Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад калгаса да кандытарскай фабрыкі. Як адбіралі бізнэс у інвэстараў


Фэрма, Сеньненскі раён
Фэрма, Сеньненскі раён

Пасьля ператрусаў і крымінальнай справы «Белгазпрамбанк» працягвае працаваць у Беларусі. Але яго ўзначаліў чалавек Лукашэнкі — Надзея Ермакова. Свабода прыгадала гісторыі, калі інвэстары сталі не даспадобы, а бізнэс перайшоў да дзяржавы.

Што цяпер зь «Белгазпрамбанкам»

Справа былога кіраўніка банку і былога кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі хутка паступіць у суд. Абарона віны не прызнае. Банк працягвае працаваць, юрыдычна ягоным акцыянэрам застаецца расейскі «Газпром». Але фактычна банк узначаліла блізкая да Лукашэнкі чыноўніца Надзея Ермакова. І гэта не адзіная падобная гісторыя ў сучаснай Беларусі.

Як «Керамін» стаў дзяржаўным

Прадпрыемства «Керамін» зьвязваюць зь бізнэсоўцам Анатолем Цюцюнавым. Завод пачаў разьвівацца яшчэ ў 1994 годзе пасьля ільготнай прыватызацыі. Большасьць акцый тады атрымалі дырэктарат і працаўнікі заводу.

Пад кіраўніцтвам Анатоля Цюцюнава «Керамін» стаў буйным вытворцам кафлі ў СНД, прайшоў мадэрнізацыю, прыцягнуў інвэстыцыі і новыя тэхналёгіі.

Праблемы пачаліся ў 2011 годзе, калі дзяржава рэзка вырашыла павялічыць сваю долю акцый у прадпрыемстве — з 3% да 57%. Анатоль Цюцюнаў у 2011 годзе пакінуў пост кіраўніка прадпрыемства, гэтую падзею ён ня надта камэнтаваў. А перад ягоным сыходам на прадпрыемства прыйшлі адразу некалькі праверак, якія выявілі «шэраг парушэньняў». Ужо ў сярэдзіне 2014 году Лукашэнка загадаў «узяць „Керамін“ пад кантроль дзяржавы і павялічыць долю акцый да 80%».

«Млын моды» Сашы Варламава

Сумесны праект БДУ і мадэльнага агенцтва Сашы Варламава пачаў рэалізоўвацца з 2001 году. Праект, па словах самога Сашы Варламава, ня быў фінансава пасьпяховы, але быў статусны, да ўдзелу ў ім імкнуліся многія мадэлі і дызайнэры.

Паказы беларускіх дызайнэраў праходзілі ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. У 2011 годзе Сашу Варламава арыштавалі і абвінавацілі ў нясплаце падаткаў, перавышэньні службовых паўнамоцтваў, прысваеньні грошай. Да 2013 году мадэльер знаходзіўся за кратамі, яму прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. «Млын моды» пачаў праходзіць пад эгідай Міністэрства адукацыі.

Дзьве шакалядныя фабрыкі

Бізнэсовец Марат Новікаў прыйшоў на «Спартак» у 1993 годзе, з 1994 году дзяржава прапанавала набываць акцыі прадпрыемства. Пазьней Марат Новікаў стаў акцыянэрам «Камунаркі». Да 2012 году «Камунарка» атрымала шэраг узнагародаў і была прызнаная ў Беларусі кандытарскай фабрыкай нумар адзін. 34% акцый на «Камунарцы» і 54% на «Спартаку» да 2012 году меў амэрыканскі інвэстар Марат Новікаў.

У 2012 годзе Лукашэнка абвінаваціў інвэстараў у незаконнай прыватызацыі фабрыкі, назваў Марата Новікава «жулікам» і загадаў узяць фабрыкі пад дзяржаўны кантроль. Улады разагналі назіральную раду і прызначылі сваіх кіраўнікоў. Фабрыкі нацыяналізавалі, а інвэстар Марат Новікаў вымушаны быў зьехаць у Нью-Ёрк.

Забралі калгас за «даўгі і малыя надоі»

У 2009 годзе расейскі інвэстар Міхаіл Канін вырашыў укласьціся ў беларускую сельскую гаспадарку. Ён выкупіў аграфірму «Петкавічы» на мяжы раёнаў каля Берасьцейскай трасы. 2,5 тысячы гектараў зямлі, выраб малака — гэта падавалася някепскім укладаньнем. З 2010 году пачаліся праблемы зь мясцовымі ўладамі, тыя патрабавалі пагасіць даўгі, якія гаспадарка мела яшчэ да прыходу інвэстара.

Частку даўгоў пагасілі, але некаторыя не маглі аддаць, бо тых фірмаў, каму фірма завінавацілася, ужо не існавала. Пасьля ўлады дачапіліся да паказчыкаў: захавалі ня ўсе працоўныя месцы, не растуць надоі, ня выканалі паказчык прыросту валавой прадукцыі (было толькі 107%, а трэба 115%). У выніку па рашэньні суду калгас у інвэстараў забралі ў 2012 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG