Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад не гатовы ваяваць за Ўкраіну, і Масква гэта разумее. Дыскусія аналітыкаў


Кіеў. 25 лютага 2022 году
Кіеў. 25 лютага 2022 году

Ці будзе Захад трактаваць Беларусь як саўдзельніка агрэсіі? Наколькі жорсткімі выглядаюць меры, прынятыя Захадам супраць агрэсара? Ці магчымае ваеннае ўмяшаньне заходніх краінаў? Якое палітычнае і міжнароднае значэньне можа мець абвяшчэньне Ціханоўскай сябе прадстаўніцаю беларускага народу?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць старэйшы дасьледнік Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Сяргей Навумчык.


Мацукевіч:

  • Калі ўсё будзе працягвацца як цяпер, Беларусь падзеліць адказнасьць за агрэсію з Расеяй. Бо ў тым ліку і з нашай тэрыторыі быў учынены напад. Акрамя таго, Лукашэнка нават не паспрабаваў дыстанцыявацца хаця б фармальна ад гэтай акцыі Пуціна, нават абвінаваціў Украіну. Мы ўсё глыбей закопваемся ў гэтую гісторыю разам зь ім.
  • Захад страціў свае магчымасьці. Найхутчэй, Масква выкарыстоўвала перамовы з Захадам, якія цягнуліся некалькі месяцаў, каб прамацаць глебу — наколькі далёка гатовы пайсьці Захад у справе абароны Ўкраіны. І Захад абсалютна дакладна абазначыў, што ён не гатовы ваяваць за Ўкраіну. І Масква гэта зразумела.
  • Да ўчорашняга дня ў мяне было пытаньне: ці на пляны Расеі могуць паўплываць саступкі Захаду, ці не? І цяпер я пераконваюся, што — не. Калі Макрон думаў, што ён дзейнічае на паніжэньне, дасягае нейкага кампрамісу — дык Масква, размаўляючы зь ім, проста вымярала, на што гатовы пайсьці Захад.
  • Масква зразумела, што Захад гатовы пайсьці толькі на санкцыі. Ну а санкцыі Расею могуць якраз задаволіць, бо калі ў заходніх палітыкаў дыяпазон палітычнага жыцьця 5, 10 гадоў (калі два тэрміны), дык у нашых шыротах іншыя тэрміны. І расейцы лічаць, што нават у дыяпазоне 5-10 гадоў жорсткі санкцыйны рэжым будзе паслаблены. Яны адчуваюць сябе беспакаранымі.
  • Калі паглядзім на шырэйшай гістарычнай адлегласьці, то ўбачым, што Масква паступова дасягае жаданага, а Захад паступова саступае.
  • Мне цяжка было б уявіць Байдэна, які кажа, што мы пашлем сваіх вайскоўцаў ва Ўкраіну. Гэта гарантаваная параза на выбарах. Трэба разумець, што там большасьць заяваў робіцца з разьлікам на ўнутранае спажываньне, на сваіх выбарнікаў.

Навумчык:

  • Заходнія палітыкі — людзі, якія пераважна вырасьлі ва ўмовах дабрабыту, сытнага заможнага жыцьця (як і іхныя народы ў апошнія дзесяцігодзьдзі). Для ўмоўнага Байдэна ці ўмоўнага Макрона адсутнасьць зубной шчоткі і пасты цягам чатырох сутак — гэта трагедыя. І яны з такім жа крытэрам падыходзяць і да жыхароў Расеі, калі думаюць пра эканамічныя санкцыі.
  • Пятая частка расейцаў жыве ва ўмовах «зручнасьці ў двары», г. зн. туалет — выграбная яма, як у XIII стагодзьдзі. І іх гэта не хвалюе, бо ў іх іншая мэнтальнасьць. Ім трэба «вялікая Расея».
  • За апошнія дзесяцігодзьдзі NATO ( і ЗША ў прыватнасьці) куды толькі не пасылалі войскі — і ў Пэрсыдзкую затоку, і ў Афганістан, і ў Ірак... А зараз яны заяўляюць, што ніводнага салдата амэрыканскага ці брытанскага на ўкраінскай зямлі ня будзе. І гэта — пра Ўкраіну, якая пад гарантыі тых жа ЗША адмовілася ад ядзернай зброі! Мне гэта незразумела.
  • Фраза Пуціна пра Захад і Расею, маўляў «яны ўсе здохнуць, а мы будзем у раі» — гэта не мэтафара. Ён гэтак думае. У ягонай галаве менавіта такая карціна сьвету.
  • Баюся, што адзіны спосаб спыніць усясьветную тэрмаядзерную вайну (я перакананы, што да гэтага Пуцін можа прывесьці) — гэта адпор расейскім войскам непасрэдна сіламі NATO. Так, Пуцін фактычна заявіў, што калі іншыя краіны ўлезуць у канфлікт — іх чакае ядзерны ўдар. Так, можа быць абмен ядзернымі ўдарамі. «Абмен ядзернымі ўдарам» — гучыць страшна. Але калі Пуціна вось цяпер рашуча не спыніць — ён пойдзе далей, і будуць ужо сотні мільёнаў ахвяраў у выніку ўсясьветнай ядзернай вайны.
  • Гістарычная аналёгія: калі б Брытанія і Францыя ўдарылі па Бэрліне, па Гітлеру адразу пасьля захопу ім Судэтаў — так, былі б, пэўна, тысячы ахвяраў, але не было б дзясяткаў мільёнаў ахвяраў у выніку Другой усясьветнай вайны. Ды і вайны, пэўна, не было б.

Мацукевіч:

  • Лукашэнка апынуўся на дроце, па якім ён павінен прайсьці, захоўваючы балянс. Цяпер шмат залежыць ад лідэраў беларускай апазыцыі, у тым ліку і ў замежжы. Мне імпануе апошні крок Сьвятланы Ціханоўскай. Зьяўляюцца новыя магчымасьці, якія раней не былі бачныя. Новая сытуацыя можа карэнным чынам памяняць успрыманьне беларускіх уладаў, бо гаворка ідзе пра Беларусь як саўдзельніцу агрэсіі.
  • Для мяне важны сэнс, які ўкладае Ціханоўская ў свой крок. У заходніх сталіцах узьнікае пытаньне: Пуцін пагражае вайной заходняму сьвету, а Лукашэнка ягоны паплечнік. У гэтым сэнсе Ціханоўская можа завязаць на сябе ўсе кантакты — калі ёй удасца падзяліць ва ўспрыманьні Захаду Беларусь і рэжым.

Навумчык:

  • Я ўважліва прачытаў і заяву Сьвятланы Ціханоўскай, і тлумачэньне яе паплечніка Валерыя Кавалеўскага. Пакуль што (адразу агаваруся, што сыходжу толькі з гэтай інфармацыі) я не ўбачыў нечага прынцыпова якасна новага. Яна і раней называла сябе народным лідэрам, прадстаўніком дэмакратычных апазыцыйных сілаў. Кавалеўскі назваў структуры, якія і раней існавалі. Пакуль ня бачу, у чым розьніца. Але, паўтараю, гэта на падставе наяўнай інфармацыі.
  • Якасна іншая сытуацыя (прычым у праўным сэнсе, ня толькі ў палітычным) была б, калі б Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла сябе абраным прэзыдэнтам і прынесла прысягу на інаўгурацыі. Але гэта паставіла б кіраўнікоў дзяржаваў перад выбарам: прызнаваць яе ў гэтай якасьці ці не. Бо калі прызнаваць — трэба абрываць адносіны з Лукашэнкам (аж да, напрыклад, «Інтэрполу»), акрэдытоўваць пры ёй паслоў і г.д. А калі не прызнаваць — давялося б панізіць узровень яе прыёму. Цяпер Ціханоўскую прымаюць прэзыдэнты і прэм’еры. У статусе непрызнанага «прэзыдэнта ў выгнаньні» (паўтараю — непрызнанага) узровень сустрэчаў быў бы — намесьнік міністра замежных справаў ці дэпутат парлямэнту максымум. Думаю, што ў офісе Ціханоўскай гэта ўлічылі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG