Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даклад FIDH: Эўрапейскія кампаніі спрабуюць абысьці эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь


Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) падрыхтавала даклад «Пастаўкі інструмэнтаў рэпрэсій у Беларусь» аб незаконным выкарыстаньні зброі для разгонаў дэманстрацый з парушэньнем правоў чалавека.

Падрабязнасьці падае DW.

Адразу пасьля абвяшчэньня ў жніўні 2020 году вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, афіцыйным пераможцам якіх быў названы Аляксандр Лукашэнка, а апазыцыйная кандыдатка Святлана Ціханоўская нібыта яму прайграла, заняўшы другое месца, у краіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту. Цягам некалькіх месяцаў людзі працягвалі выходзіць на вуліцы.

«Нягледзячы на тое, што абсалютная большасьць гэтых пратэстаў былі мірнымі, яны былі жорстка задушаныя. Супрацоўнікі праваахоўных органаў, узброеныя ў тым ліку стрэльбамі і пісталетамі, гумавымі кулямі і дубінкамі, сьвятлашумавымі гранатамі і ірырантамі, ужывалі празьмерную сілу супраць пратэстоўцаў, у выніку чаго сотні людзей атрымалі траўмы, а чатыры чалавекі загінулі», — гаворыцца ў дакладзе Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH), апублікаваным у канцы 2021 году.

Аўтары дакумэнту прааналізавалі розную інфармацыю і высьветлілі, якія сродкі выкарыстоўвалі беларускія ўлады для разгону дэманстрацый, якую зброю прымянялі пры гэтым сілавікі і адкуль ажыцьцяўляліся яе пастаўкі.

Экспарт зброі насуперак эмбарга?

Як адзначаецца ў дакладзе Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, яго аўтары перадалі згаданым кампаніям папярэднюю вэрсію дакумэнту, прапанаваўшы ім адзначыць якія-небудзь недакладнасьці, якія тычацца дзейнасьці кампаній:

«Італьянская кампанія Fabarm адмаўляе якія-небудзь незаконныя транзакцыі зь Беларусьсю і сьцьвярджае, што «наяўнасьць у час пратэстаў зброі, падобнай на нашу прадукцыю (кампаніі Fabarm), можа быць зьвязана з прысутнасьцю на рынку некаторых копій турэцкай вытворчасьці, якія таксама маюць наш таварны знак на вонкавым боку, і зьяўляецца відавочным парушэньнем нашых прамысловых правоў».

Тое ж сьцьвярджэньне адносна копіяў турэцкай вытворчасьці зьмяшчаецца ў адказе іншага італьянскага вытворцы зброі, Benelli:

«(Кампанія) правяла ўнутраны аўдыт... Вынікам гэтых праверак стала пацьверджаньне таго, што ні да, ні пасьля эмбарга ніколі не вялося ніякага экспарту ў Беларусь, ні ўстановам, ні прыватным асобам. Зьяўленьне падчас сутыкненьняў зброі, падобнай да нашай прадукцыі, можа быць зьвязана з прысутнасьцю на рынку копіяў нашага M4 Benelli турэцкай вытворчасьці...»

Згодна з базай даных Рэгістру звычайных узбраеньняў ААН (UNROCA), з 2011 году Беларусь імпартуе стралковую зброю толькі з Турэчыны, Сэрбіі і Паўднёвай Афрыкі. Пры гэтым найбуйнейшым экспартэрам ручной агнястрэльнай зброі ў Беларусь зьяўляецца Турэччына. Акрамя таго, Аўстралія выдала дазвол на экспарт 131 адзінкі стралковай зброі і лёгкага ўзбраеньня ў Беларусь у пэрыяд з 2018 па 2019 год, аднак незразумела, колькі зь іх было экспартавана ў рэальнасьці, зазначаецца ў дакладзе.

Тым ня менш шэраг эўрапейскіх краін, падобна, працягвалі пастаўляць зброю ў Беларусь пасьля 2008 году, парушаючы заканадаўства ЭЗ, мяркуюць аўтары дакумэнту:

«Адным з трывожных прыкладаў зьяўляецца закупка ў канцы 2011 году швайцарска-нямецкіх пісталетаў SIG Sauer для байцоў СОБРу... У сувязі з гэтым варта адзначыць, што краіна-вытворца часта не зьяўляецца прамым пастаўшчыком тавару і існуе вялікая імавернасьць таго, што ён быў перададзены ў Беларусь праз трэція краіны. Напрыклад, паводле паведамленьняў СМІ, некаторыя кампаніі ЭЗ спрабавалі абысьці зброевае эмбарга ЭЗ, пастаўляючы агнястрэльную зброю і боепрыпасы ў Беларусь праз трэція краіны, напрыклад Малдову».

Адкуль боепрыпасы і спэцтэхніка

Пасьля задушэньня пратэстаў на вуліцах Менску і іншых гарадоў журналісты знайшлі, сярод іншага, боепрыпасы, вырабленыя ў трэціх краінах. У дакладзе гаворыцца:

«У прыватнасьці, экспэрты і журналісты апазналі наступныя боепрыпасы замежнай вытворчасьці, выкарыстаныя для задушэньня пратэстаў у Беларусі: патрон STERLING 12 калібру менш сьмяротнага дзеяньня з гумавай куляй (Турэччына), патрон D Dupleks 12/70 з гумавай куляй (Латвія), святлашумавы патрон Fam-Pionki 12/70 ONS 2000 (Польшча)».

Акрамя таго, як сьцьвярджаюць складальнікі дакумэнту,

«былі выяўлены наступныя боепрыпасы, пераважна расейскай вытворчасьці, якія выкарыстоўваюцца беларускімі праваахоўнымі органамі для распыленьня хімічных раздражняльных рэчываў: 43-мм ВГМ93.200, ручная газавая граната «Чаромха-6» раздражняльнага дзеяньня, ручныя аэразольныя гранаты «Дрэйф» і «Дрэйф-2».

Для разгону пратэстоўцаў беларускі АМАП выкарыстаў цэлы шэраг паліцэйскіх атрутных рэчываў або хімічных раздражняльных рэчываў, уключаючы сьлезацечны газ і пярцовы аэразоль, святлашумавыя гранаты, сьцьвярджаюць аўтары даклада:

«Паводле паведамленьняў журналістаў і экспэртных груп, беларускія сілавікі былі ўзброеныя: гэта ручныя святлашумавыя гранаты Zeveta Ammunition P-1 і ZV-6 (Чэхія), святлашумавыя патроны Fam-Pionki 12/70 ONS 2000 (Польшча), ручная аэразольная граната ТАА НВП „Эколяг“ „Тэрэн-6“ і ручная „Tерен7M“ украінскага вытворцы».

У дакладзе падкрэсьліваецца, што «чэская кампанія Zeveta і польская кампанія Fam-Pionki адмаўляюць факт продажу боепрыпасаў у Беларусь і сьцьвярджаюць, што выконваюць дзейныя нацыянальныя і міжнародныя нормы».

Акрамя таго, у дакумэнце FIDH гаворыцца аб выкарыстаньні вадамётаў для разгону пратэстоўцаў:

«Апроч беларускіх вадамётаў, праваахоўныя органы выкарыстоўвалі вадамёты Predators вытворчасьці кампаніі Streit Group (ААЭ/Канада). Вадамёты, паводле гэтых паведамленьняў (СМІ — РС, былі ўсталяваныя на грузавіках 134 Mercedes-Benz і MAN Truck & Bus (Нямеччына), IVECO (Італія), КамАЗ (Расея). Аўтамабілі абсталяваныя дзьвюма вадзянымі помпамі з далёкасьцю дзеяньня 55-70 мэтраў вытворчасьці нямецкай кампаніі Ziegler».

Пазыцыя гэтых кампаній у дакладзе не даецца.

Як адзначаюць аўтары дакумэнта,

«з моманту ўвядзеньня эмбарга ЭЗ на пастаўкі зброі ў Беларусь у 2011 годзе ўсё ўзбраеньне, якое выкарыстоўваецца для рэпрэсій унутры краіны, было забаронена да экспарту ў Беларусь, уключаючы абсталяваньне, якое не падпадае пад дзеяньне Агульнай пазыцыі ЭЗ. Але некаторыя з прадметаў, відаць, былі зробленыя і пастаўлены ў Беларусь пасьля 2011 году».

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG