«Адзін некарэктны сыгнал». Мінэнэрга назвала прычыну адключэньня БелАЭС

Міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч сказаў, што прычынай адключэньня першага энэргаблёку БелАЭС стаў «адзін некарэктны сыгнал».

Ад яго спрацавала аўтаматычная абарона, якая адключыла блёк ад сеткі, паведаміў тэлеграм-канал Мінэнэрга.

Адмыслоўцы правялі дыягностыку і ня выявілі нараканьняў. Паводле іх, усе тэхналягічныя сыстэмы і абсталяваньне гатовыя да працы.

Таму 18 лістапада рэактар пачалі паціху запускаць. Неўзабаве першы энэргаблёк плянуюць падключыць да сеткі.

17 лістапада ў 10:33 аўтаматыка адключыла першы энэргаблёк БелАЭС. За дзесяць месяцаў эксплюатацыі энэргаблёк спынялі ўжо восем разоў.

Энэргаблёк увялі ў прамысловую эксплюатацыю 10 чэрвеня. Яго фізычны пуск адбыўся ў жніўні 2020 году.

Папярэдні раз блёк уключылі 4 кастрычніка пасьля трох месяцаў прастою. Пасьля таго як у сярэдзіне ліпеня спрацавала аўтаматычная сыстэма абароны генэратара, яго адключалі ад сетак і потым доўга рамантавалі.

​
XS
SM
MD
LG