Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказалі, што забяруць мяне, калі буду здымаць». Дар’я Лосік пра першы дзень ля СІЗА, дзе судзяць яе мужа


Дар'я Лосік у акружэньні дыпляматаў краін Эўразьвязу, ЗША і Вялікабрытаніі каля гомельскага СІЗО перад пачаткам працэсу. 24 чэрвеня 2021

Працэс па справе Ігара Лосіка і іншых палітвязьняў пачаўся ў Гомлі 24 чэрвеня. Ён праходзіць у закрытым рэжыме ў памяшканьні СІЗА-3.

Ад самай раніцы ля будынку СІЗА было шмат супрацоўнікаў міліцыі і людзей у цывільным. Жонка палітзьняволенага, кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка Дарʼя расказала, як прайшоў для яе першы дзень працэсу.

«На жаль, я нічога не магу сказаць па тым, што адбывалася сёньня ў судзе, — расказала Дарʼя. — Адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні, ён ня мае права нічога расказваць пра ход працэсу. Але я бачыла Ігара на відэа Людмілы Гладкай (журналістка СБ, якая прысутнічае на працэсе. — РС), ён выглядае бледна-зялёным. Шчыра кажучы, я засмучаная гэтым. Мне страшна, я не разумею, чаму ён так выглядае. З чым гэта можа быць зьвязана. Колер скуры вельмі нездаровы. Ігар выглядае значна горш, чым падчас нашай сустрэчы ў СІЗА».

Дарʼя расказвае, што ўвесь першы дзень суду над мужам яна знаходзілася ля будынку СІЗА. Гэта прыцягнула ўвагу сілавікоў, ёй ужо пагражалі затрыманьнем.

«Падышоў супрацоўнік у цывільным, папрасіў паказаць тэлефон, — расказвае Дарʼя. — Я яму сказала прадставіцца. Завязалася спрэчка, ён не хацеў прадстаўляцца, пакуль я не пакажу мабільнік. Спытала ў яго, навошта яму мой тэлефон. Адказаў, што забяруць мяне, калі я буду здымаць. Тады кажу яму, каб забіралі проста зараз. Гаварылі мне яшчэ, каб ехала дадому. Бо мужа ўсё адно не пабачу. І на суд ня траплю, і навошта мне тут стаяць».

Міліцыянтам Дарʼя адказала, што ўсё адно будзе пад СІЗА ўвесь час, пакуль там будуць судзіць яе мужа. Таму што ён ведае, што яна чакае яго звонку, і гэта важна для іх дваіх. Таму яна ня сыдзе ад СІЗА, пакуль не абвесьцяць прысуд.

«Іх гэта вельмі засмуціла, — кажа Дарʼя. — Таму што я тут адна стаю, Марына Адамовіч зьехала. А я тут адна, і вакол мяне два бусы і адзін легкавік яшчэ. З вось гэтымі людзьмі ў цывільным. Неяк несурʼёзна нават. Але больш затрымліваць не спрабавалі».

Дарʼя Лосік таксама кажа, што прысутнасьць журналісткі СБ Людмілы Гладкай на працэсе і тое, як яна апісвае падзеі ў судовай залі, — праява падвойных стандартаў.

«Яна можа там прысутнічаць, публікаваць свой непрыгожы, жахлівы і вульгарны тэкст, — кажа Дарʼя. — Яна ўжо крыху сабе на артыкул 130 КК нагаварыла. Яна можа выкручваць усё, што захоча. Асабліва ў тых умовах, калі ніхто са зьняволеных ня можа ёй адказаць. Я нядаўна даведалася пра існаваньне Гладкай. Але па яе допісах я думаю, што ёй трэба быць больш тактоўнай».

Суд па справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і іншых адновіцца ў пятніцу 25 чэрвеня ў 10.00.

1

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG