Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На першым блёку БелАЭС паламалася электратэхнічнае вымяральнае абсталяваньне


Беларуская АЭС.

Міністэрства энэргетыкі паведаміла пра паломку на першым энэргаблёку Беларускай АЭС, які ўрачыста адкрывалі 7 лістапада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

«На першым энэргаблёку Беларускай АЭС працягваецца этап „Энэргетычны пуск“. Гэты этап прадугледжвае рэжымы працы энэргаблёку на розных узроўнях магутнасьці (да 500 МВт), а таксама праверку ўстойлівасьці працы энэргасыстэмы пры неаднаразовым яе паніжэньні.

У ходзе выпрабаваньняў, якія праводзяцца, у адпаведнасьці з праграмай дадзенага этапу, выяўлена неабходнасьць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталяваньня. Работы па замене гэтага абсталяваньня ажыцьцяўляюцца згодна з тэхналягічным рэглямэнтам. У цяперашні час на энэргаблёку праводзяцца выпрабаваньні і працы ў адпаведнасьці з этапнай праграмай. Усе тэхналягічныя сыстэмы функцыянуюць у штатным рэжыме», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Мінэнэрга.

Паводле Tut.by, выбухнулі некалькі трансфарматараў, якія прызначаныя для вымярэньня напружаньня ў сілавых электрычных ланцугах, на адным з агрэгатаў, зьвязаных з генэратарам.

Расьсьледаваньне, аднаўленьне схемы выдачы магутнасьці і паўторная наладка зойме шмат часу. Да вытворцы трансфарматараў будуць прад’яўленыя гарантыйныя прэтэнзіі, але бліжэйшым часам станцыя энэргію выпрацоўваць ня будзе. Экспэрты кажуць, што на бясьпеку рэактара з пункту гледжаньня працёку радыяцыі такі інцыдэнт уплыву не аказвае.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Беларусь вырабляе дастаткова электраэнэргіі для ўласных патрэбаў і без АЭС, Літву і Эстонію можа падтрымаць Латвія (хоць і не зьбіраецца ўводзіць эмбарга), Польшча зьбіраецца будаваць уласную АЭС, гэтаксама як Фінляндыя.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG