Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому кіраўніку магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку» прысудзілі 3 гады калёніі


Сяргей Кармызаў падчас суду
Сяргей Кармызаў падчас суду

Кастрычніцкі суд прызнаў яго вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, учыненае з карысьлівай зацікаўленасьці: арганізаваў выдачу крэдыту ў 75 тысяч рублёў і меркаваў атрымаць грашовае ўзнагароджаньне за яго. Судзьдзя Жанна Пушкіна пастанавіла адправіць абвінавачанага ў калёнію агульнага рэжыму на 3 гады, а таксама выплаціць штраф 8700 рублёў.

Яму таксама забаранілі займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распараджальных работ цягам пяці год.

Сяргея Кармызава затрымалі 12 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусаў у галоўным офісе «Белгазпрамбанку», а таксама ў шэрагу прыватных кампаній і дома ў асобаў, зьвязаных зь Віктарам Бабарыкам, тады патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты і былым кіраўніком банку. Сам Кармызаў быў чальцом ініцыятыўнай групы Бабарыкі, якога арыштавалі 18 чэрвеня.

На разгляд справы журналістаў незалежных мэдыя не дапусьцілі. Міліцыянты, якія стаялі на ўваходзе ў залю, тлумачылі гэта тым, што яна ўжо запоўненая, і клопатам пра бясьпеку ўдзельнікаў працэсу.

Суд асьвятлялі журналісты зь дзяржаўных СМІ. Паводле публікацыяў у «СБ. Беларусь сегодня», падсудны віну прызнаў і сплаціў 8 тысяч рублёў паводле пазову пацярпелай. Тая прэтэнзіі да Кармызава зьняла. Калектыў банку прасіў суд улічыць станоўчую характарыстыку абвінавачанага.

Кармызава вінавацілі ў парушэньні 2 часткі 426 артыкула Крымінальнага кодэксу. Паводле сьледзтва, ён арганізаваў выдачу крэдыту ў 75 тысяч рублёў на падстаўную асобу, за што чакаў 10 працэнтаў узнагароджаньня ад выдадзенай банкам сумы. Падстаўной асобай і была Сьвятлана Цэдзік, даўняя яго знаёмая.

Жанчына ўзяла крэдыт у 2016 годзе для Ўладзімера Новікава — кіраўніка прыватнай арганізацыі «Арсэнал», якая працавала на расейскім рынку. У 2019 годзе Новікава пасадзілі за «махлярства». Асуджанага прывозілі на працэс супраць Кармызава даваць паказаньні.

Як сьцьвярджала пацярпелая, з сакавіка па ліпень 2019 году яна выплаціла за Новікава 8 тысяч рублёў уласных сродкаў. Калі перастала выплачваць крэдыт, то ў жніўні «Белгазпрамбанк» зьвярнуўся ў суд, а ў студзені 2020-га на яе маёмасьць наклалі арышт. Тады Цэдзік зьвярнулася ў праваахоўныя органы. На судзе было адзначана, што крэдыт ужо цалкам выплачаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG