Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXXІV. Наш сьцяг над Менскам


Нацыянальныя сьцягі на мітынгу каля Опэрнага тэатру ў Менску. 1990-я. Фота з сайту <a href="http://vytoki.net/">vytoki.net</a>

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

У 1990 годзе Алесь Бяляцкі быў абраны дэпутатам Менскага гарадзкога савету 21 скліканьня ў 241-й («Камуністычнай») выбарчай акрузе. Калі, выступаючы з трыбуны, ён прадстаўляўся як дэпутат ад «Камуністычнай» акругі і нязьменна выступаў з антыкамуністычнымі прапановамі, гэта выклікала іранічны сьмех у залі. Алеся вылучылі кандыдатам калектывы музэю Максіма Багдановіча і часопіса «Спадчына».

Перадвыбарчая ўлётка Алеся Бяляцкага
Перадвыбарчая ўлётка Алеся Бяляцкага
Дэпутат Бяляцкі ўвайшоў у камісію па гісторыка-культурнай спадчыне, якая, сярод іншага, займалася праблемамі рэабілітацыі рэпрэсаваных у сталінскія часы.

5 верасьня 1991 году ў жыцьці Бяляцкага як дэпутата, а таксама ягоных калегаў з фракцыі «Дэмакратычная плынь» быў важны дзень. Разглядалася пытаньне пра сымболіку. Дэмакраты прапанавалі вярнуць Менску ягоны старажытны герб і дазволіць выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі — бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня». Як згадвае дэпутат таго складу гарсавету Андрэй Завадзкі, ініцыятарам быў вядомы цяпер прафсаюзны дзяяч Генадзь Фядыніч. Яго падтрымалі ўсе дэпутаты ад БНФ і «Дэмакратычнай плыні».

У лісьце з турмы Алесь прыгадаў мне тую падзею:

«Бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся супрацоўнікамі музэю Багдановіча пры правядзеньні ўсіх нашых імпрэзаў: і на сьвяце Багдановіча ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладэчанскага раёну, і пры ўскладаньні кветак і правядзеньні імпрэзаў каля помніка Багдановічу. Сьцяг, прыгожа разгорнуты, стаяў адразу пры ўваходзе ў музэй, у фае. У той дзень, прадчуваючы, што ён можа быць прыняты і заменіць стары сьцяг савецкай Беларусі, я яго захапіў на сэсію і прынёс разам з дрэўкам. Пакінуў унізе, на ўваходзе ў гарсавет, каля міліцэйскага посту. Пасьля прыняцьця рашэньня я вобмігам зьбег уніз, да міліцыянтаў, узяў сьцяг і ўнёс пад аплядысмэнты яго ў залю гарсавету. Мы паставілі яго на чале залі, за сьпінаю ў сьпікера. А неўзабаве дэпутаты (сярод іх быў Міраслаў Кобаса) усьцягнулі яго на дах будынка гарсавету».

* Прынятыя рашэньні // Вечерний Минск, 06.09.1991
«Гэта быў кульмінацыйны момант цяперашняй сэсіі. Дэпутаты стоячы віталі нацыянальны сьцяг Беларусі. Ён заняў сваё месца ў залі пасяджэньняў, побач зь дзяржаўным сьцягам БССР. Здарылася гэта адразу пасьля таго, як народныя абраньнікі большасьцю галасоў ухвалілі рашэньне аб выкарыстаньні нацыянальнай сымболікі», — пісала пра тую падзею гарадзкая газэта*.

Ілюстрацыя з публікацыяй «Вячэрняга Мінска»
Ілюстрацыя з публікацыяй «Вячэрняга Мінска»
Над будынкам Менскага гарсавету з таго дня яшчэ два тыдні — да 19 верасьня 1991 году, калі Вярхоўны Савет зацьвердзіў нацыянальную сымболіку (бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня») у якасьці дзяржаўнай — луналі два сьцягі: бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны.
Валеры Буйвал і Алесь Бяляцкі з нацыянальным сьцягам ля сядзібы БНФ
Валеры Буйвал і Алесь Бяляцкі з нацыянальным сьцягам ля сядзібы БНФ

Яшчэ адно важнае для Бяляцкага рашэньне было ўхваленае гарсаветам 9 сьнежня 1991 году — пра перайменаваньне вуліцы Максіма Горкага ў Менску ў вуліцу Максіма Багдановіча. Раней вуліца мела назву Траецкай, у XIX стагодзьдзі была перайменаваная ў Аляксандраўскую. Менавіта на гэтай вуліцы нарадзіўся Максім, на ёй цяпер стаіць і ягоны музэй (вуліца Багдановіча, 7а).

Ініцыятыва перайменаваньня паходзіла ад Алеся Бяляцкага і іншых дэмакратычных дэпутатаў, былі сабраныя подпісы жыхароў самой вуліцы ў яе падтрымку. Фармальна перайменаваньне было ўнесенае ў плян сьвяткаваньня 100-годзьдзя Багдановіча, якое адзначалася 9 сьнежня 1991 году.

«Але гэта яшчэ нічога ня значыла, кожны пункт з гэтай праграмы трэба было папіхаць», — згадвае Алесь.


Андрэй Завадзкі
Андрэй Завадзкі
Рашэньне ўдалося прабіць дзякуючы высілкам намесьніка старшыні гарсавету Анатоля Гурыновіча, — распавёў мне былы дэпутат Менскага гарсавету Андрэй Завадзкі:

«У гарвыканкаме рашэньне давалася цяжка, было ажно тры галасаваньні, бо кіраўніца спраў выканкаму выступала супраць. Калі ж рашэньне было ўхваленае, я выскачыў з паседжаньня, ускочыў у таксоўку і паехаў у Опэрны тэатар, бо там ужо пачыналася ўрачыстае пасяджэньне з нагоды стагодзьдзя Максіма Багдановіча. І людзі чакалі гэтага рашэньня. Я пранік за кулісы і перадаў запіску пра тое, што перайменаваньне вуліцы ў гонар Багдановіча адбылося, міністру культуры Яўгену Вайтовічу, той — старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу, а Шушкевіч — паэту і дэпутату Вярхоўнага Савету Гілевічу. Ніл Гілевіч і агучыў гэтае рашэньне».


Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG