Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXXVІII. «Новае» абвінавачаньне


Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

16 лістапада 2011. Суд. Дзень пяты. «Новае» абвінавачаньне


Юрыст Лабковіч пільна назіраў за працай калегаў — судзьдзі Бандарэнкі і пракурора Сайкоўскага. Лабковіч бачыў, што і Бандарэнка, і Сайкоўскі выконвалі сваю функцыю без асаблівага энтузіязму. Уладзімер прызнаўся мне:

«Яны — гэта проста апарат, машына. Яе цяжка спыніць, у ёй нічога не здрыганецца падчас выкананьня загадаў зьверху. Сапраўды, пасьля 1996 году, пасьля ўчынку прэм’ера Міхаіла Чыгіра, міністра працы Аляксандра Саснова, намесьніка міністра замежных спраў Андрэя Саньнікава, якія падалі ў адстаўку на знак пратэсту супраць фальшывага рэфэрэндуму, што зацьвярджаў бязьмежную ўладу Лукашэнкі, ніхто з гэтага апарату гучна не сыходзіў. Лукашэнка можа думаць, што дастаткова мець такую вэртыкаль, такіх пракурораў і судзьдзяў ды два палкі АМАПу, каб утрымліваць уладу ў сваіх руках пажыцьцёва».

Сапраўды, судзьдзя на працэсе Бяляцкага паводзіў сябе пасіўна, рэдка ўступаў у дыялёг, мала пытаньняў задаваў абвінавачанаму і сьведкам, аддаваў ініцыятыву пракурору. Калі хто-небудзь парушаў парадак выкрыкам у падтрымку падсуднага, на гэта першымі рэагавалі міліцыянты-ахоўнікі, а не судзьдзя. Адчувалася, што ён і пракурор даволі няёмка сябе адчувалі ў залі, запоўненай людзьмі, якія спачувалі Алесю, праваабаронцамі, міжнароднымі назіральнікамі, замежнымі амбасадарамі, журналістамі. Судзьдзя і пракурор не выглядалі героямі на гэтым працэсе, ухіляліся ад інтэрвію, мэханічна выконвалі юрыдычныя фармальнасьці і вялі працэс да выраку.
Суд над Бяляцкім адновіцца 22.11
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:42 0:00
Наўпроставы лінк


Тайна 20 хвілін



На папярэднім пасяджэньні пракурор уразіў прысутных просьбай аб перапынку, каб падрыхтаваць абвінавачваньне «паводле нанова адкрытых абставінаў», якое «будзе істотна адрозьнівацца ад папярэдняга». Для напісаньня чатырох друкаваных старонак новага тэксту (каля 9 тысяч знакаў з прабеламі) у пракурора было пяць дзён, тры зь якіх — працоўныя.
Пракурор Сайкоўскі перад пачаткам пасяджэньня
Пракурор Сайкоўскі перад пачаткам пасяджэньня

Але калі 16 лістапада роўна а дзясятай аднавілася судовае паседжаньне, пракурору зноў спатрэбіўся час. Ён зьвярнуўся да судзьдзі з хадайніцтвам: зрабіць яшчэ адзін перапынак для складаньня «больш удалых фармулёвак» новага абвінавачаньня. Па-расейску гэта прагучала як «более удачных формулировок». Юрыдычным абгрунтаваньнем хадайніцтва такі выраз служыць ня можа. Тым больш незразумела, на якую «ўдачу» спадзяваўся пракурор і для каго.

Судзьдзя Сяргей Бандарэнка абвясьціў перапынак на паўгадзіны. Пракурор вярнуўся ў залю пасяджэньня хвілін праз 10. Суд аднавіўся ў 10:30.
Заля на адным з пасяджэньняў суду над Бяляцкім
Заля на адным з пасяджэньняў суду над Бяляцкім

Поўная заля заінтрыгавана слухала, што ж новага будзе ў новым абвінавачаньні. Праваабаронцы зь «Вясны» падрыхтаваліся параўноўваць яго з ранейшым, узяўшы з сабою раздрукоўкі. Журналісты, грукаючы клявішамі ноўтбукаў, вялі жывыя рэпартажы на сайты сваіх СМІ. У глыбіні душы сябры і паплечнікі Алеся спадзяваліся, што абвінавачаньне стане мякчэйшым і Алеся змогуць выпусьціць з-за кратаў пад падпіску пра нявыезд, што беларуская хваля салідарнасьці і міжнародны ціск паўзьдзейнічаюць на ўлады. Але калі Валеры Сайкоўскі скончыў чытаць «новае абвінавачаньне», то адрозьненьне ад папярэдняга змаглі заўважыць толькі спэцыялісты.

Бяляцкаму па-ранейшаму інкрымінавалася частка другая артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). У тэкст абвінавачаньня дадалася толькі адна фраза.

У новым абвінавачаньні ішла гаворка пра быццам бы атрыманьне Бяляцкім «даходаў, зьвязаных з выкананьнем А. В. Бяляцкім абавязкаў, ускладзеных у рамках дасягнутых дамоўленасьцяў».

Як ні дзіўна, але гэтая фармулёўка фактычна яшчэ больш развальвала абвінавачаньне, бо яна падкрэсьлівала, што Алесь ня проста атрымліваў прыбытак, а выконваў нейкія абавязкі ці даручэньні адносна пералічаных на рахункі грошай. А значыць, трэба высьвятляць, што гэта былі за абавязкі, рабіць запыты да донараў ды іншае, пра што і прасіла абарона. І ў выніку трэба было выпускаць Бяляцкага з клеткі.

Так што фармулёўка насамрэч сур’ёзная… Дзіўна іншае — чаму Сайкоўскі ўключыў яе ў абвінавачаньне?..

Бяляцкі і абаронца скарысталі сваё права на 5-дзённы перапынак для азнаямленьня з «новым» тэкстам. Судзьдзя пагадзіўся і абвясьціў перапынак да 22 лістапада 2011 году.

Заставалася толькі здагадвацца, якія матывы былі ў пракурора — навошта было марнаваць 5 дзён дзеля адной фразы і навошта пасьля гэтага было браць яшчэ адзін перапынак? Мне падалося, што дзеяньнямі пракурора нехта кіраваў з-за межаў гэтай залі, і ў той дзень яму патрэбная была дадатковая кансультацыя.

Што да самой фразы «…зьвязаных з выкананьнем А. В. Бяляцкім абавязкаў, ускладзеных у рамках дасягнутых дамоўленасьцяў», то адкуль яна ўзьнікла — больш-менш зразумела: на папярэдніх пасяджэньнях Бяляцкі настойліва казаў, што ён выконваў абавязаньні, узятыя ім перад замежнымі донарамі, і згодна зь імі перадаваў грашовыя сродкі трэцім асобам, што гэтыя грошы яму асабіста не належалі. Так што пракурор фармальна зачапіўся за гэтыя паказаньні Алеся і дапісаў тэкст абвінавачаньня. Але зьмест дабаўкі ніяк не тлумачыць усёй працэдуры перапрад’яўленьня абвінавачаньня, якую ініцыяваў пракурор. Нічога не дадае гэтае дапаўненьне і да пацьвярджэньня віны Бяляцкага, аніяк не ўзмацняе абвінавачаньне.

Міжнародныя і беларускія экспэрты, якія прысутнічалі на працэсе, чакалі, што пракурор выкарыстае супраць Алеся артыкул 193-1 (дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Валянцін Стэфановіч у той час быў перакананы:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Мы адназначна думалі, што справа ідзе да ўзмацненьня абвінавачваньня, яго пагаршэньня для Алеся шляхам дабаўленьня яшчэ аднаго артыкула. Пры двух артыкулах пры вызначэньні пакараньня дзейнічаў бы прынцып паглынаньня меншага пакараньня большым (за дзейнасьць ад імя несанкцыянаванай арганізацыі — да 2, за ўтойваньне даходаў у асабліва буйным памеры — да 7 гадоў зьняволеньня), але судзьдзя мог бы ўлічыць гэта і даць Алесю не 4,5 года, а 6 у межах санкцыі. Але штосьці перадумалі ў самы апошні момант».

Абвешчаны на пачатку пасяджэньня перапынак сапраўды даў падставы выказаць здагадку, што пункт абвінавачаньня, зьвязаны зь дзейнасьцю незарэгістраванай арганізацыі, мог быць выключаны зь яго непасрэдна ў дзень пасяджэньня.

«Мне чамусьці падалося, што ў пракурора было два тэксты новага абвінавачаньня. Зьдзіўляла тое, што ён папрасіў усяго 20 хвілін на ўдакладненьне нейкіх фармулёвак, улічваючы, што тэкст быў у надрукаваным выглядзе — ён што, асадкай зьбіраўся яго ўдакладняць? Мабыць, параіўшыся з кіраўніцтвам, ён і прынёс у залю адзін з двух загадзя падрыхтаваных тэкстаў новага абвінавачаньня… Але гэта толькі здагадкі. На справе ўлады адмовіліся ад выкарыстаньня ў справе Бяляцкага артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу не ў апошнюю чаргу таму, што ён ужо занадта палітызаваны і ператвараў бы працэс над Алесем і з фармальнага пункту гледжаньня ў палітычную расправу», — сказаў мне Стэфановіч. Валянцін мяркуе, што на дзеяньні пракурора і пазыцыю ўладаў магло паўплываць заключэньне Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы «Да дэмакратыі праз права» наконт артыкула Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Заключэньне было накіраванае літаральна за дзень да прад’яўленьня Бяляцкаму новага абвінавачаньня, 15 лістапада 2011 году, на адрас кіраўнікоў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, прэзыдэнцкай адміністрацыі, КДБ.

У дакумэнце адзначалася, што пакараньне за дзейнасьць ад імя афіцыйна не зарэгістраванай арганізацыі, якое прадугледжваецца артыкулам 193.1, не адпавядае міжнародным стандартам, яно «робіць дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў па сутнасьці немагчымай, а значыць, па сутнасьці абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый».

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG