Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 чэрвеня пачынаецца суд над Ціханоўскім, Лосікам і Статкевічам. Што варта ведаць пра гэты працэс


Палітвязьні Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Акрамя іх, на лаве падсудных таксама актывісты і блогеры Цыгановіч, Папоў і Сакаў. Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме на тэрыторыі гомельскага СІЗА № 3.

Як і дзе будзе праходзіць працэс?

Судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачнецца прыкладна праз год пасьля затрыманьня кожнага зь іх.

Ігар Лосік, кансультант Радыё Свабода, быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 году, да суду ён за кратамі правёў амаль роўна год. Усе іншыя фігуранты за кратамі ад канца траўня — пачатку чэрвеня 2020 году.

Увесь гэты час яны ўтрымліваліся ў СІЗА Менску і Жодзіна, а ў Гомель трапілі перад самым пачаткам суду. Першапачаткова Генпракуратура і Вярхоўны суд, куды перадалі матэрыялы пасьля завяршэньня сьледзтва, паведамлялі, што працэс мае прайсьці ў Гомельскім абласным судзе. Аднак у выніку родным абвінавачаных стала вядома, што суд будзе ня толькі закрыты, але да таго ж пройдзе ў будынку СІЗА № 3 Гомля. Ніякіх афіцыйных тлумачэньняў гэтаму няма.

Вядома, што ў справе ад 110 да 140 тамоў. Яе зьмест абвінавачаныя вывучалі на працягу кастрычніка. Мікола Статкевіч рабіць гэта адмовіўся амаль адразу, назваўшы ўсе абвінавачаньні беспадстаўнымі.

Каго і за што зьбіраюцца судзіць?

Дакладна нават не вядома, у чым абвінавачваюць кожнага з падсудных. Адвакаты ўсіх іх пад падпіскай аб неразгалошваньні і ня могуць раскрываць дэталі матэрыялаў справы і будучага працэсу. У выпадку Ігара Лосіка адвакат нават ня можа назваць трэці артыкул абвінавачваньня, які Лосіку дадалі ўвесну.

Незразумела таксама, што зьвязвае некаторых абвінавачаных. Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч у размове са Свабодай падкрэсьлівала, што з усіх пяці чалавек, з кім Статкевіч аказаўся на адной лаве падсудных, ён асабіста знаёмы толькі зь Сяргеем Ціханоўскім. І то іх знаёмства нельга назваць блізкім. Ігар Лосік таксама да суду ня меў кантактаў зь іншымі абвінавачанымі. Адносна блізкія кантакты аб’ядноўваюць толькі Сяргея Ціханоўскага і Дзьмітрыя Папова з Арцёмам Сакавым.

Вядома таксама, што ў кожнага з падсудных абвінавачаньне «сваё». Менш за ўсё «прэтэнзій» у сьледзтва аказалася да Міколы Статкевіча. Па словах Марыны Адамовіч, яму пакінулі толькі адзін артыкул Крымінальнага кодэксу — 293, арганізацыя масавых беспарадкаў. Аднак, у адрозьненьне ад іншых фігурантаў справы, Мікола Статкевіч раней ужо быў асуджаны, што робіць яго «рэцыдывістам».

Што вядома пра кожнага зь фігурантаў справы?

Ігар Лосік

Ігар Лосік
Ігар Лосік

Кансультант Радыё Свабода, адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу», які ўжо пасьля арышту Ігара ў Беларусі прызналі экстрэмісцкім. Ігара Лосіка затрымалі дома ў Баранавічах раніцай 25 чэрвеня 2020 году. Спачатку Ігар быў зьняволеным СІЗА № 1 у Менску, празь некалькі месяцаў яго перавялі ў сьледчую турму Жодзіна.

Вядомыя два артыкулы, па якіх абвінавачваюць Ігара Лосіка. Гэта «Ўдзел у масавых беспарадках» і «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Трэці артыкул абвінавачаньня невядомы, яго назвалі Лосіку вясной 2021 году. Падчас зьняволеньня Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі пратэсту, абодва разы гэта здаралася пасьля прад’яўленьня новых абвінавачаньняў. Першая галадоўка працягвалася 42 дні, другая, якая была «сухой», — чатыры. У сакавіку ён падчас сустрэчы са сьледчым парэзаў сабе запясьце.

Сяргей Ціханоўскі

Блогер, кіраўнік штабу і выбарчай кампаніі сваёй жонкі Сьвятланы. Быў затрыманы ў Горадні 29 траўня 2020 году пасьля завяршэньня выбарчага пікету Ціханоўскай на Савецкай плошчы гораду. Невядомая жанчына ўступіла ў нязначны канфлікт зь Ціханоўскім, пасьля чаго яго затрымалі міліцыянты і павезьлі ў невядомым кірунку на спэцтранспарце.

Абвінавачваньні Ціханоўскаму прад’явілі толькі 8 чэрвеня — па артыкуле 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Пазьней да гэтага дадаліся яшчэ 191 артыкул (перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў), 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) і 130-ы (распальваньне варожасьці).

10 кастрычніка 2020 году Сяргей Ціханоўскі быў сярод тых, з кім у СІЗА КДБ сустракаўся Аляксандар Лукашэнка. Неўзабаве пасьля наведваньня Лукашэнкам «Амэрыканкі» Ціханоўскаму далі магчымасьць пазваніць жонцы Сьвятлане.

Зімой 2021 году ў сеціва трапіў аўдыёзапіс, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу былога кіраўніка МУС Юрыя Караева, сьцьвярджае, што Сяргея Ціханоўскага неабходна арыштаваць. А калі для яго арышту няма адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэксу, то яго «неабходна прыдумаць».

Мікола Статкевіч

Шматгадовы лідэр беларускай апазыцыі. Быў затрыманы празь дзень пасьля Ціханоўскага — 30 жніўня 2020 году па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ля Камароўскага рынку. Спачатку Статкевіча пакаралі адміністратыўным арыштам тэрмінам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ 15. У канцы чэрвеня Статкевіча перавялі ў СІЗА і прад’явілі абвінавачаньні па крымінальным артыкуле 342.

Да суду Мікола Статкевіч знаходзіцца ў адзіночнай камэры. Па словах яго жонкі Марыны Адамовіч, гэта было ўласнае жаданьне палітыка. Вядома таксама, што ён адмовіўся знаёміцца з матэрыяламі справы, а віну катэгарычна не прызнае.

Уладзімер Цыгановіч

Блогер, затрыманы 9 чэрвеня 2020 году. Цыгановічу прад’яўленыя абвінавачваньні па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), а таксама па артыкуле 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Як і Мікола Статкевіч, да прад’яўленьня абвінавачаньняў Цыгановіч адбыў два адміністратыўныя тэрміны па 15 сутак.

Уладзімер Цыгановіч вядомы сваімі відэа на сацыяльна-эканамічную тэматыку. У прыватнасьці, ён крытыкаваў рост цэнаў на паліва. Паводле паведамленьняў праваабарончага цэнтру «Вясна», Цыгановіч з прад’яўленымі яму абвінавачаньнямі не пагаджаецца.

Арцём Сакаў

Затрыманы 31 траўня ў сваёй кватэры. Прычынай затрыманьня стаў інцыдэнт з удзелам Сяргея Ціханоўскага ў Горадні 29 траўня, Сакаў працаваў там у якасьці апэратара. Ён пэўны час здымаў ролікі для самога Ціханоўскага, а пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай пачаў працаваць у яе выбарчым штабе.

Сакава абвінавачваюць па артыкулах 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), 130 (Распальваньне сацыяльнай варожасьці) і 191 (пагрозы на адрас старшыні ЦВК).

Дзьмітрый Папоў

Мадэратар сацыяльных сетак «Страны для жизни», зьнік увечары 4 чэрвеня 2020 году. Незадоўга да зьнікненьня Папоў запісаў і апублікаваў відэа, у якім расказаў пра цікавасьць да сябе з боку сілавікоў.

Знайшоўся Папоў празь некалькі дзён у ІЧУ на Акрэсьціна, адкуль яго перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Дзьмітрый Папоў — грамадзянін Расеі. Як расказвала ў красавіку 2021 году яго сястра, за ўвесь час, што ён за кратамі, прадстаўнікі расейскай амбасады да яго так і не прыехалі.

Абвінавачваюць Дзьмітрыя Папова, як і Ціханоўскага з Сакавым, адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу — 130, 191, 293 і 342.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG