Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Драпежнікі» ў Менску. Хто стаіць за вытворчасьцю вадамёта, за пашкоджаньне якога затрымалі 5 дэманстрантаў

абноўлена

Удзельніца пратэсту каля пашкоджанага вадамёта, які атрымаў у пратэстоўцаў назву "вадамёт-кіт"

5 кастрычніка МУС Беларусі паведаміла, што затрымалі 5 пратэстоўцаў, якія падазраюцца ў пашкоджаньні вадамёта падчас маршу ў падтрымку палітвязьняў у нядзелю. Іх абвінавачваюць у грубым парушэньні грамадзкага парадку, паведамляе прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Абставіны пашкоджаньня вадамёта і паходжаньне гэтай прылады высьвятляла журналістка расейскай службы Радыё Свабода Екацярына Пракоф'ева.

У паведамленьні МУС гаворыцца, што «маладыя людзі каардынавалі натоўп, а таксама ўдзельнічалі ў счэпцы і блякаваньні дарожнага руху. Акрамя таго, 27-гадовы жыхар Столінскага раёну разукамплектаваў вадамёт (вырваў гідрапомпы), а 26-гадовы мянчук закідаў спэцтэхніку камянямі. Яшчэ двое 21-гадовых маладых людзей зь Нясьвіжа і Магілёва падазраюцца ў тым, што заклеілі аб’ектыў камэры вонкавага назіраньня на будынку Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў».

27-гадовага Мікіту Ігнацюка, які ня ўдзельнічаў у пашкоджаньні вадамёта, а пасьля сфатаграфаваўся з гідрантам, затрымалі таксама. Яго здымак разышоўся ў сацсетках, і, хоць твар Мікіты быў размыты, яго знайшлі, затрымалі і асудзілі на 15 сутак, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Усе гэтыя арышты зьвязаныя з падзеямі, якія адбыліся падчас нядзельнай дэманстрацыі ў Менску. Частка пратэстоўцаў ня стала мірыцца з тым, што супраць іх выкарыстоўваюць вадамёт. Чацьвёра хлопцаў атачылі яго і на хаду адчынілі вечка ўнутраных адсекаў, выцягнулі адтуль кантэйнэры з фарбай і вылілі на асфальт. Гэтая фарба мае спэцыфічны пах і выкарыстоўваецца для падфарбоўваньня вады, каб пазначаць дэманстрантаў і пазьней мець доказы іх удзелу ў несанкцыянаваным мітынгу.

Акрамя фарбы, пратэстоўцы вырвалі зь люку гідрапомпы, пасьля чаго фантан вады стаў біць ня ўбок, а ўверх. Прысутныя крычалі: «Вадамёт-кіт!».

Вадамёты, якія выкарыстоўваліся ў Менску супраць маніфэстантаў, — канадзкай вытворчасьці. Цэлую партыю такіх вадзяных гарматаў беларускія сілавікі закупілі некалькі гадоў таму для разгону масавых акцыяў пратэсту. Паколькі ў заходніх краінах дзейнічае эмбарга на пастаўкі ў Беларусь як узбраеньня, так і сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для рэпрэсіяў унутры краіны, пастаўкі ажыцьцяўляліся празь фірму-пасярэдніка, адкрытую расейцам.

Сучасныя вадзяныя гарматы вытворчасьці кампаніі StreitGroupCompany ўпершыню былі паказаныя на міжнароднай выставе ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі IDEX у Абу-Дабі ў 2013 годзе. У Менску яны зьявіліся падчас «антыдармаедзкіх» пратэстаў 2017 году. «Драпежнік» можа ня толькі расьсеяць натоўп, але і разбурыць барыкаду.

StreitGroup — канадзка-эмірацкая кампанія, якую заснаваў расеец Герман Гутараў. Цяпер у яго канадзкае грамадзянства, а пражывае ён у ААЭ.

Па дадзеных «Эўрарадыё», StreitGroup абыходзіць канадзкае эмбарга на пастаўкі зброі, бо асноўная вытворчасьць знаходзіцца па-за межамі Канады. Цяпер у кампаніі 12 прадпрыемстваў і 25 офісаў па ўсім сьвеце. У тым ліку — у ААЭ, Турэччыне, Ярданіі, ЗША і Расеі.

BR6 Predator у Менску
BR6 Predator у Менску

Герман Гутараў асабіста кіруе StreitGroup. Цэнтар па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) характарызуе яго як «асобу, зьвязаную з злачыннай дзейнасьцю». ААН неаднаразова абвінавачвала прадпрыемства ў абыходзе эмбарга на пастаўкі зброі.

Канадзкае выданьне The Globe and Mail раней правяло расьсьледаваньне, каб высьветліць, як кампанія змагла паставіць спэцтэхніку ў гарачыя кропкі сьвету ў абыход санкцый. StreitGroup прадавала ўзбраеньне ў многія канфліктныя зоны. Яе бізнэс-інтарэсы засяроджаныя на рынках краін трэцяга сьвету, перш за ўсё ў Азіі і Афрыцы.

У Беларусі вадамёты ўжываюцца практычна кожную нядзелю для разгону акцыяў пратэсту, на вуліцы выганяюць па шэсьць-сем машынаў. Ужо ня першы раз гэтая дарагая спэцтэхніка дае збой. «Вадамёт-кіт», які зь лёгкасьцю разабралі пратэстоўцы, — ня першы, зь якім нешта пайшло ня так. Два тыдні таму іншы такі вадамёт паламаўся ў раёне плошчы Перамогі ў Менску, зь яго выцекла вада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG