Тут а 10-й гадзіне ў закрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым.
«Не разумею, што адбываецца ў нас. Нават калі былі пратэсты, не было на нашай вуліцы столькі супрацоўнікаў АМАП», — сказаў адзін з жыхароў дому каля СІЗА.
Кніжную вуліцу напярэдадні вечарам вызвалілі ад аўтамабіляў. Супрацоўнікі ДАІ сказалі аўтамабілістам паркавацца ў іншым месцы, бо тут будуць «весьціся рамонтныя работы».
Зранку вакол СІЗА выставілі ачапленьне. Апроч унутраных войскаў, тут стаіць мікрааўтобус з АМАП, а на Кніжнай вуліцы — аўтамабілі зь людзьмі ў цывільным.
Усе пад’езды да СІЗА, акрамя аднаго, перакрылі. Той адзіны кантралююць людзі ў цывільным. Яны спыняюць усе машыны, якія паварочваюць у бок ізалятару. Каля самога СІЗА шмат міліцыі.
Родным абвінавачаных забараняюць здымаць каля будынку СІЗА. Ва ўсіх, хто праходзіць побач з ізалятарам, правяраюць торбы.
Побач зь СІЗА перад пачаткам працэсу затрымалі сябра Мікалая Статкевіча Аляксея Кірэева. Яго павезьлі ў РАУС Чыгуначнага раёну Гомля. Пра гэта паведаміла Марына Адамовіч.
Марына Адамовіч і Дар’я Лосік, жонкі палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, праводзяць першы дзень суду над сваімі блізкімі пад сьценамі СІЗА-3 у Гомлі.
Таксама, паводле жонкі палітыка, Мікалай Статкевіч адмаўляецца ўдзельнічаць у судовым працэсе і накіраваў адпаведны ліст у Гомельскі абласны суд.
А 10-й гадзіне каля СІЗА зьявіліся дыпляматы. Група дыпляматаў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША адзначыла, што зноў, як і ў справе палітвязьняў Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча, улады Беларусі «адмовіліся забясьпечыць празрыстасьць судовага працэсу; сваякам зьняволеных, іншым прадстаўнікам грамадзкасьці і дыпляматам было адмоўлена ў праве прысутнічаць на працэсе», хоць права на публічны суд замацавана некалькімі міжнароднымі дакумэнтамі ў правах чалавека, у тым ліку Ўсеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека.
«Ад імя ўсіх дыпляматычных місій краін ЭЗ, што працуюць у Менску, амбасадар Румыніі, кіраўнік місіі Нідэрляндаў, намесьнік кіраўніка Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, калегі з амбасадаў Чэхіі і Швэцыі разам з брытанскімі і амэрыканскімі калегамі наведалі Гомель, каб прысутнічаць на судзе па справе палітычных зьняволеных Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Дзмітрыя Папова, Уладзімера Цыгановіча і Арцёма Сакава», — паведаміла прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.
Замежныя дыпляматы выказалі салідарнасьць з палітвязьнямі, іхнымі сем’ямі і падкрэсьлілі, што ўрады краінаў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША працягваюць заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі.
На працэс пусьцілі аўтара дзяржаўнага выданьня «СБ. Беларусь Сегодня» Людмілу Гладкую.
На апублікаваным ёй кароткім відэа відаць, як Мікалай Статкевіч, зайшоўшы ў залю суду, выгукнуў «Жыве Беларусь!». Сяргей Ціханоўскі сказаў, пэўна, ківаючы ў бок дзяржаўных прапагандыстаў: «Нармальны закрыты працэс!»
Раніцай да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай прыехалі міліцыянты, каб прымусова завезьці яе на суд у АУС Гомельскага раёну. Позву на працэс за супрацу зь «Белсатам» без акрэдытацыі Шчыракова атрымала толькі ўчора ўвечары. Калі журналістка паабяцала, што ня пойдзе да СІЗА, дзе пачынаецца працэс над блогерамі і палітыкамі, міліцыя зьехала. На свой суд Шчыракова не пайшла, працэс пачаўся ў 9:30 безь яе.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:
- Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
- Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
- Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
- Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
- Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
- Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.
Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу) за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў