У Магілёве журналістаў не пусьцілі на суд над экс-дырэктарам аддзяленьня «Белгазпрамбанка»

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва, дзе разглядаецца справа. Архіўнае фота
Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва, дзе разглядаецца справа. Архіўнае фота

28 студзеня журналістаў не пусьцілі на працяг суду ў справе былога дырэктара магілёўскага аддзяленьня «Белгазпрамбанка» Сяргея Кармызава, паведаміў Tut.by.

Прычынай міліцыянты назвалі запоўненасьць залі і бясьпеку ўдзельнікаў судовага працэсу.

Сёньня меў адбыцца допыт Сяргея Кармызава.

На папярэднія пасяджэньні, калі выступалі сьведкі, журналістаў і іншых слухачоў пускалі свабодна, прычым заля была паўпустой.

Журналісты напісалі скаргі на дзеяньні міліцыі і на парушэньне Канстытуцыі, а менавіта — прынцыпу галоснасьці, які гарантуе права прысутнічаць на адкрытых судовых працэсах, якім і ёсьць слуханьне ў справе Кармызава.

Справу разглядае суд Кастрычніцкага раёну Магілёва.

Сяргей Кармызаў быў удзельнікам ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку».

Кармызава затрымалі 12 чэрвеня пасьля ператрусаў у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» і шэрагу прыватных кампаній, у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Акрамя яго, затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Дударава, які да кастрычніка 2019 году быў намесьнікам мэра Магілёва.

Кармызава абвінавачваюць у тым, што ён сплянаваў і арганізаваў выдачу крэдыту на падстаўную асобу, за што атрымаў 10% ад сумы крэдыту. Ён прызнаў віну.

​
XS
SM
MD
LG