Адказваючы на пытаньні журналістаў прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны адзначылі, што яшчэ застаецца некалькі няўзгодненых акалічнасьцяў мірнае дамовы.
Калі ж падпісаць мір не атрымаецца, то сьмерці працягнуцца, падагульніў у канцы Дональд Трамп. На ягоную думку, гэтага ня хочуць як прэзыдэнт Украіны Зяленскі, так і кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. У ЗША гэтага таксама ня хочуць.
На думку Трампа, што перамовы наконт Данбасу рухаюцца ў патрэбным кірунку.
Таксама прэзыдэнт Злучаных Штатаў адзначыў, што ў яго адбылася плённая размова з кіраўнікамі эўрапейскіх краінаў. Таксама ён сказаў, што бакі абмяркоўвалі адказнасьць Расеі за адбудову Ўкраіны.
Зяленскі адзначыў, што мірны плян з 20 пунктаў узгоднены на 90%, а гарантыі бясьпекі для Ўкраіны на 100%. Пры гэтым перамовы працягнуцца ў наступныя тыдні. Зяленскі сказаў, што наступная размова наконт мірнага пагадненьня адбудзецца ўжо 29 сьнежня.
Перамовы Дональда Трампа і Ўладзіміра Зяленскага праходзяць у амэрыканскім штаце Флорыда. На самым пачатку Трамп заявіў, што мірны працэс знаходзіцца на фінальным этапе, але не ўдакладніў ніякіх тэрмінаў.
Украінская дэлегацыя ўжо прыбылі ў Злучаныя Штаты, пра што паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Украіны Сяргей Кісьліца.
Паводле выданьня Politico, чакаецца, што сустрэча будзе прысьвечана гарантыям бясьпекі, якія ЗША гатовыя прадаставіць Украіне. Акрамя таго, чакаецца, што Трамп і Зяленскі абмяркуюць кіраваньне Запароскай АЭС і кантроль над тэрыторыямі Данбасу, на якія квапіцца Масква.
Кіеў прапануе стварэньне дэмілітарызаванай зоны ўздоўж лініі судакрананьня. Раней Зяленскі пісаў, што мае намер абмеркаваць мірны плян з 20 пунктаў, распрацаваны ў час сустрэчаў з прадстаўнікамі ЗША і Эўрапейскага зьвязу. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у размове з Politico заявіў, што чакае плённай сустрэчы.
У Axios лічаць, што сустрэча зьяўляецца прыкметай значнага прагрэсу ў перамовах. Раней Трамп заяўляў, што сустрэнецца зь Зяленскім, толькі калі будзе ўпэўнены, што пагадненьне знаходзіцца ў блізкай да завяршэньня стадыі.
Раней Зяленскі заяўляў, што плян Трампу «на 90% узгоднены» і што «шмат што можа быць вырашана да Новага году».
Галоўнай перашкодай угодзе, відаць па ўсім, выступае патрабаваньне Расеі атрымаць кантроль над усім рэгіёнам Данбасу. ЗША прапанавалі ператварыць тэрыторыі, зь якіх Кіеў папросяць вывесьці свае войскі, у дэмілітарызаваную «свабодную эканамічную зону». Зяленскі настойвае на вывадзе расейскіх войскаў зь цяперашняй лініі і падкрэсьлівае, што тэрытарыяльныя саступкі павінны быць зацьверджаныя рэфэрэндумам.
Перад перамовамі прэзыдэнтаў Украіны і ЗША расейцы нанесьлі шматлікія ўдары па мірных гарадах Украіны, гінулі і зазнавалі раненьняў людзі. 27 сьнежня кіраўнік расейскага Генштабу Валерый Герасімаў апавясьціў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб узяцьці ўкраінскіх Мірнаграда і Гуляйполя, але Ўкраіна запярэчыла тым заявам, адзначыўшы, што расейцы распаўсюджваюць хлусьлівыя зьвесткі, каб умацаваць свае пазыцыі ў пытаньні перамоваў.
Пуцін раней пагражаў тым, што, калі Ўкраіна ня выведзе свае войскі зь цяперашняй лініі фронту, Расея вырашыць свае задачы вайсковым шляхам.
Форум