Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі пазытыўны хлопец, ставіцца да ўсяго па-філязофску». Эдуард Бабарыка, сын апанэнта Лукашэнкі, застаецца ў СІЗА КДБ


Эдуард і Віктар Бабарыкі. 15 траўня 2020.
Эдуард і Віктар Бабарыкі. 15 траўня 2020.

Утрыманьне пад вартай Эдуарду Бабарыку працягнулі яшчэ на два месяцы з 18 лютага. 30 студзеня Эдуарду споўніўся 31 год, гэты дзень ён сустрэў у СІЗА КДБ.

Эдуарду Бабарыку прад’яўленыя абвінавачваньні па 2-й частцы артыкула 243 Крымінальнага кодэксу («Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў, што пацягнула за сабой шкоду ў асабліва буйным памеры»).

Гісторыя перасьледу

  • 31-гадовы Эдуард Бабарыка, сын Віктара Бабарыкі — прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты, быў затрыманы разам з бацькам 18 чэрвеня мінулага году. Цяпер ён у СІЗА КДБ. Бабарыкаў затрымалі па дарозе ў Цэнтравыбаркам, куды яны ехалі, каб здаць подпісы, сабраныя ў падтрымку Віктара Бабарыкі.
  • Эдуард узначаліў ініцыятыўную групу свайго бацькі, якая зьбірала подпісы за вылучэньне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • У «Белгазпрамбанку», старшынём праўленьня якога цягам 20 гадоў быў Віктар Бабарыка, Эдуард не працаваў. Ён кіраваў краўдфандынгавымі плятформамі Ulej і MolaMola.
  • MolaMola — фандрайзінгавая плятформа, запушчаная з дапамогай краўдфандынгавай плятформы Ulej.by, чыім фінансава-тэхналягічным партнэрам быў «Белгазпрамбанк».
  • Праваабаронцы прызналі Эдуарда Бабарыку палітвязьнем.


«Пакуль бязь зьменаў»


Адвакаты Эдуарда Бабарыкі далі падпіску аб неразгалошваньні.

Адвакатка Ірына Варанкова сказала, што сьледзтва працягваецца, Эдуард пад вартай, усё застаецца «пакуль бязь зьменаў».

«Усё можа быць вырашана ў любы момант, але пакуль пра заканчэньне папярэдняга расьсьледаваньня гаворкі не ішло, ніхто нам пра гэта не паведамляў».


«На жаль, нас пакуль ня чуюць»


У інтэрвію «Нашай Ніве» Юры Васкрасенскі паведаміў, што меў сустрэчу з Эдуардам Бабарыкам 18 лістапада ў СІЗА КДБ. Васкрасенскі падаў хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня для Эдуарда і яго бацькі на хатні арышт. Раней выказваліся меркаваньні, што Эдуарда могуць выпусьціць пад хатні арышт.

«Хутчэй за ўсё, гэта размовы, як і пра Віктара Бабарыку. Мы пра такое ня чулі. Мы ўвесь час заяўляем хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня, але, на жаль, нас пакуль ня чуюць», — кажа адвакатка.

Адвакаты наведваюць Эдуарда штотыдзень. Апошні раз бачыліся зь ім у панядзелак. У СІЗА заўсёды чэргі, бо кабінэтаў вельмі мала.

«У панядзелак нам пашанцавала, мы былі другімі па чарзе і трапілі а палове на першую».

Сваякам сустракацца з Эдуардам пакуль не дазваляюць. З бацькам Віктарам Бабарыкам ён бачыўся падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітычнымі вязьнямі ў СІЗА КДБ у кастрычніку мінулага году.

«Раней ён казаў, што была дамоўленасьць, каб не расказваць падрабязнасьці. Я магу зрабіць выснову, што размовы там пра яго справу і не было. Але ён быў вельмі рады абмяняцца нейкімі фразамі з бацькам, гэта яго падбадзёрыла».

Паводле адваката, у камэры Эдуарда трое чалавек, ён атрымлівае лісты і перадае сябрам, што ў яго «ўсё добра, каб за яго ніхто не хваляваўся».

«Настрой у яго баявы. Ён многа чытае, самаўдасканальваецца. Як ён кажа, чытае запоем розную літаратуру, мастацкую і навуковую, цяпер цікавіцца таксама літаратурай аб правільным харчаваньні. Вельмі пазытыўны хлопец, малайчына, ставіцца да ўсяго па-філязофску», — кажа адвакатка Ірына Варанкова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG