Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Карэліцкім раёне ў гадавальніку зьдзекаваліся з сабак — цяпер у іх праблемы са зрокам і сэрцам


Сабака, ілюстрацыйнае фота
Сабака, ілюстрацыйнае фота

У гадавальніку, па словах зоаабаронцаў, у жудасных умовах разводзілі сабак. Цяпер жывёлы ў вельмі кепскім стане.

На гэты момант больш за сто жывёлін вывезьлі, паказалі вэтэрынарам і ўладкавалі на ператрыманьне. Дзе астатнія сабакі, невядома, апавядае сюжэт дзяржаўнага тэлеканалу АНТ. Скандал пачаўся з гісторыі купленага ў гадавальніку ёркшырскага тэр'ера — па словах гаспадыні, у яго былі гнілыя зубы, глісты, сабака быў зьнясілены. А пасьля высьветлілася, што гэта быў не адзінкавы выпадак, калі набыты ў гадавальніку ў вёсцы Барацін у Карэліцкім раёне сабака меў сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Жыхары вёскі расказваюць, што гадавальнік, які існуе ўжо каля пяці гадоў, быў крыніцай пастаяннага брэху, сабакі былі агрэсіўнымі і мясцовым было страшна хадзіць міма дома. Гаспадыня гадавальніка магла па два тыдні не бываць дома, і жывёлы заставаліся галоднымі. Пасьля грамадзкага рэзанансу на свой участак жанчына староньніх не пускала — адчыніла дзьверы, толькі калі ёй прад’явілі санкцыю пракурора і прывялі панятых.

«Мы ўбачылі прыбітых сабак, на калках, бязь місак, бяз будак. Нам дазволілі забраць 114 сабак. Яны зараз паехалі па ператрымках і валянтэрах, — расказала валянтэрка Кацярына Сапега.

Па словах валянтэраў, многія сабакі хворыя і маюць патрэбу ў дапамозе. Па іх просьбе мэдыкі Горадзенскай вэтэрынарнай клінікі ўсім калектывам аглядалі жывёл, дапамагалі й студэнты.

«Палова сабак маюць пашкоджаньні зроку. Гэта або траўматычныя пашкоджаньні, або проста запушчаныя афтальмалягічныя захворваньні. Ёсьць кардыялягічныя пацыенты. Палове пацыентаў патрабуецца апэрацыйнае ўмяшаньне», — апісала стан жывёлаў вэтэрынарка Анастасія Шымак.

Сабакі займець новых гаспадароў да суду ня здолеюць. Экспэрты павінны ацаніць стан жывёл і тыя ўмовы, у якіх іх утрымлівалі, і вырашыць, ці прыцягваць заводчыцу да адказнасьці за жорсткае абыходжаньне з жывёламі паводле арт. 16.29 КаАП. Зоаабаронцы і валянтэры ўжо напісалі на яе адпаведную заяву. У сваю чаргу, жанчына падала сустрэчную заяву аб крадзяжы 29 сабак, расказаў прадстаўнік міліцыі Яраслаў Васілеўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG