Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі ідуць на Данбас, прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі ў Кіеве. 49-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Баі ў Марыюпалі, 11 красавіка
Баі ў Марыюпалі, 11 красавіка

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Войскі Расейскай Фэдэрацыі зь Белгарадзкай вобласьці Расеі прасоўваюцца на ўсход Украіны, пра гэта сьведчаць спадарожнікавыя здымкі.
  • Прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі накіраваліся на цягніку ў Кіеў.
  • Тэхнічны сакратарыят Арганізацыі забароны хімічнай зброі пры ААН устрывожаны інфармацыяй аб прымяненьні ў Марыюпалі хімічнай зброі і ўважліва маніторыць сытуацыю ва Ўкраіне.
  • Ва Ўкраіне затрымалі кума Пуціна Віктара Медзьведчука, які раней уцёк з-пад хатняга арышту.
  • Лукашэнка і Пуцін назвалі масавыя забойствы ў Бучы «спэцапэрацыяй англічан» і «фэйкам».
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн упершыню назваў вайну Расеі супраць Украіны «генацыдам».
  • На Херсоншчыне, побач з адміністрацыйнымі межамі Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласьцей, працягваюцца баі.
  • Зяленскі заявіў пра дзясяткі тысяч загінулых у аточаным расейцамі Марыюпалі, дзе ідуць баі.
  • У вёсцы Бузавая Кіеўскай вобласьці знайшлі брацкую магілу зь целамі дзясяткаў цывільных асобаў.
  • ААН пацьвердзіла гібель амаль 1800 мірных жыхароў падчас вайны Расеі супраць Украіны.
  • ААН пацьвердзіла гібель 142 дзяцей і 229 параненых па стане на нядзелю, але заявіла, што «сапраўдныя лічбы, безумоўна, нашмат вышэйшыя, улічваючы маштаб атак».

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 13 красавіка

Прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі едуць на цягніку ў Кіеў

Прэзыдэнты Дуда, Наўседа, Карыс і Левітс ужо знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны і правядуць у Кіеве сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім. Яны едуць у Кіеў на ўкраінскім цягніку.

Украіну за час вайны ўжо наведалі:

  • старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен;
  • вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль;
  • прэмʼер-міністар Славаччыны Эдуард Гегер;
  • кіраўніца ўраду Літвы Інгрыда Шыманіце;
  • прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан;
  • канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр;
  • дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі;
  • прэмʼер-міністры Чэхіі — Пэтар Фіяла, Польшчы — Матэвуш Маравецкі і Славеніі — Янэз Янша.

У рамках візыту прэзыдэнты Польшчы і краін Балтыі наведалі Барадзянку Кіеўскай вобласьці.

Украіна заяўляе пра ўдар па расейскім ракетным крэйсэры «Масква»

Дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч паведаміў пра пажар на борце расейскага ракетнага крэйсэра «Масква», што цяпер у Чорным моры.

«510 чалавек на борце. Мы ня можам зразумець, што адбылося. Ці то два матросы курылі ня ў тым месцы. Ці то парушылі чарговым разам якія-небудзь меры бясьпекі. Як не шанцавала Белгараду, так і «Маскве» не пашанцавала. Хачу сказаць, што гэта той карабель, які паслалі на *** [украінскія памежнікі з вострава Зьмяіны]», — сказаў Арастовіч.

У сваю чаргу, кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Марчанка заявіў, што ў крэйсэр «Масква» трапілі ўкраінскія крылатыя ракеты «Нэптун».

У Расеі пакуль ніяк не камэнтавалі інфармацыю.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Контранаступ у Новаайдары

Пасьля атакі ўкраінцаў расейцы страцілі шмат тэхнікі і боепрыпасаў.

У Сумскай вобласьці пасьля адступленьня расейскіх войскаў знайшлі больш за сотню целаў мірных жыхароў

Пра гэта паведаміў кіраўнік вайсковай адміністрацыі рэгіёну Дзьмітры Жывіцкі. Ён удакладніў, што колькасьць знойдзеных увесь час павялічваецца, «знаходзяць целы са зьвязанымі рукамі, са сьлядамі катаваньняў, расстраляныя стрэламі ў галаву». Таксама знаходзяць расстраляныя аўтамабілі, у якіх няма пасажыраў. Што зь імі стала — пакуль невядома.

870 тысяч чалавек вярнуліся ва Ўкраіну з пачатку вайны

Пра гэта паведаміў сьпікер Дзяржпагранслужбы Андрэй Дземчанка, піша «Ўкраінская праўда». Паводле яго, у першыя дні колькасьць тых, хто вяртаўся, была на ўзроўні 10 тысяч чалавек, пераважна гэта былі мужчыны. Цяпер іх колькасьць узрасла да 25–30 тысяч чалавек штодня, у тым ліку шмат жанчын, дзяцей і пажылых людзей. Усяго з 24 лютага з Украіны выехалі 3,3 мільёна грамадзян.

Кіеўскі мэр Віталь Клічко тым часам заявіў, што ва ўкраінскую сталіцу вярнуліся ўжо 2/3 людзей, якія выехалі з гораду ў першыя тыдні вайны.

У «Азове» прызналі, што асобныя марпехі здаліся расейцам

Падразьдзяленьне Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны «Азоў» і частка 36-й брыгады марской пяхоты змаглі злучыцца ў Марыюпалі і працягваюць змагацца за горад, заявілі іх каманды ў відэазвароце. Пры гэтым яны прызналі, што частка байцоў (верагодна, 36-й брыгады марской пяхоты) здалася ў палон.

«Не рабіце герояў з дэзэртэраў і байцоў, якія добраахвотна здаліся ў палон. Яны выбралі шлях ганьбы. Ні ў якім разе гэтых людзей гераізаваць ня варта», — гаворыцца ў звароце камандзіраў.

Пра здачу ў палон байцоў 36-й брыгады марской пяхоты заяўляла Мінабароны Расеі.

Зяленскі заклікаў сьвет рэагаваць на атруту ў Марыюпалі

У сваім вечаровым звароце 13 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пракамэнтаваў абвінавачванні ва ўжываньні атрутнага рэчыва ў Марыюпалі.

Паводле яго, украінскія ўлады «вельмі ўважліва ставяцца» да гэтых паведамленьняў. Ён адзначыў, што ў заблякаваным Марыюпалі немагчыма правесьці поўны аналіз таго, якое рэчыва было выкарыстана.

«Улічваючы неаднаразовыя пагрозы расейскіх прапагандыстаў ужыць хімічную зброю супраць абаронцаў Марыюпалю, а таксама неаднаразовае прымяненьне расейскай арміяй, напрыклад, фосфарных боепрыпасаў ва Ўкраіне, сьвет павінен адказаць цяпер. Рэагаваць прэвэнтыўна. Таму што пасьля прымяненьня зброі масавага зьнішчэньня любы адказ нічога ня зьменіць. І гэта будзе выглядаць толькі прыніжэньнем для дэмакратычнага сьвету», — заявіў Зяленскі.

Абстрэлы Луганскай і Хмяльніцкай абласьцей, баі на Херсоншчыне

12 красавіка падчас паветранай трывогі расейцы нанесьлі ракетны ўдар па аб’екце інфраструктуры ў Хмяльніцкай вобласьці. У выніку ўзьнік пажар, які ўжо патушылі. Пацярпелых няма, сьведчыць справаздача мясцовай абласной вайсковай адміністрацыі, піша «Українська правда».

У Харкаве акупанты працягваюць абстрэлы мірнага насельніцтва. Расейцы пачалі абстрэльваць увесь горад сыстэмамі залпавага агню зь мінамі запаволенага дзеяньня. Вечарам абстралялі 16-павярховы дом. За ноч і дзень абстрэлаў у рэгіёне больш за 30 мірных жыхароў пацярпелі, 8 загінулі. Дакладную колькасьць яшчэ высьвятляюць.

Па Луганскай вобласьці ідзе пастаянны артылерыйскі абстрэл усёй тэрыторыі. 11 красавіка больш за ўсё пацярпелі жылыя раёны Рубежнага, Лісічанску, Севераданецку і Навадружаску. У Лісічанску адзін чалавек загінуў, яшчэ трое атрымалі раненьні, дваіх своечасова эвакуавалі. Байцы ДСНС зьліквідавалі 17 пажараў.

У Херсонскай вобласьці баі і абстрэлы працягваюцца на тэрыторыях каля суседніх Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласьцей. Пацярпелыя ёсьць, інфармацыя ўдакладняецца. Рэгіён на парозе гуманітарнай катастрофы. Без электрычнасьці застаюцца 106 населеных пунктаў.

Абарона Марыюпалю працягваецца

36-я брыгада марской пяхоты Ўкраіны кажа, што працягвае адстойваць Марыюпаль. Пры гэтым ніякага падвозу харчаваньня ці боепрыпасаў не адбывалася, бо мясцовасьць аточаная расейцамі.

Баі на ўсходзе Ўкраіны ўзмоцняцца ў наступныя два-тры тыдні — брытанская выведка

Сытуацыя ва ўсходніх рэгіёнах Украіны можа пагоршыцца ў наступныя тыдні, паведамляе Міністэрства абароны Злучанага Каралеўства са спасылкай на дадзеныя сваёй выведкі.

«Баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны будуць узмацняцца ў наступныя два-тры тыдні, паколькі Расея працягвае канцэнтраваць там свае намаганьні», — гаворыцца ў заяве міністэрства.

Агенцтва зьвяртае ўвагу на тое, што атакі расейскіх войскаў працягваюць канцэнтравацца на пазыцыях Узброеных сіл Украіны ў Данецкай і Луганскай абласьцях, а таксама на «баях вакол Херсона і Мікалаева і новым наступе на Краматорск».

«Расейскія войскі працягваюць вывад зь Беларусі для перагрупоўкі ў падтрымку апэрацый на ўсходзе Ўкраіны», — дадалі ў выведцы.

У Марыюпалі цалкам разбурана 40% шматпавярховікаў, — гарадзкая рада

Гэта было жытло для 84 тысяч чалавек. Такія лічбы называе Марыюпальская гарадзкая рада. Па яе падліках, на аднаўленьне жытла ў горадзе спатрэбіцца мінімум 2,3 мільярда даляраў.

ААН: З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 1892 мірныя жыхары

Паводле апошняй пацьверджанай інфармацыі ААН, яшчэ 2558 чалавек параненыя. У штодзённую справаздачу ААН трапляе толькі пацьверджаная інфармацыя пра загінулых, таму ў ёй пакуль не адлюстраваныя зьвесткі аб многіх ахвярах зь цяжкадаступных раёнаў.

У Бучы былі забітыя больш за 400 чалавек, — мэр

Мэр гораду Буча (Кіеўская вобласьць) Анатоль Федарук заявіў 12 красавіка, што па выніках сёньняшняй эксгумацыі другой брацкай магілы колькасьць ахвяраў расейскай акупацыі дасягнула 403 грамадзян, зь якіх 163 ідэнтыфікавалі. Яшчэ 16 мясцовых жыхароў лічацца зьніклымі бязь вестак. Мэр Бучы ня выключыў, што іхныя целы знойдуць менавіта ў лясах, бо сьведкі расказвалі, як расейцы зьбіралі людзей па хатах і вывозілі ў месцы сваёй дысьлякацыі ў лес.

Паводле мэра, у горадзе разбураны 22 шматпавярховыя будынкі, зь якіх два не падлягаюць аднаўленьню і будуць зьнесеныя, а таксама 243 прыватныя будынкі, якія таксама амаль цалкам зьнішчаныя.

Уцекачы ад вайны

Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, вынікае са зьвестак на сайце агенцтва ААН у справах уцекачоў на 9 красавіка.

Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу — гэта звыш 2,5 млн чалавек. Звыш 671 тысячы чалавек адправіліся ў Румынію, 413 тысяч — у Вугоршчыну, 406 тысячы — у Малдову, 373 тысячы — у Расею, 307 тысяч — у Славаччыну і 19 тысяч — у Беларусь.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расея ўвяла санкцыі супраць кангрэсмэнаў ЗША і сэнатараў Канады.

Міністэрства замежных спраў Расеі 13 красавіка ўнесла ў чорны сьпіс 398 кангрэсмэнаў ЗША і 87 канадзкіх сэнатараў.

Таксама Расея абвясьціла пэрсонай нон грата старшага дыплямата амбасады Чэхіі ў Маскве.

Société Générale і Ericsson сыходзяць з Расеі

Француская фінансавая група Société Générale абвясьціла, што пакідае Расею.

Швэдзкая кампанія Ericsson заявіла, што прыпыніць сваю дзейнасьць у Расеі на няпэўны тэрмін.

Агенцтва S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да «выбарачнага дэфолту»

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings панізіла рэйтынг Расеі ў замежнай валюце з CC/C да SD/SD («выбарачны дэфолт»). Рэйтынг у нацыянальнай валюце застаецца на ўзроўні CC/C з нэгатыўным прагнозам.

У паведамленьні S&P зазначаецца, што Расея мае 30 дзён, каб не дапусьціць дэфолту. Аднак агенцтва сумняваецца, што інвэстары змогуць канвэртаваць рублёвыя плацяжы ў даляры з прыбыткам, які быў прадугледжаны.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Паўднёвыя лясы пад забаронай

Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.

Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хойніках.

Як рэагуе сьвет

ЗША паабяцалі дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне на 800 млн даляраў: артылерыю, бронетранспартэры, верталёты.

Новы пакет дапамогі будзе ўключаць у сябе артылерыйскія сыстэмы, снарады, бронетранспартэры, а таксама дадатковыя верталёты і іншае ўзбраеньне, паведаміў Джо Байдэн Уладзіміру Зяленскаму, піша прэс-служба Белага дома.

Сусьветны банк дасьць Украіне яшчэ 1,5 мільярда даляраў фінансавай дапамогі

Сусьветны банк адправіць Украіне пакет фінансавай дапамогі на суму 1,5 мільярда даляраў — грошы пойдуць на крытычна важныя паслугі, піша Reuters. Сюды адносяцца пэнсіі, выплаты заробкаў для супрацоўнікаў мэдычных установаў, забесьпячэньне сацыяльных праграм і гэтак далей.

На пачатку сакавіка Сусьветны банк выдзеліў 700 мільёнаў даляраў экстранага фінансаваньня для Украіны, а потым — яшчэ два траншы памерам амаль 200 мільёнаў і 100 мільёнаў даляраў.

Літоўскія чыгункі закрылі сваё прадстаўніцтва ў Беларусі і Расеі

Дзяржаўная кампанія «Літоўскія чыгункі» (LTG) ухваліла рашэньне аб закрыцьці прадстаўніцтваў у Расеі і Беларусі. Як паведамляецца на афіцыйным сайце Літоўскай чыгункі, такое рашэньне ўхвалена праз расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

Паводле часовага кіраўніка LTG Эгідзіюса Лазаўскаса, прадстаўніцтвы былі створаныя «для супрацы і пошуку новых сувязяў», але ў пэрыяд вайны такіх магчымасьцяў не засталося. Папярэдне, працэс ліквідацыі прадстаўніцтваў LTG у Беларусі і Расеі можа заняць ад трох да шасьці месяцаў.

Славаччына перадала Ўкраіне С-300

Прэм’ер-міністар Славаччыны Эдуард Гэгер пацьвердзіў, што Славаччына перадала Ўкраіне сыстэму супрацьпаветранай абароны С-300. Пра гэта ён паведаміў у Twitter. «Украінскі народ мужна абараняе сваю сувэрэнную дзяржаву і нас таксама», — дадаў ён.

Байдэн падпісаў два законапраекты, якія ўводзяць дадатковыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі

Абодва законы зьвязаныя з агрэсіяй Расеі ва Ўкраіне. Пазбаўленьне Беларусі і Расеі статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі на практыцы дазваляе ўвесьці вышэйшыя тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін. Напярэдадні законапраекты ўхваліў амэрыканскі Кангрэс.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG