Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя намесьнікі Бабарыкі ў судзе расказалі падрабязнасьці стварэньня афшорных кампаній


Перад адным з судовых паседжаньняў у справе «Белгазпрамбанку». Архіўнае фота.

Сталі вядомыя некаторыя дэталі прызнаньня віны былых намесьнікаў старшыні «Белгазпрамбанку». Што яны заявілі пра ўгоды банку і ролю ў іх Віктара Бабарыкі?

Працягваецца разгляд справы Віктара Бабарыкі і топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку». Слуханьні праходзяць у Маскоўскім раённым судзе пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага суду, былыя намесьнікі старшыні банку далі шэраг паказаньняў і выказалі стаўленьне да абвінавачаньня, інфармуе Tut.by.

Паказаньні Ільясюка: афшоры і хабар за крэдыт для будаўнічай кампаніі

Старшыня камітэту кіраваньня актывамі і пасівамі, сябра Вялікага крэдытнага камітэту Аляксандар Ільясюк расказаў, што ў 2008 годзе ў нарадзе ўдзельнічалі дарадца праўленьня, сябра Рады дырэктараў банку Валер Сяляўка, Віктар Бабарыка і яго намесьнікі. Гаворка ішла пра тое, што ёсьць доля ў бізнэсе Харлановіча і Герашчанкі (праект Delay), у бізнэсе удзельнічае кампанія SIA Baltijas Investiciju Grupa, і доля гэтай кампаніі ў праекце будзе разьмяркоўвацца паміж удзельнікамі нарады.

Пры гэтым ніякіх указаньняў спрыяць праекту галасаваньнем ці нейкім іншым спосабам Бабарыка не даваў. Вынікі году з удзелам таксама ААТ «Активлизинг» «зводзіліся, паводле абвінавачаньня, да абмеркаваньня «далейшых злачынных плянаў, якія складаліся з сыстэматычнага атрыманьня незаконнага грашовага ўзнагароджаньня». Ільясюк пагадзіўся з абвінавачаньнем, хоць пры апісаньні паседжаньняў ні пра якую злачынную дзейнасьць ня згадвае.

Празь некаторы час Бабарыка перадаў яму дакумэнты на афшорную кампанію Seabay Limited і банкаўскую картку. Ільясюк кіраваў рахункам кампаніі са свайго хатняга кампутара. Ён ня лічыць незаконным факт прыналежнасьці яму афшорнай кампаніі і паступленьне на яе грашовых сродкаў ад Business Renovation Investment Limited. Але прызнае, што атрымліваў незаконнае грашовае ўзнагароджаньне за галасаваньне ў камітэтах банку ў пытаньнях кампаній праекту Delay і «Актыўлізинга».

Ацэньваючы працу з кампаніямі праекту Delay як эканаміст Ільясюк адзначыў, што супрацоўніцтва было выгадным для банку.

Пры гэтым падсудны заявіў, што наўпрост ад Харлановіча, Герашчанкі (заснавальнікаў кампаній «Актыўлізінг» і «Прыватлізінг»), Дабралёта (намесьнік старшыні «Белгазпрамбанку», які зь 2016 перайшоў працаваць у «Прыватлізінг») грошай не прымаў, просьбаў дзейнічаць у інтарэсах іх кампаній не паступала.

Ільясюк сказаў, што разумее, што грошы, якія апынуліся на рахунку яго афшорнай кампаніі, у нейкай частцы былі дывідэндамі, налічанымі ад беларускіх кампаній у адрас SIA Baltijas Investiciju Grupa. У паказаньнях на папярэднім сьледзтве казаў, што гэта «незаконнае ўзнагароджаньне за ўдзел у працы «Прыватлізінгу». Казаў, быццам усьведамленьне, што гэтыя дзеяньні не зусім законныя, зьявілася пазьней. Дзеяньні ўспрымаў як нармальныя, «перш за ўсё таму, што гэта будзе частка прыбытку прадпрыемства пасьля выплаты падаткаў».

Таксама функцыянэр лічыць Бабарыку кіраўніком «арганізаванай злачыннай групы», бо ён быў старшынём праўленьня банку і меў вялікую долю ў прадпрыемстве (25%) і фактычна ўласьнікам «Прыватлізінгу», якім валодала SIA «Baltijas Investiciju Grupa», падкантрольная Бабарыку.

Таксама ў 2008 годзе Аляксандар Ільясюк праз Бабарыку, не знаёмага з кіраўнікамі кампаніі «Марконбуд», паспрыяў выдачы гэтай фірме крэдыту на далейшае будаўніцтва жытла на сталічнай вуліцы Шорнай. За гэта ўладальнікі кампаніі Маркаў і Кавальчук перадалі Ільясюку гатоўкай 80 тысяч даляраў, зьнізіўшы раней абяцаную суму са 100 тысяч праз падзеньне цэнаў на нерухомасьць.

Грошы Ільясюк нібыта перадаваў Бабарыку, і той быццам разумеў, што гэта хабар за выдачу крэдыту. Пры канчатковым разьліку Бабарыка аддаў Ільясюку 8 тысяч даляраў як «працэнты» ад зьдзелкі.

Паказаньні Шабана: кіраваньне афшорнай кампаніяй зь ведама Бабарыкі

Намесьнік старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку», сябра камітэту кіраваньня актывамі і пасівамі Сяргей Шабан, сярод іншага, кантраляваў пытаньні прыцягненьня і разьмяшчэньня рэсурсаў па міжбанкаўскіх крэдытах.

У 2007 годзе ён і Сяляўка размаўлялі пра магчымасьць дадатковага заробку — атрыманьне даходаў у выглядзе дывідэндаў у выніку валоданьня кампаніямі. Сяляўка сказаў, што будуць створаны замежныя кампаніі, якія будуць валодаць долямі ў беларускіх кампаніях, а потым дывідэнды будуць разьмяркоўвацца паміж уладальнікамі замежных кампаній. Шабан не адмовіўся.

Абавязковай умовай было не супрацьдзейнічаць інтарэсам банку. У 2008 Сяляўка перадаў дакумэнты на кампанію TAZBAR Limited і банкаўскую картку Шабану, пасьля ягонай сьмерці пра паступленьне грошай інфармаваў ужо сам Бабарыка.

На рахунак TAZBAR паступіла, на яго думку, каля 100 тысяч даляраў, ён іх выдаткаваў. Але сьледзтва заявіла, што на рахунак паступіла больш за 300 тысяч даляраў. Шабан пералічыў на дэпазіт КДБ усю гэтую суму пасьля падпісаньня дасудовага пагадненьня, бо грошы былі «неабгрунтаваным узбагачэньнем».

У 2016 годзе, калі КДБ ускрыў банкаўскую ячэйку Дабралёта, знайшоўшы там і дакумэнты на афшорную кампанію, Бабарыка сабраў намесьнікаў, і яны вырашылі закрыць афшорныя кампаніі. Канчаткова пра ліквідацыю дамовіліся зь юрыстамі на Кіпры, дзе іх стваралі. Разам з Шабаном там быў юрыст «Белгазпрамбанку» Шаўчук.

Увесну 2020-га Бадзей, які выконваў абавязкі старшыні праўленьня, перадаў Шабану канвэрт з 17 тысячамі даляраў, і той падумаў, што гэта рэшта ад дзейнасьці Delay.

Шабан сьцьвярджае, што ні ў якіх крэдытных камітэтах удзелу ня браў, не прымаў ніякіх рашэньняў у інтарэсах суб’ектаў гаспадараньня, але ўсьведамляў, што «атрымлівае незаконнае грашовае заахвочаньне за выкананьне абавязкаў па службе».

Віктар Бабарыка пра палітычны перасьлед

Сам Віктар Бабарыка ў судзе пакуль абмежаваўся прамовай, заявіўшы аб палітычнай матываванасьці сваёй справы і аб невінаватасьці сябе і сваіх намесьнікаў старшынь. Апошнія віну прызналі, хаця пры першых допытах многія не лічылі, што ў іх дзеяньнях ёсьць нешта заганнае.

Былы банкір Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.

У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.

22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня». Сам Віктар Бабарыка віны не прызнае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG