Пра загінулых і абстраляныя Расеяй грамадзкія аб’екты паведаміў прэс-сакратар МУС Украіны Вадзім Дзенісенка.
«Пачаць трэба з таго, што падчас абстрэлаў расейскіх акупантаў за гэты дзень загінулі двое дзяцей... І ў гэтым вінаватая адна Расейская Федэрацыя. Расейцы таксама заяўляюць, што не вядуць агонь па цывільных аб'ектах — на дадзены момант было абстраляна 33 грамадзянскія мэты», — заявіў прэс-сакратар МУС Вадзім Дзенісенка ў заяве, апублікаванай у Facebook.
Паводле яго слоў, ключавой праблемай сёньня, калі казаць пра цэнтар Украіны, зьяўляецца Кіеў.
«Сёньня задача Узброеных сілаў – утрымаць Кіеў і не дапусьціць прарыву акупантаў у сталіцу Украіны. Складаная сытуацыя на поўдні Украіны. Акупанты атакавалі памежныя пункты на Азоўскім моры. У Сумскай вобласьці працягваюцца баі. Двойчы ўдалося адбіць горад Ахтырку, цяпер баі ідуць у горадзе Сумы», – сказаў Дзенісенка.
Паводле апэратыўных зьвестак Украіны за 24 лютага, калі пачалася маштабная атака Расеі на Ўкраіну, загінулі 137 вайскоўцаў і 57 цывільных грамадзян. Амаль паўтысячы атрымалі раненьні.
Расейскае Мінабароны заявіла, што не вядзе агонь па цывільных аб'ектах.