў на родную мову: «Ты ніколі ня будзеш адзін».

Так, мяне парадавала, што я моцна адчуваў увесь гэты год: я ніколі ня буду адзін. Троху выглядае на пекла для інтравэрта, але насамрэч гэта вельмі моцнае адчуваньне, якое натхняе і не дае згубіцца.

Дзякуй вам за гэты год!

Андрэй Аляксандраў — журналіст і мэдыямэнэджар, палітвязень. Арыштаваны ў студзені 2021; у чэрвені Аляксандраву выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Трымаюць яго ў СІЗА № 1 Менску («Валадарцы»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG