Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: эўрапейскія фірмы спрабавалі абыходзіць эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь


Пратэст у Менску ў ноч на 10 жніўня 2020
Пратэст у Менску ў ноч на 10 жніўня 2020

Выданьне EUObserver апублікавала расьсьледаваньне, якое раскрывае спробы некаторых краін Эўразьвязу абысьці эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь.

У расьсьледаваньні фігуруюць чэская фірма Česká zbrojovka, вугорская De Fango і славацкая XXeurope. Апошнія дзьве летась спрабавалі паставіць у Беларусь праз Малдову сотні тысяч патронаў.

У схеме абыходу эмбарга, якое дзейнічае з 2011 году, згодна са зьвесткамі аўтараў расьсьледаваньня, задзейнічаныя таксама малдаўская збройная фірма Cartuș, расейская Alliance і беларуская Outdoor Team.

Пра выкрыцьцё выпадкаў нелегальнай пастаўкі боепрыпасаў праз Малдову на мінулым тыдні заяўляла МЗС гэтай краіны.

«Яны былі канфіскаваныя і ў цяперашні час захоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Малдова. Судовая ўлада пачала расьсьледаваньне па гэтай справе, а на мінулым тыдні было праведзена некалькі вобшукаў, — EUObserver цытуе заяву малдаўскага МЗС. — Боепрыпасы былі прывезеныя з Вугоршчыны, але вырабленыя ў Фінляндыі і Швайцарыі».

Česká zbrojovka паведаміла Euobserver, што «яна не пастаўляла ніводнай сваёй прадукцыі, на якую накладзеныя міжнародныя санкцыі, ні Расеі, ні Беларусі, у той час, як такія санкцыі дзейнічалі» і не дазволіла сваім кліентам або дзелавым партнэрам рабіць такія продажы».

Вугорская кампанія De Fango заявіла EUobserver, што «не пастаўляе тавары ў Расею і Беларусь».

Як паведамлялася, летась пасьля разгону пратэстаў у Менску на вуліцах знаходзілі аскепкі ад сьвятлашумавых гранатаў чэскай вытворчасьці. Міністар замежных справаў Чэхіі Томаш Пэтршычэк заявіў тады, што Чэская Рэспубліка выконвае эмбарга на пастаўкі такога матэрыялу ў Беларусь, дадаўшы, што гэта маглі быць гранаты з ранейшых часоў або «сваю ролю ў гэтым маглі адыграць перакупнікі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG