Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі салдат разглядае аскепкі зьбітага самалёта ў Кіеве 25 лютага
Украінскі салдат разглядае аскепкі зьбітага самалёта ў Кіеве 25 лютага

Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева ракетамі і авіянапад. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • Расея працягвае наступ па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, масава абстрэльвае цывільныя будынкі ў гарадах і мястэчках.
  • Кіеў і вобласьць пад масіраванымі авіяўдарамі. Вайскоўцы і палітыкі заклікалі ўкраінцаў стаць на абарону сталіцы.
  • Ужо больш за 50 тысяч уцекачоў пакінулі Ўкраіну.
  • Рада Эўразьвязу ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расейскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным сьпісе» разам з кіраўніцтвам Расеі і дэпутатамі Дзярждумы 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Расея пазбавілася сяброўства ў Радзе Эўропы, месца ў Эўрабачаньні і фінала Лігі чэмпіёнаў
  • Прэзыдэнт Украіны Зяленскі выказаў гатоўнасьць абмяркоўваць нэўтральны статус Украіны.
  • Крэмль спачатку заявіў, што Пуцін гатовы накіраваць у Менск дэлегацыю для перамоваў з Украінай. Аднак пасьля заклікаў украінскіх вайскоўцаў зрынуць уладу ў Кіеве.
  • Кіраўнік Кітаю ўпершыню заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне і сесьці за стол перамоваў
  • Кіеў: апэрацыяй Расеі ў паветранай прасторы кіруюць з тэрыторыі Менскай вобласьці. У беларускіх гарадах заўважылі шмат вайсковай тэхнікі. Лукашэнка 25 лютага не сказаў пра вайну ні слова.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Новыя санкцыі ўзгадніў і Эўразьвяз, а ў другой палове дня дамовіліся пра замарозку ўсіх рахункаў Пуціна і Лаўрова.
03:01 26.2.2022

Украіна: зьбіты расейскі вайсковы транспартны самалёт «Іл-76»

Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьбілі каля Кіева расейскі транспартны самалёт «Іл-76», заявіў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны. На такім самалёце можна перавозіць 145 вайскоўцаў з асабістай зброяй (у дзьвюхпалубным варыянце да 225)

02:53 26.2.2022

Вугоршчына прапанавала Будапэшт для перамоваў Расеі і Ўкраіны

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта паведаміў пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Ён напісаў, што вядзе перамовы з прадстаўнікамі Расеі і Ўкраіны.

02:10 26.2.2022

Рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН па Ўкраіне: Расея наклала вэта, Кітай устрымаўся

Расея наклала вэта на праект рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, якая б заклікала яе неадкладна і цалкам вывесьці войскі з Украіны. Кітай, Індыя і Саудаўская Арабія устрымаліся пры галасаваньні.

У Радзе бясьпекі 15 чальцоў. Зь іх 5 сталых, якія маюць права вэта — Вялікая Брытанія, ЗША, Кітай, Расея і Францыя.

01:47 26.2.2022

У кіеўскім мэтро нарадзілася дзіця

Жыхары ўкраінскай сталіцы выкарыстоўваюць цяпер мэтро як бамбасховішча. Фота выклалі ў Тэлеграм-канале, які вядзе падразьдзяленьне Міністэрства культуры Ўкраіны.

01:18 26.2.2022

Зяленскі зноў зьвярнуўся да ўкраінцаў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сказаў, што за апошнія гадзіны дамовіўся з шэрагам замежных лідэраў пра дадатковую дапамогу Ўкраіны. Паводле яго пасьля нападу Расеі на Ўкраіну забітыя ўжо сотні расейскіх вайскоўцаў.

Зяленскі папярэдзіў, што сёньняшняя ноч будзе цяжэйшай за дзень, бо пад атакай Чарнігаў, Сумы, Харкаў, гарады на поўдні краіны, а таксама Кіеў.

01:05 26.2.2022

Былы міністар замежных спраў Расеі Козыраў: Лаўроў за сьпінай – небясьпека

Былы міністар замежных спраў Расеі Андрэй Козыраў напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры: «Лаўроў, супраць якога сёньня справядліва ўвялі санкцыі ЗША і ЭЗ, быў маім намесьнікам у 90-я. Страхаваў мяне за сьпінай. Сёньня я б пераймаўся за сваю сьпіну, калі б ён стаяў за мной».

Козыраў быў міністрам з 1990 па 1996 год. Цяпер ён жыве ў ЗША і крытыкуе палітыку Пуціна.

00:47 26.2.2022

Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны: Кіеў і Масква дамаўляюцца пра перамовы

Сяргей Нікіфараў, прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, паведаміў у Фэйсбуку, што ўкраінскі і расейскі бакі праводзяць кансультацыі наконт месца і часу перамоўнага працэсу.

«Я павінен абвергнуць сьцьвярджэньні, што мы адмовіліся ад перамоваў. Украіна была і застаецца гатовай гаварыць аб спыненьні агню і міры. Гэта наша нязьменная пазыцыя. Мы пагадзіліся на прапанову прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. У гэтыя гадзіны бакі кансультуюцца аб месцы і часе перамоўнага працэсу. Чым раней пачнуцца перамовы, тым больш шанцаў на аднаўленьне нармальнага жыцьця», — напісаў Нікіфараў.

Як паведаміла агенцтва «Уніан», прэзыдэнт Зяленскі зьвярнуўся да прэм'ер-міністра Ізраілю з просьбай стаць пасярэднікам у перамовах з РФ.

00:40 26.2.2022

У Расеі затрымалі больш за 560 чалавек у сувязі з акцыямі супраць нападу РФ на Украіну

У Расеі працягваюцца затрыманьні людзей, якія выходзяць на акцыі супраць вайны з Украінай. 25 лютага ў 26 гарадах краіны затрымалі больш за 560 чалавек, паведамляе праваабарончы сайт «ОВД-News».

00:24 26.2.2022

Мабільныя апэратары шэрагу краін зрабілі званкі ва Ўкраіну бясплатнымі, — кіраўнік украінскага МЗС

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба таксама паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што з Польшчы ва Ўкраіну прыбыла калёна боепрыпасаў.

«Апэратары мабільнай сувязі ў Канадзе, Аўстрыі, Германіі, Швайцарыі, Фінляндыі, Славакіі, Паўночнай Македоніі, Швэцыі, Літве, Латвіі, Чэхіі, Польшчы, Харватыі, Сэрбіі, Босьніі і Герцагавіне адмянілі тарыфы за тэлефанаваньні ва Украіну. Гэты крок — праява сапраўднай салідарнасьці з нашай дзяржавай і яе народам», — напісаў міністар.

23:12 25.2.2022

У Расеі ўлады «запаволілі» Facebook

Расейскі рэгулятар «Роскомнадзор» паведаміў аб запаволеньні ў Расеі працы сацыяльнай сеткі Facebook. Гэта было зроблена пасьля абмежаваньня працы ў сацсетцы старонак некалькіх расейскіх СМІ неўзабаве пасьля ўварваньня расейскага войска на тэрыторыю Ўкраіны.

23:02 25.2.2022

Расейскія войскі нанесьлі удар па аэрадроме ў Міргарадзе

Пра гэта паведаміла ў Facebook Міргарадзкая гарадзкая рада. «Толькі што нанесены пунктавыя ўдары па нашым аэрадроме, ахвяраў няма. Захоўваем спакой, бяз панікі», — гаворыцца ў паведамленьні. Міргарад месьціцца ў Палтаўскай вобласьці на ўсходзе Ўкраіны.

22:14 25.2.2022

Украінскі тэлеэфір ідзе з бамбасховішча

Украінскі тэлеканал «Рада», які цяпер трансьлююць і іншыя тэлеканалы Ўкраіны, вядзе эфір з бамбасховішча ў Кіеве.

22:05 25.2.2022

Сэрыя выбухаў у Кіеве, сытуацыя «пагрозьлівая», — Клічко

Каля ЦЭЦ-6 у Кіеве адбылося 5 выбухаў з інтэрвалам у 3-5 хвілін. Туды едуць службы неадкладнай дапамогі, паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

Клічко назваў сытуацыю ў Кіеве «пагрозьлівай безь перабольшаньня». «Наступная ноч, раніца будзе вельмі цяжкай», — заявіў ён. Паводле кіраўніка Кіева, расейскія войскі непадалёк ад сталіцы Ўкраіны. Дывэрсійныя групы знаходзяцца ў горадзе, іх нэўтралізуюць вайсковыя і праваахоўныя органы.

21:55 25.2.2022

NATO актывізавала пляны абароны і разгортвае сілы рэагаваньня

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў 25 лютага, што альянс актывізаваў пляны абароны і «ў выніку… разгортвае элемэнты сіл рэагаваньня NATO на сушы, на моры і ў паветры», уключаючы дадаткова тысячы вайскоўцаў і больш за 100 самалётаў у рэжыме падвышанай гатоўнасьці ў 30 месцах.

21:26 25.2.2022

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што краіны альянсу будуць пастаўляць Украіне сыстэмы супрацьпаветранай абароны і дадатковае ўзбраеньне

Паводле яго, «Расея разбурыла мір у Эўропе», і цяпер «народ Украіны змагаецца за свабоду ад агрэсіі з боку Расеі». NATO заклікае Расею неадкладна спыніць «гэтую бессэнсоўную вайну», вывесьці войскі з Украіны і вярнуцца да дыялёгу.

21:23 25.2.2022

Зяленскі правёў тэлефонную размову з Байдэнам

Суразмоўцы абмеркавалі пытаньні ўзмацненьня санкцыяў супраць Расеі, канкрэтнай абароннай дапамогі і антываеннай кааліцыі.

21:15 25.2.2022

«Сьвет прыцягне Расею, як і Беларусь, да адказнасьці за іх дзеяньні». Супольная заява краін NATO

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў NATO у адмысловай заяве 25 лютага асудзілі поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, «якому паспрыяла Беларусь».

«Мы заклікаем Расею неадкладна спыніць ваенны наступ, вывесьці ўсе свае сілы з Украіны і павярнуць з абранага ёю шляху агрэсіі, – гаворыцца ў заяве. – Мы шкадуем аб трагічнай гібелі людзей, вялізных чалавечых пакутах і разбурэньнях, выкліканых дзеяньнямі Расеі. Мір на Эўрапейскім кантынэнце ў корані парушаны. Сьвет прыцягне Расею, як і Беларусь, да адказнасьці за іх дзеяньні».

21:04 25.2.2022

ЭБРР адрэагуе на напад Расеі на Ўкраіну і ўдзел Беларусі ў агрэсіі

Рада дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) абмеркавала падзеі ва Ўкраіне, асудзіла расейскую агрэсію і выказала падтрымку ўкраінскаму ўраду і ўкраінцам.

У адмысловай заяве ЭБРР гаворыцца, што прадстаўнікі акцыянэраў дамовіліся з кіраўніцтвам банку прыняць захады ў адказ на сытуацыю ва Ўкраіне, уключаючы магчымасьць прыпыненьня або зьмены доступу Расеі і Беларусі да рэсурсаў банку.

Прапановы канкрэтных захадаў будуць прадстаўлены ў раду на наступным тыдні, а канчатковае рашэньне будзе прынята кіраўнікамі банку.

20:01 25.2.2022

Усе польскія пункты пропуску на мяжы з Украінай дазволілі пераходзіць пешшу

Пра гэта паведаміў падчас прэс-канфэрэнцыі прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. На такую меру польскі ўрад пайшоў, каб прыняць як мага больш уцекачоў, якія пакідаюць Украіну пасьля пачатку расейскага ўварваньня, піша Zerkalo.io.

19:51 25.2.2022

Ва Украіне забаранілі дзейнасьць расейскіх банкаў

Нацыянальны банк Украіны адклікаў ліцэнзіі і зьліквідаваў украінскія філіялы расейскіх банкаў. У прыватнасьці, ідзецца пра Міжнародны рэзэрвовы банк, «Проминвестбанк», «Сбербанк России», а таксама «ВЭБ.РФ».

«Калі наша армія самааддана і мужна абараняе кожны кавалачак роднай зямлі ад расейскай агрэсіі, мы ў цэнтральным банку ня можам дазволіць „дочкам“ дзяржаўных банкаў краіны-захопніцы працаваць ва Ўкраіне і апэраваць грашыма ўкраінцаў», — заявіў кіраўнік НБУ Кірыла Шаўчэнка.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG