Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонкі палітвязьняў Статкевіча і Лосіка праводзяць першы дзень суду пад сьценамі СІЗА. ВІДЭА


Фотаздымкі дазволілі толькі журналістам афіцыйных СМІ
Фотаздымкі дазволілі толькі журналістам афіцыйных СМІ

Марына Адамовіч і Дар’я Лосік, жонкі палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, праводзяць першы дзень суду над сваімі блізкімі пад сьценамі СІЗА-3 у Гомлі.

Перад пачаткам закрытага судовага паседжаньня ў залю пусьцілі толькі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

Яшчэ зь вечара 23 чэрвеня пад гомельскім СІЗА-3 пачалося «ўзмацненьне». Жыхары паведамілі, што каля ізалятара ад 22:00 і ўначы стаяў АМАП, а на вуліцы — супрацоўнікі ДАІ.

Тут 24 чэреня а 10-й гадзіне ў закрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым.

Што вядома пра справу і абвінавачаньне

Судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачаўся амаль праз год пасьля затрыманьня кожнага зь іх.

Увесь гэты час яны ўтрымліваліся ў СІЗА Менску і Жодзіна, а ў Гомель трапілі перад самым пачаткам суду. Першапачаткова Генпракуратура і Вярхоўны суд, куды перадалі матэрыялы пасьля завяршэньня сьледзтва, паведамлялі, што працэс мае прайсьці ў Гомельскім абласным судзе. Аднак у выніку родным абвінавачаных стала вядома, што суд будзе ня толькі закрыты, але да таго ж пройдзе ў будынку СІЗА № 3 Гомля. Ніякіх афіцыйных тлумачэньняў гэтаму няма.

Вядома, што ў справе ад 110 да 140 тамоў. Яе зьмест абвінавачаныя вывучалі на працягу кастрычніка. Мікола Статкевіч рабіць гэта адмовіўся амаль адразу, назваўшы ўсе абвінавачаньні беспадстаўнымі.

Дакладна нават не вядома, у чым абвінавачваюць кожнага з падсудных. Адвакаты ўсіх іх пад падпіскай аб неразгалошваньні і ня могуць раскрываць дэталі матэрыялаў справы і будучага працэсу.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);

  • распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:

  • распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Пры гэтым адвакат Лосіка нават ня можа назваць трэці артыкул абвінавачваньня, які Ігару дадалі ўвесну.

Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім фігурантам справы — да 15 гадоў зьняволеньня.

Дагэтуль незразумела, што зьвязвае некаторых абвінавачаных. Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч у размове са Свабодай падкрэсьлівала, што з усіх пяці чалавек, з кім Статкевіч аказаўся на адной лаве падсудных, ён асабіста знаёмы толькі зь Сяргеем Ціханоўскім. І то іх знаёмства нельга назваць блізкім. Ігар Лосік таксама да суду ня меў кантактаў зь іншымі абвінавачанымі. Адносна блізкія кантакты аб’ядноўваюць толькі Сяргея Ціханоўскага і Дзьмітрыя Папова з Арцёмам Сакавым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG