Гітанас Наўседа, Алар Карыс, Эгілс Левітс, Анджэй Дуда і Дзяніс Шмыгаль. Кіеў, 13 красавіка
Гэта першы візыт ў Кіеў кіраўнікоў замежных дзяржаў з пачатку расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Раней краіну наведвалі кіраўнікі ўрадаў і міжнародных арганізацый.
Такім чынам лідэры Польшчы, Літвы, Латвіі выказваюць падтрымку братняй Украіне і Ўладзіміру Зяленскаму, зазначыў кіраўнік аддзелу міжнароднай палітыкі Офісу прэзыдэнта Польшчы Якуб Кумах.
Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда ў суправаджэньні прэзыдэнтаў Літвы Гітанаса Наўседы, Латвіі Эгілса Левітса і Эстоніі Алара Карыса выехалі ва Ўкраіну цягніком сёньня раніцай і ўжо знаходзіцца ў Кіеве, адкуль накіроўваюцца на сустрэчу зь Зяленскім.
«Наша мэта — падтрымаць прэзыдэнта Зяленскага і абаронцаў Украіны ў вырашальны для гэтай краіны момант», — сказаў Кумах, які суправаджае прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуду.
Ён падкрэсьліў, што Польшча зьяўляецца арганізатарам візыту і сумесна з Украінай забясьпечвае яго лягістыку і бясьпеку.
Візыт прэзыдэнтаў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі ў Кіеў стаў першым візытам кіраўнікоў дзяржаў ва ўкраінскую сталіцу з пачатку расейскай агрэсіі.
Украіну за час вайны ўжо наведалі:
старшыня Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен;
вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль;
прэмʼер-міністар Славаччыны Эдуард Гегер;
кіраўніца ўраду Літвы Інгрыда Шыманіце;
прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан;
канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр;
дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі;
прэмʼер-міністры Чэхіі (Пэтар Фіяла), Польшчы (Матэвуш Маравецкі) і Славеніі (Янэз Янша).
Папярэдні візыт Анджэя Дуды і Гінатаса Наўседы ў Кіеў і перамовы з Уладзімірам Зяленскім (у цэнтры) адбыўся за дзень да расейскага ўварваньня. Кіеў, 23 лютага 2022 году