Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэлефануюць з усіх кантынэнтаў». Сям’я вэтэрынараў зь Беларусі ў эміграцыі бясплатна дапамагае свойскім жывёлам


Антон і Ганна Шаменкавы
Антон і Ганна Шаменкавы

Вэтэрынары Ганна і Антон Шаменкавы ў сувязі з падзеямі ў Беларусі восеньню 2020 году вырашылі пераехаць у Польшчу. Спачатку яны ня мелі магчымасьці працаваць па спэцыяльнасьці, таму стварылі валянтэрскі праект, каб дапамагаць гадаванцам беларусаў за мяжой.

Сёньня па бясплатныя кансультацыі на тэму здароўя свойскіх жывёлаў да Ганны і Антона зьвяртаюцца беларусы і расейскамоўныя эмігранты з усяго сьвету.

Свабода даведалася ў беларусаў, якія нядаўна пакінулі радзіму, пра тое, як ім дапамаглі парады Шаменкавых, а таксама пагутарыла падрабязьней з сужэнцамі пра разьвіцьцё іхнага праекту.

«Пасьля пераезду даводзілася брацца за любую працу»

«Мы хадзілі на маршы, як многія, — расказвае Антон аб прычынах сваёй эміграцыі. Сытуацыя ў краіне рабілася ўсё больш неспрыяльнай. Жыць спакойна ў Беларусі было немагчыма, сапраўды баяліся кожны дзень за свабоду. Плюс разумелі, што, каб неяк рэалізавацца, лепш зьехаць. У выніку так і зрабілі. Правільнасьць гэтага рашэньня пацьвердзіў яшчэ той факт, што, калі мы ўжо былі за мяжой, майму бацьку тэлефанавалі зь міліцыі і цікавіліся, дзе я».

Антон Шаменкаў
Антон Шаменкаў

Антон і Ганна выехалі ў Польшчу па працоўных візах. Польскі працадаўца выслаў ім запрашэньне на працу ў горадзе Свябодзін. Аднак у дзень адʼезду, нягледзячы на пакет дакумэнтаў на руках, у сужэнцаў усё пайшло крыху не паводле пляну.

«Нам патэлефанавалі з працы і сказалі, што вакансій больш няма. Маўляў, вы нам не патрэбны, — успамінае Антон. — Аднак мы ўсё роўна паехалі, таму што куды дзявацца? Было крыху страшна, але мы такія адчайныя людзі, рызыкоўныя. Падумалі, з мовай справімся, бо яна падобная да нашай. І паразважалі, што ўжо адразу на месцы ўладкуемся. Па прыезьдзе, вядома, узьніклі свае праблемы, але мы не шкадавалі».

Першапачаткова Антон і Ганна адправіліся ў Зялёную Гуру, паколькі там зарэзэрвавалі жытло, каб прайсьці карантын. А потым пераехалі ў Познань. Як адзначае Антон, на той момант гэта быў найбуйнейшы і найбліжэйшы горад да іх месцазнаходжаньня.

Такім чынам, пара ўжо больш за год жыве ў Польшчы.

«Цяжкасьці былі і застаюцца, але ўсё можна пераадолець, — удакладняе суразмоўца. — У Беларусі я спачатку працаваў у аптэцы, жонка была вэтэрынарам. Тут да гэтых прафэсій мы не маглі прыступіць. Даводзілася брацца за любую працу — спачатку быў завод, потым уборка, будоўля... Мы не беларучкі, ня снобы, але калі ты прыяжджаеш з вышэйшай адукацыяй, перастроіцца ў гэтым сэнсе цяжкавата».

«Калі лекар бачыць, што перад ім іншаземец, то пачынаецца ўжо выцягваньне грошай, а не аказаньне нармальных паслуг»

Да сёньня асноўная работа Антона і Ганны не зьвязана зь іх спэцыяльнасьцю.

«Каб уладкавацца на працу ў сваёй сфэры, неабходна настрыфікацыя дыплёма. Акрамя гэтага, існуе моўная праблема», — удакладняе суразмоўца.

Ганна Шаменкава
Ганна Шаменкава

Менавіта фактар няведаньня мовы, які, паводле Антона, стварае эмігрантам шмат складанасьцяў, як у паўсядзённым жыцьці, так і ў прафэсійным росьце, і даў ім з Ганнай ідэю для стварэньня свайго праекту, зьвязанага з вэтэрынарыяй.

«Калі чалавек прыходзіць з гадаванцам на прыём да лекара і той бачыць, што перад ім іншаземец, то часта пачынаецца ўжо выцягваньне грошай, а не аказаньне нармальных паслуг. Мы гэта заўважылі і ў выніку вырашылі стварыць тэлеграм-канал, каб дапамагчы пазьбегнуць такіх сытуацый» — расказвае Антон.

«Мы не расьпісваем курс лячэньня. Гэта выключна меркаваньне лекара»

Суразмоўца падкрэсьлівае, што мэта іхнага з жонкай праекту — аказаньне бясплатнай кансультацыі, а не онлайн-лячэньне:

«Мы дапаможам чалавеку зразумець, што адбываецца з гадаванцам і куды зьвяртацца з канкрэтнай праблемай, што рабіць. Можам выказаць здагадку наконт дыягназу. Супакоім, калі праблема несур’ёзная, дапаможам расшыфраваць аналізы, дамо неабходныя парады. Мы не расьпісваем курс лячэньня. Гэта выключна меркаваньне лекара».

Антон Шаменкаў
Антон Шаменкаў

Антон расказаў, што праект першапачаткова ствараўся для дапамогі гадаванцам беларусаў за мяжой, цяпер жа ён адкрыты для ўсіх беларусаў і расейскамоўных людзей, якія пражываюць па ўсім сьвеце.

«Адразу я распаўсюджваў інфармацыю пра нас у групах і чатах беларускіх дыяспар у розных краінах. Але потым усё неяк стала разрастацца і мы задумаліся, чаму б не дапамагчы ўсім, хто хоча да нас зьвярнуцца. У жывёлаў жа няма нацыянальнасьці, і яны не выбіраюць сабе гаспадара».

Антон адзначае, на гэты момант іхны з Ганнай праект валянтэрскі — аказаньне кансультацый бясплатнае, але з магчымасьцю данатаў.

«Мы будзем удзячныя ахвяраваньням за дапамогу. Гэта дапаможа далейшаму разьвіцьцю каналу і прафэсійнаму росту нас як спэцыялістаў», — тлумачыць суразмоўца.

«Мы на шляху да адкрыцьця свайго бізнэсу»

Антон кажа, што хацеў бы з жонкай працягваць разьвівацца ў сваёй сфэры. Аднак шукаць працоўныя месцы па тых жа спэцыяльнасьцях, у якіх яны працавалі ў Беларусі, пара не плянуе.

«Мы на шляху да адкрыцьця свайго бізнэсу, — адзначае Антон, — Хочам больш глыбока займацца праектам. Спадзяёмся яго манэтызаваць, пры гэтым не закранаючы інтарэсы кліента. Аднак зараз празь іншую працу бракуе часу, каб ушчыльную разьвіваць канал».

Антон і Ганна Шаменкавы
Антон і Ганна Шаменкавы

Па словах Антона, толькі кансультацыі кліентаў займаюць да гадзіны.

«Нам тэлефануюць з усіх кантынэнтаў. Бывае, зьвяртаюцца і па другім, і трэцім разе, кажуць: „Дзякуй. Сапраўды, мы схадзілі ў клініку, зрабілі аналіз, і тое, што вы сказалі, пацьвердзілася“. Акрамя гэтага, мы пішам пра здароўе жывёлаў. Збор інфармацыі, яе афармленьне таксама патрабуе часу».

Антон лічыць, што ў Беларусі наўрад ці задумка такога праекту магла б перарасьці ў рэальнасьць.

«Перашкаджала б бюракратычная цяганіна і тое, што ўсё вакол манапалізавана дзяржавай. То бок, каб нешта зрабіць, трэба пайсьці пакланіцца некуды, папрасіць, — успамінае Антон. — А ў Польшчы для адкрыцьця нейкага бізнэсу абстаноўка спрыяльная. Заканадаўства так пабудавана, каб ты хутка змог стаць прадпрымальнікам. Такога кантролю, які ў нас, у Беларусі, які ідзе адразу, як толькі ты адкрыўся, няма. Таму наша ідэя, такая вэтэрынарная тэлемэдыцына, мы лічым, тут рэалізуецца лепш».

Што распавядаюць беларусы, якія скарысталіся кансультацыямі Антона і Ганны

Аліна: «Дапамаглі не зрабіць памылку пры куплі жывёлы»

— Мы ў Польшчы ўжо каля года і нядаўна вырашылі завесьці маленькага сабачку. Шукалі, дзе купіць, і наткнуліся на расейскамоўную дзяўчыну. Вырашылі, што выберам яе, паколькі шчанюкі былі ў парадку і па дакумэнтах нам таксама здавалася, што ўсё добра.

Але ўзьнікла пытаньне — шчанюкі нарадзіліся ва Ўкраіне і на гэты момант ужо знаходзяцца ў Польшчы. Пры гэтым у іх не было прышчэпкі ад шаленства. Нам здавалася, што гэта супярэчыць правілам, але мы падумалі, што, магчыма, ня ведаем нейкіх законаў перасячэньня мяжы жывёламі ў Польшчу. Я вырашыла пашукаць чалавека, які ў гэтым разьбіраецца.

У групе «Беларусы ў Познані» наткнулася на інфармацыю, апублікаваную Антонам. Даведалася, што яны даюць кансультацыі, пасьля чаго адразу ж яму напісала, адказ прыйшоў даволі хутка. Можна было патэлефанаваць проста ў той жа момант.

Размаўляла я з Ганнай, і яна дапамагла ва ўсім разабрацца — патлумачыла, што сабака ня можа перасякаць мяжу з Польшчай і Літвой, калі няма прышчэпкі ад шаленства. Сказала, што да маленькіх шчанят звычайна больш за ўсё ўвагі ў памежнікаў, а сабачкі да 3 месяцаў увогуле ня могуць перасякаць мяжу. І тады я зразумела, што шчанюкі, да якіх мы прыглядаліся, не зусім легальна знаходзяцца ў Польшчы.

Ганна расказала, як наогул адбываецца купля ў правільных заводчыкаў жывёлаў; пра чыпы, як яны працуюць; пра імёны, якія там запісваюцца. Таксама параіла купляць сабаку ў палякаў, бо ня будзе ніякіх пытаньняў па дакумэнтах, і сказала, што абавязкова павінна быць дамова аб куплі жывёлы.

Сям’я Шаменкавых вельмі дапамагла зарыентаваццца нам у дакумэнтах і не зрабіць памылку пры набыцьці сабакі, бо пра ўвесь гэты працэс раней у нас не было ніякіх уяўленьняў.

Уладзіслаў: «Неаднаразова зьвяртаўся па параду»

— Пасьля пераезду ў Польшчу мы мусілі перавесьці гадаванца на іншы корм. Марку набывалі тую ж самую, што і ў Беларусі, але вытворца быў ужо не расейскі, а эўрапейскі. Спачатку ўсё было добра, але ў адзін момант сабаку стала ванітаваць, ён зусім адмаўляўся есьці корм.

Знаходзячыся ў іншай краіне, мы не ўяўлялі, што з гэтым рабіць і куды ісьці — мовы ня ведаеш, гадаванец пачуваецца дрэнна. І ў адным з чатаў ўбачылі паведамленьне Антона, што можна зьвярнуцца за дапамогай па вэтэрынарных пытаньнях.

У выніку я стэлефанаваўся з Ганнай. Яна дакладна зразумела, што здарылася, бо ўжо сутыкалася з такой праблемай. Параіла, які корм трэба купіць, супакоіла. Мы зь ёй доўга размаўлялі.

Ганна сказала, што трэба рабіць для сабакі, каб атручэньне прайшло. Пасьля яе кансультацый усё нармалізавалася. Калі потым былі іншыя сытуацыі з атручэньнямі (наш сабака любіць пажаваць нешта на вуліцы), я неаднаразова зьвяртаўся па параду і Ганна заўсёды называла дакладны дыягназ. Яна таксама нам дапамагла знайсьці добрую вэтклініку, дзе мы зрабілі вэтпашпарт.

Чаму раю гэтую сям’ю? Па-першае, часам бываюць дробныя праблемы, якія не патрабуюць візыту да вэтэрынара. А калі ты ў Польшчы і зьвяртаесься да лекара, каб штосьці даведацца ці аналізы здаць, то табе ў любым выпадку трэба заплаціць за прыём, які тут даражэйшы, чым у Беларусі. Потым за аналізы, за кансультацыю — і выходзіць вялікі чэк. А высьветліцца ў выніку, груба кажучы, нястраўнасьць у сабакі.

Магу сказаць, што спэцыялісты Антон і Ганна добрыя і вельмі зьдзівіла, што дапамагаюць яны бязвыплатна.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG