Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасівеў, турбуе сэрца, ня есьць сала. Што вядома пра грамадзяніна Расеі, якога будуць судзіць разам зь Ціханоўскім


Дзьмітры Папоў
Дзьмітры Папоў

Грамадзянін Расеі Дзьмітры Папоў мадэраваў сацыяльныя сеткі «Страна для жизни». Яго пачнуць судзіць у закрытым рэжыме разам зь Ціханоўскім, Статкевічам, Лосікам і іншымі 24 чэрвеня. Расказваем, чым Дзьмітры займаўся да Беларусі, як яго затрымлівалі і як ён год жыве за кратамі.

Сястра Дзьмітрыя Юлія Папова расказала Свабодзе пра брата.

Жыў у Піцеры, працаваў бармэнам, бацькі памерлі

Юлія Папова
Юлія Папова

Дзьмітрыю Папову 29 гадоў. Прыехаў у Беларусь у 2019 годзе. Жыў у Гомлі. Чаму пераехаў, сястра ня ведае. Перад гэтым ён жыў у Піцеры і працаваў бармэнам. Хацеў паступаць ва ўнівэрсытэт, вызначаўся з кірункам.

«Пра ягонае жыцьцё ў Беларусі я амаль нічога ня ведаю. Калі ён жыў там, мы размаўлялі пра надвор’е, настрой, падарожжы і мары пра будучыню. Ён не расказваў мне пра палітыку практычна нічога», — кажа Юлія.

Дзьмітры не жанаты, ня мае дзяцей. Маці памерла, калі хлопцу было 14 гадоў. Бацьку пазбавілі бацькоўскіх правоў, ён памёр летась.

Сястра кажа, што Дзіма «вельмі добры і адкрыты».

«Гатовы аддаць апошнюю кашулю. Калі яго аб нечым папрасіць, ён абавязкова дапаможа і ня будзе нічога прасіць узамен. Ён заўжды кажа, што ўсё добра, нават калі яму нялёгка ў гэты момант», — кажа Юлія.

Дзяўчына думае, што брата любяць ня толькі ў сям’і, але і малазнаёмыя людзі, «бо ён сапраўдны, такі, які ёсьць, не спрабуе насіць маскі, падстройвацца пад людзей».

На думку сястры, Дзьмітры разумны, шмат чытае, мае цудоўнае пачуцьцё гумару, становіцца душой любой кампаніі, зь ім можна размаўляць на любыя тэмы. Хлопец «любіць жывёлаў, асабліва коцікаў».

Хаваўся ў лесе, затрымалі ў фэрмэра

Як Дзьмітры далучыўся да каманды Ціханоўскага, ці быў ён асабіста знаёмы зь некім з тых людзей, зь якімі яго будуць разам судзіць, сястра ня ведае. Цяпер на гэтыя тэмы яны з братам таксама не перапісваюцца, бо мяркуюць, што не прапусьціць цэнзура. Сустрэчаў зь Дзьмітрыем сваякам яшчэ не дазвалялі.

Вядома, што Папова затрымалі дома ў мазырскага фэрмэра Аляксандра Вянгуры летась 4 чэрвеня. Пры начным ператрусе маці фэрмэра зламалі пальцы на руцэ, а на малую дачку настаўлялі пісталет. Перад затрыманьнем Дзьмітры запісаў відэа «зь лесу», дзе казаў, што яго шукае міліцыя.

Дзьмітры Папоў абвінавачаны паводле 4 артыкулаў:

  • «арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК);
  • «распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК);
  • «перашкоды працы ЦВК» (ч. 2 арт. 191 КК);
  • «арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт. 342 КК).

Паводле 130 артыкула КК Папову пагражае да 12 гадоў калёніі.

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА Гомля. Перавялі яго нечакана, таму ён пакуль адаптуецца, блага сьпіць, рыхтуецца да суду.

«Сам дагэтуль ня веру, што ўсё гэта са мной адбываецца: арышт, год сьледзтва, розгалас у СМІ, унясеньне ў сьпісы „палітвязьняў“, падтрымка мільёнаў людзей з усяго зямнога шара! Нейкі немагчымы сюр», — напісаў Дзьмітры зь СІЗА сястры.

«Радуецца, што можна перадаваць згушчанку»

З кім хлопец сядзіць у Гомлі, сястра ня ведае. Кажа, што ў Менску пасябраваў з сукамэрнікамі. Перад этапам пакінуў ім свой кіпяцільнік.

«Умудраецца радавацца дробязям. Напрыклад, таму, што ў СІЗА Гомля можна перадаваць згушчанку. Для яго гэта проста адкрыцьцё! А яшчэ на „атаварцы“ можна купіць колу. Як кажа Дзіма: „Гэта адлёт глуздоў!“. Ён ужо і забыўся, якая кола на смак. І ён ня есьць сала», — расказвае сястра пра густы Дзьмітрыя.

Настрой у Дзьмітрыя за кратамі нармальны, «ужо стабілізаваўся».

«Дзіма вельмі моцны духам чалавек. Ён цудоўна разумее, што нагнятаць нельга. Стараецца думаць пра добрае», — расказвае Юлія.

У няволі ў хлопца пагоршылася здароўе. Абвастрыліся праблемы з сэрцам, якія ён мае зь дзяцінства. Пачалі балець калені. Не хапае вітамінаў.

«Зьявілася сівізна і куча страчанага часу. Дарма. Што таксама моцна раздражняе», — піша Дзьмітры Юліі.

«Нягоды, якія мне даводзіцца перажываць, канвэртуюцца ў магчымасьці»

Лісты ў Гомлі ходзяць лепш, чым калі Дзьмітры сядзеў у Менску.

Перад тым як пісаць лісты, Дзіма запарвае сабе кубачак кавы. Такая ж традыцыя цяпер і ў Юлі на волі.

«У кожным лісьце ён настройвае на пазытыў і кажа, што ўсё будзе добра, хоць дагэтуль ня можа даць веры, што гэта зь ім адбываецца», — пераказвае словы брата дзяўчына.

«Ты павінна разумець, што ўрэшце ўся гэтая гісторыя скончыцца, і нашмат раней, чым цяпер можа здавацца, — піша Дзьмітры сястры. — Запомні 2 галоўныя рэчы:

1) прысуд, які абвесьцяць, нічога ня будзе значыць! Ня буду я столькі сядзець, колькі абвесьціць судзьдзя. Хай нават 20 гадоў абвяшчаюць! Ні ў якім разе не ўспрымай прысуд усур’ёз!

2) Тое, што са мной цяпер адбываецца, тыя нягоды, якія мне даводзіцца перажываць, у рэшце рэшт канвэртуюцца ў магчымасьці. Відавочна, што я выйду ўжо ня тым самым Дзімам Паповым узору 2019 году. Яны самі адчынілі перада мной усе дзьверы да бязьмежных магчымасьцяў, і трэба быць поўным ідыётам, каб не скарыстацца шанцам».

Папоў ужо плянуе будучыню пасьля турмы. Піша, што хоча перадусім паехаць у Чылі і Каліфорнію. Тлумачыць, што па тэлевізары ў камэры амаль штодня паказваюць фільм «Арол і рэшка», якім ён і натхніўся на падарожжа.

«Хочацца нарэшце жыць, а не існаваць», — піша Дзьмітры.

Юлія кажа, што брат рады кожнаму лісту.

«Лісты для яго — найлепшыя лекі цяпер. Дзіма бясконца ўдзячны ўсім, хто яму цяпер дапамагае», — кажа Юлія.

«Самае галоўнае, што я ў выніку ўсяго гэтага сюру прыдбаў, — гэта людзі. Цудоўныя, самыя добрыя людзі! Якія пішуць, перажываюць, падтрымліваюць! І іх проста нерэальна шмат! За ніякія грошы гэтага ніколі ня купіш. Зь іх падтрымкай можна перажыць любое пекла!», — напісаў Дзьмітры сястры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG