Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра запуск АЭС: Лукашэнка «рызыкуе народам, які перажыў Чарнобыль»


Падчас першых вучэньняў на Беларускай АЭС, кастрычнік 2019
Падчас першых вучэньняў на Беларускай АЭС, кастрычнік 2019

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што Лукашэнка рызыкнуў беларускім народам, калі адкрыў ненадзейную атамную электрастанцыю ў Астраўцы. А зроблена гэта наўмысна падчас глыбокага крызісу, паведамляе тэлеграм-канал прэс-службы Ціханоўскай.

Ціханоўская жорстка скрытыкавала паездку Аляксандра Лукашэнкі на АЭС у Астравец 7 лістапада. Сёньня станцыю афіцыйна адкрылі.

«Уся гісторыя АЭС — гэта гісторыя безадказнасьці рэжыму і асабіста Лукашэнкі. Сёньня ён рызыкуе народам, які перажыў Чарнобыль і памятае гэтую трагедыю. Будаўніцтва АЭС не абмяркоўвалася зь беларускім грамадзтвам. Бясьпека АЭС не абмяркоўвалася з суседнімі дзяржавамі-партнэрамі. А запуск рэалізуецца безь незалежнага кантролю і неабходных тэстаў».

Таксама Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што «рэжым наўмысна запусьціў станцыю падчас глыбокага крызісу, каб схаваць сваю чарговую халатнасьць». У той жа час Ціханоўская лічыць, што беларусы не дапусьцяць трагедыі. На яе думку, рашэньне пра далейшы лёс АЭС можа быць прынятае толькі пасьля грамадзкага дыялёгу і сур’ёзнага экспэртнага аналізу праблем, зьвязаных са станцыяй.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасьцю 2400 МВт будавалася паводле расейскага праекту «АЭС-2006» і за расейскі крэдыт. Паводле Міністэрства энэргетыкі Беларусі, першы энэргаблёк Беларускай атамнай электрастанцыі выйшаў на магутнасьць 400 МВт. За трое сутак ад моманту ўключэньня ў аб’яднаную энэргасыстэму зь БелАЭС пастаўлена больш за 22 млн кіляват-гадзін, электраэнэргія з атамнай станцыі паступае ва ўсе рэгіёны краіны. Рэактар першага энэргаблёку працуе на магутнасьці 40%.

Літва пратэстуе супраць узьвядзеньня АЭС побач зь яе тэрыторыяй, але афіцыйны Менск не прыслухоўваецца да крытыкі зь Вільні, заяўляе, што АЭС бясьпечная. Літва і Ўкраіна ўжо заявілі, што перастаюць купляць электраэнэргію зь Беларусі.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG