Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абяцаў адстрэльвацца разам з Пуціным. А цяпер робіць выгляд, што ня ўдзельнічае ў гэтай вайне


Адяксандар Лукашэнка
Адяксандар Лукашэнка

25 лютага, другі дзень вайны, якая вядзецца супраць Украіны ў тым ліку і зь беларускай тэрыторыі. Чым заняты ў гэты дзень Лукашэнка?

Можа, наведвае памежныя пераходы, празь якія рухаюцца расейскія танкавыя калёны на Кіеў?

Ці інспэктуе аэрадром у Гомлі, куды прыбываюць расейскія дэсантнікі, каб працягваць уварваньне на Чарнігаў?

Ці правярае, як з тэрыторыі Менскай вобласьці самалётамі А-50 ажыцьцяўляецца кіраваньне і навядзеньне авіяцыі для налётаў на ўкраінскія гарады?

Не, Лукашэнка ў гэты дзень, як сьцьвярджае дзяржаўная прапаганда, наведвае мэдычны цэнтар і загадвае «актыўна ўкараняць у рэгіёнах досьвед высокатэхналягічнай мэдыцыны».

Такое ўражаньне, што вайна грыміць недзе далёка і што Беларусь тут увогуле ні пры чым. Ды і ці ёсьць яна, тая вайна? Пагартайце дзяржаўныя газэты за 25 лютага, паглядзіце прапагандысцкія каналы. Аказваецца, беларусы з натхненьнем натоўпамі ідуць на датэрміновы рэфэрэндум («галасаваць за будучыню»), вывозяць на палі арганічныя ўгнаеньні («закладваюць падмурак будучага ўраджаю»). А пра тое, што недзе ваююць — чацьвёртай, пятай навіной. Ды і не вайна гэта, а так... «Спэцапэрацыя Расеі», «сытуацыя ва Ўкраіне»... Слова «вайна» нават ня знойдзеш.

І гэта надзвычай адметны факт.

Сумнеўны саюзьнік

Лукашэнка на працягу прынамсі дзесяці апошніх гадоў ня раз паўтараў, што гатовы сьпінай да сьпіны стаць з Пуціным і адстрэльвацца. Вось толькі адно з такіх выказваньняў:

28 сакавіка 2017 году: «Я яму неяк публічна сказаў — можа быць, яшчэ будзе час, калі давядзецца сьпінай да сьпіны стаць і адстрэльвацца».

Дык вось, такі час настаў. Пуцін ужо адстрэльваецца: пад Кіевам, Харкавам, Чарнігавам, Херсонам — усюды, куды ўварваўся разам са сваімі акупацыйнымі войскамі. Шырокая сьпіна Лукашэнкі ў яго за плячыма праглядваецца слаба. Саюзьнік яўна круціцца, марудзіць, гуляе ў нэўтральнасьць, чагосьці чакае. Дзе пераможныя рэляцыі з украінскіх франтоў? Дзе захапленьне славай расейскай зброі? Дзе ўдзел беларускіх батальёнаў у разгроме «бандэраўскіх бандаў»?

Лукашэнка выдатна адчувае, як ставіцца да гэтай вайны абсалютная большасьць беларускага грамадзтва. Можна колькі заўгодна спрабаваць палохаць суграмадзянаў «зьверствамі бандэраўскіх фашыстаў», але падмануць гэтым нашых людзей надзвычай складана, практычна немагчыма. Абсалютная бальшыня беларусаў за апошнія гады ня раз і ня два была там, у суседзяў. Езьдзілі па таннае сала і каўбасы ў Чарнігаў і Роўна, на экскурсіі і адпачываць у Кіеў і Львоў, у санаторыі і на лыжы ў Карпаты. На свае вочы бачылі абсалютна мірнае, свабоднае, спакойнае жыцьцё дружалюбных і прыязных людзей, сваіх суседзяў. Нацкаваць на іх беларусаў, пераканаць у іхнай варожасьці і нейкіх мітычных «зьверствах злачыннага рэжыму» ніякія мукавозчыкі і азаронкі ня ў стане.

Падаслаць саломкі

Другі важны момант: Лукашэнка зь ягоным «зьвярыным чуцьцём» яўна ня ўпэўнены ў абсалютнай перамозе пачатай Крамлём авантуры і прадбачыць, як магчымая параза Пуціна ва Ўкраіне можа скончыцца асабіста для яго. Яго, без сумневу, наведваюць думкі пра тое, што здарыцца, калі Пуцін зь нейкай прычыны вымушаны будзе адступіцца ад ідэі паставіць Украіну на калені (цытата з нарады Лукашэнкі 24 лютага 2022):

— Уявіце сабе, што заўтра няма Расеі. Пацярпела паразу, крах ды іншае. Вось у гэтым акіяне патанула. У гэты вір каго зацягне першым? Нас ня будзе заўтра імгненна. Заўтра пачнецца атака з усіх бакоў на нас. І ўся вось гэта канструкцыя, якую мы зь ім (Пуціным) выбудоўвалі па саюзнай дзяржаве, наша вось гэта групоўка тут, беларуская армія плюс заходнія часткі пад Масквой расейскія, — іх ня будзе.

На публіку ён, вядома, малюе апакаліптычныя карцінкі — пра «пагібель Расеі» і г.д. Насамрэч выдатна разумеючы: і Расея, і Беларусь застануцца на месцы. Ня стане яго. І Пуціна. І таго выродлівага саюзу дыктатур, які яны будавалі на працягу больш як двух дзесяцігодзьдзяў і ў які спрабавалі цаной тысяч ахвяраў зацягнуць і Ўкраіну — «ва ўлоньне нашага славянства».

Лукашэнка імкнецца адначасова і падаць Захаду сыгнал, што ён у гэтай вайне як бы і ні пры чым, збоку, ледзь не нэўтральны. І адначасова пераканаць Крэмль, што ён на ягоным баку, ня здрадзіў, падтрымлівае, гатовы на ўсё. Калі гэтыя абодва імкненьні спалучаюцца і ўвасабляюцца ў словы — выказваньні атрымліваюцца супярэчлівымі да абсурду:

— Таму тая астатняя частка групоўкі Расейскай Фэдэрацыі, я гэта сумленна і шчыра кажу, якая была на паўднёвых межах нашай Беларусі, натуральна, Генэральным штабам Расеі, хутчэй за ўсё (я ж толькі гэта са СМІ ведаю), задзейнічана ў гэтай апэрацыі.

— Мы тут апраўдвацца ня будзем наконт таго, што мы ўдзельнічаем, ня ўдзельнічаем у гэтым канфлікце. Яшчэ раз кажу: нашых войскаў там няма. Але калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі, яны будуць.

— Мы не зьбіраемся ўцягвацца ў вайну. Нас ніхто пра гэта ня просіць. Там бяз нас здольныя разабрацца. Але яшчэ раз падкрэсьліваю: калі трэба, мы акажам усялякую падтрымку. Мы саюзьнікі, у нас дамова адпаведная. І нас у гэтым няма чаго папракаць.

— Ніколі кіраўніцтва Расеі ня ставіла перада мной пытаньне ўдзельнічаць у нейкіх апэрацыях. У тым ліку і ў гэтай украінскай.

Падаслаць саломкі на ўсялякі выпадак — гэта зразумець няцяжка. Іншая рэч — каго ўдасца ўвесьці ў зман, калі для ўсяго сьвету відавочна, што ты прапанаваў сваю тэрыторыю для ўварваньня, для агрэсіі, а таму стаў саўдзельнікам ваеннага злачынства.

...Сёньня ўжо мала хто памятае імя такога палітыка — Ёзэфа Ціса. Між тым на цягам шасьці гадоў (1939–1945) ён быў прэзыдэнтам незалежнай Славаччыны — сатэліта гітлераўскай Нямеччыны падчас Другой сусьветнай вайны. У красавіку 1945-га Ціса спрабаваў уцячы і схавацца ў Баварыі. 6 чэрвеня 1945 года яго затрымалі амэрыканскія вайскоўцы і перадалі ўладам Чэхаславаччыны.

На судзе Ёзаф Ціса спрабаваў запэўніць, што імкнуўся быць памяркоўным прэзыдэнтам, што ўсе злачынныя загады аддаваў Гітлер і што сам ён часта канфліктаваў і як мог супрацьстаяў пранямецкаму ўраду Войцеха Тукі. Дарэчы, і адзін, і другі апраўдваліся: «Мы тут ні пры чым, гэта ж Гітлер...» Нягледзячы на гэта, і Войцеха Туку, і Ёзафа Цісу як ваенных злачынцаў і здраднікаў радзімы суд прыгаварыў да павешаньня. Прысуд быў выкананы 18 красавіка 1947 года.

Гісторыя не заўсёды паўтараецца, але не перастае даваць урокі — таму, хто здольны вучыцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG