Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. VI. Сола адваката


Зьмцер Лаеўскі

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Абараняў Бяляцкага адвакат Зьміцер Лаеўскі. Да справы Бяляцкага ён далучыўся ў дзень арышту Алеся — 4 жніўня.

Лаеўскі — выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

У адрозьненьне ад іншай выпускніцы гэтага ліцэю Вольгі Комар (Канойкі), якая спачатку была адвакатам, а потым стала судзьдзёй і на гэтай пасадзе выносіла палітычна матываваныя прысуды, у прыватнасьці, першы суровы вырак за Плошчу — 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму Васілю Парфянкову, — Зьміцер Лаеўскі «палітычных» бараніў.

Сярод ягоных падабаронных быў лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Спадар Лаеўскі прадстаўляў ягоныя інтарэсы ў самы складаны для палітвязьня час — калі Дашкевіча кідалі ў карцэр у Горацкай калёніі.

Адвакат Лаеўскі мае пазытыўны досьвед абароны палітычных зьняволеных, як, напрыклад, у справе прадпрымальніка і апазыцыйнага ўдзельніка парлямэнцкай выбарчай кампаніі 2008 году Андрэя Бандарэнкі. Дзякуючы высілкам адваката, Менскі гарадзкі суд цалкам апраўдаў Бандарэнку пасьля таго, як той ужо адбыў два гады зьняволеньня з прысуджаных яму сямі. Сёньня Андрэй Бандарэнка стварыў і ўзначальвае грамадзкую арганізацыю «Плятформа», якая бароніць правы асуджаных.

Быў Лаеўскі і абаронцам свайго роднага ліцэю, які ўлады закрылі з палітычных прычын і гэтым прымусілі сысьці ў падпольле. А яшчэ раней Зьміцер браў удзел у ліцэйскім музычным гурце, граў на сола-гітары ў 2004-м у музычным праекце ў абарону ліцэю пад назвай «Веру ў цябе».

16 жніўня 2011 году суд Першамайскага раёну разглядаў ягоную скаргу на абраную сьледзтвам меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Разгляд скаргі адбываўся ў закрытым паседжаньні і меў нэгатыўны для Алеся вынік. 2 верасьня Лаеўскі перадаў ва ўпраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Менску і Менскай вобласьці 816 хадайніцтваў аб зьмене меры стрыманьня арыштаванаму праваабаронцу.



Кожны судовы дзень перад пачаткам працэсу Алесь Бяляцкі кансультаваўся са сваім адвакатам.

І на судзе Зьміцер быў, відаць, самым актыўным удзельнікам працэсу, зьвяртаўся з хадайніцтвамі, далучаў да справы новыя матэрыялы, задаваў пытаньні і выступаў з камэнтарамі да працэсу. Лаеўскі выкрываў хібы крымінальнай справы, недакладнасьці ў матэрыялах, быў нязручным для судзьдзі і пракурора. Да Алеся Бяляцкага адвакат Лаеўскі ў судзе зьвяртаўся па-беларуску, чым фактычна ператвараў працэс у дзьвюхмоўны.

Палітычныя па сутнасьці абвінавачваньні Лаеўскі вымушаны быў зьняпраўджваць, апэруючы дзейнымі ў Беларусі законамі. Асновай ягонай абароны Бяляцкага сталі нормы Падатковага кодэксу, якія дазваляюць не адносіць да падаткаабкладанай базы сродкі, атрыманыя грамадзянінам з мэтай іх далейшай перадачы трэцяй асобе. Справа Бяляцкага з улікам гэтага палажэньня закону проста развальвалася, бо ён сапраўды атрымліваў грошы і перадаваў іх трэцім асобам на розныя праваабарончыя праекты, і ў суду на гэты конт былі адпаведныя пісьмовыя дакумэнты і вусныя сьведчаньні. Дый з тых банкаўскіх раздруковак, якія былі пакладзеныя ў аснову абвінавачаньня, відаць было, што грошы з Алесевага рахунку пераводзіліся трэцім асобам, у тым ліку іншым беларускім праваабаронцам.

Суд над Бяляцкім у поўным складзе: судзьдзя, адвакат, перакладчыца, сакратарка, пракурор
Суд над Бяляцкім у поўным складзе: судзьдзя, адвакат, перакладчыца, сакратарка, пракурор



Галоўнае ж, што даводзіў адвакат Лаеўскі, — гэта «незаконнасьць і неабгрунтаванасьць абвінавачаньня ад пачатку і да канца, як на матэрыяльна-праўных падставах, так і ў сувязі з выключнымі парушэньнямі працэсуальнага закону».

У калегаў праца Лаеўскага выклікала захапленьне. Іншая рэч, што сола адваката на гэтым працэсе судзьдзя не пачуў, амаль не адлюстраваўшы ягоных аргумэнтаў у выраку.

Тым ня меней улады пачулі адваката і ацанілі ягоную працу. Увесь час, пакуль ішоў працэс Бяляцкага, на Лаеўскага ціснулі. Ціск працягваўся і пасьля суду. 2 красавіка 2012 году Лаеўскі быў вымушаны здаць сваю адвакацкую ліцэнзію ў Менскую гарадзкую калегію адвакатаў.

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG