Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З маці адваката Бабарыкі Лаеўскага ў БДУ не працягнулі кантракт. Раней звольнілі і ягонага бацьку


Алена Лаеўская

Адміністрацыя БДУ не працягнула кантракт з выкладчыкам грамадзянскага права юрыдычнага факультэту Аленай Лаеўскай. Пра гэта Tut.by паведаміў яе сын — адвакат Дзьмітры Лаеўскі, абаронца Віктара Бабарыкі.

«Прэтэнзій да нас няма. Наймальнік вырашыў не падаўжаць, хоць яна загадзя паведаміла пра сваё жаданьне працягваць працоўныя адносіны. Больш за тое, паводле закону яны абавязаныя былі працягнуць, бо ёсьць норма ў артыкуле 261-5 Працоўнага кодэксу пра тое, што наймальнік абавязаны заключыць новы кантракт з работнікам, якому да дасягненьня пэнсійнага веку застаецца ня больш за два гады. Гэта акурат ейны выпадак. Нягледзячы на безумоўны абавязак працягнуць працоўныя адносіны, БДУ іх не працягвае. Нягледзячы на ўсе заслугі», — апавёў Дзьмітры Лаеўскі.

Алена Лаеўская — дацэнт катэдры грамадзянскага права, кандыдат юрыдычных навук. Яна рабіла ва ўнівэрсытэце 22 гады, зьяўляецца аўтарам больш як 150 навуковых публікацый.

Раней у сьнежні Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку з пасады судзьдзі Вярхоўнага суду і выключыў з Савету Рэспублікі Віталя Лаеўскага — бацьку Дзьмітрыя.

24 сакавіка рада калегіі адвакатаў пачала весьці дысцыплінарную справу на Дзьмітрыя Лаеўскага. Падставай паслужылі ягоныя допісы пра нязгоду з праектам зьменаў у заканадаўства аб адвакатуры.

8 красавіка дысцыплінарная камісія Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў вынесла Дзьмітрыю Лаеўскаму вымову.

У сакавіку Міністэрства юстыцыі распачало масавую атэстацыю адвакатаў. На камісію выклікалі больш за 20 чалавек, якія не хавалі сваёй актыўнай пазыцыі. Тады атэстацыю прайшлі толькі трое. Яшчэ шасьцёра атэставаныя ўмоўна. Астатніх 11 пазбавілі адвакацкіх ліцэнзій, у іх ліку і вядомага юрыста Сяргея Зікрацкага.

Таму Дзьмітры Лаеўскі не выключаў пэўнай «правакацыі» ў адносінах да сябе. Хоць на першы погляд гэта і падобна на трызьненьне, удакладняе ён.

«Ад чэрвеня 2020 году і па сёньня вакол мяне адбывалася многае. Ад крыніц у праваахоўных органах раз-пораз даходзіць розная інфармацыя. Апошнім часам даволі незвычайная, у тым ліку пра магчымыя правакацыі ў дачыненьні да мяне. Я спакойна ўспрымаю, хоць жыць з гэтым ня вельмі камфортна. Скажу ў сувязі з гэтым наступнае. Я ажыцьцяўляю законную юрыдычную дзейнасьць, нічым іншым не займаўся і не пляную. Ніякіх забароненых рэчываў (у тым ліку наркатычных, атрутных, выбуховых) ці забароненых прадметаў ні пры мне, ні ў маёй машыне, ні ў маім офісе, ні ў маёй кватэры ніколі не захоўвалася і не захоўваецца», — кажа ён.

Дзьмітрый Лаеўскі — адвакат палітзьняволеных Віктара Бабарыкі і Максіма Знака. У 2011 годзе ён абараняў Алеся Бяляцкага, які падпаў пад крымінальны перасьлед.

У канцы 2020 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай — Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. Акрамя таго, ліцэнзій пазбавілі адвакатаў Юлію Леванчук, Канстанціна Міхеля, Міхаіла Кірылюка, Максіма Конана ды іншых.

Арганізацыя Lawyers for Lawyers запатрабавала спыніць перасьлед адвакатаў у Беларусі

L4L у сваёй заяве заклікае неадкладна вызваліць Максіма Знака з-пад варты, адмяніць хатні арышт Ільлі Салея і аднавіць ліцэнзіі Аляксандра Пыльчанкі, Людмілы Казак і Сяргея Зікрацкага.

«Гэтыя юрысты прадстаўлялі інтарэсы лідэраў дэмакратычнага руху ў Беларусі і ў сувязі з гэтым падвяргаюцца перасьледу», – перакананыя прадстаўнікі Lawyers for Lawyers.

Арганізацыя адзначае, што адвакаты абавязаны абараняць правы грамадзян незалежна ад таго, адкуль ім можа пагражаць небясьпека. Іх праца незаменная для забесьпячэньня эфэктыўнага доступу да правасудзьдзя для ўсіх. Каб эфэктыўна выконваць свае прафэсійныя абавязкі, юрысты павінны мець магчымасьць незалежна займацца юрыдычнай практыкай у адпаведнасьці з прызнанымі законамі, стандартамі і этыкай. Яны не павінны падвяргацца неналежнаму ўмяшаньню, асьцярогам рэпрэсій ці неабгрунтаваным абмежаваньням.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG