Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXXVІ. «Вясна»


Чарнобыльскі шлях 1996 году ў Менску, фота з сайту vytoki.net

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Працу ў музэі Багдановіча Алесь Бяляцкі сумяшчаў зь дзейнасьцю ў Беларускім Народным Фронце. У канцы 90-х ён быў адказным сакратаром управы партыі і намесьнікам старшыні.

Калі пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі пачаліся першыя рэпрэсіі, пад якія трапіла шмат Алесевых аднапартыйцаў, ён узяўся за дапамогу арыштаваным і іхнім сем’ям. Фактычна Праваабарончы цэнтар «Вясна» ўзьнік у 1996 годзе пасьля брутальнага разгону ўладамі 40-тысячнага Чарнобыльскага шляху, калі сотні чалавек былі зьбітыя і арыштаваныя. Алесь тады арганізаваў групу валянтэраў, якая зьбірала інфармацыю пра рэпрэсаваных і дапамагала іхнім сем’ям. У гэтую групу ўвайшлі супрацоўнікі музэю: Паліна Сьцепаненка, Тацяна Равяка, Алена Лапцёнак.

Першапачаткова яны сумяшчалі працу ў музэі з праваабарончай дзейнасьцю.

«У нас напачатку не было адчуваньня, што фармуецца нейкая арганізацыя. Мы думалі, што гэтыя рэпрэсіі неўзабаве скончацца, што мы ўсё пераадолеем, што цяпер трэба памагчы людзям, а потым усё будзе добра і мы зноў будзем займацца літаратурай», — згадвае Тацяна Равяка.

Але ўсё пайшло іначай. У 1998 годзе Тацяне давялося рабіць выбар — пасьля таго як Алесь пакінуў музэй і запрасіў яе ў новую структуру. Тацяна распавяла:

«Бяляцкі прапанаваў мне перайсьці ў „Вясну“, як у белы сьвет. Я не разумела, чым я там магу займацца. А ён сказаў: „Умееш пісаць — будзеш пісаць“. Як філёляг гэтым і займалася. Пісала навіны на сайт, рэдагавала справаздачы, нашы выданьні, аналітычную і асьветніцкую праваабарончую літаратуру… Не скажу, што пры пераходзе ў мяне былі вялікія сумненьні. Я хацела перамен, і тады выбрала ня від дзейнасьці, а людзей, якім давярала і ведала, што зь імі будзе добра працаваць. Само ўяўленьне, што такое праваабарона, прыйшло да мяне пазьней».

Разам з Алесем у жніўні 1998 году ў «Вясну» перайшла Паліна Сьцепаненка, у лістападзе — Тацяна Равяка, у 2005-м годзе да іх далучылася іншая былая супрацоўніца музэю Багдановіча — Алена Лапцёнак.

У 1998 годзе Праваабарончы цэнтар «Вясна-96» быў зарэгістраваны ў Менску як гарадзкая грамадзкая арганізацыя. Праз 2 гады, са зьяўленьнем філіяў, ён стаў арганізацыяй агульнанацыянальнага маштабу.

У арганізацыю прыйшлі сябры БНФ, Маладога Фронту, прафсаюзныя дзеячы, актывісты чарнобыльскіх арганізацый, юрысты, былыя міліцыянты…

У 1998 годзе на запрашэньне Бяляцкага ў «Вясну» прыйшоў выпускнік юрыдычнага факультэту Міжнароднага інстытуту працоўных і сацыяльных адносін Валянцін Стэфановіч, з 2001 году ў «Вясьне» працуе выпускнік юрфаку Інстытуту сучасных ведаў Уладзімер Лабковіч.

Былая валянтэрка «Вясны» Паліна Сьцепаненка згадвае першыя гады сваёй працы:

Паліна Сьцепаненка
Паліна Сьцепаненка
«Мы вельмі сьціпла жылі, у нас былі невялікія заробкі, а часам іх не было зусім».

Адна такая «галодная зіма» выпала ў 2001 годзе. Тады тры месяцы ў арганізацыі не было сродкаў на заробкі супрацоўнікам, бо «Вясна» атрымлівае грошы ад спонсараў у выглядзе грантаў пад пэўныя праваабарончыя праекты, а гранты былі не заўсёды. Тады ў арганізацыі ўжо быў свой офіс непадалёк ад Камароўскага рынку.

«Калі ў нас не было ніякіх грошай, Алесь неяк паехаў на рынак, купіў два мяхі бульбы, купіў капусту, прывёз у офіс, нашаткаваў і заквасіў капусту ў слоікі, і кожны дзень мы варылі сабе абеды, бо на сталоўку не было грошай. Ён і сам гэта рабіў, бо адчуваў адказнасьць за людзей, хацеў захаваць калектыў, каб людзі не разьбегліся. І ніхто ня звольніўся».

Да 2003 году ў арганізацыі зьявіліся 4 зарэгістраваныя абласныя і 2 гарадзкія аддзяленьні. Агулам па ўсёй краіне ўзьнікла 17 філіяў, якія аб’ядноўвалі больш за 150 валянтэраў.

У 2003-м Вярхоўны суд Беларусі скасаваў рэгістрацыю «Вясны». Прычынай стала незалежнае назіраньне за прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй 2001 году, якое арганізавала «Вясна» разам зь іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі. Арганізацыя тады вылучыла 2000 назіральнікаў. Улады ж заявілі, што арганізацыя пры гэтым парушыла выбарчае заканадаўства.
Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч пратэстуюць каля ўваходу ў Мін’юст супраць закрыцьця «Вясны». Менск, 2003 год. Фота з архіву «Вясны»
Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч пратэстуюць каля ўваходу ў Мін’юст супраць закрыцьця «Вясны». Менск, 2003 год. Фота з архіву «Вясны»

У 2007 годзе Камітэт у правах чалавека ААН разгледзеў скаргу Алеся Бяляцкага на незаконнае закрыцьцё «Вясны» і пастанавіў, што «ліквідацыя аб’яднаньня — мера, несувымерная парушэньням» і «ўмяшаньне ў свабоду аб’яднаньняў». Камітэт ААН рэкамэндаваў беларускім уладам на працягу 90 дзён аднавіць правы Бяляцкага і ягоных калег і зарэгістраваць іхнае аб’яднаньне. Але ўлады гэтай рэкамэндацыі ня выканалі.

Вясноўцы ня толькі абскарджвалі закрыцьцё сваёй арганізацыі, яны тройчы спрабавалі зарэгістраваць новае праваабарончае аб’яднаньне, але кожны раз Мін’юст адмаўляў: у 2007 годзе і двойчы — у 2009-м. Пасьля гэтага вясноўцы заявілі, што спыняюць гэтыя спробы і будуць працаваць без рэгістрацыі.
Сядзячы пратэст «Вясны» ў Вярхоўным судзе
Сядзячы пратэст «Вясны» ў Вярхоўным судзе

«Мы дзейнічалі, дзейнічаем і будзем дзейнічаць, незалежна ад наяўнасьці рэгістрацыі. Трэцяя спроба рэгістрацыі будзе апошняй пры тым парадку рэчаў, які склаўся на сёньняшні дзень ва ўзаемаадносінах уладаў з грамадзянскай супольнасьцю. Прычым мы акцэнтуем увагу на тым, што зрабілі ўсё, што маглі зрабіць у дадзенай сытуацыі», — заявіў Алесь Бяляцкі пасьля трэцяй адмовы.

Гэта было агульнае рашэньне актыву «Вясны». Людзі засталіся працаваць у нелегальных умовах.
Пасьля ператрусу ў «Вясьне». 2010
Пасьля ператрусу ў «Вясьне». 2010

Ніхто не сышоў зь «Вясны» і ў крытычныя дні жніўня 2011 году, калі арыштавалі Алеся. Пад прэсінгам уладаў вясноўцы кансалідаваліся і шукалі любыя магчымасьці для абароны свайго лідэра.

«Усе мае „дасягненьні“ як праваабаронцы — неад’емныя ад дзейнасьці „Вясны“, і вось ужо „Вясьне“ было па сілах зрабіць многае з таго, што ніводзін праваабаронца-адзіночка не пацягнуў бы», — гэтак напісаў мне Бяляцкі з Бабруйскай турмы.


Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG